Каталіз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Грануляваныя прамысловыя каталізатары

Каталіз — працэс зьмены хуткасьці хімічнай рэакцыі шляхам дадаваньня адмысловых рэчываў — каталізатараў[1]. Звычайна хуткасьць рэакцыі ў выніку каталізу павялічваецца[2].

Каталізатары — рэчывы, якія не расходуюцца падчас хімічнай рэакцыі, але значна паскараюць яе. Падобныя рэакцыі называюцца каталітычнымі[3].

Каталізатары шырока распаўсюджаныя ў прыродзе, а таксама часта выкарыстоўваюцца ў лябараторных і прамысловых сынтэзах. Разнастайныя каталізатары выкарыстоўваюць і для сынтэзу арганічных рэагентаў і нафтапрадуктаў[4].

Каталізатарам можа быць рэчыва з прадуктаў рэакцыі, у такім выпадку працэс называюць аўтакаталізам[5].

Канцэпцыя каталізу была вынайдзена брытанскай дасьледніцай Элізабэт Фулгэйм у 1794 годзе[6].

Агульныя прынцыпы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Простым прыкладам каталітычнай рэакцыі зьяўляецца дадаваньне невялікай колькасьці дыяксыду маргану ў пэраксыд вадароду. Такая рэакцыя суправаджаецца бурным раскладаньнем зыходнага рэчыва.

Існуе два тыпы каталізу: гамагенны й гетэрагенны. Гамагенным каталіз называюць у тым выпадку, калі ўсе рэагенты ўтвараюць адну фазу (газ ці рашчыну). Калі каталізатар у сыстэме знаходзіцца ў іншай фазе — каталіз будзе гетэрагенным.

Самі ж каталізатары, у залежнасьці ад характару ўплыву на рэакцыю, падзяляюцца на пазытыўныя й адмоўныя альбо інгібітары. У першым выпадку рэчыва будзе паскараць рэакцыю, а ў другім — запавольваць[3].

Для апісаньня ўплыву каталізатараў на хімічныя рэакцыі карыстаюцца наступнымі тэрмінамі:

Эфэктыўнасьць каталізатара

Для характарыстыкі эфэктыўнасьці часта карыстаюцца частатой зваротаў N. То бок, для наступнай рэакцыі, дзе Q — каталізатар, а υ — вельмі нізкая хуткасьць рэакцыі,

 ;

частата зваротаў будзе адпавядаць формуле:

Высокаактыўны каталізатар, у прысутнасьці малой колькасьці якога рэакцыя ідзе з высокай хуткасьцю, мае й высокую частату абаротаў.

У гетэрагэнным каталізе хуткасьць рэакцыі вызначаецца як хуткасьць зьмены колькасьці прадуктаў, а канцэнтрацыю каталізатара — ягонай колькасьцю ў рэакцыйнай сумесі[4].

Каталітычныя цыклы

Агульная дыяграма патэнцыйнай энэргіі, якая паказвае ўплыў каталізатара на гіпатэтычную экзатэрмічную хімічную рэакцыю X+Y з утварэньнем Z. Прысутнасьць каталізатару адкрывае іншы шлях для рэакцыі з больш нізкай энэргіяй актывацыі (чырвоны)

Сутнасьцю каталізу зьяўляецца замкнёная пасьлядоўнасьць рэакцый, дзе расходуюцца рэагенты, атрымліваюцца прадукты й рэгенэруецца зыходная форма каталізатару[4].

Энэргія рэакцыі

Часта дзеяньне каталізатару тлумачыцца тым, што ён паніжае энэргію актывацыі рэакцыі. Графік у такім выпадку ня будзе мець вялікіх пікаў і спадаў[3].

Гамагенны каталіз[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гамагенныя каталізатары функцыянуюць у той жа фазе, што й рэактывы. Звычайна гамагенныя каталізатары распушчаюцца разам з рэагентамі ў распушчальніку. Адным з прыкладаў гамагеннага каталізу зьяўляецца ўплыў іёнаў вадароду H+ на этэрыфікацыю карбонавых кісьляў, напрыклад, утварэньне мэтылацэтату з воцатнай кісьлі й мэтанолю[7].

Іншыя прыклады гамагэнных працэсаў:

  • карбаніляваньне мэтанолю ў воцатную кісьлю

  • гідрацыянаваньне бутадыену ў аніпадынітрыл

Праз тое, што інтэрпрэтаваць кінэтычныя дадзеныя гамагенных каталізаў прасьцей, чым гетэрагенных, іхнія мэханізмы ў большай ступені даступныя для вывучэньня.

Больш прывабным гамагенны каталіз аказаўся й з практычнага пункту гледжаньня, бо лёгка можа накіроўваць рэакцыю ў бок утварэньня пэўнага прадукту[4].

Гетэрагенны каталіз[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узор гетэрагеннага каталізатару

Гетэрагенныя каталізатары дзейнічаюць у іншай фазе, чымся рэактывы. Большасьць такіх каталізатараў уяўляюць сабою цьвёрдыя рэчывы, якія дзейнічаюць у вадкай альбо газападобнай рэакцыйнай сумесі. Важнымі гетэрагеннымі каталізатарамі зьяўляюцца цэаліты, гліназём[8] аксыды пераходных мэталаў і інш[9].

Гетэрагенныя каталізатары атрымалі шырокі распаўсюд у прамысловасьці праз сваю ўстойлівасьць пры высокіх тэпэратурах. Дзякуючы гэтай уласьцівасьці, рэакцыі з удзелам гетэрагенных каталізатараў можна ладзіць у вельмі розных умовах.

Другая прычына папулярнасьці гетэрагенных каталізатараў — адсутнасьць дадатковых стадый для адзьдзяленьня каталізатару ад прадуктаў рэакцыі[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ IUPAC. Compendium of Chemical Terminology, 2nd ed. (the «Gold Book»). Compiled by A. D. McNaught and A. Wilkinson. Blackwell Scientific Publications, Oxford (1997). Online version (2019-) created by S. J. Chalk. https://doi.org/10.1351/goldbook.
  2. ^ Артыкул пра каталіз на britannica.com
  3. ^ а б в Н. Л. Глинка Общая химия, 2000 г.
  4. ^ а б в г д D.F. Shriver, P.W Atkins Inorganic Chemistry. Third edition. (2 том)
  5. ^ М. Х. Карапетьянц, С. И. Дракин Общая и неорганическая химия 2000 г.
  6. ^ Laidler, Keith J.; Cornish-Bowden, Athel (1997). "«Elizabeth Fulhame and the discovery of catalysis: 100 years before Buchner» Архівавана
  7. ^ Behr, Arno Organometallic Compounds and Homogeneous Catalysis in Ullmann’s Encyclopedia of Industrial Chemistry, Wiley-VCH, Weinheim.
  8. ^ Iqrash Shafiq, Sumeer Shafique, Parveen Akhter, Wenshu Yang & Murid Hussain (2022) Recent developments in alumina supported hydrodesulfurization catalysts for the production of sulfur-free refinery products: A technical review, Catalysis Reviews, 64:1, 1-86, DOI: 10.1080/01614940.2020.1780824
  9. ^ Housecroft, Catherine E.; Sharpe, Alan G. Inorganic Chemistry (2nd ed.). Pearson Prentice-Hall. 2005