Перайсьці да зьместу

Зэмгалія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зэмгалія
Герб
Агульныя зьвесткі
Краіна Латвія
Статус Этнаграфічны рэгіён
Адміністрацыйны цэнтар Елгава
Месцазнаходжаньне
{{{Назва}}} на мапе
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Зэмгалія[1], Сэмігалія (лат. Zemgale, лет. Žiemgala) — гістарычная краіна і сучасны этнаграфічны рэгіён на поўдні Латвіі, на левым беразе Дзьвіны. Мяжуе з Жамойцю (Аўкштотай) на поўдні, Лівоніяй (Відзэмэ) на поўначы, Курляндыяй на захадзе і Латгаліяй на ўсходзе. У Сярэднявеччы была часткай Курляндыі, і ўжо ў яе складзе далучылася да Латвіі. Таму ў гербе Латвіі мае не асобную зорачку, а супольную з Курляндыяй.

Усходнюю частку Зэмгаліі, якую таксама называюць Аўгшзэме ('высокая зямля'), вылучылі ў асобны этнаграфічны рэгіён — Сэлію.

Тры Жамойці (Samogesthia, Samaitin і Samaiden) на мапе Д. Гастальды(uk), 1562 г.

Паводле папулярнага меркаваньня, назва «Зэмгалія» паходзіць ад старажытнага балтыйскага племя зэмгалаў. Гісторык Вацлаў Пануцэвіч зьвяртае ўвагу на тое, што ў назьве «зэмгалы» першая частка абазначае жамойтаў (жэймаў), а другая — мяжу (ад «галас»)[2].

Зэмгалія (Semigallia) і Жамойць. З мапы Рэчы Паспалітай, 1658 г.

Вялікі князь Гедзімін у сваім лісьце-пасланьні да манахаў-францішканаў Саксоніі, датаваным 26 траўнем 1323 году, запрашаў у Вялікае Княства Літоўскае чатырох прапаведнікаў, каб яны маглі апеквацца двума касьцёламі, збудаванымі ў Вільні і Наваградку. Гедзімін ставіў умову і пажаданьне, каб місіянэры абавязкова ведалі польскую, зэмгальскую[a] і рускую мовы. У пасланьні таксама дадавалася, што гэтымі мовамі валодалі іншыя місіянэры, якія дагэтуль былі або яшчэ знаходзіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім[3].

Тым часам яшчэ Густынскі летапіс называў зэмгалаў жамойтамі[4], а нямецкі гісторык Ёганэс Фохт(en) у 1828 годзе зьвяртаў увагу на тое, што ў старажытнасьці саамы займалі даволі вялікую тэрыторыю, а таксама на падабенства паміж зэмгаламі, жамойтамі і самляндцамі, назвы якіх ён зьвязваў менавіта з саамамі[b][5]. У 1847 годзе ў часопісе Міністэрства народнай асьветы Расейскай імпэрыі зазначалася, што «Самаеды, Самагіты, Самігалы, Сембы або Самлянд ёсьць народамі, прыналежнымі да Фінскага кораню»[c][6].

Зэмгалія (Semigallo), а таксама пруская (Samland) і літоўская (Samogitie) Жамойць, 1768 г.

У 1420 годзе пасланцы вялікага князя Вітаўта на арбітражным працэсе наконт дзяржаўнай прыналежнасьці Жамойці, які праходзіў ва Ўроцлаве, сьцьвярджалі перад судом, што існавала «тры зямлі Жамойтаў»[7]. Паводле Вацлава Пануцэвіча, жамойцкае сялянскае насельніцтва складала падуладную большасьць у пэўных землях Тэўтонскага ордэну (Самляндыя), Вялікага Княства Літоўскага (Жамойць) і Лівонскага ордэну[8]. Тым часам нямецкі энцыкляпэдыст XVII ст. Марцін Цайлер(ru), які карыстаўся шматлікімі гістарычнымі працамі і геаграфічнымі апісаньнямі, пры апісаньні[9] сталіцы Зэмгаліі Мітавы зазначаў, што паводле Альбэрта Каяловіча, «у 1315 годзе, альбо каля таго часу, лівонцы аднялі ў ліцьвінаў гэтую частку Samogitien, якая цяпер называецца Курляндыя, альбо Curonia»[10], і што «ў Samogitien, або Samaiten, або Sudinia, якую ў частцы Прусіі таксама называюць Sambiam, уладарыў брат узгаданага Lituonis, Saimo»[11]. Таксама ў Хроніцы Эўрапейскай Сарматыі, апублікаванай у 1582 годзе, паведамлялася[12]:

« А ў Прусіі, Самбіі, краі, які называюць па-нямецку Судавэн, Самлянд, і каля Інстэрборгу, Рагнеты і ў Курляндзкім краі сельскія мужыкі, якія ўсе ёсьць жамойтамі і размаўляюць на жамойцкай мове аж да Караляўца, што я сам чуў і бачыў…
Арыгінальны тэкст  (пол.)
W Prusiech zaś w Sambiej, którą ziemię zowią po niemiecku Sudawen, Samland i około Insterborku, Ragnety i w Kurlandskiej ziemi chłopstwo sielskie, którzy są wszyscy Żmodzinowie i żmodzkim językiem aż do Królewca, com sam słyszał i widział, mówią…
»

Тое, што зэмгалы (Samegallen або Semgallen), жамойты (Sameiten або Samogitier) і самляндцы (Samen або Samländern) ад пачатку складалі адно племя, зазначаў яшчэ ў 1859 годзе курляндзка-нямецкі гісторык Отта фон Рутэнбэрг(de)[13].

Паводле слоўніка курляндзка-нямецкага лінгвіста Фрыдрыха Штэндэра(en), надрукаванага ў 1789 годзе, назва «жамойцкая мова» (лат. Smuhdschu walloda) бытавала сярод латышоў і пазначала латыскі дыялект, пераходны да летувіскай (жамойцкай) мовы[14].

Адзін зь першых ідэолягаў летувіскага нацыянальнага абуджэньня Сыманас Даўкантас (1793—1864) атаясамліваў з Жамойцю Балтыйскае ўзьбярэжжа ад утоку Віслы (Самляндыя) да Гаўі (Зэмгалія)[15].

У XIII ст. крыжакі захапілі Зэмгалію, якая стала часткай Лівонскага ордэну. З 1561 году ўваходзіла ў склад Курляндзкага герцагства (у 1596—1617 гадох самастойнае Зэмгальскае герцагства), у 1795—1917 гадох усходняя частка Курляндзкай губэрні Расейскай імпэрыі.

Ляндшафт Сэмігаліі — раўнінны. Апроч Дзьвіны, важнай ракой ёсьць Ліелупэ. Да ліку найбольшых местаў належыць былая сталіца Елгава (Мітава), а таксама Баўска. Галоўнай турыстычнай славутасьцю рэгіёну лічыцца Рундальскі палац пад Баўскай.

  1. ^ На думку гісторыка Паўла Урбана, гэты упамін зэмгальскай мовы можа тлумачыцца тым, што ў 1289—1290 гадох па паразе паўстаньня супраць Лівонскага ордэну у ВКЛ перасялілася каля 100 тысячаў зэмгалаў
  2. ^ ням. «Die weite Ausdehnung der Wohnsige der Westier in alter Zeit und die Große, welche früher dem Lande der Samen zugeschrieben wird, besonders bei den Skandinavischen Chronisten, lassen schon von selbst auf eine weite Ausdehnung des Samischen Volkes schließen. Auf eine Verwandtschaft der Samlander, Samaiten und Semgallen weisen aber außerdem auch Name, Sitte, Verfassung und Religion hin. Von dies sen letzteren hier weiter zu sprechen, ist nicht der geeignete Ort; der Name der Samen aber geht auch durch die beiden Benennungen Samaiten und Semgalen durch, denn Semgallen ist aus Semme und Gals, Galas, d. h. das Zeußerste, Ende, die Granze, zusammengesetzt, ebenso wie Widsemme, das Withland oder Widenland s. v. a. Gothenland, als Name des Lettlandes, welchen Namen man gewiß unrichtig durch Mittelland erklärt.»
  3. ^ рас. «Самоеды, Самогиты, Самигалы, Сембы или Самланд суть народы, принадлежащие к Финскому корню»
  1. ^ Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 182, 283.
  2. ^ Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 169, 279.
  3. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 102.
  4. ^ Штыхаў Г. Земгалы // БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 54.
  5. ^ Voigt J. Geschichte Preussens. B. 3. — Königsberg, 1828. S. 65.
  6. ^ Журнал Министерства народного просвещения. Ч. 56, 1847. С. 130.
  7. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 24.
  8. ^ Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 269.
  9. ^ Іншае апісаньне Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага… у перакладзе Алега (Давіда) Лісоўскага, Беларуская Палічка
  10. ^ Zeiller M. Anderte Beschreibung deß Königreichs Polen und Großherzogthumbs Lithauen. — Ulm, 1657. S. 213.
  11. ^ Zeiller M. Anderte Beschreibung deß Königreichs Polen und Großherzogthumbs Lithauen. — Ulm, 1657. S. 102.
  12. ^ Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiej Rusi Maciejá Stryjkowskiego. T. 1. — Warszawa, 1846. S. 148.
  13. ^ Rutenberg O. Geschichte der Ostseeprovinzen, Liv-, Esth-, und Kurland. B. 1. — Liepzig, 1859. P. 146.
  14. ^ Stenders G. F. Lettisches Lexikon. T. 1. — Jelgava, 1789. S. 280.
  15. ^ Вольтер Э. Самогиты // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона : в 86 т. (82 т. и 4 доп.). — СПб.: 1900 Т. XXVIIIa. — С. 205—206.