Перайсьці да зьместу

Грэцкі альфабэт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Грэцкі альфабэт
Тып альфабэт, натуральнае пісьмо[d] і двухрэгістравы альфабэт[d]
Мовы грэцкая мова і старажытнагрэцкая мова
Дата стварэньня каля IX стагодзьдзе да н. э.[1]
Літары

Грэ́цкі альфабэ́т — альфабэт грэцкай мовы і іншых моваў грэцкай групы. Ён бесьперапынна выкарыстоўваецца з канца IX альбо пачатку VIII стагодзьдзя да н. э. Грэцкі альфабэт, бадай, першы альфабэт, які ўключаў у сябе і зычныя, і галосныя. Стандартна складаецца з 24 літараў, а таксама ў даклясычную эпоху ў некаторых дыялектах грэцкай мовы ўжываліся яшчэ 3 літары — Ϛ, ϛ (стыгма), Ϟ, ϟ (копа), Ϡ, ϡ (сампі). У клясычнай грэцкай мове стыгма, копа і сампі выкарыстоўваліся для запісу лікаў. Узыходзіць да фінікійскага пісьма. Клясычны агульнагрэцкі альфабэт склаўся ў V—IV стст. да н. э. Кожная літара мела і лічбавае значэньне. Знакі «стыгма», «копа» і «сампі» выкарыстоўваліся для абазначэньня лічбаў. Усходне-грэцкае пісьмо разьвілася ў клясычнае старажытна-грэцкае і бізантыйскае пісьмо, стала асновай для копцкага, гоцкага, славянскага кірылічнага, а магчыма, армянскага і часткова грузінскага пісьма. Заходне-грэцкае пісьмо было зыходным для этрускага, старажытна-германскага рунічнага і лацінскага пісьма. Найбольш старажытныя помнікі грэцкага пісьма датаваныя VIII-VII стст. да н. э. У XIII стагодзьдзі разьвіўся малодшы мінускул, які паслужыў узорам для першага грэцкага друкарскага шрыфту у XV стагодзьдзі. Сучасныя друкаваныя грэцкія літары былі створаныя ў XVII стагодзьді[2].

Дыпілёнскі надпіс уважаецца адным з самым старажытных надпісаў грэцкім альфабэтам.

Першыя вядомыя запісы на старажытнагрэцкай мове былі зробленыя складовым лінейным пісьмом Б за часам мікенскай культуры паміж XVI і XII стагодзьдзямі да н. э. Гэтая сыстэма пісьма, яшчэ не павязаная з сучасным грэцкім альфабэтам, была ва ўжытку да XIII стагодзьдзі да н. э. улучна[3]. Надпісы, зробленыя грэцкім альфабэтам, пачалі зьяўляцца з VIII стагодзьдзя да н. э. У той час як раньнія ўзоры альфабэту датуюцца прынамсі 775 годам да н. э.[4], найстаражытнейшыя вядомыя і зразумелыя грэцкія надпісы, як то надпісы на вазе Дыпілён, кубку Нэстара і кубку Ацэсандра, датуюцца блізу 740 ці 730 гадамі да н. э.[5][6][7][8] Лічыцца, што пашырэньне альфабэту адбылося за некаторы час да стварэньня гэтых надпісаў. У той час як былі прапанаваныя больш раньнія даты[9], звычайна ўважаецца, што грэцкі альфабэт паўстаў у канцы IX[10][3] ці пачатку VIII стагодзьдзя да н. э.[11][12], умоўна блізу 800 году да н. э.

У час паміж выкарыстаньнем дзьвюх сыстэмаў пісьма, як то лінейнага пісьма Б і грэцкага альфабэту, тэксты на грэцкай мове не былі зафіксаваныя. Таму гэты пэрыяд вядомы як Грэцкія Цёмныя стагодзьдзі[13]. Грэкі перанялі альфабэт з ранейшага фінікійскага альфабэту, аднаго з блізкіх пісьменстваў, якія выкарыстоўваліся дзеля заходнесэміцкіх моваў, назваўшы «фінікійскія літары». Аднак фінікійскі альфабэт абмяжоўваўся толькі зычнымі. З укарананьнем яго ў справе напісаньня грэцкай мовы, некаторыя зычныя былі адаптаваныя дзеля пазначэньня галосных. Выкарыстаньне як галосных, гэтак і зычных зрабіла грэцкую мову першым альфабэтам у гэтым сэнсе[3], у адрозьненьне ад абджадаў, якія выкарыстоўваюцца ў сэміцкіх мовах, дзе маюцца літары толькі дзеля пазначэньня зычных[14].

Раньні грэцкі альфабэт на керамічным посудзе з Нацыянальнага археалягінага музэю з Атэнаў.

Спачатку грэцкая мова пераняла ўсе 22 літары фінікійскай мовы. Пяць былі перапрызначаныя да абазначэньня галосных гукаў, гэтак зычныя /j/ (ёд) і /w/ (ваў) пачалі выкарыстоўвацца як [i] (ёта) і [u] (іпсылён), гарлячны зычны /ʔ/ (алеф) пачаў выкарыстоўвацца дзеля пазначэньня гука [a] (альфа), фарынгальныя /ʕ/ (аін) ператварыўся ў [o] (омікрон), а літара для /h/ (хе) ператварылася ў [e] (эпсылён). Акрамя таго, фінікійская літара для эмфатычнага гарлячнага гука /ħ/ (хэт) была запазычаная рознымі дыялектамі грэцкай мовы ў дзьвюх розных функцыях, як то ў якасьці літары для гука /h/ (гэта) тымі дыялектамі, у якіх быў такі гук, і ў якасьці дадатковай галоснай літары для доўгага /ɛː/ (эта) тымі дыялектамі, у якіх быў адсутны зычны. У рэшце рэшт, была даданая сёмая галосная літара для доўгага /ɔː/ (омэга). У грэцкай мове таксама зьявіліся ўласныя тры новыя літары зычных дзеля прыдыхальных выбуховых гукаў і групаў зычных: Φ (фі) для /pʰ/, Χ (хі) для /kʰ/ і Ψ (псі) для /ps/. У заходнегрэцкіх варыяцыях Χ ужывалася для гука /ks/ і Ψ для гука /kʰ/. Паходжаньне гэтых літараў усё яшчэ абмяркоўваецца.

Тры фінікійскія літары выйшлі з ужытку яшчэ да таго, як альфабэт прыняў сваю клясычную форму, гэтак была страчаная літара Ϻ (сан), якая канкуравала з Σ (сыгма) у абазначэньні адной фанэмы /s/. Літара Ϙ (копа) аказалася залішняй з улікам існаваньня Κ (капа) дзеля абазначэньня гука /k/. Літара Ϝ (дыгама) зьнікла, бо ейнае гукавое значэньне /w/ выпала з вуснай мовы да або ў клясычны эліністычны час. Грэцкая мова спачатку пісалася пераважна справа налева, як і фінікійская, але пісцы маглі вольна зьмяняць кірунак. Пэўны час стыль пісьма з чаргаваньнем радкоў справа налева і зьлева направа быў даволі распаўсюджаны, пакуль у клясычны пэрыяд кірунак пісьма зьлева направа ня быў унармаваны як адзіны варыянт. Асобныя формы літараў мелі розны выгляд у залежнасьці ад кірунку напісаньня бягучага радка.

Архаічныя варыянты

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Распаўсюд старажытных тыпаў грэцкага альфабэту згодна з Кірхгофам.

Спачатку існавалі шматлікія лякальныя варыянты грэцкага альфабэту, якія адрозьніваліся выкарыстаньнем і невыкарыстаньнем дадатковых сымбаляў галосных і зычных і шэрагам іншых асаблівасьцей. Эпіхарычныя альфабэты звычайна падзяляюць на чатыры асноўныя тыпы ў адпаведнасьці з рознымі спосабамі выкарыстаньня дадатковых зычных літараў для прыдыхальных зычных (/pʰ, kʰ/) і груп зычных (/ks, ps/) грэцкай мовы[15]. Гэтыя чатыры тыпы часта ўмоўна пазначаюцца як «зялёны», «чырвоны», «блакітны» і «сіні», базуючыся на каляровай мапе з працы XIX стагодзьдзя на гэтую тэму «Дасьледаваньні па гісторыі грэцкага альфабэту» Адольфа Кірхгофа 1867 году[15].

«Зялёны» (ці паўднёвы) тып — найбольш архаічны і блізкі да фінікійскага[16]. «Чырвоны» (ці заходні) тып уважаецца за той тып, які пазьней быў пашыраны на Захад і стаў продкам лацінскага альфабэту. Ён мае некаторыя важныя рысы, характэрныя да пазьнейшага разьвіцьця грэцкага альфабэту[16]. Зь «сіняга» (або ўсходняга) тыпу пазьней паўстаў стандартны грэцкі альфабэту[16]. Атэны выкарыстоўвалі мясцовую форму «блакітнага» альфабэту да канца V стагодзьдзя да н. э. У ёй не было літараў Ξ і Ψ, а таксама галосных сымбаляў Η і Ω[16][17]. У старажытнаатычным альфабэце ΧΣ абазначала /ks/, а ΦΣ — /ps/. Ε выкарыстоўвалася да ўсіх трох гукаў /e, eː, ɛː/, якія адпаведна пазначаліся ў клясычных варыянтах літарамі Ε, ΕΙ, Η, а Ο выкарыстоўвалася да ўсіх гукаў /o, oː, ɔː/, у той час як у клясычных варыянтах кожны з памёняных меў уласную літару Ο, ΟΥ, Ω адпаведна[17]. Дзеля пазначэньня зычнага /h/ выкарыстоўвалася літара Η[17].

Клясычны альфабэт з дваццаці чатырох літараў, які цяпер выкарыстоўваецца грэцкай мовай, першапачаткова быў мясцовым альфабэтам Ёніяй[18]. Да канца V стагодзьдзя да н. э., ён звычайна выкарыстоўваўся і атэнцамі[18]. У 403 годзе да н. э. на прапанову архонта Эўкліда атэнская асамблея фармальна адмовілася ад старажытнаатычнага альфабэту і зацьвердзіла іянічны альфабэт у рамках дэмакратычных рэформаў па зрынаньні трыццаці тыранаў[18][19]. Праз ролю Эўкліда ў прапанове ідэі гэтага варыянту стандартны грэцкі альфабэт з дваццаці чатырох літараў часам называюць Эўклідавым альфабэтам[18]. Прыкладна праз трыццаць гадоў эўклідаў альфабэт быў прыняты ў Бэотыі і, магчыма, празь некалькі гадоў быў пераняты ў Македоніі[20]. Да канца IV стагодзьдзя да н. э. ён выцесьніў мясцовыя альфабэты ўва ўсім грэкамоўным сьвеце і стаў стандартнай формай грэцкага альфабэту[20].

Калі грэкі перанялі фінікійскі альфабэт, яны пакінулі нязьменнымі ня толькі графічную і гукавую формы літараў, але і назвы, з дапамогай якіх пасьлядоўнасьць у альфабэце можна было чытаць і запамінаць. У фінікійскай мове назва кожнай літары пазначалася словам, якое пачыналася з адпаведнага гуку. Такім чынам, першая літара альфабэту называлася словам алеф, што азначала вала. Літара бэт /b/ перакладаецца зь фінікійскага як дом, а гімэль — вярблюд. Грэкі пакінулі фінікійсктія словы назвам літараў, але крыху адаптавалі іх пад сваю фаналёгію. Такім чынам алеф, бэт і гімэль ператварыліся ў грэцкім альфабэце ў альфу, бэту і гаму.

Грэцкія назвы наступных літараў больш-менш ёсьць наўпроставым працягам фінікійскіх папярэднікаў. Паміж старажытнагрэцкай і сучаснай грэцкай мовамі яны засталіся практычна нязьменнымі, за выключэньнем таго, што іхняе вымаўленьне суправаджала рэгулярныя гукавыя зьмены разам зь іншымі словамі. Гэтак літара бэта з гукам /b/ зьмянілася на сучасны гук /v/, а гук /ɛː/ на сучасны /i/, што прывяло да сучаснага вымаўленьня літары як віта. Лямбда ў раньніх крыніцах згадвалася як лябда і ляўбда[21][22].

Літара Назва Вымаўленьне
Α α альфа [а]
Β β бэта [б, в]
Γ γ гама [ґ, г]
Δ δ дэльта шчыліннае [д]
Ε ε эпсылён [э]
Ζ ζ дзэта [з]
Η η эта [э, гі]
Θ θ тэта шчыліннае [т]
Ι ι ёта [і], [й]
Κ κ капа [к], [ц]
Λ λ лямбда [л']
Μ μ мю (мі) [м]
Ν ν ню (ні) [н]
Ξ ξ ксі [кс]
Ο ο омікрон [о]
Π π пі [п]
Ρ ρ ро [р]
Σ σ ς сыгма [с]
Τ τ таў [т]
Υ υ ыпсылён [і], [ў]
Φ φ фі [ф]
Χ χ хі [х]
Ψ ψ псі [пс]
Ω ω омэга [о]

Транскрыпцыя грэцкага альфабэту дагэтуль зьмяшчае вялікі шэраг спрэчных пытаньняў у беларускім мовазнаўстве[23].

  1. ^ Encyklopedie antiky (чэс.)Academia, 1973. — С. 31. — 741 с.
  2. ^ А. М. Рудэнка. «Грэчаскае пісьмо»; БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 510.
  3. ^ а б в Horrocks, Geoffrey (2014). «Greek, A History of the Language and Its Speakers» (2nd illustrated ed.). Wiley. — С. xviii.— ISBN 9781118785157.
  4. ^ Montarini, Franco; Montana, Fausto (2022). «History of Ancient Greek Literature». De Gruyter. — С. 18—19. — ISBN 9783110426328.
  5. ^ Mannack, Thomas (2019). «The Good, The Bad, and the Misleading: A Network of Names on (Mainly) Athenian Vases». In Ferreira, Daniela; Leão, Delfim; Rodriguez-Perez, Diana; Moraiz, Rui (eds.). Greek Art in Motion. Archaeopress Publishing. — С. 31. — ISBN 9781789690248.
  6. ^ Colvin 2014. С. 83—84.
  7. ^ Rose, Peter W. (2012). «Class in Archaic Greece». Cambridge University Press. — С. 96. — ISBN 9780521768764.
  8. ^ Powell, Barry (2012). «Writing, Theory and History of the Technology of Civilization». Wiley. — С. 236—239. — ISBN 9781118255322.
  9. ^ Astoreca, Natalia Elvira (2021). «Early Greek Alphabetic Writing, A Linguistic Approach». Oxbow Books. — С. 8. — ISBN 9781789257465.
  10. ^ Woodard, Roger D.; Scott, David A. (2014). «The Textualization of the Greek Alphabet». Cambridge University Press. — С. 3. — ISBN 9781107028111.
  11. ^ Cook, B. F. (1987). «Greek inscriptions». University of California Press. — С. 9. — ISBN 9780520061132.
  12. ^ Howatson, M.C., ed. (2013). «The Oxford Companion to Classical Literature» (3rd reprint ed.). Oxford University Press. — С. 35. — ISBN 9780199548552.
  13. ^ Colvin 2014. С. 53.
  14. ^ Daniels, Peter T. (1996). «The Study of Writing Systems». In Daniels & Bright. — С. 4.
  15. ^ а б Voutiras, E. (2007). «The Introduction of the Alphabet». In Christidis, Anastasios-Phoivos (ed.). «A History of Ancient Greek: From the Beginnings to Late Antiquity». Cambridge, England: Cambridge University Press. — С. 270. — ISBN 978-0-521-83307-3.
  16. ^ а б в г Woodard, Roger D. (2010). «Phoinikeia Grammata: An Alphabet for the Greek Language», in Bakker, Egbert J. (ed.), A Companion to the Ancient Greek Language, Oxford, England: Wiley-Blackwell. — С. 26—46. — ISBN 978-1-118-78291-0.
  17. ^ а б в Jeffery, Lilian H. (1961). «The Local Scripts of Archaic Greece: A Study of the Origin of the Greek Alphabet and Its Development from the Eighth to the Fifth Centuries B. C.». Oxford, England: Clarendon Press. — С. 66.
  18. ^ а б в г Threatte, Leslie (1980). «The Grammar of Attic Inscriptions». Vol. I: Phonology. Berlin, Germany: Walter de Gruyter. — С. 26. — ISBN 978-3-11-007344-7.
  19. ^ Horrocks, Geoffrey (2010). «The Greek Alphabet». Greek: A History of the Language and its Speakers (2nd ed.). Hoboken, New Jersey: Wiley-Blackwell. — С. xiix. — ISBN 978-1-4051-3415-6.
  20. ^ а б Panayotou, A. (12.02.2007). «Ionic and Attic». A History of Ancient Greek: From the Beginnings to Late Antiquity. Cambridge, England: Cambridge University Press. — С. 407. — ISBN 978-0-521-83307-3.
  21. ^ Liddell, Henry G; Scott, Robert (1940). «A Greek-English Lexicon». Oxford: Clarendon.
  22. ^ Keller, Andrew; Russell, Stephanie (2012). «Learn to Read Greek, Part 1». New Haven, Connecticut and London, England: Yale University Press. — С. 5. — ISBN 978-0-300-11589-5.
  23. ^ Практычная транскрыпцыя назваў з грэцкай мовы. ARCHE Пачатак (7 красавіка 2011).
  • Павленко В. А. История письма. — 2 изд. — Мн.: 1987.
  • Colvin, Stephen A Brief History of Ancient Greek. — Wiley, 2014. — ISBN 978-1-405-14925-9
  • Guarducci M. Epigrafia greca. — Roma: [1967-69] Т. 1—2.