Перайсьці да зьместу

Беларускі Хэльсынскі камітэт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «БХК»)
Беларускі Хэльсынскі камітэт
Абрэвіятура БХК
Дэвіз Абараняем правы чалавека з 1995 году
Дата ўтварэньня 1 лістапада 1995 (29 гадоў таму)
Тып праваабарончае
Юрыдычны статус грамадзкае аб’яднаньне
Мэта прыцягненьне ўвагі да парушэньня правоў чалавека
Штаб-кватэра вул. К. Лібкнэхта, д. 68, п. 1201
Месцазнаходжаньне Менск
Дзейнічае ў рэгіёнах ва ўсіх, акрамя Гомельскай вобласьці
Сяброўства Міжнародны Хэльсынскі саюз па правах чалавека
Старшыня Алег Гулак
Матчына кампанія Беларускі ПЭН-цэнтар
Сайт belhelcom.org

Белару́скі Хэ́льсынскі камітэ́т — праваабарончае грамадзкае аб’яднаньне Беларусі, заснаванае паводле пастановы кангрэсу Беларускага ПЭН-цэнтру ад 2 верасьня 1995 году[1].

Зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі ў лістападзе 1995 году. Мэта арганізацыі — абарона правоў чалавека ў Беларусі згодна з Хэльсынскімі пагадненьнямі. Арганізацыя ўціскаецца ўрадам. Да прыкладу, штраф памерам $73 000 за нібыта нявыплачаныя падаткі ад грашовых сродкаў, перададзеных Эўразьвязам па праграме TACIS (2003, скасавана Вярхоўным судом у 2004 годзе) і крымінальныя працэсы супраць службоўцаў арганізацыі. У выніку ад’езду ў ЗША 1-й старшыні Тацяны Процькі з 11 траўня 2008 году пасаду старшыні займае Алег Гулак[2]. 30 верасьня 2021 году Вярхоўны суд Беларусі задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі Беларусі аб ліквідацыі «БХК» за аплату 2-м асобам ганарараў за «паслугі ў доўгатэрміновым назіраньні за выбарамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 2020 году». У пацьверджаньне гэтаму Міністэрства юстыцыі прыклала да позвы копіі 6 дамоваў, прыходна-касавых ордэраў і актаў прыёму і перадачы. Аднак 1 кастрычніка старшыня «БХК» Алег Гулак заявіў: «Там нібыта стаіць мой подпіс, але гэта копія з копіі, у якой можна падрабіць любы подпіс, і я нічога такога не падпісваў. Гэта яўная фальшыўка». Арганізацыя заявіла, што працягне сваю дзейнасьць[3].

У ліпені 2022 году Беларускі Хэльсынскі камітэт атрымаў кансультатыўны статус пры Эканамічнай і сацыяльнай Радзе ААН, стаўшы першай беларускай НДА з такім статусам[4].

БХК мае прадстаўніцтвы ў Баранавічах (Берасьцейская вобласьць), Бабруйску (Магілёўская вобласьць), Маладэчна (Менская вобласьць), Воршы (Віцебская вобласьць), Салігорску (Менская вобл.) і ва ўсіх абласных цэнтрах, акрамя Гомелю.

  1. ^ Пастанова Другога міжнароднага кангрэса Беларускага ПЭН-цэнтра «Аб заснаванні Беларускага Хельсінскага камітэта» // Другі міжнародны кангрэс у абарону дэмакратыі і культуры «Незалежная прэса: свабода і незалежнасць» / Лідзія Масьцерава. — Менск: Тэхналёгія, 1996. — С. 275. — 558 с. — 1000 ас. — ISBN 985-6234-05-0
  2. ^ Зьміцер Панкавец (12 траўня 2008) Алег Гулак узначаліў БХК. Наша НіваПраверана 28 верасьня 2012 г.
  3. ^ Вярхоўны суд ліквідаваў БХК, гэта была перадапошняя зарэгістраваная праваабарончая арганізацыя // Беларуская служба Радыё «Свабода», 1 кастрычніка 2021 г. Праверана 14 лістапада 2021 г.
  4. ^ «Признание, что для общественной организации нужна не формальная регистрация, а реальная деятельность» Салідарнасць Праверана 2022-08-11 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]