Перайсьці да зьместу

Sputnik (радыё)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Голас Расеі»)
Радыё «Sputnik»

Лёга
Горад Масква
Краіна Расея
Фармат навіновы
Час вяшчаньня кругласутачна
Зона вяшчаньня 34 краіны
Пачатак працы 29 кастрычніка 1929 (95 гадоў таму)
Заснавальнік Народны камісарыят поштаў і тэлеграфаў СССР(ru)
Уласьнік «Расея сёньня»(ru)
Кіраўнікі Андрэй Быстрыцкі(ru)
Сайт bel.sputnik.by
Twitter sputnikbelarus
Facebook sputnik.belarus
Вконтакте sputnikbelarus
YouTube Sputnik
Он-лайн-трансьляцыя rian.cdnvideo.ru

Радыё «Sputnik» (рас. Радио «Спутник») — расейская дзяржаўная радыёстанцыя, заснаваная ў кастрычніку 1929 г. пад назовам «Маскоўскае радыё» для замежнага вяшчаньня. 10 лістапада 2014 г. атрымала сучасны назоў замест «Голас Расеі», які мела з 22 сьнежня 1993 году. На 2016 г. падавала агляды, навіны і рэпартажы на 37 мовах, у тым ліку на беларускай з 2015 году. У 2015 г. радыёвяшчаньне ажыцьцяўлялася ў 34 краінах[1].

На 2016 г. 37 мовамі падачы зьвестак былі: ангельская, абхаская, азэрбайджанская, арабская, армянская, асэтынская, беларуская, віетнамская, гіндзі, гішпанская, грузінская, дарыйская (Аўганістан), дацкая, італьянская, карэйская, кітайская, курдзкая, кыргыская, латыская, нарвэская, нямецкая, партугальская, польская, пуштунская, пэрсыдзкая, расейская, румынская (малдоўская), сэрбская, таджыцкая, турэцкая, узбэцкая, урду, фінская, француская, чэская, швэдзкая і японская.

Паштовая марка «Маскоўскае радыё» (1979 г.)

29 кастрычніка 1929 г. «Маскоўскае радыё» пачало вяшчаць на нямецкай мове. 7 лістапада дадалося вяшчаньне на францускай мове. Да канца году зьявілася ангельскамоўнае вяшчаньне. У 1930 г. перадачы сталі штодзённымі і пераважна ажыцьцяўляліся ў наўпроставым этэры. У 1933 г. Міжнароднае маскоўскае радыё падпарадкавалі Дзяржаўнаму камітэту радыёфікацыі і радыёвяшчаньня СССР(ru). Цягам 1930-х гадоў дадалі яшчэ 10 моваў вяшчаньня. На пачатку 1940 г. зьявілася расейская рэдакцыя «Гаворыць Масква». 1 ліпеня дадалося кітайскамоўнае вяшчаньне, першыя перадачы якога чытала Дэн Інчао, якая была жонкай прадстаўніка камуністаў пры ўрадзе Кітая Чжоў Эньлай(zh) (1937—1946). 14 красавіка 1942 г. з Хабараўска (Расейская СФСР) пачалося вяшчаньне на Японію. Да 1945 г. штодзённае этэрнае вяшчаньне вырасла да 152 перадачаў на 28 мовах. У 1946 г. дадалі вяшчаньне на мангольскай мове, у 1957 г. — на пуштунскай (Аўганістан). У 1956—1962 гг. у арабскай рэдакцыі радыё працаваў Яўген Прымакоў (1929—2015), дзе ўзьняўся ад карэспандэнта да галоўнага рэдактара. У 1961 г. пачалося вяшчаньне на амхарскай (Этыёпія), суахілі (Усходняя Афрыка) і хаўса (Заходняя Афрыка).

Картка-квітанцыя(en) радыё «Масква» (1969 г.)

28 кастрычніка 1962 г. адбылася радыёперадача адказу старшыні Савету міністраў СССР Мікіты Хрушчова (1954—1964) на тэлеграму прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі (1961—1963) напярэдадні, што палагодзіла Кубінскі ракетны крызіс. У 1967 г. пачалося вяшчаньне на дарыйскай мове (Аўганістан). Да 1980-х гадоў дадалося вяшчаньне на яшчэ 8 мовах Афрыкі. 23 траўня 1983 г. дыктар ангельскай рэдакцыі Уладзімер Данчаў(ru) у наўпроставым этэры заявіў: «Насельніцтва Аўганістану грае важную ролю ў абароне тэрыторыі краіны ад савецкіх захопнікаў», за што да сьнежня знаходзіўся ў Ташкенце (Узбэцкая ССР) на прымусовым псыхіятрычным лячэньні(en). 22 сьнежня 1993 г. расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын (1991—1999) Указам № 2258 ператварыў аб’яднаньне «Міжнароднае маскоўскае радыё» ў радыёкампанію «Голас Расеі». У 1996 г. пачалося сеціўнае радыёвяшчаньне.

Лягатып радыё «Голас Расеі» (1993—2014 гг.)

У 2000-х гадах зьявілася спадарожнікавае вяшчаньне. На 2013 г. мясцовае радыёвяшчаньне ажыцьцяўлялася ў 27 краінах, дзе налічвалася 109 млн штомесячных радыёслухачоў. Замежныя прадстаўніцтвы працавалі ў 6 краінах: Ангельшчына (Лёндан), Бразылія (Рыё-дэ-Жанэйра), ЗША (Вашынгтон), Нямеччына (Бэрлін), Турэччына (Стамбул) і Ўкраіна (Кіеў). Радыёперадачы падаваліся на 31 мове. Вэб-сайты працавалі на 39 мовах. Радыёстанцыя выкарыстоўвала 30 радыёперадавальнікаў, большасьцю на кароткіх хвалях у Расеі. За мяжой радыёстанцыя выкарыстоўвала 4 уласныя радыёперадавальнікі ў 4 краінах: Армэнія (вёска Камо, Шырацкая вобласьць(hy)), Нямеччына (Вахэнбрун(de), зямля Турынгія; 1000 кіляват, сярэднія хвалі), Таджыкістан (Душанбэ; 1000 кіляват) і Ўзбэкістан (Ташкент; 1000 кіляват). 9 сьнежня 2013 г. расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін Указам № 894 падпарадкаваў радыёстанцыю інфармацыйнаму агенцтву «Расея сёньня»(ru). 1 студзеня 2014 г. спынілася радыёвяшчаньне на кароткіх хвалях. 10 лістапада радыёстанцыя атрымала назоў радыё «Sputnik». У сярэдзіне сьнежня радыёстанцыя займела сайт у Беларусі[2], дзе ў Менску сядзібу разьмясьцілі па вул. Я.Коласа, д. 50, корп. 1[3]. У 2015 г. пачалася падача навінаў і рэпартажаў на беларускай мове.

  1. ^ Аб праекце // Радыё «Sputnik», 2015 г. Праверана 17 лютага 2016 г.
  2. ^ Уладзімер Глод. «Камісары з Крамля» запусьцілі «Sputnik» у Беларусь // Радыё «Свабода», 5 студзеня 2015 г. Праверана 17 лютага 2016 г.
  3. ^ Кантакты // Радыё «Sputnik» Беларусь, 2015 г. Праверана 17 лютага 2016 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]