Кашары
Кашары, Кашарскае прадмесьце — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў паўднёва-ўсходняй частцы места, з трох бакоў аточаная ракой Сьвіслаччу.
На паўднёвы захад ад Кашараў пачынаецца Ляхаўка, на поўнач — цэнтральнае Новае Места, на паўночны ўсход — Стромкі Бераг, на паўднёвы ўсход — Архірэйская Слабодка, на поўдзень — Тры Карчмы[1][2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Актыўнае засяленьне гэтай мясцовасьці пачалося ў канцы XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў, адразу па заснаваньні Новага Места. Першымі пабудовамі былі старыя кашары (казармы) менскага гарнізону — адсюль пайшла і назва прадмесьця[3].
У пачатку XX ст. прадмесьце ўваходзіла ў першую паліцэйскую частку места і ўлучала Кашарскі пляц, Вакольную вуліцу, а таксама часткова Кашарскую (цяпер Чырвонаармейская), Ягораўскую (Янкі Купалы) і Ніжняляхаўскую (Ульянаўская) вуліцы[4][5].
На Кашарскім пляцы праводзілася муштраваньне войскаў, спартовыя гульні, скачкі на конях, цыркавыя імпрэзы. Пляц вылучащся антысанітарыяй і адсутнасьцю ўпарадкаваньня[6]. Улетку 1913 року на ёй прайшоў першы ў Менску футбольны матч, у якім гімназісты места выйгралі ў службоўцаў зь лікам 3:0[7].
30 траўня 1925 року на Кашарскім пляцы адкрыўся іпадром імя Будзёнага. 15 траўня 1934 року на Менскам іпадроме прайшлі вялікія спаборніцтвы, на якіх прысутнічаў сам Будзёны. Адзначыўся іпадром і падзеямі, якія не мелі дачыненьня да спорту. 16 ліпеня 1944 року ў вызваленым месьце на тэрыторыі іпадрома адбыўся мітынг. У ім удзельнічалі месьцічы, партызаны, дэлегацыі ваяроў Чырвонай арміі на чале з камандуючым 3–м Беларускім фронтам Чарняхоўскім. На мітынгу выступіў 1-й сакратар ЦК КП(б)Б Панамарэнка. Потым адбыўся гістарычны партызанскі парад з колькасьцю ўдзельнікаў больш за 30 тысячаў. Імпрэза трансьлявалася па радыё, здымалася на кінастужку. У 1945—1946 роках на тэрыторыі іпадрома прайшлі адкрытыя судовыя працэсы над нацыскімі ваеннымі злачынцамі[8].
На беразе Сьвіслачы, на мяжы з прадмесьцем Ляхаўкай (у раёне цяперашняга рэстарана «Старое рэчышча») некалі месьцілася старажытнае паганскае капішча, якое, паводле зьвестак этнографаў, дзейнічала ажно да пачатку ХХ ст. Культавы камень «Дзед», альбо «Старац», цяпер захоўваецца ў менскім Музэі валуноў, а тэрыторыю самога капішча ў 1994 року ўнесьлі ў Дзяржаўны сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі[9].
У наш час тапонім Кашары ніяк не пазначаецца на мапе Менску. Пра існаваньне колішняга прадмесьця ўскосна намапінае цяперашні Казаменны завулак (гістарычны Кашарскі).
Старыя адрасы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вакольная, 8. Машынабудаўнічы кацельны завод Г. Янішэўскага. Вырас з кавальска-сьлясарнай і чыгуналіцейнай майстэрні, заснаванай у 1901 року прадпрымальнікам Шышлам. У 1908 року тут усталявалі рухавік магутнасьцю 12 конскіх сілаў. Выпускалася абсталяваньне для вінакурных, рэктыфікацыйных, крухмальных заводаў, для млыноў і лесапілак. У 1913 року на заводзе ўжо стаялі 2 рухавікі агульнай магутнасьцю 36 конскіх сілаў, працавала 120 чалавек. Ажыцьцяўлялася вытворчасьць паравых машынаў, турбінаў, нафтавых і газагенэратарных рухавікоў, помпаў, трансмісіяў. У 1921 року завод рэарганізавалі ў сельскагаспадарчыя майстэрні. Знаходзіўся ў раёне сучаснага станкабудаўнічага заводу імя Кірава.
- Вакольная, 9. Машынабудаўнічы і чыгуна-меднамэталургічны завод (Кашарскі). Найбольшы ў дарэвалюцыйнай Беларусі. Заснаваны на базе невялікай кузьні прадпрымальнікам Н. Якабсонам у 1881 року на Кашарскім пляцы (адсюль і назва). Выраблялася абсталяваньне для млыноў, вінакурных прадпрыемстваў, чыгуначныя буксы, тармазныя калодкі і кастылі. Да 1891 року тут засвоілі выпуск земляробчых прыладаў, абсталяваньня для гутаў, лесапілак, гарбарных заводаў, пажарных помпаў, да 1900 року — паравых машынаў, чыгуначных і медных адліваў. У канцы 1900 року суполка «Якабсон і К» аб’ядналася з гандлёвым домам Г. Ліфшыца, які валодаў машынабудаўнічым (Вакзальным) заводам. Завод меў цэхі: ліцейны (1890) сьлясарна-такарны, кавальскі, зборны (1893), сталярны (1901) і майстэрню вырабу пячнога абсталяваньня (1908 рок). Да 1910 року пачалася вытворчасьць айчаннага абсталяваньня для цагельняў, фанэравых і дрожджавых заводаў, што раней куплялася за мяжой. Геаграфія збыту прадукцыі ахоплівала ня толькі абшары Беларусі, але таксама і Сыбір. Да 1913 року два заводы суполкі стварылі адзіны вытворчы комплекс з колькасьцю працоўных 350 чалавек і магутнасьцю рухавікоў 100 конскіх сілаў. У 1934 року на базе прадпрыемства ўзьнік станкабудаўнічы завод імя Кірава (Чырвонаармейская, 21).
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Сьвіслач і Кашарскі пляц
-
Мост церазь Сьвіслач
-
Налева — іпадром
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 196—197.
- ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 550—551.
- ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 227.
- ^ Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008 р.
- ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994.
- ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 110.
- ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 200.
- ^ Ружечка А., Ванкович А. Ход конем [1] // «Советская Белоруссия», 02.08.2008.
- ^ Костич Т. Менское капище — памятник языческой культуры [2] // Каштоўнасці мінуўшчыны. Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.