Перайсьці да зьместу

Іяхім Лялевель

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «І. Лялевель»)

Іяхім Лялевель (па-польску: Joachim Lelewel; 22 сакавіка 1786, Варшава29 траўня 1861, Парыж) — польскі гісторык, нумізмат, гэральдык, палітычны дзяяч, прафэсар Віленскага і Варшаўскага ўнівэрсытэтаў. Пасол на сойм 1830.

Продкі паходзілі з Аўстрыі — мелі прозьвішча von Loelhöffel. У 18 стагодзьдзі пераехалі ў Прусію, зьмяніўшы прозьвішча на Loelhöffel von Löwensprung.

У 1808 скончыў Віленскі ўнівэрсытэт. З 1815 па 1818 і з 1821 па 1824 працаваў на катэдры гісторыі. Аўтар шматлікіх навуковых прац па гісторыі ВКЛ і Польшчы. Ня маючы апірышча, заснаваў шматлікія дапаможныя дысцыпліны ў польскай гістарычнай навуцы.

Ягоныя курсы, не абавязковыя для студэнтаў, наведвала напачатку 100 слухачоў, а пасьля 400. Ян Чачот адзначаў, што ніколі ў гісторыі ўнівэрсытэту ніводны прафэсар ня меў гэтулькі слухачоў. Пасьля выкрыцьця філяматаў і філярэтаў пазбаўлены працы, як іх ідэйны натхняльнік.

Манумэнт Лялевелю на могілках Росы

Заснаваў у 1815 Tygodnik Wileński — навукова-літаратурны часопіс, на старонках якога дэбютаваў Адам Міцкевіч.

Вымушаны быў зьехаць у Варшаву, дзе завязаў сувязь з патрыятычным рухам. Чалец Адміністрацыйнай Рады начале Адама Чартарыйскага пад час паўстаньня 1830-31. Чалец Нацыянальнага Ўраду.

Штандар паўстанцаў

Лічыцца магчымым аўтарам выразу «За вольнасьць нашу і вашу», якая зьявілася на штандарах паўстанцаў.

Пасьля паразы паўстаньня 1830-1831 ўзначаліў польскую эміграцыю ў Парыжы. За апублікаваныя заклікі «Да рускіх бартоў» быў высланы ў 1833 з Парыжу. Зьехаў у Брусэль. Быў кіраўніком Маладой Польшчы, заснаванай у швайцарскім Бэрне. Заснаваў і ўзначаліў у 1837 Аб'яднаньне Польскай Эміграцыі.

Быў знаёмы з Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам.

Выдаў ў 1835 ў Парыжы на францускай мове трохтомную працу «Нумізматыка сярэднявечча» («Numismatique du moyen ăge»).

Памёр у Парыжы і быў пахаваны на могілках Манмартра. У сувязі з 350-годзьдзем Віленскага ўнівэрсітэту прах быў перавезены ў Вільню і 9 кастрычніка 1929 году ўрачыста перапахаваны на могілках Росы.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іяхім Лялевельсховішча мультымэдыйных матэрыялаў