Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар бэрнардынаў (Берасьце)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар бэрнардынаў
| |
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар бэрнардынаў
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Берасьце |
Каардынаты | 52°04′47.03″ пн. ш. 23°39′33.68″ у. д. / 52.0797306° пн. ш. 23.6593556° у. д.Каардынаты: 52°04′47.03″ пн. ш. 23°39′33.68″ у. д. / 52.0797306° пн. ш. 23.6593556° у. д. |
Канфэсія | Лацінская Царква |
Заснавальнік | Марцін Шышкоўскі[d] |
Дата заснаваньня | XVII ст. |
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар бэрнардынаў |
Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля і кляштар бэрнардынаў — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Берасьці. Знаходзіўся ў Валынскім прадмесьці, на гістарычным Бэрнардынскім пляцы, пры ўтоку ракі Мухаўцу ў Буг. Твор архітэктуры барока.
Комплекс Берасьцейскага мужчынскага бэрнардынскага кляштару складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса. Утвараў адзіны ансамбль з кляштарам бэрнардынак. Пры будаваньні Берасьцейскай фартэцыі ўлады Расейскай імпэрыі зачынілі і часткова зруйнавалі кляштар. За савецкім часам зьнішчэньне помніка працягнулася. Да нашага часу захаваліся падмуркі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1605 годзе біскуп луцкі Марцін Шышкоўскі заснаваў у Берасьці кляштар бэрнардынаў. Будынкі касьцёла і кляштару былі драўлянымі, побач існавала мураваная капліца Сьвятой Дароты. Па пажары 1617 году кляштар адбудавалі на сродкі ваяводы амсьціслаўскага і старосты берасьцейскага Гераніма Хадкевіча.
У 1623 годзе Я. Галімскі пры фінансавай падтрымцы канцлера Льва Сапегі збудаваў мураваны касьцёл Яна Хрысьціцеля і Сьвятой Ганны. Да касьцёла далучаўся мураваны будынак кляштару, y якім у 1647 годзе жыло 30 манахаў. У адмыслова прыбудаванай да касьцёла капліцы захоўвалася копія абраза «Маці Божая» з рымскай базылікі Санта Марыя Маджорэ, атрыманая Іпаціем Пацеем ад Папы Рымскага Клімэнта VIII разам зь бізантыйскім абразом «Хрыстос».
За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) кляштар значна пацярпеў. У якасьці кампэнсацыі ён атрымаў зь дзяржаўнага скарбу 80 тыс. злотых, датацыі караля і вялікага князя Яна Казімера і Паўла Сапегі. Апошні завяшчаў пахаваць яго ў адбудаваным касьцёле. У XVIII ст. праводзілася рэстаўрацыя комплексу, тут працаваў архітэктар і мастак Б. Мазуркевіч, алтары аднаўляў разьбяр Я. Бяляўскі[1].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Берасьце апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. У час будаваньня Берасьцейскай крэпасьці расейскія ўлады ліквідавалі кляштар і ў 1830 годзе перабудавалі комплекс пад кадэцкі корпус.
У 1864 годзе корпус перавялі ў Маскву, а будынкі пачалі выкарыстоўвацца як шпіталь.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Комплекс пацярпеў у Другую сусьветную вайну, па якой яго да падмуркаў зьнішчылі савецкія ўлады.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл — 3-нэфавая базыліка з моцным прэзьбітэрыюмам даўжынёй 19,7 м, які працягваўся з цэнтральнага нэфа. Бязьвежавы галоўны фасад карнізамі падзяляўся на чатыры гарызантальныя ярусы, вязкамі пілястраў — на тры вэртыкальныя часткі: сярэдняя завяршалася трыкутным франтонам, бакавыя мелі стылізаваныя валюты. Над франтонамі і вязкамі пілястраў узвышаліся скульптуры. Сьцены падзяляліся аркавымі аконнымі праёмамі. У будынку існавалі капліцы Сьвятой Дароты (з паўночнага боку прэзьбітэрыюму), Пацеяў (з паўднёвага боку), Сьвятога Міхала (Трызнаў, побач з капліцай Пацеяў).
Унутраная прастора цэнтралнага нэфу перакрывалася крыжовымі скляпеньнямі, бакавых нэфаў — эліпсападобнымі. Інтэр’ер аздаблялі 7 алтароў, у якіх былі багатыя абразы Сьвятых Францішка, Кляры, Антонія. Сьцены пакрываліся фрэскавымі росьпісамі.
Кляштар
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кляштарны корпус — 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак з рызалітам у паўночнай частцы. Рызаліт і тарэц, умацаваныя контрфорсамі, завяршаліся атыкавымі франтонамі з валютамі[2].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычная графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
З мапы 2-й паловы XVIII ст.
-
Абмеры, 1830 г.
-
Абмеры, 1830 г.
-
Праект перабудовы, 1855 г.
Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1915 г.
-
1915—1918 гг.
-
1915—1918 гг.
-
1917 г.
-
1917 г.
-
1920 г.
-
1921 г.
-
1930-я гг.
-
1933 г.
-
1936 г.
-
да 1939 г.
-
1941—1944 гг.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ярашэвіч А. Берасцейскі кляштар бернардзінцаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 320.
- ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 92.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|