Славянскія мікрамовы
Славя́нская мікрамо́ва — тэрмін, уведзены ў канцы 1970-х гадоў расейскім лінгвістам Аляксандрам Дулічэнкам для пазначэньня асаблівых літаратурных і лінгвістычных формаў, што існуюць побач з больш вядомымі славянскімі мовамі. Славянскія мікрамовы звычайна вызначаюцца як стандартызаваныя формы некаторых з ізаляваных або пэрыфэрыйных дыялектаў буйнейшых нацыянальных моваў, пры гэтым мікрамовы, як і нацыянальная мова, маюць шэраг літаратурных функцыяў у грамадзтве, аднак у заўважна меншым аб’ёме ў адрозьненьне ад нацыянальнай. Усе літаратурныя мікрамовы, як правіла, маюць некаторую лінгвістычную сувязь з будзь-якой нацыянальнай мовай, у выніку чаго славянскія мікрамовы часта фактычна ўяўляюць сабою стандартызаваныя формы дыялектаў нацыянальнае мовы. Тым ня менш, з гэтага правіла могуць быць выключэньні.
Астраўныя й пэрыфэрыйныя мікрамовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Носьбіты або карыстальнікі сучасных славянскіх мікрамоваў звычайна пражываюць сярод няроднасных моўных грамадаў, складаючы тым самым своеасаблівы этнічны «востраў», або ў пэрыфэрыйных рэгіёнах сваёй гістарычнай этнічнай групы. Адпаведна з гэтым, славянскія мікрамовы падзяляюцца на «астраўныя» й «пэрыфэрыйныя» (апошнія зь іх таксама вядомыя як рэгіянальныя). Сярод астраўных славянскіх мікрамоваў найвядомейшымі зьяўляюцца панонска-русінская, градышчанска-харвацкая, маліска-славянская, рэзьянская, (часам азначаецца як «паўастраўная») і банацка-баўгарская мікрамовы. Асноўнымі пэрыфэрыйнымі славянскімі мікрамовамі ёсьць прэкмурская, усходнеславацкая, ляская, русінская, заходнепалеская і г.д.
Функцыянальныя рысы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дакладныя герархічныя зносіны між нацыянальнымі літаратурнымі мовамі і мікрамовамі могуць быць устаноўленымі шляхам дасьледаваньняў унутраных уласьцівасьцяў, такіх як неадпаведнасьць між строгай маўленчай нормай нацыянальнай мовы і ўмеранай нормай мікрамовы, якая нярэдка зьліваецца з дыялектамі. Нацыянальная літаратурная мова часта адлюстроўвае стандартызаваную форму маўленьня, што, аднак, можа адсутнічаць у мікрамоваў, чые нормы нярэдка складаюцца з досыць адрозных дыялектаў. Апрача таго, розьніца можа складацца між шырынёю выкарыстаньня нацыянальнай мовы й мікрамовы.
Між тым, мікрамовы звычайна маюць большае функцыянальнае выкарыстаньне ў адрозьненьне ад адпаведных дыялектаў; яны праяўляюць тэндэнцыю да стандартызацыі, што цягне за сабою значнае пашырэньне лексыкі, больш кадыфікаваную граматыку (часта — шляхам зьнешніх запазычваньняў), а таксама зварот да папярэдняй літаратурнай і лінгвістычнай традыцыі іншых дыялектаў. У адрозьненьне ад дыялектаў, якія могуць ужывацца ў мастацкіх мэтах, мікрамова звычайна ў той ці іншай ступені рэгулюецца арганізаваным літаратурным і моўным працэсам, які ўяўляе стварэньне й функцыянаваньне мікрамовы.
З пункту гледжаньня геаграфіі славянскія мікрамовы могуць існаваць сярод іншых славянскіх альбо сярод не-славянскіх рэгіёнаў. Такім чынам, адны зь мікрамоваў маюць становішча своеасаблівых «астравоў», паўсталых у выніку міграцыі, у той час як іншыя — як мовы, што не адасабляліся ад рэгіёну свайго паходжаньня.
Сьпіс сучасных мікрамоваў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ніжэй прыведзены сьпіс шырока вядомых сучасных славянскіх мікрамоваў. Мікрамовы згрупаваныя паводле дыялектнае прыналежнасьці да іншай, буйной нацыянальнай мовы (то бок да мовы, адным з дыялектаў якой ёсьць дыялект, на якім заснаваная мікрамова), а таксама паводле прыналежнасьці да той ці іншай групы славянскіх моваў.
- Заходнеславянская група:
- Польская мова:
- Віцкая мікрамова — на аснове польскіх гаворак Летувы, спробы кадыфікацыі з канца 1980-х гг.;
- Славацкая мова:
- Усходнеславацкая мікрамова — на аснове гаворак славакаў-пратэстантаў усходняй Славаччыны зь сярэдзіны XVIII ст. Некаторы час карысталася ўрадавай падтрымкай падчас вугорскага панаваньня краінай, мела афіцыйны статус у Славацкай Савецкай Рэспубліцы;
- Чэская мова:
- Ляская мікрамова — на аснове сылескіх дыялектаў, мова фактычна аднаго літаратара — Ондры Лысагарскага;
- Польская мова:
- Паўднёваславянская група:
- Баўгарская мова:
- Банацка-баўгарская мікрамова — з XVIII ст. у Банаце;
- Памацкая мікрамова — гаворкі баўгарамоўных мусульманаў (памакі) Баўгарыі, Грэцыі й Турэччыны;
- Македонская мова:
- Эгейска-македонская мікрамова — гаворкі македонцаў або пераходнага македонска-баўгарскага насельніцтва ў рэгіёнах Гэрцыі, блізкіх да мяжы з Македоніяй і Баўгарыяй. Выдадзены лемантар у 1925 годзе[1], а таксама некаторая іншая літаратура. Пра сучаснае функцыянаваньне зьвесткі адсутнічаюць;
- Славенская мова:
- Вэнэцыянска-славенская мікрамова;
- Прэкмурска-славенская мікрамова — Прэкмур'е (паўночны-ўсход Славеніі пры мяжы з Вугоршчынай, навакольныя раёны Аўстрыі й Вугоршчыны). Параўнальна доўгая й шырокая літаратурная традыцыя;
- Рэзьянская мікрамова — даліна Рэзья ў рэгіёне Фрыўлі-Вэнэцыя-Джулія, паўночны ўсход Італіі;
- Сэрбскахарвацкая мова:
- Кайкаўскі дыялект;
- Чакаўскі дыялект:
- Градышчанска-харвацкая мікрамова — харвацкія перасяленцы ў Бургенляндзе (Аўстрыя), а таксама памежных рэгіёнах Вугоршчыны;
- Штакаўскі дыялект:
- Маліска-славянская мікрамова — з XV—XVI стст., рэгіён Малізэ, цэнтральная Італія;
- Славянасэрбская мова;
- Баўгарская мова:
- Усходнеславянская група:
- Беларуская мова:
- Гальшанская мікрамова — з канца 1980-х гг. у Летуве на аснове мясцовых беларускіх гаворак;
- Заходнепалеская літаратурная мікрамова — Заходняе Палесьсе, на аснове пераходных беларуска-ўкраінскіх гаворак. Фактычна падтрымлівалася некалькі гадоў Міколам Шэляговічам і блізкімі да яго арганізацыямі, аднак спробы літаратурнага выданьня на аснове блізкіх дыялектаў існавалі й раней (XVI—XVII стст., творчасьць Францішка Савіча, а таксама г.зв. rusinski lemantar);
- Свая мова — на аснове гаворак, блізкіх заходнепалескім, у міжрэччы Нараву й Бугу. На цяперашні час падтрымліваецца ў асноўным Янам Максімюком і блізкімі энтузіястамі, аднак у мінулым былі прэцэдэнты публікацыі (Мікалай Янчук).
- Украінская мова:
- Лемкаўская мікрамова — польскія Карпаты, на аснове гаворак лемкаў — мясцовай этнаграфічнай групы ўкраінцаў;
- Русінская мова — на аснове ўкраінскіх гаворак Закарпацьця, часам лічыцца асобнай, не мікрамовай;
- Заходнепалеская мікрамова (гл. вышэй) — дыялекты, што леглі ў аснову мовы, часам могуць разглядацца як дыялекты ўкраінскае мовы;
- Свая мова — сытуацыя, ідэнтычная заходнепалескай.
- Беларуская мова:
Асаблівае становішча займае панонска-русінская мова (русіны-перасяленцы ў Ваяводзіне й Харватыі, таксама вядомая як югаславарусінская), якая генэтычна адносіцца да славацкага моўнага масіву, аднак мае моцны субстратны й адстратны русінскі ўплыў. Паводле сукупнасьці крытэраў займае прамежкавае становішча між мікрамовамі й асноўнымі славянскімі мовамі.
Да апошняга часу адзіным моўным арэалам, дзе ня ўзьніклі літаратурныя мікрамовы, заставалася расейская мова. У пачатку ХХІ ст. у Расеі зьявілася некалькі праектаў, сярод якіх можна адзначыць сыбірскую й паморскую мікрамовы. У пачатку мінулага стагодзьдзя ставіліся спробы стварэньня літаратурнай мовы на аснове мясцовых гаворак для Ўсевялікага Войска Донскага — кароткатэрміновае дзяржавы на поўдні Расеі.
Этнічны фактар
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Большасьць славянскіх мікрамоваў, як правіла, прасоўваюць ня нацыі або этнічныя групы, а культурна-моўныя й этнамоўныя групы як субэтнічныя групы таго ці іншага славянскага этнасу.
Пэрыфэрыйныя літаратурныя мікрамовы функцыянуюць у асяродзьдзі культурна-моўных групаў, што існуюць у межах пэрыфэрыйнага (этнічнага) арэалу і вылучаюцца ў ягоных межах толькі мясцовымі асаблівасьцямі культурна-гістарычнага й дыялектнага (моўнага) характару, — да падобных групаў належаць чакаўцы, кайкаўцы ў Харватыі і г.д. Да астраўных літаратурных мікрамоваў адносяцца этнамоўныя групы, што рэзка адрозьніваюцца ад атачальнае большасьці — градышчанскія харваты, маліскія славяне, банацкія баўгары і г.д., у адрозьненьне ад культурна-моўных групаў гэтыя групы характарызуюцца трохі большай этнічнай і моўнай адасобленасьцю. І пэрыфэрыйныя, і астраўныя этнічныя групы ў пераважнай большасьці (за некаторымі выключэньнямі) разглядаюць уласную ідэнтычнасьць як частку большай, буйной славянскай нацыі (банацкія баўгары — баўгараў; маліскія славяне, градышчанскія харваты, чакаўцы, кайкаўцы — харватаў і г.д.). Зыходзячы з падобнага крытэру, панонска-русінская мова можа разглядацца як асобная з прычыны прэтэндаваньня панонскіх русінаў на статус асобнага народу. Зь іншага боку, пад падобны крытэр і пад вызначэньне мікрамова не трапляюць лужыцкія мовы, якія маюць астраўное разьмяшчэньне, але не адносяцца да якой-небудзь буйнейшай славянскай мовы, а таксама кашубская мова, якая, нягледзячы на пэрыфэрыйнае дачыненьне адносна польскай, лічыцца большасьцю лінгвістаў асобнай мовай.
Гісторыя ўзьнікненьня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сярод асноўных умоваў, што спрычыняліся да ўзьнікненьня літаратурных мікрамоваў, перадусім вылучаюцца наяўнасьць кампактнага асяродзьдзя і зьвязаная з гэтым адасобленасьць ад асноўнага дыялектнага кантынуўму; усьведамленьне моўнай і этнічнай спэцыфічнасьці; складанасьць дыялектнага ляндшафту, якая вымушае зьвярнуцца да пошукаў уласнае літаратурнае мовы (асабліва ў пэрыяд фармаваньня нацыянальных літаратурных моваў) на бліжэйшай дыялектнай аснове; наяўнасьць літаратурна-моўнай перадтрадыцыі на роднаснай ці няроднаснай мове, якая забясьпечвала ўмовы для экспэрымэнтаў па прымяненьні роднага маўленьня ў ролі літаратурнае мовы. Пры гэтым колькасны фактар ня ёсьць вырашальным, але аказвае ўплыў на патэнцыйныя магчымасьці літаратурна-моўнага працэсу.
Стымуламі для ўзьнікненьня шэрагу мікрамоваў стаў пратэстантызм, які быў распаўсюджаны сярод некаторых славянскіх этнічных групаў і прапагандаваў набажэнства на мясцовай мове (XVI ст.), рухі за нацыянальнае адраджэньне славянскіх народаў (ХІХ ст.) і суб’ектыўны фактар — існаваньне асьветнікаў, здольных уласным прыкладам, у асноўным у літаратурнай галіне, даць штуршок да арганізацыі літаратурна-моўнага працэсу на мясцовых дыялектах.
Асаблівасьцю пэрыфэрыйных літаратурных мікрамоваў зьяўляецца тая акалічнасьць, што амаль усе зь іх на пачатковай стадыі свайго разьвіцьця (да эпохі нацыянальнага адраджэньня) прадстаўлялі сабою рэгіянальныя варыянты, якія ўступалі ў канкурэнцыю адзін з адным з мэтаю стаць грунтам для стварэньня нацыянальнае літаратурнае мовы.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Милетич, Любомир. I, кн. 5 и 6 // Нова латинска писменост за македонските българи под Гърция. — Македонски преглед, 1925. — С. 229-233.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дуличенко А. Д. Малые славянские литературные языки (микроязыки) // Языки мира. — Славянские языки. — М.: Academia, 2005.
- Дуличенко А. Д. Славянские литературные микроязыки. Вопросы формирования и развития. — Таллин: 1981.
- Дуличенко А. Д. Языки малых этнических групп: функциональный статус и проблемы развития словаря (на славянском материале) // Modernisierung des Wortschatzes europäischer Regional- und Minderheitensprachen. — Tübingen: 1999.
- Duličenko А. D. Kleinschriftsprachen in der slawischen Sprachenwelt // Zeitschrift für Slawistik. — 1994, Bd. 39.