Кёльн (Бэрлін)
Кёльн (па-нямецку: Cölln) — горад, які некалі існаваў на тэрыторыі сучаснага Бэрліну. Знаходзіўся на востраве Шпрэеінзэль і ў позьнім Сярэднявеччы зьліўся з Бэрлінам.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У цэнтры сярэднявечнага Кёльна разьмяшчаўся пляц Сьвятога Пятра (па-нямецку: Petriplatz — Пэтрыпляц), побач зь якім знаходзіліся царква Сьвятога Пятра (па-нямецку: Petrikirche — Пэтрыкірхэ) на вуліцы Гертраўдэнштрасэ й Кёльнская ратуша на вуліцы Брудэрштрасэ. Гістарычная забудова гэтай часткі Бэрліну была разбурана ў часы Другой сусьветнай вайны і не захавалася. На гэтым месцы ў наш час знаходзяцца пабудаваныя ў паваенныя гады былы будынак Дзяржаўнага савету НДР, жылыя дамы, а таксама праходзяць транспартныя магістралі гораду. Царква атрымала назву ў гонар апостала Пятра, паколькі большасьць жыхароў Кёльна былі рыбакамі. На ўсходнім беразе Шпрэе ў Бэрліне жылі пераважна купцы і рамізьнікі. За карыстаньне адзіным у гэтых месцах пераходам праз Шпрэе Мюлендам (па-нямецку: Mühlendamm — млынавая плаціна) на шляху з Франкфурта-на-Одэры ў Магдэбург спаганяліся гандлёвыя мыты. Цэнтрам іншага гораду — Бэрліна — была царква Сьвятога Мікалая, які быў заступнікам купцоў. Ад вады з плаціны Мюлендам працавалі млыны. Больш заможныя бэрлінцы неўзабаве пабудавалі другую царкву — Марыенкірхэ.
Упершыню Кёльн згаданы ў 1237 годзе, на сем гадоў раней за Бэрлін. Гарады, якія злучаліся Мюлендамам, аб’ядналіся ў 1307 годзе. У аб’яднанай гарадзкой управе пераважалі бэрлінцы. Для захаваньня сваіх гарадзкіх прывілеяў ад князёў і іншых зьнешніх пагрозаў аб’яднаны горад уступіў у 1308 годзе ў хаўрус зь іншымі гарадамі Брандэнбурскай маркі: Франкфуртам-на-Одэры, Брандэнбургам-на-Гафэлі і Зальцвэдэлям.
У 1442 годзе курфюрст Фрыдрых II скасаваў сумеснае гарадзкое кіраваньне Бэрліну і Кёльну. Апроч гэтага Кёльн быў вымушаны аддаць курфюрсту за ўзьвядзеньне крэпасьці тэрыторыю, дзе пазьней быў збудаваны Гарадзкі палац Бэрліну.
У 1658—1683 гадох пры курфюрсьце Фрыдрыху Вільгэльме I паводле праекту Ёгана Грэгара Мэмгарта вакол Кёльну і Бэрліну былі ўзьведзены крапасныя ўмацаваньні ўздоўж старога гарадзкога муру. Захаваныя дагэтуль рэшткі бастыёнаў можна ўбачыць на пляцы Гаўсфогтайпляц (па-нямецку: Hausvogteiplatz). На паўднёвым беразе Шпрэе ўнутры новага ўмацаванага муру зьявіўся прыгарад Кёльну Ной-Кёльн.
У 1710 годзе гарады Бэрлін, Кёльн, Фрыдрыхсвэрдэр, Даратэенштат і Фрыдрыхштат былі аб’яднаны ў «галоўную каралеўскую рэзідэнцыю Бэрлін». Для далейшага разьвіцьця гораду-рэзыдэнцыі ў 1834 годзе крапасныя ўмацаваньні былі зьнесеныя, і горад стаў расьці за кошт прыгарадаў.
У Сярэднявеччы ў Кёльне пражывала каля 1400 чалавек. У складзе Бэрліну Кёльн ахопліваў увесь востраў Шпрэеінзэль, і ў 1871 годзе колькасьць яго насельніцтва дасягнула рэкордных 16 554 чал. У 1910 годзе колькасьць насельніцтва складала толькі 6 895 чалавек. У 1920 годзе Кёльн увайшоў у новую гарадзкую акругу Мітэ.
У Другую сусьветную вайну тэрыторыя Кёльну падверглася значным разбурэньням, ад гістарычнага раёну нічога не засталося. Назва «Кёльн» у сучаснай мове бэрлінцаў не выкарыстоўваецца.
На тэрыторыі Кёльну знаходзяцца (знаходзіліся):
- Гарадзкі палац (зьнесены)
- Палацавы пляц
- Сад Люстгартэн
- Бэрлінскі катэдральны сабор
- Музэйная выспа, дзе знаходзяцца:
- Палац Рэспублікі (дэмантаваны)
- будынак Дзяржаўнага савету НДР
Каардынаты: 52°30′48″ пн. ш. 13°24′17″ у. д. / 52.51333° пн. ш. 13.40472° у. д.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кёльн (Бэрлін) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў