Сьцяг Польшчы
Нацыянальны сьцяг Польшчы складаецца зь дзьвюх роўнавялікіх гарызантальных палос, верхняя паласа — белая і ніжняя чырвоная. Суадносіны бакоў сьцяга 5:8 (шырыня:даўжыня).
На дзяржаўным сьцягу Польшчы разьмешчаны таксама герб у цэнтры верхняй паласы.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першапачаткова, у сярэднія стагодзьдзі, выкарыстоўваўся чырвоны сьцяг з намаляваным на ім белым арлом. Пад такім сьцягам ваявалі польскія войскі караля Ўладзіслава Ягайла ў бітве пры Грунвальдзе ў 1410 годзе.
Сьцяг Жыгімонта III Вазы складаўся з трох палос (верхняя і ніжняя — чырвоныя і белая ў сярэдзіне). Сьцягі Уладзіслава IV і Яна II Казіміра складаліся з чатырох палос (першая і трэцяя зьверху — чырвоныя, другая і чацьвёртая зьверху — белыя). На сьцягах разьмяшчаўся дзяржаўны герб.
У пэрыяд кіраваньня Аўгуста II Моцнага белыя стужкі сталі мацавацца да шаломаў польскіх уланаў. Падчас Чатырохгадовага сойма (1788—1792) зьявіліся чырвона-белыя стужкі.
Нацыянальны сьцяг быў фармальна зацьверджаны Соймам 7 лютага 1831 году. Чырвона-белыя сьцягі і стужкі выкарыстоўваліся як сымбалі нацыянальных паўстаньняў у XIX стагодзьдзі. Пасьля ўзнаўленьня незалежнасьці Польшчы ў 1918 годзе чырвона-белы сьцяг быў афіцыйна зацьверджаны Соймам 1 жніўня 1919 году ў якасьці нацыянальнага і з тых часоў зьменам не падвяргаўся.