Перайсьці да зьместу

Бортны промысел у Беларусі

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Борці-калоды ў Беларускім дзяржаўным музэі народнай архітэктуры і побыту

Бортны промысел у Беларусі — сукупнасьць традыцыйных спосабаў, прыладаў, абрадаў і звычаяў па падрыхтоўцы калодаў (борцей), догляду пчолаў, збору мёду. Гэты промысел быў шырока распаўсюджаны сярод шматлікіх народаў і зьвязаны з утрыманьнем пчолаў і здабываньнем мёду. Бортны промысел (бортніцтва) папярэднічаў пчалярству ў сучасным выглядзе й адрозьніваўся ад апошняга толькі прыладамі, выглядам вульляў (калода, рамовы вулей), месцам разьмяшчэньня вульляў (борць у дрэве, калода на дрэве, калода ў двары, рамовы вулей), прыладамі й доглядам пчолаў.

Галоўным аб’ектам бортнага промыслу была борць і пчала, вакол якіх ствараліся адмысловыя патрабаваньні да асноўных прац, прыладаў і адносін. Спэцыфічнасьць працы вылучала сярод насельніцтва здольных пчаляроў-бортнікаў (спрытнасьць, дужасьць, вынаходніцкі розум). Усе працы мелі сваю адметнасьць у розныя поры году: вясною — лоўля і догляд пчолаў; улетку — ахова і догляд пчолаў, збор мёду; восеньню — догляд пчолаў, выраб борцяў (калод); узімку — ахова пчолаў ад зьвяроў і неспрыяльных прыродных зьяваў.

Канструкцыя борці[1]

Для вырабу борцяў выбіраліся сасьпелыя хвоі ва ўзросьце ня менш чым 100 гадоў. Борці таксама выдзёўбваюцца ў дубах, ліпах, зрэдку ў асінах. Пераважнае становішча займае дуб — ён ацэньваецца ўдвая даражэй за бортную хвою.[2]

Новыя борці выдзёўбваюцца задоўга да раеньня й засяленьня борці пчоламі, звычайна ўлетку папярэдняга году. Лічыцца, што борць павінна падсохці, акрамя таго, увесну бортніку ня мае часу для вырабу борцяў, бо ён заняты падмятаньнем борцей і праверкай раёў пасьля зімоўкі.[2] Бортніку прыходзілася працаваць на вышыні 3,5—18 мэтраў, седзячы на хісткай сядзёлцы лязіва.[2] Выдзёўбваньне борці (рабіць борць, вырабляць борць, борціць) — карпатлівая й марудная праца, патрабуецца два тыдні.[3] Часам бортнікі даручалі гэтую справу падзёньнікам — пахожым людзям (незалежная катэгорыя сялянства, якая мела права пераходзіць ад аднаго фэадала да другога, калі не заставаліся на адным месцы больш за 10 гадоў).[2]

Этапы тэхналёгіі вырабу борці:

  • Спачатку бортнік пазначаў адмысловым роглем уваходную адтуліну (альбо доўжню, даўжнік, доўж, лазейка), празь якую пазьней выцягвалі мёд і праводзілі ўсю неабходную працу. Доўжня мела вузкую прастакутную форму, звычайна 10—14×45—60 см
  • З найбольш сонечнага й зацішнага месца, часьцей — з паўднёвага ўсходу праз доўжню бортнік выдзёўбваў камору (пры выкарыстоўваньні барты й пешні) — такім чынам ёй надаецца трапэцападобную форму. Шырыня борці па задняй сьценцы вагаецца ў межах 30—35 см, у пярэдняй — супадае з шырынёй доўжні. Адпаведна адрозьніваецца й вышыня: 95—100 см для каморы, 85—95 см для доўжні. Адлегласьць ад пярэдняй і задняй сьценцы (адпаведна глыбіня) — 35—40 см. Унутранны аб’ём борці рэдка перавышаў 0,5 м³.[2]
  • Пасьля выдзёўбваньня каморы праводзілася канчатковая апрацоўка ўнутраннай паверхні сьценак праводзілася адмысловымі прыладамі (скобка, адраручная скобля)
  • У сярэдзіне ўсталёўвалася грабёнка ці крыжачок (крушынавая крыжавіна з кавалачкамі сухой вашчыны) для мацаваньня сотаў
  • Доўжня шчыльна замыкалася адна- ці дзьвюхчастковым бруском са скошанымі ўсярэдзіну краямі, для большай моцы зьверху накладвалі яшчэ сьнёт (сьнед, сьнедзь, сьняток) — дубовая дошка на дзьвюх драўляных сьпіцах.[3] Часам паміж бруском і сьнётам падкладалі бяросту.[2]
  • Апошняе, бортнік сьсякаў вершаліну дрэва (зьнімаць шчык) й прыкрываў сьсечанае месца дзёранам, дошкай або пляскатым камянём. Шчык здымаўся для паскарэньня росту дрэва ў таўшчыню. Старыя бортныя дрэвы дасягалі 3—4,5 мэтры ў ахоп, набывалі ўстойлівасьць супраць ветру й называліся крамлёнымі.

Дрэвы зь дзьвюма борцямі (блізьняк) або з трыма і болей (матка, на Гарадзеншчыне — каралева) — яны сьведчылі пра высокае прафэсійнае майстэрства яго гаспадара.[2]

Кало́да (Корань, Каранёк, карані́к, даўбя́к, навараце́нь) — вулей, выдзеўбаны ў дубовай ці хваёвай калодзе. Тэхніка вырабу, назвы частак і йх дэталяў такія ж самыя як і ў борці.

Па спосабе ўстаноўкі адрозьніваюцца два віды калодавых вульляў: стаяк й ляжак (ле́жань).

Першы ўсталёўваецца простастаўна, другі — паземна альбо пад кутом каля 45° адносна паверхні зямлі.[4]

Выраб калоды зьмяшчаў наступныя працы:

  • бярэцца дрэва з дуплом
  • расьпілоўваецца камель на кавалкі памерам па 2—3 мэтры
  • высякаецца спарахнелая сярэдзіна
  • дзьве часткі (паловы) складаюцца разам
  • робіцца лётка — адтуліна празь якую лётаюць пчолы
  • у сярэдзіну калоды ўстаўляецца казялкі — змацаваныя крыж-накрыж палачкі для мацаваньня воску
  • дзьве паловы канчаткова складаюцца разам, сьціскаюцца абручамі й абмотваюцца стужкай зь ліпавай кары для лепшай цеплаізаляцыі.

Калоды вырабляліся з мэтай іх працяглага выкарыстаньня. Вядомы прыклады калодаў (тыя, што захаваліся) узростам болей за 100 гадоў, а некаторыя дасягалі ўзросту ў 300 гадоў.

Кляйменьне бортнага дрэва

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Бортныя знамёны[2]

Усе бортныя дрэвы знаменавалі ці кляймілі — вырубвалі (выцёсвалі) на ўзроўні твара знак (альбо знамя, кляйно), што зьяўляецца адмысловай адзнакай прыналежнасьці борці пэўнаму ўладальніку.

У аснове кампазыцыі — геамэтрычныя матывы: разнастайныя спалучэньні розных па велічыні й форме трыкутнікаў, рысачак, крывуль і падобнае. Знамёны выкарыстоўваліся ня толькі ў бортніцтве — яны ўяўлялі сабой своеасаблівыя родавыя гербы.[2]

Старыя бортныя знамёны можна пабачыць і сёньня:[2]

Асноўныя бортныя прылады

Ба́рта (а), таксама вядома пад назвамі барда, серка, гак

Сякера з шырокім лязом і кароткім тапарышчам — выкарыстоўваецца пры вырабе (выдзёўбваньні) борці альбо калоды.[5]

Лапаце́нь (с)

Лыжкападобны сьвярдзёл[6]

Чаку́ха (h)

Драўляны малаток[6]

Разьме́р (g)

Драўляны рогіль[6]

Пяшня́ (i, j)

Долата для выдзёўбваньня борці, калоды. Пяшня надзявалася на драўлянае пяхоўе (палку)[6]

Рэ́зічка (таксама нож-мёдарэз)

Нож для падрэзкі верхніх пластоў мёду пры падглядзе пчолаў (збору мёду).[5]

Ма́тачнік

Драўляная каробачка цыліндрычнай, квадратнай формы з вузкімі шчылепадобнымі адтулінамі й доўгай ножкай (да 0,5 мэтру).[2]

Сі́так (таксама Сі́тца,сітцо́, се́тка, каро́бачка)

Лязіва

Прыстасаваньне для аховы твара, галавы й плечаў бортніка ад пакусаў пчолаў. Складаецца з лубяной каробачкі з нацягнутай валасяной мелкавочнай сеткай і паўкруглага кавалка палатна, які прыкрывае шыю, азадак бортніка.[2]

Раё́ўня (таксама раёўніца, ра́йніца, лу́пка, ройнік, каробка)

Лязіва на дрэве

Выкарыстоўваецца дзеля абіраньня роя — гэта лёккі драўляны посуд зь мяккім палатняным дном.[2]

Зу́бель (таксама курэ́ль, ку́рач, ку́раўка, кура́шка, курады́м)

Палачка з крыжападобна расшчыленым канцом, у які заціскаецца гніляк альбо анучка, каб працяглы час цьмець і даваць густы дым).[2]

Ля́зіва

Прылада, каб узлазіць на бортнае дрэва. Асноўнай яго часткай была скураная ці канапляная вяроўка з сядзёлкай (сядзелка, крэсла, лазьвеня) на адным канцы, драўляным крукам або пятлёй на другім і рухомым казлом паміж імі. У сярэдзіне 16 ст. звычайна плялі лязіва з лыка. Лязівы маюць нязначныя рэгіянальныя канструкцыйныя адрозьненьні, абумоўленыя рознымі спосабамі пад’ёму на дрэва:

  • поцягам

Пры пад’ёме поцягам, які бытаваў на Пагарыньні, бортнік робіць наступныя дзеяньні: а) перакідвае цераз сук лязіва, б) садзіцца на сядзёлку і, адпіхваючыся ад дрэва нагамі, в) падцягвае сам сябе ўгору, г) умацоўвае на патрэбнай вышыні крук (пятлю) за галіну й спускаецца да адтуліны борці.

  • чашкай

Гэты мэтад пад’ёму выкарыстоўваўся на Гарадзеншчыне й улучае наступныя дзеяньні бортніка: а) апярэзвае пятлёй сябе й дрэва так, каб паміж ім і камлём заставалася прастора каля 70—80 см, б) пры дапамозе нацягнутага лязіва, залазіць на дрэва па чашкам — невялікім загадзя высечаным зарубкам у камле.

  • перакідам

Адрозьніваецца ад другога мэтада тым, што пятлёй абвязвалася толькі дрэва, а замест чашак выкарыстоўваліся падобныя на стрэмя петлі.

Гэты мэтад патрабуе выкананьня ад бортніка наступных дзеяньняў: а) робіцца пятля для левай нагі, б) бортнік станавіўся на яе й перасоўвае па камлю ў гору на 50—60 см, в) зьвязвае пятлю для правай нагі й ізноў перасоўвае лязіва ўгору, (такім чынам перасоўваючы лязіва, ён залазіць на дрэва).

  • іншы спосаб

На бортнае дрэва з падкурам (поткур, адзёр, адонак, памост, пасьцель) узлазілі па астроўках (астрова, астроў) — ствалу дрэва, часьцей яловаму, з коратка сьсечанымі галінамі.[3]

Калоды мацаваліся на галінах дрэваў з выкарыстаньнем усіх патрабавньняў, якія належаць борцям.

Агромістыя й важкія калоды ўздымалі на дрэвы пры дапамозе:

  • калаўрота з загваздкамі дзеля кручэньня
  • кола са сьпіцамі з восьсю (на якое наматвалі вяроўку)

Гэтая праца ішла вельмі марудна й магла прывесьці да калецтва.

Прываблеваньне рою

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адной з самых адказных прац бортніка зьяўляецца прывабліваньне маладога рою — бо ад гэтага належыла цалкам увесь гадавы плён і праца пчалінай гаспадаркі.

Для прывабліваньня рою ў новую борць робяць тварбу (даць закроп, напырскаць, зрабіць прынаду, выпырскаць). Тварыць (тварбіць) — падрыхтоўваць борць да пасадцы рою. Гэтае адзін з самых адказных момантаў у гадавым цыкле бортнай працы. Менавіта ад гэтага залежыць заселенасьць борці ў бягучым годзе.

Тварба гатуецца дзеля завабліваньня скальлі(альбо пчаліны разьведчык). У выпадку, калі борць спадабаецца, яны прыводзілі малады рой, а праца бортніка прыносіла ўвосень добры плён.

Сам працэс тварбы складаецца з наступных элемэнтаў:

  • апырскваньне борці сытою (адна частка мёду й пяць частак вады), духмянымі настоямі з усялякіх кветак і траваў,
  • націраньне сьценак мелісай альбо іншымі духмянымі травамі,
  • акурваньне верасам,
  • прылепліваньне ў галаве борці сухой вашчыны.

Тварба давала бортнікам шырокае поле для экспэрымэнтаваньня. Бортнікі ўвесь час шукалі ідыяльны зьмест настояў — бо верылі, што існуе ўнівэрсальны сродак для прывабліваньня раёў.[2]

Пасьля прывабліваньня й пасадцы пчолаў у борць, уся справа бортніка прыпыняецца на некаторы час (толькі час ад часу бортнік даглядае пчолаў).

Догляд пчолаў у борцях рэглямэнтуецца наступным чынам:

Чым менш наглядаць — тым больш будзе прыбытку, аднак, бортнікі ўсё роўна клапаціліся пра здароўе й ахову пчолаў ад шкоднікаў і прыродных стыхіяў. Час ад часу прыходзілі да борці й здалёк наглядалі — як ідуць справы. Асноўныя працы па доглядзе пчолаў прыпадалі на вясну.

Борці старанна аглядалі (падмяталі):[2]

  • выразалі заплясьнелую вашчыну
  • зьбіралі мёртвых пчолаў з пода (дна) борці
  • здымалі павуціньне
  • пры неабходнасьці падкормлівалі пчолаў сытой (пры гэтым прыкармячка ставілася ў чыстай драўлянай альбо глінянай місцы на дно камэры борці)

Ахова пчолаў і борцей (калод)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Спосабы аховы борцей[1]

Асадзіўшы ў новай борці рой, бортнік моцна клапаціцца пра яго ахову. Асабліва вялікую шкоду бортніцтву прыносілі мядзьведзі.

Найбольш распаўсюджаным прыстасаваньнем для аховы борці быў подкур — квадратны памост, з моцных плашчакоў і дошак (тарчыц). Шырыня рабілася такой, каб мядзьведзь ня мог дацягнуцца лапай да яго краю. Зьнізу па ўсёй паверхні подкура былі ўмацаваны вострыя драўляныя, пазьней жалезныя сьпіцы даўжынёй да 1 мэтру. Яны не давалі магчымасьці мядзьведзю праламаць патыліцай подкур, што ён звычайна лёгка рабіў зь недагледжаным памостам. Для большай упэўненасьці зьнізу подкура вешалі самабітку — дубовы камель або камень. Зьвісаючы свабодна ўздоўж ствала, яна перашкаджала мядзьведзю ўзлазіць на дрэва.

Някепска баранілі борць і забітыя ў дрэва жалезныя лязы.

Вядомы й іншыя, меней надзейныя спосабы аховы борцяў: імітацыя жылога кураня (які рабілі вакол камля бортнага дрэва), абвешаньне камля з усіх бакоў сьлізкімі дошкамі, устаноўка самастрэлаў нацяжнога дзеяньня, петляў.[7]

Мядзьведзь, кружачы наўкола, шпурляе ў курэнь кавалкамі дрэва, суччам, імкнучыся выгнаць кагосьці адтуль, і адыходзіць, ня маючы сьмеласьці падыйсьці бліжэй.[1]

Яшчэ адным надзейным сродкам лічылася наступнае: на вышыні 3,5 мэтру ад зямлі ў хвоі з борцю сьвідруюць дзіркі кругом на адным узроўні трохі наўскос долу ўгару й у іх забіваюць 10—12 калочкаў, зробленых з дубу альбо смалістай сасны таўшчынёй 5 см; на іх навешваюць дошкі з адпаведна пракручанымі дзіркамі. Дошкі гладзенька абчасаныя даўжынёй 1,5 мэтры, завешваюцца густа, адля ля адной. Мядзьведзь, калі далезе да гэнай перашкоды, вымушаны вярнуцца, бо ня здолее запусьціць кіпцюры ў гладкія, пазбаўленныя кары дошкі.[1]

Ад мурашоў бараніліся намочаным у дзёгці пакульлем, якім шчыльна абкручвалі камель дрэва.[7]

Пасьля вясеньняга догляду пчолаў (падмятаньня) ў борці да канца лета не зазіралі.[2]

Падглядаць пчол пачыналі ў канцы лета. Лічылася, што да 19 жніўня, г. зн. да Спаса (6 жніўня ў ст. ст.), нельга браць мёд, бо прападуць пчолы. Звычайна мёд выразалі да 28 жніўня — да гэтага часу заканчваўся мёдазбор.[2]

Збор мёду ўспрымаўся як сьвята, да якога гатаваліся загадзьдзя. Гатавалі адмысловыя прылады й посуд для мёду. Бортнік чыста мыўся, апранаў сьвяточную вопратку, новыя лапці (боты), але зашмат бортнікаў працавалі ўвогуле босымі.

Напрацягу ўсяго дня бортнік разам з памагатым абходзіў ня болей за шэсьць борцяў. Сьвежы мёд улівалі ў ліпаўкі ці кадоўбы, якія былі выдзеўбаны з суцэльнай частцы камля дрэва. Такія ёмістасьці ставіліся ў халодныя памяшканьні (каморы) — дзе захоўваўся здабыты мёд.[2]

Пры добрым квіценьні верасу і йншых кветак з адной борці атрымлівалі да 3 пудоў мёду. А ўвогуле пры спрыяльным надвор’і пчаляры атрымлівалі па 2—3 пуды меду з кожнага вульля. Найлепшым лічыўся ліпавы мёд (ліпавец), празрысты і чысты, як крынічны струмень.[3]

Збор мёду ўлучаў наступныя апэрацыі:[2]

  • вызначэньне агульнага аб’ёму мёду ў борці, пры дапамозе спэцыяльнага невялікага прутка
  • асьцярожнае выразаньне сотаў й складаньне ў спэцыяльны посуд (Лазьбень) — лубяны посуд зь мяккім палатняным дном і вяровачнай ручкай
  • на зіму пчолам пакідалі на 1,5—2 пальцы сотавага мёду

Колькі дакладна атрымоўвалася мёду ў год цяжка вызначыць, бо агульны мёдазбор залежыў ад надвор’я, квіценьня мёдадайных расьлінаў і іншых паказчыкаў.[2]

  • Мёд у беларусаў служыў сымбалем сяброўства.
  • Мёд у беларусаў быў адным з важнейшых абрадавых страў і трывала ўвайшоў у сьвяточна-рытуальны комплекс, у шматлікія народныя звычаі й абрады. Ім частавалі званых гасьцей, родных, блізкіх сяброў. Ён быў абавязковым пры сватаўстве й вясельлі, нараджэньні й хрышчэньні дзіцяці. Безь яго не абыходзіліся пахаваньне й памінкі. Мядовыя стравы — сьвяточная куцьця, канун, пірог, пернікі, медавуха і інш. — былі звычайнымі ў побыце ня толькі шляхецкага стану, але і простага люду.
  • Прадукты пчалярства — воск, пропаліс, матачнае малако, пылок, пярга — шырока выкарыстоўвалі ў народнай мэдыцыне.[3]

Існаваў звычай сябры́ны, калі бортнік дарыў аднавяскоўцу рой пчолаў, а той аддавай яму палову мёду, атрыманага з гэтага рою, што, паводле звычаю, замацоўвала трывалае сяброўства паміж імі.[3]

Бонда — старажытны звычай дзяліцца з найбліжэйшымі суседзямі й увогуле аднавяскоўцамі ўсім, што было набыта.[8]

Так, напрыклад, калі нехта забівае кабана, аўцу, цяляці звычай патрабуе даць суседзям і аднавяскоўцам па кавалку мяса ці сала — што азначае даць бонду.

Асабліва моцна выяўляецца ў лясной гаспадарцы. Так, калі бортнік зьбірае мёд (выразае яго з борці) і калі ў гэты час трапляецца нехта (вандроўнік, аднавясковец) — то абавязкова бортнік частуе кавалачкам сотаў зь мёдам. Паводле народнага павер’я, нават вораг, які прыняў пачастунак мёдам, станавіўся лагодным і забываў пра варажнечу.[3]

Звычай даваць бонду строга захоўваўся, бо існавала павер’е, калі хто ня дасі бонды, то ўжо ніколі сам ня будзе мець гэтага прадукта.[8]

Яшчэ ў пачатку 20 ст. на Палесьсі захоўваўся старажытны звычай бонды.[3]

Талака́ — агульная праца аднавяскоўцаў на добрасумленнай аснове, каб дапамагчы некаму ў пэўнай цяжкай працы. Бортнікі часта выкарыстоўвалі такую помач (пабудова подкура, альбо падняцьце цяжкіх калодаў на дрэвы). Талака была таксама звычайна і для іншых прац (пабудова мастоў, хат і падобнае).[9]

Замовы — шырокакарыстальныя вымоўныя формулы дзеля прадухіленьня зьнішчальнага ўзьдзеяньня прыродных зьяваў, людзей, жывёлін на пчолаў, альбо раёў. Таксама замовы выкарысталіся пры лоўлі пчолаў і іх саджэньне ў борць альбо калоду. Замовы зьяўляюцца неад’емнай часткай абраду з рознымі травамі, рэчамі.

Этнаграфічны матэрыял (запісы)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б в г Czeslaw Pietkiewicz. Polesie Rceczyckie. Materjaly entograficzne. Czesc 1. Kultura Materjalna. — Krakow. — 1928. S. 38—39.
  2. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф Занятие издревле благородное / Гурков В. С., Терехин С. Ф. — Мн.: Полымя, 1987. С. 25—35.
  3. ^ а б в г д е ё ж Промыслы і рамёствы Беларусі / В. К. Бандарчык, В. С. Цітоў, Л. І. Мінько. — Мн.: Навука і тэхніка, 1984. С. 47—54.
  4. ^ Помнікі этнаграфіі: Метадалогія выяўлення, апісання і збіраньня / Беларус. добрахвот. т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры, Сектар этнаграфіі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР; пад. рэд. В. К. Бандарчыка — Мн.: Навука і тэхніка, 1981. C. 77.
  5. ^ а б Помнікі этнаграфіі: Метадалогія выяўлення, апісання і збірання / Беларус. добрахвот. т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры, Сектар этнаграфіі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР; пад. рэд. В. К. Бандарчыка — Мн.: Навука і тэхніка, 1981. C. 80.
  6. ^ а б в г Занятие издревле благородное / Гурков В. С., Терехин С. Ф. — Мн.: Полымя, 1987. С. 129—135.
  7. ^ а б У. С. Гуркоў, С. Ф. Цярохін. Бортны промысел // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Менск: БелСЭ, 1989.
  8. ^ а б Сержпутовский, А. К. Бонда (из жизни полесских белорусов южной части Слуцкого уезда, Минской губернии) // «Живая Старина». Выпускъ ІІІ. — 1907.
  9. ^ Сержпутовский А. К. Бортничество в Белоруссии // Материалы по этнографии России / Под ред. Ф. К. Волкова. Т. 2. — СПб.: Этногр. отд. Рус. музея имп. Александра III, 1910. — 496 с.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]