Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 1999 году
← 1994 2001 →
| ||||
Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 1999 году | ||||
16 траўня | ||||
Кандыдат | Зянон Пазьняк | Міхаіл Чыгір | ||
---|---|---|---|---|
Партыя | Беларускі народны фронт
|
Прэзыдэ́нцкія вы́бары ў Белару́сі адбыліся 16 траўня 1999 року.
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля рэфэрэндуму 24 лістапада 1996 року ў Беларусі склалася сытуацыя суіснаваньня легітымных безуладных і нелегітымных пануючых органаў улады[1]. Створаны паводле ўведзенай у дзеяньне пасьля рэфэрэндуму канстытуцыі двухпалятны парлямэнт — Нацыянальны сход — ня быў прызнаны міжнароднай супольнасьцю, а легітымны Вярхоўны савет, хоць і дзейнічаў, але згубіў магчымасьць выконваць заканадаўчыя і прадстаўнічыя функцыі, бо ажыцьцяўленьне яго пастановаў нічым не забясьпечвалася.
Тым ня меней, Вярхоўны савет працягваў дзейнічаць як прызнаны Эўрапарлямэнтам заканадаўчы орган Беларусі. Зь лютага 1997 г. максымальная колькасьць дэпутатаў на паседжаньнях ВС не перавышала 50 чалавек, а тэрмін «парлямэнцкія сэсіі» саступіў перавагу больш сьціпламу вызначэньню — «дэпутацкія сходы»[1].
Працягваючы выконваць Канстытуцыю 1994 року, Вярхоўны Савет не прызнаў працягненьня паўнамоцтваў Лукашэнкі на два рокі (паводле ўведзенай у дзеяньне канстытуцыі 1996 року прэзыдэнцкі тэрмін адлічваўся з 1996 року тэрмінам на пяць рокаў). Такім чынам, паўнамоцтвы прэзыдэнта сканчаліся 20 ліпеня 1999 року. На гэтай падставе дэпутаты ВС прызначылі прэзыдэнцкія выбары на 16 траўня 1999 року[2].
Падрыхтоўка да выбараў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Стала вядома, што ў бюджэце на 1999 рок не былі прадугледжаныя выдаткі на правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў[3]. У такіх умовах арганізаваць паўнавартасныя выбары, ня маючы рычагоў уплыву на выканаўчую ўладу на месцах, было немагчыма. Фактычна акцыя сталася мабілізацыйнай, мусіла паказаць, што вялікая колькасьць грамадзянаў не падтрымлівае і ня лічыць легітымнай уладу Лукашэнкі.
У склад зацьверджанай Вярхоўным саветам Цэнтральнай выбарчай камісіі на чале зь Віктарам Ганчаром увайшлі прадстаўнікі БНФ, АГП, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама прафэсійных саюзаў. Цэнтравыбаркам быў вымушаны працаваць у паўпадпольлі, ня маючы сталага памяшканьня. Афіцыйныя структуры не рызыкавалі мець стасункі з ЦВК, бо гэта магло пагражаць як найменш звальненьнем працы, а ў горшым выпадку і прыцягненьнем да крымінальнай адказнасьці[3].
На першым пасяджэньні камісіі 16 студзеня 1999 было прынятае рашэньне, што фінансаваньне выбарчай кампаніі ў сувязі зь немагчымасьцю выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі будзе адбывацца за кошт дабраахвотных ахвяраваньняў. Былі ўсталяваныя тэрміны збору подпісаў за вылучэнцаў і фармаваньня выбарчых камісіяў.
Ужо на наступны дзень ў Менск вярнуліся амбасадары заходніх дзяржаваў, якія адсутнічалі больш за паўгады з прычыны парушэньняў беларускімі ўладамі ў 1998 року ўмоваў Венскай канвэнцыі аб дыпляматычнай дзейнасьці. 18 студзеня ў Менск прыбыла кансультацыйна-наглядальная група АБСЭ, якая правяла сустрэчы з кіраўнікамі Вярхоўнага савету і з намесьнікам міністра замежных справаў Сяргеем Мартынавым. Факт сустрэчы афіцыйных прадстаўнікоў АБСЭ са старшынём ВС Сямёнам Шарэцкім, старшынём ЦВК Віктарам Ганчаром і экс-прэм’ер-міністрам Міхаілам Чыгіром, які абвясьціў пра намер балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах, засьведчыў пра цікавасьць да ініцыятывы правядзеньня альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў і пра прызнаньне паўнамоцтваў Вярхоўнага савета 13-га скліканьня[3].
30 студзеня ў Менску адбыўся Кангрэс дэмакратычных сілаў, які прыняў рэзалюцыю пра поўную падтрымку прэзыдэнцкіх выбараў 16 траўня.
24 лютага старшыня ЦВК Віктар Ганчар паведаміў аб стварэньні тэрытарыяльных — абласных і раённых — выбарчых камісіяў. 1 сакавіка былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы па вылучэньні Міхаіла Чыгіра і Зянона Пазьняка. Абедзьве ініцыятыўныя групы складалі каля 3 тысячаў чалавек.
Хада выбарчай кампаніі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў сутыкнуўся з супрацьдзеяньнем уладаў. Беларускае тэлебачаньне паказала шэраг прапагандысцкіх перадачаў, у якіх на зборшчыкаў подпісаў «палявалі» супрацоўнікі міліцыі. Міністэрства юстыцыі за ўдзел у правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў вынесла афіцыйныя папярэджаньні БНФ, АГП, БХК. Дзяржаўны камітэт у справах друку выносіў папярэджаньні сродкам масавай інфармацыі за інфармацыйную падтрымку выбараў.
31 сакавіка абедзьве ініцыятыўныя групы прадставілі ў ЦВК сабраныя за кандыдатаў подпісы: за кожнага каля 130 тысячаў. У той самы дзень Зянон Пазьняк і Міхаіл Чыгір былі зарэгістраваныя кандыдатамі. На наступны дзень, 1 красавіка, Міхаіл Чыгір быў арыштаваны па абвінавачаньні ў эканамічных злачынствах, нібыта ўчыненых у 1993—1994 роках, калі ён узначальваў «Белаграпрамбанк».
У сувязі зь немагчымасьцю арганізацыі стацыянарных участкаў для галасаваньня ЦВК прыняў рашэньне правесьці галасаваньне з 6 па 16 траўня шляхам абыходу выбарцаў. Такім чынам, выбары не маглі адпавядаць стандартам АБСЭ, і стала немагчымым запрасіць назіральнікаў ад гэтае арганізацыі, а разам з тым і атрымаць міжнароднае прызнаньне вынікаў галасаваньня.
Пасьля пачатку галасаваньня Зянон Пазьняк зьняў сваю кандыдатуру на падставе «шматлікіх парушэньняў» з боку кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара цягам падрыхтоўкі і правядзеньня выбарчай кампаніі[4]. Пасьля гэтага выбары канчаткова згубілі сэнс, а рашэньне Пазьняка выклікала крытыку часткі партыйцаў і ў далейшым раскол БНФ.
19 траўня вынікі выбараў былі падведзеныя. Паводле зьвестак старшыні ЦВК, удзел у выбарах прынялі 53% выбарцаў, але пераможца ня быў абвешчаны.
Наступствы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па сутнасьці, спроба правесьці выбары сталася палітычнай акцыяй, якая паказала, што існуе неабходнасьць ператварэньняў грамадзтва на падставе Канстытуцыі 1994 року. Адбылася актывізацыя беларускага грамадзтва і якасныя зьмены ў дэмакратычнай апазыцыі.
Увосень 1999 року крызіс, узьніклы пасьля выказваньняў Зянона Пазьняка на адрас старшыні ЦВК Віктара Ганчара, скончыўся расколам БНФ на дзьве структуры: партыю БНФ пад кіраўніцтвам В. Вячоркі і Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю БНФ З. Пазьняка.
Дзейнасьць самога Вярхоўнага Савету была дэзарганізаваная ад’ездам ягонага старшыні Сямёна Шарэцкага ў Летуву. Выконваць абавязкі старшыні ўзяўся Віктар Ганчар, але ягонае зьнікненьне ў верасьні 1999 фактычна паклала канец дзейнасьці Вярхоўнага Савету.
21 жніўня 1999 року дэпутаты Вярхоўнага Савета, верныя Канстытуцыі 1994 року, прызначылі Сямёна Шарэцкага выконаўцам абавязкаў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь[5][6].
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Екадумава Ірына. Разьдзел 2. Палітычная сыстэма Беларусі з 1996 па 2000 год — Працэс раздваеньня органаў улады ў выніку канстытуцыйнага крызісу лістапада 1996 // Беларуская палітычная сістэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г. Зборнік аналітычных артыкулаў / Рэдактар: Булгакаў Валер. — Варшава: Wschodnioeuropejskie Centrum Demokratyczne IDEE, Аналітычная Група, 2001. — ISBN 83-916658-0-1
- ^ Прэзыдэнцкія выбары 1999. Радыё «Свабода». Праверана 25 красавіка 2011 г.
- ^ а б в Андрэй Ляховіч. Разьдзел 2. Палітычная сыстэма Беларусі з 1996 па 2000 год — Альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары траўня 1999 году: ініцыятары, ход правядзеньня, палітычныя наступствы // Беларуская палітычная сістэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г. Зборнік аналітычных артыкулаў / Рэдактар: Булгакаў Валер. — Варшава: Wschodnioeuropejskie Centrum Demokratyczne IDEE, Аналітычная Група, 2001. — ISBN 83-916658-0-1
- ^ Гісторыя Партыі БНФ Партыя БНФ. Партыя БНФ. Праверана 27 красавіка 2011 г.
- ^ Политики 1994-го. Где они сегодня? // TUT.by
- ^ Семен ШАРЕЦКИЙ: «Я не горю желанием вернуться…» // ЭМИГРАНТЫ, Народная воля
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская палітычная сістэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г. Зборнік аналітычных артыкулаў / Рэдактар: Булгакаў Валер. — Варшава: Wschodnioeuropejskie Centrum Demokratyczne IDEE, Аналітычная Група, 2001. — ISBN 83-916658-0-1