Перайсьці да зьместу

Макраэлемэнты

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
макраэлемэнты
Падкляса адбіялягічна значныя элемэнты Рэдагаваць
Процілеглаmicroelement Рэдагаваць

Макраэлемэнты — хімічныя элемэнты, прысутныя ў арганізмах жывых істотаў і неабходныя дзеля падтрыманьня жыцьцядзейнасьці.

Кальц (Са) уваходзіць у склад апорных тканак арганізма і мае важнае значэньне для фармаваньня шкілета. У костках і зубах яго ўтрымліваецца 98%. Кальц аптымізуе ўзбудлівасьць нэрвовай сыстэмы і працу цягліцаў, спрыяе нармалізацыі дзейнасьці сардэчнай цягліцы, актывізуе дзейнасьць фэрмэнтаў, спрыяе падвышэньню ахоўнае моцы арганізма, удзельнічае ў працэсе згортваньня крыві і валодае супрацьзапаленчым дзеяньнем.

Сутачная патрэба ў кальцы для дарослых — 800 мг, для цяжарных жанчынаў і кормячых маці — 1000 мг. Значная колькасьць кальцу знаходзіцца ў малацэ і малочных прадуктах, яйках, крупах. Звычайна 80% патрэбы задавальняюцца малочнымі прадуктамі.

Утрыманьне кальцу ў 100 г прадукта: сыр — 1040—1050 мг, тварог тлусты — 150 мг, малако — 128 мг, яйкі — 55 мг, крупы грачаныя — 55 мг, фасоля — 27 мг, хлеб пшанічны — 26 мг.

Фосфар (Р) гуляе выключна важную ролю ў дзейнасьці ЦНС і абменных працэсах унутрыклеткавых сыстэмаў і цягліцаў, уключаючы і сардэчную. Арганічныя злучэньні фосфара зьяўляюцца акумулятарамі энэргіі, якая вызваляецца пры біялягічным акісьленьні. Фосфарыстыя бялкі і тлушчы паляпшаюць разумовую дзейнасьць. Злучэньні фосфару прысутнічаюць у шматлікіх біялягічных рэчывах арганізма і стала ўдзельнічаюць у абмене рэчываў.

Сутачная патрэба ў фосфары ў дарослага складае 1200 мг, у цяжарных жанчын і кормячых маці — 1500 мг.

Утрыманьне фосфара ў 100 г прадукта: сыры — 400—600 мг, печань — 596 мг, мяса — 200—250 мг, рыба — 150—220 мг, тварог — 216 мг, яйкі — 215 мг, фасоль — 514 мг, гарох — 329 мг, крупы аўсяныя — 327 мг, крупы грачаныя — 294 мг.

Дзеля задавальненьня патрэбы ў кальцы і фосфары важныя ўмовы іхняга засваеньня. Кальц і фосфар добра засвойваюцца, калі суадносіна паміж імі складае 1:1 альбо 1:1,3. Такія спрыяльныя суадносіны сустракаецца першым чынам у малацэ і малочных прадуктах, а таксама ў грачанай кашы з малаком.

Магн (Mg) мае важнае значэньне для нармалізацыі ўзбудлівасьці нэрвовай сыстэмы. Ён аказвае судзінапашыральнае і антыспастычнае дзеяньне, стымулюе пэрыстальтыку і павялічвае жоўцевылучэньне.

Содневая патрэба дарослых у магну складае 400 мг, цяжарных жанчын і кормячых маці — 450 мг.

Найбольш спрыяльнай суадносінай кальцу і магн зьяўляецца 1:0,5-0,75.

Каль (К) мае важнае значэньне для працэсаў унутрыклеткавага абмену. Ён рэгулюе кіслотна-шчолачную раўнавагу крыві, стымулюе працу шэрагу фэрмэнтаў, удзельнічае ва ўтварэньні ацэтылхаліну і правядзеньні нэрвовых імпульсаў да цягліцаў, узмацняе вывядзеньне вадкасьці з арганізма і тым самым нармалізуе крывяны ціск. Калевыя дыеты выкарыстоўваюцца пры гіпэртаніі, нырачных і сардэчна-судзінавых захворваньнях, ацёках.

Сутачная патрэба ў калі для дарослых — 2500-5000 мг.

Утрыманьне калю ў 100 г прадукту: урук — 1781 мг, курага абрыкосавая — 1717 мг, фасоля — 1100 мг, гарох — 870 мг, чарнасьліў — 864 мг, разынкі — 860 мг, сушаныя грушы — 872 мг, сушаныя яблыкі — 580 мг, бульба — 568 мг, шчаўе — 500 мг, чорныя парэчкі — 372 мг, пэрсікі — 363 мг, рэдзька — 357 мг. Пры звычайным харчаваньні патрэба ў калі ў значнай ступені пакрываецца за кошт бульбы.

  • Humphrey Bowen. Environmental Chemistry of the Elements. Academic Press, ISBN 0-12-120450-2.