Перайсьці да зьместу

Эўрапейскі Зьвяз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Эўразьвяз»)
Эўрапейскі Зьвяз
лац. Eŭrapiejski Źviaz, Eŭrapiejskaja Unija

European Union
Сьцяг Эўрапейскага Зьвязу
Сьцяг
Дзяржаўны гімн: «An die Freude (Ода да радасьці)»
Месцазнаходжаньне Эўрапейскага Зьвязу
Сталіца Брусэль
Найбуйнейшы горад Парыж
Плошча
 • агульная
7 месца ў сьвеце
4 236 351[1] км²
Насельніцтва
 • агульнае
 • шчыльнасьць
3 месца ў сьвеце
497 379 074 (25 краінаў)
на трэцім месцы ў сьвеце/км²
СУП
 • агульны (2014)
 • на душу насельніцтва
1 месца ў сьвеце
€ 18,124·10¹²
€ 35 849
Валюта Эўра (EUR)
Часавы пас
 • улетку
CET (UTC+1)
CEST (UTC+2)
Незалежнасьць 1951
Аўтамабільны знак EU
Дамэн верхняга ўзроўню .eu

Эўрапе́йскі Зьвяз (Эўразьвя́з), часам Эўрапейская Унія (Эўраунія) — эканамічнае і палітычнае аб’яднаньне краінаў Эўропы, у якое цяпер уваходзяць 27 дзяржаваў кантынэнту.

Зьвяз накіраваны на рэгіянальную інтэграцыю, зьвяз быў юрыдычна замацаваны Маастрыхцкай дамовай у 1992 годзе на прынцыпах Эўрапейскіх супольнасьцяў[2]. Агульнае насельніцтва ЭЗ складае 500 млн чалавек[3], што прыкладна адпявядае 7,3% насельніцтву ўсёй плянэты.

З дапамогай стандартызаванай сыстэмы законаў, якія дзейнічаюць ва ўсіх краінах зьвяза, быў створаны агульны рынак[4], які гарантуе свабодны рух людзей, тавараў, капіталу і паслуг[5], уключаючы адмену пашпартнага кантролю ў межах Шэнгенскай зоны, у якую ўваходзяць як краіны-сябры, гэтак і іншыя эўрапейскія дзяржавы[6]. Эўразьвяз прымае законы (дырэктывы, заканадаўчыя акты і пастановы) у сфэры правасудзьдзя і ўнутраных справаў, а таксама выпрацоўвае агульную палітыку ў галіне гандлю[7], сельскай гаспадаркі, рыбалоўства[8] і рэгіянальнага разьвіцьця[9]. 19 краінаў зьвяза ўвялі ў зварот адзіную валюту, эўра, утварыўшы эўразону.

Зьяўляючыся суб’ектам міжнароднага публічнага права, Эўразьвяз мае паўнамоцтвы на ўдзел у міжнародных адносінах і складаньне міжнародных дамоваў[10]. Сфармаваная агульная зьнешняя палітыка і палітыка бясьпекі, якая прадугледжвае правядзеньне ўзгодненай зьнешняй і абароннай палітыцы. Па ўсім сьвеце заснаваны сталыя дыпляматычныя місіі ЭЗ, дзейнічаюць прадстаўніцтвы ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, СГА, Вялікай васьмёрцы і Групе дваццаці. Дэлегацыі ЭЗ узначальваюцца амбасадарамі ЭЗ.

ЭЗ зьяўляецца міжнародным утварэньнем, якое спалучае прыкметы міжнароднай арганізацыі і дзяржавы[1], аднак фармальна ён не зьяўляецца ні тым, ні іншым. У пэўных галінах рашэньні прымаюцца незалежнымі наднацыянальнымі інстытутамі, а ў іншых — ажыцьцяўляюцца з дапамогай перамоваў паміж дзяржавамі-чальцамі зьвязу. Найбольш важнымі інстытутамі ЭЗ зьяўляюцца Эўрапейская камісія, Рада Эўрапейскага зьвязу, Эўрапейская Рада, Суд Эўрапейскага зьвязу і Эўрапейскі цэнтральны банк. Эўрапейскі парлямэнт абіраецца кожныя пяць гадоў грамадзянамі ЭЗ.

Гісторыя зьменаў межаў зьвязу.

Пасьля Другой сусьветнай вайны рух да эўрапейскай інтэграцыі пачаў разглядацца многімі палітыкамі як уцёкі ад скрайніх формаў нацыяналізму, якія абрынуліся на кантынэнт[11]. У годзе 1948 на Гаагаўскім кангрэсе былі створаныя Эўрапейскі фэдэральны рух і Каледж Эўропы, месца, дзе будучыя лідэры Эўропы маглі жыць і навучацца разам. У 1952 годзе ўступіла ў сілу Парыская дамова, якая была падпісаная яшчэ ў 1951 годзе, паводле якой было створанае Эўрапейскае аб’яднаньне вугалю й сталі, што было абвешчана першым крокам у фэдэралізацыі Эўропы. Галоўнай мэтай стварэньня гэтага аб’яднаньня была ліквідацыя магчымасьці пачатку войнаў паміж дзяржавамі-чальцамі шляхам аб’яднаньня нацыянальнай цяжкай прамысловасьці кожнай з краінаў у адну агульную[12]. Сябрамі й заснавальнікамі супольнасьці сталі Бэльгія, Францыя, ФРН, Італія, Люксэмбург і Нідэрлянды.

У 1957 годзе шэсьць краінаў-заснавальніцаў падпісалі Рымскі дагавор, што прывяло да павелічэньня раней існага супрацоўніцтва ў рамках Эўрапейскага аб’яднаньня вугалю і сталі (ЭАВС). Паводле дамовы была створана Эўрапейская эканамічная супольнасьць (ЭЭС), якая была накіравана на стварэньне мытнага зьвязу. У той жа дзень было падпісана пагадненьне аб стварэньні Эўрапейскай супольнасьць па атамнай энэргіі (Эўратам) для супрацоўніцтва ў разьвіцьці ядзернай энэргетыкі. Абодве дамовы ўступілі ў сілу ў 1958 годзе[13]. У 1992 годзе паводле Маастрыхсцкай дамовы 15 удзельніцаў Эўразьвязу істотна падвысілі палітычны статус свайго аб’яднаньня, пагадзіўшыся праводзіць агульную абаронную, фінансавую й эканамічную палітыку. Базавая структура Эўразьвязу ўключае ў сябе Эўракамісію (своеасаблівая Рада міністраў), эўрапейскі парлямэнт і суд. Асноўныя кіраўнічыя структуры Эўразьвязу знаходзяцца ў Брусэлі.

У 1973 годзе да Зьвязу далучыліся Вялікабрытанія, Данія й Ірляндыя. У 1981 годзе — Грэцыя. Грэнляндыя, якая атрымала пэўны сувэрэнітэт ад Даніі у 1979 годзе, пакінула Эўразьвяз у 1985 годзе па правядзеньні рэфэрэндуму. У 1986 годзе да Зьвязу далучыліся Гішпанія й Партугалія. У 1995 годзе чальцамі ЭЗ сталі Аўстрыя, Фінляндыя, Швэцыя. 1 траўня 2004 году да Эўразьвязу далучыліся яшчэ 10 новых сябраў: Вугоршчына, Кіпр, Латвія, Летува, Мальта, Польшча, Славаччына, Славенія, Чэхія й Эстонія. Па стане на 1 студзеня 2007 году Румынія й Баўгарыя сталі сябрамі ЭЗ. У тым жа годзе, Славенія прыняла эўра[14]. У 2008 годзе на адзіную эўрапейскую валюту перайшлі Кіпр і Мальта, Славаччына — у 2009 годзе, Эстонія — 2011 годзе й Латвія — у 2014 годзе. У чэрвені 2009 году адбыліся выбары ў Эўрапейскі парлямэнт, што прывяло да стварэньня другога кабінэту міністраў Жузэ Барозу. Да ліпеня 2009 году афіцыйную заяўку на ўступ накіравала Ісьляндыя, але з тых часоў перамовы былі прыпыненыя.

1 сьнежня 2009 году была ратыфікавана Лісабонская дамова, згодга зь якой трансфармацыі падвяргаліся многія аспэкты ЭЗ. У прыватнасьці, дамова зьмяніла прававую структуру ЭЗ, сыстэма з трох слупоў Эўрапейскага Зьвязу была замененая на адзіную сыстэму, згодна зь якой Зьвяз існуе як адзіны суб’ект міжнароднага права. Была створана адмысловая пасада прэзыдэнта Эўрапейскай рады, першым якую заняў Гэрман ван Рампёй, а таксама пашыраны паўнамоцтвы вярхоўнага прадстаўніка зьвязу ў пытаньнях замежных справаў і палітыкі бясьпекі. Гэтую пасаду на сёньня займае Кэтрын Эштан[15].

У 2012 годзе Эўрапейскі Зьвяз атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру за ўнёсак у разьвіцьцё міру і замірэньня, дэмакратыі і правоў чалавека ў Эўропе[16]. Па стане на 1 ліпеня 2013 году Харватыя стала 28-м чальцом ЭЗ[17][18]. 8-я выбары ў Эўрапарлямент, якія прайшлі ў траўні 2014 году, паказалі рост эўраскептыцызму. Бягучыя кандыдаты на ўступленьне ў Эўразьвяз: Турэччына, Сэрбія й Паўночная Македонія.

З пачаткам 2010-х гадоў згуртаванасьць Эўрапейскага Зьвязу была правераная некалькімі пытаньнямі, у тым ліку пазыковым крызісам у некаторых краінах эўразоны, узмацненьнем міграцыі з Афрыкі і Азіі і выхадам Вялікабрытаніі з ЭЗ[19]. У сьнежні 2013 году амэрыканскае рэйтынгавае агенцтва «Стандарт і Пуэр» (Нью-Ёрк) панізіла рэйтынг Эўразьвязу з найвышэйшага ўзроўню «ААА» да «АА+» у сувязі са зьмяншэньнем крэдытаздольнасьці 28 дзяржаваў-удзельніц ЭЗ і аслабленьнем гаспадарчых узаемасувязяў між імі[20]. У 2016 годзе ў Вялікабрытаніі адбыўся рэфэрэндум аб ейным чалецтве ў Эўрапейскім Зьвязе, на якім 51,9% удзельнікаў прагаласавалі за выхад краіны са зьвязу. Вялікабрытанія афіцыйна паведаміла Эўрапейскую раду аб сваім рашэньні пакінуць зьвязу 29 сакавіка 2017 году, распачаўшы фармальную працэдуру выхаду. Аднак, выхад адбыўся толькі 31 студзеня 2020 году, хаця большасьць абласьцей заканадаўства ЭЗ па-ранейшаму будуць прымяняцца да Вялікабрытаніі на працягу пераходнага пэрыяду, які скончыцца не раней за канец 2020 году[21].

Эўрапейская камісія

Эўрапейскі зьвяз мае сем асноўных установаў, як то Эўрапейскі парлямэнт, Рада Эўрапейскага зьвязу, Эўрапейская камісія, Эўрапейская рада, Эўрапейскі цэнтральны банк, Суд Эўрапейскага зьвязу і Эўрапейская падліковая палата. Заканадаўчае права зь іх маюць Эўрапейскі парлямэнт, які непасрэдна абіраецца дзяржавамі Эўрапейскага зьвязу, і Рада Эўрапейскага зьвязу, у якую ўваходзяць міністры ўрадаў усіх чальцоў зьвязу. Выканаўчыя функцыі ўскладзены на Эўрапейскую камісію і ў абмежаваным аб’ёме на Эўрапейскую раду (ня блытаць з вышэйзгаданай Радай Эўрапейскага зьвязу). Грашова-крэдытная палітыка ў эўразоне рэгулюецца Эўрапейскі цэнтральным банкам. Тлумачэньне і прымяненьне права ЭЗ забясьпечваецца Судом Эўрапейскага зьвязу. Бюджэт ЭЗ старанна правяраецца падліковай палатай, якая таксама называецца Эўрапейскім судом аўдытараў. Існуюць таксама шэраг дапаможных органаў, якія кансультуюць ЭЗ або працуюць у пэўнай вобласьці.

Праз пасьлядоўнае павелічэньне Эўрапейскі зьвяз вырас з шасьці краінаў-заснавальнікаў (Бэльгія, Францыя, Заходняя Нямеччына, Італія, Люксэмбург і Нідэрлянды) да цяперашніх 28 краінаў. Дзяржавы, якія маюць далучыцца да Зьвязу і стаць удзельнікам устаноўчых дамоваў, атрымліваюць некаторыя прывілеі і абавязацельствы сяброўства ў ЭЗ. Гэта цягне за сабой частковае дэлегаваньне сувэрэнітэту інстытутаў у абмен на прадстаўніцтва ў гэтых установах. Гэтая практыка, часьцяком згадваецца як «аб’яднаньне сувэрэнітэтаў»[22][23].

Для таго, каб стаць сябрам, краіна павінна адпавядаць Капэнгагенскім крытэрам, вызначаным на нарадзе 1993 году Эўрапейскай радай у Капэнгагене. Такія краіны павінны мець стабільную дэмакратыю, паважаць правы чалавека і вяршэнства закону, дзе функцыянуе рынкавая эканоміка. Таксама краіна павінна прыняцт абавязацельства сяброўства, у тым ліку заканадаўства ЭЗ. Ацэнка выкананьня краіны крытэраў зьяўляецца адказнасьцю Эўрапейскай рады[24]. Лісабонская дамова, між тым, зараз утрымлівае пункт у адпаведнасьці з артыкулам 50, які прадугледжвае выхад краіны-чаьца з ЭЗ.

На сёньня маюцца чатыры краіны, якія складаюць Эўрапейскую асацыяцыю вольнага гандлю (ЕАСГ), якія не зьяўляюцца чальцамі ЭЗ, але часткова прынялі правілы ЭЗ: Ісьляндыя, Ліхтэнштайн і Нарвэгія, якія зьяўляюцца часткай адзінага рынку ў рамках Эўрапейскай эканамічнай зоны, і Швайцарыя, якая мае аналягічныя сувязі праз двухбаковыя дамовы[25]. Адносіны малых эўрапейскіх краінаў, то бок Андоры, Манака, Сан-Марына і Ватыкану, ўключаюць выкарыстаньне імі эўра і сувязі ў іншых галінах супрацоўніцтва[26].

Map showing the member states of the European Union (clickable)ФінляндыяШвэцыяЭстоніяЛатвіяЛетуваПольшчаСлаваччынаВугоршчынаРумыніяБаўгарыяГрэцыяКіпрЧэхіяАўстрыяСлавеніяІталіяМальтаПартугаліяГішпаніяФранцыяНямеччынаЛюксэмбургБэльгіяНідэрляндыДаніяВялікабрытаніяІрляндыя
Map showing the member states of the European Union (clickable)

Замежныя стасункі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дзейны вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па пытаньнях агульнай палітыкі і бясьпекі Жузэп Барэль.

Зьнешняя палітыка супрацоўніцтва паміж чальцамі адносіцца да часу стварэньня супольнасьці ў 1957 годзе, калі дзяржавы-чальцы выступалі адзіным блёкам у міжнародных гандлёвых перамовах у рамках агульнай гандлёвай палітыкі[27]. Крокі да больш шырокамаштабнай каардынацыі ў зьнешніх адносінах пачаліся ў 1970 годзе са стварэньнем эўрапейскага палітычнага супрацоўніцтва, які прывёў да выкарыстаньня неафіцыйнага працэсу кансультацыяў паміж дзяржавамі-чальцамі з мэтай фармаваньня агульнай зьнешняй палітыкі. Аднак, гэтае супрацоўніцтва набыла афіцыйны статус толькі ў 1987 годзе, што было дасягнута шляхам прыняцьця адзінага эўрапейскага акту. Эўрапейскае палітычнае супрацоўніцтва было пераназвана ў агульную зьнешнюю палітыку і палітыку бясьпекі паводле Маастрыскай дамовы[28].

Мэтамі агульнай зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі зьяўляюцца прасоўваньне як уласных інтарэсаў зьвязу, гэтак і інтарэсы міжнароднай супольнасьці ў цэлым, уключаючы разьвіцьцё міжнароднага супрацоўніцтва, павагі да правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права. Гэтая палітыка патрабуе аднагалоснасьці сярод дзяржаваў-чальцоў на адпаведную палітыку, каб прытрымлівацца якой-небудзь канкрэтнай праблемы. Адсутнасьці аднагалоснасьці і іншыя супярэчнасьці часам прыводзяць да рознагалосьсяў, якія, да прыкладу, мелі месца падчас вайны ў Іраку[29].

Каардынатарам і прадстаўніком агульнай зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі зьяўляецца вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па пытаньнях агульнай палітыкі і бясьпекі, які выступае ад імя ЭЗ па пытаньнях зьнешняй палітыкі і абароны, і ставіць перад сабой задачу фармуляваньня пазыцыяў, выказаных дзяржавамі-чальцамі ў гэтых галінах палітыкі. Вярхоўны прадстаўнік узначальвае эўрапейскую службу зьнешніх справаў, унікальны ворган ЭЗ[30], які быў сфармаваны 1 сьнежня 2010 году з нагоды першай гадавіны ўступленьня ў сілу Лісабонскай дамовы. Гэты ворган служыць у якасьці міністэрства замежных справаў і дыпляматычнага корпусу Эўрапейскага зьвязу[31].

Акрамя гэтага міжнародны ўплыў ЭЗ таксама мае месца праз палітыку пашырэньня. Адчувальныя перавагі стаць чальцом зьвязу стымулюе краіны да палітычных і эканамічных рэформаў, якія жадаюць выканаць крытэры ўступу ў ЭЗ. Такі ўплыў на ўнутраныя справы іншых краінаў, як правіла, называюць палітыкай «мяккай сілы», у адрозьненьне ад ваеннай «цьвёрдай сілы»[32].

Гуманітарная дапамога

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэпартамэнт гуманітарнай дапамогі і грамадзянскай абароны пры Эўрапейскай камісіі аказвае гуманітарную дапамогу для разьвіваных краінаў. У 2012 годзе бюджэт гэтага дэпартамэнту склаў 874 млн эўра. 51% ад бюджэту пайшлі ў Афрыку і 20% у Азію, Лацінскаю Амэрыку, краіны Карыбскага басэйну і Ціхага акіяну, і 20% у краіны Блізкага Ўсходу і Міжземнамор’я[33].

Штаб-кватэра Эўрапейскага цэнтрабанку ў Франкфурце-на-Майне

Фінансавую палітыку рэгулюе Эўрапейскі цэнтральны банк. Найважнейшыя рашэньні прымаюцца на самітах кіраўнікоў дзяржаваў-удзельніц зьвязу.

ЭЗ мае адзіны рынак на тэрыторыі ўсіх сваіх чальцоў. 19 дзяржаваў зь ліку зьвязу далучыліся таксама да валютнага зьвязу, вядомай як эўразона, дзе выкарыстоўваецца эўра ў якасьці адзінай валюты. У 2012 годзе ЭЗ меў сукупнага СУП у 16 трлн даляраў, маючы 20% дзель ад сусьветнага валавога ўнутранага прадукта з пункту гледжаньня парытэту пакупніцкай здольнасьці[34].

Са сьпісу 500 найбуйнейшых карпарацыяў паводле велічыні прыбытку 161 зь іх мае свае штаб-кватэры ў ЭЗ[35]. У 2007 годзе ўзровень беспрацоўя ў ЭЗ складаў 7%[36], у той час як інвэстыцыі складалі 21,4% СУП, інфляцыя была на ўзроўні 2,2%, а сальда рахунку бягучых апэрацыяў мела паказчык −0,9% СУП, што значыць невялікая перавага імпарту перад экспартам. У 2012 годзе ўзровень беспрацоўя ўжо складаў 11,4%[36].

Існуе значная розьніца ў СУП на душу насельніцтва ў межах асобных дзяржаваў ЭЗ. Гэты паказчык вагаецца паміж 11 300 і 69 800 эўра[37]. Розьніца паміж самым заможным і самым бедным рэгіёнамі вагалася, у 2009 годзе, з 27% ад сярэдняга для Эўрапейскага Зьвязу ў Паўночна-заходнім рэгіёне Баўгарыі да 332% ад сярэдняга ў Лёндане ў Вялікабрытаніі. Акрамя Лёндану высокі паказчык СУП на душу насельніцтва маюць Люксэмбург (62 500 эўра) і Брусэль (52 500 эўра), у той час як найбольш беднымі рэгіёнамі зьяўляюцца Паўночна-заходні (6 400 эўра), Паўночна-ўсходні (6 900 эўра), Паўночна-цэнтральны (6 900 эўра) і Паўднёва-цэнтральны (7 200 эўра)[37].

Стварэньне адзінай эўрапейскай валюты стала афіцыйнай мэтай Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці ў 1969 годзе. Аднак, толькі пасьля складаньня Маастрыхцкай дамовы ў 1993 годзе дзяржавы-чальцы былі юрыдычна абавязаныя зладзіць валютны зьвяз не пазьней за 1 студзеня 1999 году. У гэты дзень эўра быў прадстаўлены сусьветнаму фінансаваму рынку ў якасьці разьліковай валюты 11 з 15 на той момант краінаў-чальцоў зьвязу. 1 студзеня 2002 году былі ўведзеныя ў наяўны зварот банкноты й манэты ў 12 краінах ЭЗ, якія склалі, такім чынам, гэтак званую Эўразону. На сёньня Эўразона ўлучае ў сабе 19 краінаў, апошняй зь якіх зьяўляецца Летува, якая перайшла да ўжытку эўра 1 студзеня 2015 году.

  1. ^ а б European Union (анг.) The World Factbook. Central Intelligence Agency. Праверана 8 мая 2023 г.
  2. ^ «Treaty of Maastricht on European Union». Europa portal.
  3. ^ Total population as of 1 January. Eurostat.
  4. ^ «European Commission: Internal Market». European Commission.
  5. ^ «Activities of the European Union: Internal Market». European Commission.
  6. ^ Schengen area. European Commission.
  7. ^ «Common commercial policy». Glossary.
  8. ^ «Consilium: Agriculture and Fisheries». Consilium.
  9. ^ Activities of the European Union: Regional Policy. European Commission.
  10. ^ Aurel Sari. «The Conclusion of International Agreements by the European Union in the Context of the ESDP». International and Comparative Law Quarterly
  11. ^ The political consequences. CVCE.
  12. ^ Declaration of 9 May 1950. European Commission.
  13. ^ A peaceful Europe — the beginnings of cooperation. European Commission.
  14. ^ A decade of further expansion. Europa web portal.
  15. ^ European Parliament announces new President and Foreign Affairs Minister.
  16. ^ Nobel Committee Awards Peace Prize to E.U. New York Times
  17. ^ Харватыя сьвяткуе ўступ у Эўразьвяз. Радыё Свабода
  18. ^ Croatia: From isolation to EU membership. BBC News.
  19. ^ EU Referendum Result. BBC.
  20. ^ «Стандарт і Пуэр» пазбавіла ЭЗ найвышэйшага крыдэтнага рэйтынгу // Зьвязда : газэта. — 21 сьнежня 2013. — № 241 (27606). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  21. ^ At the Stroke of Brexit, Britain Steps, Guardedly, Into a New Dawn. The New York Times.
  22. ^ Answers — The Most Trusted Place for Answering Life’s Questions. Answers.com
  23. ^ EU institutions and other bodies. Europa.
  24. ^ Accession criteria (Copenhagen criteria). Europa web portal
  25. ^ The EU’s relations with Switzerland. Europa web portal
  26. ^ Use of the euro in the world. Europa web portal
  27. ^ Qualified-Majority Voting: Common commercial policy. Europa web portal.
  28. ^ European political co-operation (EPC). Europa Glossary.
  29. ^ Divided EU agrees Iraq statement. BBC News
  30. ^ EU states envisage new foreign policy giant. EU Observer
  31. ^ European External Action Service. Europa web portal
  32. ^ Europe must keep its 'soft power'. Financial Times on Centre for European Reform
  33. ^ ECHO’s finances. European Commission
  34. ^ World Economic Outlook Database, October 2013 Edition. International Monetary Fund.
  35. ^ Global 500 2010: Countries — Australia. Fortune.
  36. ^ а б Euro area and EU 27 unemployment up to 11.4% and 10.5%. Europa web portal.
  37. ^ а б Sugar: Commission proposes more market-, consumer- and trade-friendly regime. Europa.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]