Перайсьці да зьместу

Генэральная акруга Жытомір

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Генэральная акруга Жытомір
Generalbezirk Shitomir

Сьцяг
Агульныя зьвесткі
Краіна Трэці Райх
Статус грамадзянская адміністрацыя
Уваходзіць у Райхскамісарыят Украіна
Адміністрацыйны цэнтар Жытомір[1]
Улучае акругі
Дата ўтварэньня 20 кастрычніка 1941
Генэральны камісар Курт Клем (19411942) Ернст-Людвіг Ляйзер (19421943)
Насельніцтва (1943) 2 916 890[1] чалавек
Шчыльнасьць 45 чал./км²
Плошча 64800[2] км²
Час існаваньня 19411943
Месцазнаходжаньне Генэральнай акругі Жытомір
Генэральная акруга Жытомір на мапе
Скарачэньне ГА Жытомір
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Генэральная акруга Жытомір (па-нямецку: Generalbezirk Shitomir, па-ўкраінску: Генеральна округа Житомир) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Райхскамісарыяту Ўкраіна, створана нацысцкай Нямеччынай на частках акупаваных тэрыторыяў Украінскае ССР і Беларускае ССР. Цэнтар месьціўся ў Жытоміры.[1]

У генэральную акругу Жытомір, згодна з першымі агульнымі пастановамі Міністэрства акупаваных усходніх тэрыторыяў, прынятымі ў жніўні 1941 году, павінна было ўключацца 29 гебітскамісарыятаў.[3] Генэральная акруга была афіцыйна ўтвораная а 12-й гадзіне 20 кастрычніка 1941 году[1] і падзеленая на 27 гебітаў (акругаў), названых у гонар іх адміністрацыйных цэнтраў: Алеўск, Бярдычаў, Васілевічы, Віньніцкая гарадзкая акруга, Віньніцкая сельская акруга, Гайсін, Ельск, Жытомірская гарадзкая акруга, Жытомірская сельская акруга, Зьвягель (горад Наваград-Валынскі быў перайменаваны ў Зьвягель), Ільлінцы, Казятын, Калінаўка, Камарын, Карастышаў, Корасьцень, Лельчыцы, Літын, Мазыр, Манастырышча, Няміраў, Оўруч, Петрыкаў, Радамышаль, Ружын, Чуднаў і Ямільчына.[1] Тэрыторыя генэральнай акругі ў асноўным сфармавалася ў лістападзе 1941 году, калі вайсковая адміністрацыя была зьмененая на грамадзянскую, а генэральны камісар Курт Клем, прызначаны на гэтую пасаду 30 верасьня 1941 году, пачаў выконваць свае абавязкі непасрэдна.[3] У яе ўваходзілі Жытомірская вобласьць і поўнач тагачаснай Віньніцкай вобласьці Ўкраінскай ССР, а таксама часткі Палескай вобласьці БССР, дзе было ўтворана 6 гебітскамісарыятаў: Васілевіцкі (Васілевічы, Хвойнікі), Ельскі (Ельск, Нароўля), Камарынскі (Брагін, Камарын), Лельчыцкі (Лельчыцы, Тураў), Мазырскі (Каленкавічы, Мазыр), Петрыкаўскі (Жыткавічы, Петрыкаў).[3] Вясной 1942 году ў склад Жытомірскай генэральнай акругі былі ўключаныя Рэчыцкі і Лоеўскі раёны паўднёва-заходняй часткі Гомельскай вобласьці. 5 сакавіка 1942 году Камарынскі гебіт (па-нямецку: Kreisgebiet Komarin) і Лоеўскі і Рэчыцкі раёны ўвайшлі ў склад Васілевіцкага гебіта (па-нямецку: Kreisgebiet Wassilewitschi). 5 чэрвеня 1942 году былі створаныя новыя акругі: Камарынскі гебіт — з Брагінскага, Камарынскага і Лоеўскага раёнаў і Рэчыцкі гебіт — з Хвойніцкага, Рэчыцкага і Васілевіцкага раёнаў, а Васілевіцкі гебіт быў распушчаны. 23 кастрычніка 1942 году Камарынскі гебіт быў афіцыйна перайменаваны ў Брагінскі гебіт. 12 сьнежня 1942 году была ўтвораная новая акруга — Гэгевальд (па-нямецку: Hegewald «запаведны лес») з часткі Бердычаўскай (паласа ўздоўж паўночнай мяжы Бярдычаўскага раёну і частка Андрушаўскага раёну зь вёскай Ляхаўцы) і часткі Жытомірскай акругаў (паўднёвая частка Жытомірскага і частка Траяніўскага раёнаў). Частка Бердычаўскай акругі (астатняя частка Траяніўскага раёну) была далучаная да Жытомірскай акругі. 15 студзеня 1943 году Віньніцкая гарадзкая і Віньніцкая сельская акруга былі аб’яднаныя ў новую акругу Віньніца (па-нямецку: Kreisgebiet Winniza). 1 красавіка 1943 году была павялічаная большая частка гебітаў. На 1 верасьня 1943 году ў склад генэральнай акругі Жытомір уваходзіла 18 акругаў: Алеўская, Бярдычаўская, Брагінская, Віньніцкая, Гайсінская, Гэгевальд, Жытомірская, Зьвягельская, Казятынская, Карастышаўская, Корасьценская, Мазырская, Манастырашчынская, Няміраўская, Оўруцкая, Петрыкаўская і Рэчыцкая. З узяцьцем Жытоміра савецкімі войскамі 11—19 лістапада 1943 году генэральная акруга Жытомір спыніла сваё існаваньне.

Першапачаткова Жытомірскую генэральную акругу ўзначальваў Курт Клем (па-нямецку: Kurt Klemm), а з 28 кастрычніка 1942 года — Эрнст-Людвіг Ляйзер (па-нямецку: Ernst Ludwig Leyser).[4]

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]