Перайсьці да зьместу

Геаграфія Польшчы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тапаграфічная мапа Польшчы.

Польшча — краіна ў Цэнтральнай Эўропе, якая знаходзіцца паміж Нямеччынай на захадзе, Чэхіяй і Славаччынай на поўдні, Украінай і Беларусьсю на ўсходзе, і Балтыйскім морам, Летувай і Расеяй на поўначы. Яна займае плошчу ў 312 679км2 і мае збольшага ўмераны клімат.[1]

Краіна працягваецца з поўначы на захад на 876 км, з усходу на захад — на 689 км, агульная плошча складае 312 679км2. Сярэдняя вышыня над роўнем мора складае 173 м, пагатоў толькі 3% тэрыторыі краіны — уздоўж паўднёвай граніцы — месьціцца на вышыні звыш 500 м. Найвышэйшы пункт — гара Рысы, якая сягае 2499 мэтраў і знаходзіцца ў Высокіх Татрах. Каля 60 кв. км уздоўж Гданьскай бухты палягаюць ніжэй за ровень мора.

Польшча мае ў асноўным раўнінны рэльеф, які толькі на поўдні ўпіраецца ў Карпацкія горныя ланцугі. На поўначы краіна дасягае Балтыйскага мора, але на захадзе і ўсходзе ня мае выразных межаў. Такім чынам, гэты край уяўна злучае Нямеччыну і іншыя краіны Заходняй Эўропы зь Беларусьсю, Летувой і іншымі краінамі Ўсходняй Эўропы. Зусім непрыметна польскія раўніны пераходзяць на захадзе ў нізіны Паўночна-Ўсходняй Нямеччыны, а на ўсходзе — у раўніны Беларусі.

Галоўныя рэкі Польшчы: Вісла, Одра і Варта — пачынаюцца блізка адна каля другой, і затым расьцякаюцца ў розныя бакі, ствараючы адзіную сетку водных артэрыяў.

Вісла пачынаецца ў Заходніх Карпатах і ў сваёй вышнявіне цячэ на ўсход па глыбокай даліне, агібаючы з поўдня Паўднёва-Польскія ўзвышшы. Далей Вісла прымае з правага боку прытоку Сан, якая таксама пачынаецца ў Карпатах. Злучыўшыся з Санам, Вісла прабіваецца ў вузкай цясьніне праз пас узвышшаў на поўнач і трапляе ў паласу нізін, дзе зварочвае на паўночны захад і прымае свае галоўныя прытокі: зьлева Піліца, справа Вепр, Нараў і Заходні Буг. Далей у сваёй нізавіне Вісла зноў цячэ на поўнач, прарываецца праз Вазёрныя ўзгор’і і шырока разьліваецца каля мора ў вялізную дэльту.

Азёры ў Польшчы ў асноўным ледавіковага паходжаньня (акрамя горных), разьмешчаныя ў значнай ступені на поўначы краіны й згрупаваныя ў раёнах, вядомых як азёрныя краі. Найвялікшым возерам Польшчы зьяўляецца возера Сьнярдвы. Другім паводле плошчы - возера Мамры (абодва ў Мазурыі). Іншыя вялікія азёры - Лебскае й Драўскае азёры ў Памор'і.

Шмат невялікіх азёраў у так званых азёрных краях (у Вармінска-Мазурскім,Паморскім, Люблінскім, Велікапольскім ваяводзтвах). Існуе таксама вялікая колькасьць горных азёраў у Татрах. Возерам з найвялікшай глыбінёй зьяўляецца возера Ганча - больш за 100 м.

  1. ^ Mały rocznik statystyczny polski / Główny Urząd Statystyczny. — 2008.