Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар бэнэдыктынаў (Менск)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар бэнэдыктынаў
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Менск |
Архітэктурны стыль | барокавая архітэктура[d] |
Дата заснаваньня | XVII ст. |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар бэнэдыктынаў — помнік архітэктуры XVIII ст. у Менску. Займаў пляц на Высокім Рынку плошчай 522 м²[1], на рагу Койданаўскай і Фэліцыянаўскай вуліцаў. Твор архітэктуры драўлянага барока.
У склад комплексу ўваходзілі драўляны будынак касьцёла на мураваным падмурку, кляштарны дом зь вялікімі мураванымі скляпамі[2], а таксама гаспадарчыя пабудовы, сад і гарод. Тэрыторую кляштару атачаў драўляны паркан з брамамі, галоўная зь якіх выходзіла на Койданаўскую вуліцу. У сярэдзіне XIX ст. улады Расейскай імпэрыі зруйнавалі касьцёл і кляштар.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Менскую рэзыдэнцыю бэнэдыктынаў, відаць, заснавалі ў 1681 року, менавіта тады ордэну ахвяравалі пляц на Няміскім завулку (пазьней Фэліцыянаўскай вуліцы). Першыя манахі пераехалі ў Менск зь Нясьвіскага кляштару Сьвятога Крыжа.
У XVIII ст. апекунамі кляштару былі харунжы Фларыян Быкоўскі, Соф'я Ваньковіч, Юзаф Габрыель Аскерка, Крыштап Антоні Храпавіцкі, Русецкія і інш. У 1762 року Антоні і Марціна Багушэвічы далучылі да кляштару пляц на Койданаўскай вуліцы, што дало магчымасьць збудаваць новую афіцыну і пякарню. У 1773 року намаганьнямі аббата Сьвідэрскага ўзьвялі касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла (у 1799 року яго грунтоўна адрамантавалі).
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793) касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. У 1797 року пробашчам рэзыдэнцыі быў ксёндз Раман Варанец, які прыехаў сюды зь Нясьвіскага кляштару бэнэдыктынаў. Ён займаўся выхаваньнем хлопчыкаў шляхецкага паходжаньня, якія страцілі бацькоў. Апроч таго, у кляштары быў яшчэ адзін манах[3].
Паводле інвэнтару 1804 року, кляштару належалі тры юрыдыкі. Апроч пляцаў і юрыдык, у валоданьні манахаў знаходзіўся фальварак Басыялаўка (Басалаўка) за Татарскім канцом, які набыў для кляштару ксёндз М. Круковіч у 1703 року[3].
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1833 року расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, а ягоную маёмасьць канфіскавалі. Будынак касьцёла выкарыстоўваўся пад склад. Прыкладна да сярэдзіны XIX ст. усе будынкі кляштару разбурылі, а колішнюю яго тэрыторыю паступова забудавалі жылымі дамамі.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Драўляны авальны ў пляне будынак касьцёла стаяў на мураваным падмурку. Над галоўным паўднёвым фасадам, што выходзіў на Койданаўскую вуліцу, узвышаліся 2 вежы з жалезнымі крыжамі (на правай вежы былі 2 невялікія званы). Паміж вежамі знаходзіўся шчыт, які закрываў тарэц гонтавага даху і завяршаўся крыжом. Перад уваходам быў драўляны ганак.
Інтэр'ер касьцёла ўпрыгожвалі 5 маляўнічых аптычных алтароў, у галоўным зь якіх знаходзіўся абраз Сьвятога Міхала, а над ім вялікі драўляны крыж зь фігурай Езуса. У астатніх алтарах былі абразы Найсьвяцейшай Панны Марыі, Сьвятога Бэнэдыкта, Сьвятога Схалястыкі. Апошні алтар, які знаходзіўся ў капліцы, меў абраз Езуса Назарэтанскага. Над бабінцам узвышаліся хоры зь невялікім арганам.
Кляштар
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Будынак кляштару стаяў на рагу Койданаўскай і Фэліцыянаўскай вуліцаў. Гэта быў вялікі двухпавярховы дом з алькежамі, накрыты гонтавым дахам. На першым паверсе ў ім было 2 вялікія пакоі з каморамі і гардэробам і сені з усходамі на другі паверх, дзе былі 2 пакоі зь сенцамі і каморай.
Каля будынку кляштару на падмурку з цэглы стаяў драўляны флігель таксама з алькежамі[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Слюнькова И. Монастыри восточной и западной традиций. — М., 2002. С. 188
- ^ Дзянісаў У. Кляштар бенедыкцінцаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 311.
- ^ а б Дзянісаў У. Менскі кляштар бенедыкцінцаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 292.
- ^ Дзянісаў У. Кляштар бенедыкцінцаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 311—312
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиций: Наследие архитектуры Беларуси / Рос. акад. архитектуры и строит. наук. — М.: Прогресс-Традиция, 2002. — 600 с.: ил. ISBN 5-89826-093-5.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|