Перайсьці да зьместу

Музэйная выспа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Музэйная выспа
Museumsinsel*
Сусьветная спадчына ЮНЭСКО

Выгляд на Музэй Бодэ на паўночна-заходнім ускрайку Музэйнай выспы
Краіна Нямеччына
Тып культурны
Крытэры ii, iv
Спасылка 896
Рэгіён** Эўропа і Паўночная Амэрыка
Каардынаты Каардынаты: 49°19′ пн. ш. 13°14′ у. д. / 49.31.14° пн. ш. 13.23.50° у. д. / 49.31.14; 13.23.50
Гісторыя ўключэньня
Уключэньне 1999  (23 сэсія)
* Назва ў афіцыйным сьпісе па-ангельску
** Рэгіён паводле клясыфікацыі ЮНЭСКО
Музэйная выспа на мапе Бэрліну
Від на Музэйную выспу з тэлевежы

Музэйная выспа (па-нямецку: Museumsinsel) — назва, якую атрымаў паўночны ўскраек выспы Шпрэеінзэль на рацэ Шпрэе ў Бэрліне, дзе разьмешчаны цэлы шэраг знакамітых бэрлінскіх музэяў. Музэйная выспа зьяўляецца цэнтрам прыцягненьня для турыстаў і знатакоў мастацтва з усяго сьвету. З 1999 году ўнікальны архітэктурны і культурны ансамбль уключаны ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

У Сярэднявеччы паўночная частка выспы Шпрэеінзэль уяўляла сабой заліўныя лугі. У паўднёвай, больш высокай частцы выспы яшчэ ў XIII стагодзьдзі ўзьнік горад Кёльн, а яго паўночная частка стала пазьней садам пры бэрлінскім Гарадзкім палацы. У XVII стагодзьдзі левы рукаў Шпрэе быў абсталяваны сыстэмай каналаў. Узьнік цяперашні канал Купфэрграбэн, дзякуючы якому была асушана паўночная частка выспы. Паміж Шпрэе і Купфэрграбэнам узьнікла Кёльнская выспачка (па-нямецку: Cöllnische Werder), дзе ў другой палове XVII стагодзьдзя быў пабудаваны Люстгартэн. Да 1748 году аранжарэя Памэранцэнгоф (па-нямецку: Pomeranzenhof) з трапічнымі пладамі, пальмамі і экзатычнымі расьлінамі, апошні напамінак пра Люстгартэн, у сувязі з ростам гандлёвай дзейнасьці па водных шляхах была пераабсталявана пад склад. Пазьней на высьпе былі пабудаваны дадатковыя склады, у тым ліку для мукі й солі.

У 1797 годзе кароль Фрыдрых Вільгельм II падтрымаў прапанову архэоляга і прафэсара мастацтвазнаўства Алёіса Гірта стварыць музэй для разьмяшчэньня твораў мастацтва антычнасьці і Новага часу. У 1810 годзе сваім найвышэйшым указам кароль Фрыдрых Вільгельм III загадаў закласьці «публічны збор старанна адабраных твораў мастацтва». Гэтым указам ён пайшоў насустрач заклікам адукаванага бюргерства да стварэньня публічных збораў твораў мастацтва, якія станавіліся ўсё больш гучнымі.

У 1822 годзе Карл Фрыдрых Шынкэль прадставіў праект новага будынку, паводле якога плянавалася вялікая перабудова паўночнай часткі Шпрэеінзэлю. Апроч музэйнага будынку праект забудовы выспы прадугледжваў узьвядзеньне некалькіх мастоў і працы па выраўноўваньні каналу Купфэрграбэн. Кіраўніцтва камісіяй па ўзьвядзеньні музэю было ўскладзена на Вільгельма фон Гумбальта.

Першым музэем на Музэйнай высьпе й адначасова першым публічным музэем Прусіі стаў пабудаваны ў 1830 годзе Стары музэй. У 1859 годзе адкрыўся Прускі каралеўскі музэй (цяпер Новы музэй). У 1876 годзе адбылося адкрыцьцё Нацыянальнай галерэі (цяпер Старая нацыянальная галерэя). У 1904 годзе на самым «носе» выспы адкрыўся Музэй кайзэра Фрыдрыха (цяпер Музэй Бодэ, пераназваны ў 1960 годзе ў гонар нямецкага гісторыка мастацтва Вільгельма фон Бодэ). У 1930 годзе на Музэйнай высьпе зьявіўся будынак Пэргамскага музэю. Дзякуючы Музэйнай высьпе, якая стала цэнтрам навукі і мастацтва Бэрліну, горад заслужыў пахвальную мянушку «Атэны на Шпрэе».

У 1870-я гады назва «Музэйная выспа» стала замацавалася за гэтай часткай выспы й была адлюстраваньнем прэтэнзыяў Прусіі на годнае месца культурнай сталіцы Эўропы ў адным шэрагу з Парыжам і Лёнданам. У 1880 годзе на канфэрэнцыі дырэктараў музэяў было прынята рашэньне разьмясьціць на Музэйнай высьпе выключна творы «высокага мастацтва», якім у той час лічылася мастацтва Эўропы і Блізкага Ўсходу.

Праекты далейшай забудовы ставілі мэтай стварэньне дадатковых выставачных плошчаў для калекцыяў мастацтва, якія ўвесь час расьлі. Яшчэ Альфрэд Мэсэль плянаваў прыбудаваць да свайго стварэньня — будынку Пэргамскага музэю — дадатковы паўднёвы корпус і разьмясьціць у ім Эгіпэцкую калекцыю. Гэтым плянам не наканавана было ажыцьцявіцца з-за велізарнай колькасьці тэхнічных і фінансавых праблемаў.

Музэйная выспа. Від на Пэргамскі музэй і Музэй Бодэ

Пры нацыянал-сацыялістах у пляны перабудовы Бэрліну, якія распрацоўвалася Альбэртам Шпэерам, была ўключаная й Музэйная выспа, дзе меркавалася ўзьвесьці яшчэ чатыры манумэнтальныя музэйныя будынкі па праекце архітэктара Вільгельма Крайса. Паводле гэтага праекту на паўночным беразе Шпрэе насупраць Музэю Бодэ павінны былі вырасьці Нямецкі музэй, Музэй XIX стагодзьдзя і Музэй эгіпецкага й пярэднеазіяцкага мастацтва, (які пасьля перагляду праекту стаў проста Эгіпэцкім музэем — найбуйнешай з трох пабудоваў з выставачнай плошчай 75 000 м²). Забудова тэрыторыі паміж вуліцамі Фрыдрыхштрасэ, Араніенбургэрштрасэ і пляцам Манбіжупляц запатрабавала б пераносу самога палацу Манбіжу. Для ваенна-гістарычных калекцыяў бэрлінскага Цойггаўза ўздоўж Купфэрграбэна Крайс плянаваў пабудаваць будынак Музэю сусьветнай вайны. Ганс Дустман, імпэрскі архітэктар гітлерюгенду, прапанаваў у дадатак да новых музэяў у паўночнай частцы выспы стварыць у яе паўднёвай частцы паміж лініяй гарадзкой чыгункі і Фрыдрыхштрасэ новы Этнаграфічны музэй. Усім гэтым маштабным праектам перашкодзіла вайна.

У часы Другой сусьветнай вайны музэі выспы былі разбураны больш як на 70 %. Плянам іх паступовага аднаўленьня з 1950 году застаўся не ахоплены найбольш пацярпелы з усіх Новы музэй. Празваныя «ганебнай плямай» руіны Новага музэю хацелі зьнесьці, што аднак зацягвалася з-за недахопу плошчаў. Дарагія працы па аднаўленьні пачаліся толькі ў 1987 годзе. Прывесьці Музэйную выспу ў поўны парадак плянавалася да 1989 году, аднак з прычыны недахопу сродкаў гэтыя працы так і не былі пачатыя.

Пасьля ўзьяднаньня Нямеччыны ў канцы 90-х гадоў пачаліся маштабныя працы па рэстаўрацыі і аднаўленьні Музэйнай выспы. У 1999 годзе савет Фонду прускай культурнай спадчыны зацьвердзіў генплян Музэйнай выспы. Ён прадугледжвае аднаўленьне існуючых будынкаў, іх архітэктурнае аб’яднаньне ў музэйны ансамбль і рэарганізацыю калекцыяў, падзеленых да 1989 году.

Музэйная выспа цяпер

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Музэй Бодэ
Пэргамскі музэй
Старая нацыянальная галерэя
Стары музэй

Паўночны ўскраек Музэйнай выспы перасякае мост Манбіжу, які злучае выспу з абодвума берагамі Шпрэе. Абодва масты закрыты для руху грамадзкага транспарту і ўтвараюць уваход у Музэй Бодэ, будынак трохкутнай формы ў стылі нэабарока, велізарны купал якога ўзвышаецца над паўночнай часткай Шпрэеінзэлю.

З паўднёвага боку Музэю Бодэ выспу перасякае лінія бэрлінскай гарадзкой электрычкі, якая аддзяляе будынак Музэю Бодэ ад суседняга Пэргамскага музэю. Гэты самы позьні музэйны будынак у комплексе на Музэйнай высьпе зьяўляецца самым наведвальным бэрлінскім музэем, якія карыстаюцца сусьветнай вядомасьцю дзякуючы такім манумэнтальным антычным экспанатам, як Пэргамскі алтар, што даў назву музэю. Уваход у музэй уяўляе сабой пляц, абмежаваны з трох бакоў карпусамі музэйнага будынку, на які можна патрапіць з вуліцы Ам-Купфэрграбэн па пешаходным мосьце.

З паўднёвага захаду да Пэргамскага музэю прылягае Новы музэй, які пасьля Другой сусьветнай вайны працяглы час знаходзіўся ў руінах і ў наш час аднаўляецца, а з паўднёвага ўсходу з Пэргамскім музэем суседнічае Старая нацыянальная галерэя, якая ўяўляе сабой па стылі антычны храм з высокай лесьвіцай пры ўваходзе. Над уваходам у галерэю ўзвышаецца конная статуя Фрыдрыха Вільгельма IV, руцэ якога належаць першыя эскізы будынку. Каля ўваходу ў Нацыянальную галерэю разьбіты лужок, аформлены скульптурамі з фонду музэю. З поўдня і ўсходу ў Шпрэе лужок абмежаваны калянадамі дарычнага ордару. У летні час тут праводзяцца кінапаказы і канцэрты на вольным паветры.

З паўднёвага боку Новага музэю й Нацыянальнай галерэі выспу перасякае вуліца Бодэштрасэ, адкрытая для праезду транспарту праз заходні рукаў Шпрэе. Мост Фрыдрыхсбруке, які прылягае да яе, праз усходні рукаў Шпрэе закрыты для мэханічных транспартных сродкаў. Далей на поўдзень ад гэтай вуліцы ў заходняй частцы выспы знаходзіцца Стары музэй і Люстгартэн, а ва ўсходняй частцы — Бэрлінскі катэдральны сабор. Вузкая вулачка Ам-Люстгартэн, якая праходзіць паміж імі, злучае Бодэштрасэ з найважнейшай транспартнай магістральлю Унтэр-дэн-Ліндэн — Палацавы пляц — Карл-Лібкнэхт-Штрасэ, якая абмяжоўвае ціхую ў транспартным пляне Музэйную выспу з поўдню.

На поўнач ад Бэрлінскага сабору насупраць Старой нацыянальнай галерэі летнімі вечарамі аматары арніталёгіі могуць назіраць дзіўнае відовішча — дзясяткі тысячаў шпакоў, якія адпраўляюцца на начлег у каштанавы лясок.

Пяць музэяў на Музэйнай высьпе ўваходзяць у музэйнае аб’яднаньне Дзяржаўныя музэі Бэрліну, якое ў сваю чаргу зьяўляецца ўстановай Фонду прускай культурнай спадчыны. Музэйная выспа ў адным шэрагу з Культурфорумам у бэрлінскім Тыргартэне, комплексам Шарлётэнбурскага замку й музэямі ў Бэрлін-Далеме ўтварае адзін з найбольш вядомых музэйных цэнтраў Бэрліну.

У будынках на Музэйнай высьпе пераважна разьмешчаны архалягічныя калекцыі і мастацтва XIX стагодзьдзя. Пасьля ўзьяднаньня Нямеччыны пачалося аб’яднаньне падзеленых раней паміж Захадам і Ўсходам збораў. У адпаведнасьці з генэральным плянам Музэйнай выспы плянуецца рэарганізацыя і сумеснае экспанаваньне калекцыяў усіх музэяў. Новы будынак уваходу, адкрыцьцё якога адбылося ў 2008 годзе, стаў цэнтральным уваходам на Музэйную выспу ў цэлым. Адначасова ў ім знаходзіцца інфармацыйны цэнтар, кавярня, крамы, рэстарацыі й залы для адмысловых мерапрыемстваў і выставаў.

У Старым музэі на асноўным паверсе экспануецца частка Антычнага збору: скульптуры, зброя, залатыя ўпрыгожваньні і скарбы са срэбра з калекцыі старажытнагрэцкага мастацтва, пачынаючы з кікладзкай эпохі да старажытнарымскай эпохі. На верхнім паверсе музэю са жніўня 2005 году часова разьмяшчаўся бэрлінскі Эгіпецкі музэй, які пераехаў туды з Шарлётэнбургу. У 2009 годзе ён заняў сваё месца ў адбудаваным Новым музэі.

Адноўлены Новы музэй пасьля адкрыцьця ў 2009 годзе прыняў экспазыцыю Эгіпецкага музэю й зборы папірусаў, у якую ў прыватнасьці ўваходзіць знакаміты бюст старажытнаэгіпецкай царыцы Нэфэртыці й іншыя творы мастацтва эпохі Эхнатона. У Новым музэі таксама часткова прадстаўлена экспазыцыя Музэю дагістарычнага пэрыяду й раньняй гісторыі, якая адносіцца да каменнага веку й іншых старажытных эпохаў.

У трох карпусах Пэргамскага музэю сабраны архітэктурныя аб’екты, старажытнагрэцкія й старажытнарымскія скульптуры з Антычнага збору, музэю Пярэдняй Азіі, экспанаты якога ахопліваюць шэсьць тысячаў гадоў гісторыі, мастацтва і культуры Пярэдняй Азіі, і Музэю ісламскага мастацтва, у якім захоўваюцца творы мастацтва ісламскіх народаў VIII—XIX стагодзьдзі Пэргамскі музэй атрымаў сусьветную вядомасьць дзякуючы ўражальнай рэканструкцыі архэалягічнага ансамблю Пэргамскага алтару, брамы Мілецкага рынку, Брамы Іштар з фрагмэнтам бабілёнскай Дарогі працэсыяў і фрыза са Мшаты. Пасьля адкрыцьця чацьвёртага, разьмешчанага пакуль на стадыі будаўніцтва корпусу Пэргамскага музэю ў ім можна будзе ўбачыць такія манумэнтальныя творы са збору Эгіпэцкага музэю, як брама з храмавага комплексу Калабша і калённая заля цара Сахуры, а таксама фасад з Тэль-Халафа зь Пярэднеазіяцкага музэю, якія яшчэ з часоў вайны знаходзіўся ў музэйных запасьніках Дзяржаўных музэяў Бэрліну.

У зборы Старой нацыянальнай галерэі прадстаўлены творы скульптуры і жывапісу XIX ст., пачынаючы з Каспара Давіда Фрыдрыха і францускіх імпрэсыяністаў і да фрэсак назарэйцаў, што тварылі ў Рыме.

У Музэі Бодэ, які адкрыўся 17 кастрычніка 2006 году пасьля рэканструкцыі прадстаўлены экспанаты з Музэю бізантыйскага мастацтва III—XIX стагодзьдзяў, італьянская і нямецкая скульптура ад раньняга Сярэднявечча да XVIII ст. з Скульптурнага збору]]. У Манэтным кабінэце захоўваюцца сэрыі манэтаў, якія ахопліваюць пэрыяд ад VII стагодзьдзя да н.э., калі першыя манэты адбіваліся ў Малой Азіі, і да манэтаў і мэдаляў XX стагодзьдзя, а таксама выбраныя экспанаты старых майстроў з Бэрлінскай карціннай галерэі.

У 2005 годзе адзін з трох адкрытых для доступу публікі музэяў на Музэйнай высьпе наведаў кожны сёмы наведвальнік бэрлінскіх музэяў.

Від на Музэйную выспу з паветра

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Музэйная выспасховішча мультымэдыйных матэрыялаў