Сьвежына з салютам
«Сьвежына з салютам» | |
па-беларуску: Свежына з салютам | |
Жанр | камэдыя |
---|---|
Рэжысэр | Іван Паўлаў |
Сцэнарыст | Сяргей Давідовіч |
Прадусар | Натальля Пальчонак |
У ролях | Генадзь Аўсяньнікаў і Яўген Лявонцьеў |
Дыктар | Гярнард Басько |
Кампазытар | Зьміцер Вайцюшкевіч |
Апэратар | Анатоль Калашнікаў |
Мантаж | Валянціна Іваноўская |
Вытворчасьць | «Беларусьфільм» |
Распаўсюд | Беларусьфільм |
Дата выхаду | 24 сьнежня 2001 |
Працягласьць | 74 хвіліны |
Краіна | Беларусь |
Мова | Беларуская |
Наступны | «Асеньні дэтэктыў» (2002) |
Старонка на IMDb |
«Сьвежына з салютам» — калядная кінакамэдыя 2001 году аб трохдзённай падрыхтоўцы ў беларускай вёсцы да вянчаньня маладых напярэдадні Раства Хрыстовага. Музычнае суправаджэньне фільму забясьпечыў гурт «Крыві»[1], у якім на той час бралі ўдзел Зьміцер Вайцюшкевіч, Піт Паўлаў, Алесь Пузыня, Вераніка Круглова і Масуд Талібані. Здымкі праходзілі ў Лагойскім (в. Юркавічы), Менскім (Заслаўе, в. Азярцо, Дворышча і Збаравічы) і Маладэчанскім (пас. Радашкавічы; в. Вязынка, Плябань, Удранка) раёнах Менскай вобласьці. Спрыяньне аказвалі Беларускі дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту, аддзяленьне Дзяржаўнага літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Вязынцы і аддзяленьне Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры ў Плябані. Сцэнар напісаў Сяргей Давідовіч паводле ўласнай вершаванай паэмы[2].
24 сьнежня 2001 году ў менскім кінатэатры «Масква» адбылася прэм’ера фільму[3]. 12 лютага 2005 году спадарожнікавы тэлеканал «Беларусь ТБ» паказаў фільм у расейскім перакладзе[4]. 21 лістапада 2005 году адбыўся паказ у варшаўскім Цэнтры Лавіцкай(pl) (Польшча)[5]. 24 сьнежня 2015 году адбыўся беларускамоўны паказ фільму на тэлеканале «Беларусь 3»[6].
Сюжэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кіроўца вайсковага грузавіка высаджвае каля вёскі лейтэнанта Анатоля і кажа, што забярэ яго праз 3 дні. Тым часам у вёсцы, Язэп бярэ дома вінтоўку і зьбіраецца на паляваньне. Жонка Хаўрося наракае на ранейшыя безвыніковыя паходы мужа ў лес. Ганна знаходзіць Анатоля ў спальні сваёй хаты з унучкай Любай. Анатоль паведамляе аб атрыманьні кватэры і намеры забраць Любу з сабой. Ганна згадвае гадаваньне Любы без удзелу маці. Анатоль кажа аб звальненьні з войска на 3 дні для жаніцьбы і згодзе Любы на вясельле. Тады Ганна засьцерагае маладых ад дашлюбных любошчаў. Язэп завітвае ў госьці да Сьцяпана, якога застае за тачэньнем шыла. Сьцяпан за выпіваньнем умаўляе Язэпа дапамагчы закалоць сьвіньню для Ганны, з унучкай якой жэніцца яго сын Анатоль. Сьцяпан і Язэп прыходзяць у загон за хатай Ганны. Язэп заарканьвае парсюка вяроўкай. Тым часам Сьцяпан спрабуе абязрушыць сьвіньню, узьлезшы на яе. Аднак сьвіньня скідае Сьцяпана і вяроўка вырываецца з рук Язэпа. Тады Язэп страляе ў парсюка зь вінтоўкі. Аднак парсюк праломвае агароджу і ўцякае ў лес. У выніку Сьцяпан і Язэп выпраўляюцца на пошукі. Тым часам, Анатоль крочыць разам зь Любай на сьвінафэрму, дзе тая працуе.
У лесе Сьцяпан і Язэп бачаць участковага міліцыянэра, які страляе зь вінтоўкі, і хаваюцца. Затым Сьцяпан заўважае дзіка, якога прымае за сьвіньню Ганны. Язэп заганяе дзіка, а Сьцяпан страляе. Убачыўшы ляжачага дзіка, Сьцяпан і Язэп вырашаюць выдаць яго Ганьне за свойскую сьвіньню, прысыпаўшы сьнегам і саломай. Аднак Ганна заўважае адрозьненьне паводле чорнай масьці дзіка і даўгога лыча. Язэп у адказ баіць аб запэцканасьці ў балоце, а Сьцяпан — пра абмаражэньне. Тады Ганна заўважае шчаціньне на тушы. Язэп у адказ заяўляе, што падзеліць тушу са Сьцяпанам, і сядае на сані. Ганна пасьля вымярэньня пядзямі тушы разумее, што дзік большы за сьвіньню, і робіць выгляд, што прызнае ў ім свайго парсюка. Сьцяпан і Язэп напрошваюцца да Ганны адзначыць посьпех справы вячэрай. Тым часам, Анатоль гуляе зь Любай у сьнежкі па дарозе дамоў з фэрмы. Падчас вячэры ў хату Ганны завітвае айцец Мікалай, але адмаўляецца ад гарэлкі, як «д'ябальскага напою». Затым айцец Мікалай дамаўляецца з Ганнай аб вянчаньні маладых у царкве і сыходзіць. Пасьля вячэры Сьцяпан і Язэп выходзяць на вуліцу. Язэп страляе на ганку ў паветра са словамі «салют у гонар сьвежыны» і прызнаецца, што ў яго толькі халастыя патроны. Дзік ад стрэлу прачынаецца і ўцякае, чым палохае Ганну.
Наступным ранкам айцец Мікалай зьяжджае ў раённы цэнтар да начальства, што робіць няпэўным вянчаньне, безь якога Ганна адмаўляецца выдаваць унучку за муж. Данута накіроўвае мужа Сьцяпана ў райцэнтар па гарэлку і заедкі. Язэп перахоплівае Сьцяпана па дарозе і прапануе абвянчаць безь сьвятара, узяўшы ключы ад царквы ў ахоўніка Васіля Шэршня. Васіль адмаўляецца даць ключы ад царквы, але дае ключ ад сваёй хаты, дзе шмат абразоў. Сьцяпан вяртаецца дадому, дзе баіць жонцы Дануце аб прыезьдзе архірэя, які згадзіўся абвянчаць Анатоля і Любу ў хаце Васіля Шэршня. Сьцяпан даведваецца ў жонкі, што маладыя дома ў Ганны, і кажа жонцы заставацца дома, бо архірэй быццам «загадаў быць толькі маладым». Тое самае Сьцяпан паўтарае Ганьне і вязе на санях Анатоля і Любу ў хату Васіля Шэршня. Тым часам айцец Мікалай вяртаецца ў хату Сьцяпана, дзе даведваецца ад Дануты аб удаваньні вянчаньня. Айцец Мікалай застае Язэпа за ўдаваньнем сьвятара.
Удзень Данута дамаўляецца з Хаўросяй, каб тая перашкаджала сустрэчы іх мужоў. Язэп уцякае з хаты праз падвал у лес. Анатоль праваджае на санях за вёску бацьку Сьцяпана, каб прадухіліць яго сустрэчу зь Язэпам. У лесе Язэп знаходзіць сьвіньню і страляе ў паветра. На стрэл прыбягае ўчастковы міліцыянэр і затрымлівае Сьцяпана. У раённым цэнтры ўчастковы прыцягвае ў якасьці сьведак браканьераў Бублевіча і Вабіча. Калі браканьеры адмаўляюцца прызнаць дзіка за свойскую сьвіньню, ўчастковы адводзіць Бублевіча ў бок і ставіць яму фінгал. У выніку Бублевіч і Вабіч называюць сьвіньню дзіком. У пастарунку ўчастковы міліцыянэр прыпісвае Язэпу забой трох дзікоў і лася. Раптам прыходзіць маёр міліцыі, які патрабуе паказаць тушу ў якасьці доказу браканьерства. Маёр прызнае сьвіньню ў багажніку міліцэйскага пазадарожніка «УАЗ» за свойскую і адпускае Язэпа.
Увечары Сьцяпан натрапляе ў райцэнтры на Язэпа са сьвіньнёй. Сьцяпан і Язэп кладуць сьвіньню на сані і едуць разам дадому. Дома ў вёсцы Ганна дорыць унучцы Любе свой вясельны строй і кажа, што яе мужам быў зьнявечаны на вайне жаўнер. Тым часам, у дарозе сьвіньня падае з саней незаўважна для Сьцяпана і Язэпа, калі тыя зьяжджаюць з пагорка. Сьцяпан і Язэп прыяжджаюць да хаты Ганны і заўважаюць адсутнасьць на санях сьвіньні. У выніку выпраўляюцца назад і знаходзяць сьвіньню. Язэп зноў дае «салют у гонар сьвежыны». У выніку запрэжаны ў сані конь уцякае. Сьцяпану і Язэпу даводзіцца вяртацца дадому пешшу. Тым часам, Люба ўпоцемках выправаджвае Анатоля дадому з хаты Ганны. Ганна прачынаецца ад грукату і выходзіць на вуліцу. Там Ганна бачыць каня ў санях, на якіх ляжыць жывая сьвіньня. У выніку на пошук Сьцяпана і Язэпа склікалі мужчынаў вёскі. Тым часам Сьцяпан і Язэп пасьпелі вярнуцца.
Наступным ранкам Анатоль прыяжджае да хаты Ганны па нявесту Любу. На санях маладыя едуць да царквы, дзе іх вянчае айцец Мікалай. Па вяртаньні ў хату Ганны пачынаецца застольле. Язэп прыносіць торт са словамі «салют у гонар маладых». Хаўрося запальвае на торце піратэхніку, якая выбухам разносіць торт. Сьцяпан засынае за сталом. Ува сьне Сьцяпану сьніцца, што ён трапляе ў пекла разам са Сьцяпанам. Прачнуўшыся, Сьцяпан выходзіць на двор і бачыць фаервэркі Язэпа. Пры канцы фільма Язэп пытае ў жонкі: «Дзе мае вуды?»
Акторы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сьцяпан Пінчук, бацька жаніха — Генадзь Аўсяньнікаў
- Язэп, сябар Сьцяпана — Яўген Лявонцьеў
- Хаўрося, жонка Язэпа — Галіна Фёдарава
- Данута Пінчук, маці жаніха — Вольга Клебановіч
- Анатоль Пінчук, жаніх — Аляксандар Паўлаў
- Люба, нявеста — Алеся Лесьнікова
- Ганна, бабуля нявесты — Валянціна Петрачкова
- Участковы(ru) міліцыянэр — Арнольд Памазан
- Маёр міліцыі — Ігар Блінкоў
- Айцец Мікалай, хрысьціянскі сьвятар — Андрэй Каламіец
- Васіль Шэршань, ахоўнік царквы — Аляксей Калакольцаў
- Бублевіч, браканьер — Аляксандар Вергуноў
- Вабіч, браканьер — Уладзімер Варанкоў
- Сваха — Тацьцяна Мархель
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Песьня «Любачка» ў гонар нявесты ў фільме ўвайшла ў альбом Зьмітра Вайцюшкевіча «Песьні з доўгай шуфляды» 2006 году[7].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Сяргей Нятрэба. «Тройца» ў кіно // Газэта «Салідарнасьць», 25 лістапада 2005 г. Праверана 24 студзеня 2016 г.
- ^ Аляксей Мароз. Мастацтва ў Гайнаўцы // Ніва : газэта. — 1 студзеня 2006. — № 1 (2590). — С. 5. — ISSN 0546-1960.
- ^ Юрась Барысевіч. Навіны беларускай культуры // Радыё «Свабода», 24 сьнежня 2001 г. Праверана 23 студзеня 2016 г.
- ^ Сьвежына з салютам // Баравік.org, 30 сьнежня 2011 г. Праверана 23 студзеня 2016 г.
- ^ Ніна Баршчэўская. Беларуская культура захапіла палякаў // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 21 лістапада 2005 г. Праверана 23 студзеня 2016 г.
- ^ Мастацкі фільм «Сьвежына з салютам» 24.12 у 21:30 // Тэлеканал «Беларусь 3», 21 сьнежня 2015 г. Архіўная копія ад 21 сьнежня 2015 г. Праверана 23 студзеня 2016 г.
- ^ Сяргей Будкін. Песьні з доўгай шуфляды // Газэта «Наша ніва», 16 лістапада 2006 г. Праверана 24 студзеня 2016 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Іван Паўлаў. Сьвежына з салютам (рас.) // «Мова нанова», 23 сьнежня 2014 г. Праверана 23 студзеня 2016 г.