Перайсьці да зьместу

Залесьсе (Чачэрскі раён)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Залесьсе
Першыя згадкі: XVI ст.
Вобласьць: Гомельская
Раён: Чачэрскі
Сельсавет: Залескі
Насельніцтва: 461 чал. (2004)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2339
Геаграфічныя каардынаты: 52°53′28″ пн. ш. 30°59′13″ у. д. / 52.89111° пн. ш. 30.98694° у. д. / 52.89111; 30.98694Каардынаты: 52°53′28″ пн. ш. 30°59′13″ у. д. / 52.89111° пн. ш. 30.98694° у. д. / 52.89111; 30.98694
Залесьсе на мапе Беларусі
Залесьсе
Залесьсе
Залесьсе

Зале́сьсе[1] — вёска ў Чачэрскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі, на рацэ Сож. Цэнтар Залескага сельсавету. Насельніцтва 461 чал. (2004). Знаходзіцца за 7 км на паўднёвы ўсход ад места Чачэрск, за 42 км ад чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (лінія Гомель — Жлобін), за 72 км ад Гомелю.

Выяўленыя археолягамі селішча III тысячагодзьдзя да н. э. (за 0,5 км на паўночны захад ад вёскі) і селішча эпохі нэаліту і бронзавага веку (за 2 км на поўнач ад вёскі, ва ўрочышчы Караньнік) сьведчаць пра засяленьне гэтых месцаў з даўніх часоў.

Паводле пісьмовых крыніц вядомая з пачатку XVI стагодзьдзя як паселішча ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. У 1503, 1525, 15261527 гадох згадваецца ў матэрыялах пра канфлікты паміж Літвой і Маскоўскай дзяржавай. Паводле інвэнтара 1704 году — 18 дымоў, у 1726 — 28 дымоў, цэнтар войтаўства Чачэрскага староства. Паводле апісаньня Чачэрскай воласьці 1765 году 65 дымоў, працавала карчма.

Пасьля першага падзела Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расейскай імпэрыі. З 1816 дзейнічала Васільеўская царква, з 1832 — карчма. Акрамя земляробства жыхары займаліся рыбнай лоўляй. Празь вёску праходзіла паштовая дарога зь Неглюбкі ў Рагачоў. З 1879 працаваў цукровы завод, з 1880 — хлебазапасная крама. У 1886 працаваў вятрак. Паводле перапісу 1897 году дзейнічалі царкоўна-прыхадзкая школа, 5 вятракоў, вадзяны млын, кузьня, карчма. У 1909 годзе 1907 дзесяцін зямлі, вінная крама, у Пакоцкай воласьці Гомельскага павету Магілёўскай губэрні. У 1926 адкрыта хата-чытальня.

З 8 сьнежня 1926 цэнтар Залескага сельсавету Чачэрскага, з 25 сьнежня 1962 Буда-Кашалёўскага, з 6 студзеня 1962 Чачэрскага раёнаў Гомельскай (да 26 ліпеня 1930) акругі, з 20 лютага 1938 Гомельскай вобласьці.

У 1929 арганізаваны калгас «Зорка», працавала кузьня. У 1935 створаны народны хор, карыстаўся папулярнасьцю далёка за межамі раёну. У часе Вялікай Айчыннай вайны нямецкія войскі стварылі ў вёсцы свой гарнізон, разгромлены партызанамі ў 1943 годзе. 25 жніўня 1943 карнікі спалілі вёску і забілі 39 жыхароў. 149 жыхароў загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 году цэнтар калгасу «Зорка». Разьмешчаны дзіцячы сад, Дом культуры, аддзяленне сувязі, 9-летняя школа, фэльчарска-акушэрскі пункт.

У склад Залескага сельсавету да 1974 ўваходзіў пасёлак Воля, да 1999 — пасёлкі Дубок і Закрынічча (у наш час не існуюць).

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004.