Марш за свабоду (Пінск, 2020)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Марш за свабоду
Пратэсты супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі (2020)
Дата16 жніўня 14:00 — вечар
МесцаНацыянальны сьцяг Беларусі Плошча Леніна й шмат іншых; Пінск; Беларусь
ПрычыныФальсыфікацыя вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня
Мэтывызваленьне палітвязьняў, правядзеньне чэсных прэзыдэнцкіх выбараў
Спосабымасавае шэсьце, мітынґ
Удзельнікі канфлікту
Сілы бакоў
Каля 10—20 тысячаў[1]

Марш за свабо́ду — адна з найбуйнейшых акцыяў пратэсту ў Пінску, якая адбылася 16 жніўня 2020 году.

Хада акцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

А 13[2]—14-й[3] гадзіне людзі пачалі зьбірацца на плошчы Леніна. Пратэстоўцы былі з балёнікамі, стужкамі, ды нацыянальнымі сьцягамі. Сярод мітынґоўцаў збольшага былі маладзёны, аднак таксама былі й пажылыя людзі. Пратэстоўцы стаялі ня толькі на плошчы, але й каля калегіюма езуітаў і ўздоўж крамы «Полымя».

Перад помнікам Леніну мітынґоўцы расьцягнулі бел-чырвона-белы сьцяг даўжынёй больш за 100 мэтраў. Некаторыя ўдзельнікі акцыі трымалі транспаранты з патрабаваньнем сумленных выбараў, захаваньня правоў чалавека, супраць ґвалту й іншыя.

Паводле словаў відавочцаў, супрацоўнікаў міліцыі не было. На плошчы знаходзіліся толькі некалькі самаходаў хуткай дапамогі. Дзея прайшла спакойна, і нават сьмецьце мітынґоўцы акуратна несьлі да сьметніцаў.

Марш[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля 15-й гадзіны маршнікі рушылі вуліцаю Леніна. Людзі аб’ядналіся ў адну калёну, мінакі здымалі тое, што адбывалася, на тэлефоны, вялі трансьляцыі ў сацыяльных сетках. Маршнікі рушылі да набярэжнай. З ракі іх віталі два судны. Затым яны прыпыніліся ля бранякатэра БК-92 у гарадзкім парку. Наступны прыпынак на працягу некалькіх хвілінаў быў каля будынка Пінскага ГАУС па вуліцы Партызанскай, дзе ўдзельнікі акцыі выкрыквалі «выпускай!».

Частку вуліцы Партызанскай перакрыў самаход ДАІ, накіроўваючы транспартны паток у іншы бок і даючы дэманстрантам спакойна і бясьпечна прайсьці. Удзельнікі акцыі ішлі па вуліцаю Партызанскай бясконцым патокам паабапал вуліцы цягам каля 20 хвілінаў. Па хадзе руху калёны ёй сыґналілі самаходы, гучалі песьні Віктара Цоя. Канчатковым пунктам маршнікаў стала дарожнае «кола» на вуліцы Першамайскай.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Марш за свабоду (Пінск, 2020)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў