Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музэй

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музэй
2018 год
Тып этнаграфічны
Філіі 5: Аўсянка, Копцеўка, Маслакі, Раманаў і Сава
Месцазнаходжаньне ГоркіБеларусь
Адрас вул. Крупскай, д. 3
Тэматыка калекцыі краязнаўства, этнаграфія
Велічыня калекцыі 15 000 адзінак захоўваньня (2022 год)
Плошча экспазыцыі 191 кв.м.
Наведнікаў 15 000 (2003 год)
Створаны 14 сьнежня 1984 (39 гадоў таму)
Адкрыты 1 лістапада 1988 (35 гадоў таму)
Заснавальнік Горацкі раённы выканаўчы камітэт
Дырэктар Сьвятлана Макеева
Геаграфічныя каардынаты 54°17′11″ пн. ш. 30°59′12″ у. д. / 54.28639° пн. ш. 30.98667° у. д. / 54.28639; 30.98667Каардынаты: 54°17′11″ пн. ш. 30°59′12″ у. д. / 54.28639° пн. ш. 30.98667° у. д. / 54.28639; 30.98667
Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музэй на мапе Беларусі
Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музэй
Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музэй
Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музэй
gorki.museum.by/be

Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музэй — дзяржаўны музэй Беларусі, заснаваны ў сьнежні 1984 году ў Горках (Магілёўская вобласьць).

На 2022 год налічваў каля 15 000 адзінак захоўваньня, у тым ліку 25 акварэльных карцінаў Фёдара Кісялёва. Захоўвалася 7 асноўных збораў: археалягічны, друкаваны, мастацкі, нумізматычны, фалерыстычны і фатаграфічны. У музэі рэгулярна ладзілі кніжныя прэзэнтацыі і музычныя вечарыны, дні краязнаўства і выязныя тыдні для школ, сустрэчы і майстар-клясы з мастакамі і паэтамі. Музэй служыў месцам падвядзеньня вынікаў раённых літаратурных конкурсаў. Пры музэі дзейнічалі народныя аматарскія аб’яднаньні «Мастацтва» і «Роднае слова», а таксама салён-крама з карцінамі і дэкорам мастакоў, сувэнірнымі магнітамі і паштоўкамі[1]. Паводле 164-га артыкула Кодэксу Беларусі аб культуры, ладзіў бясплатнае наведваньне ў апошнюю суботу кожнага месяца. На пастаяннай аснове музэй маглі бясплатна наведваць дзеці да 7 гадоў[2]. Сярод іншага, этнаграфічны збор налічваў звыш 400 музэйных прадметаў, у тым ліку звыш 100 драўляных вырабаў горацкіх рамесьнікаў:

Уваходны квіток для дарослых на наведваньне выставаў каштаваў 2 рублі[4].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

14 сьнежня 1984 году Выканаўчыя камітэты Горацкага раённага Савету народных дэпутатаў і Горацкага гарадзкога Савету народных дэпутатаў ухвалілі сумесную Пастанову № 34-1016/27 аб стварэньні Горацкага дзяржаўнага гісторыка-этнаграфічнага музэю. Гэтай Пастановай аддзелу культуры Горацкага райвыканкаму перадалі адміністрацыйны будынак вузла сувязі. Навуковую канцэпцыю і выставачны плян зрабіў Уладзімер Ліўшыц пры ўдзеле Ільлі Стальмашонка, Вольгі Гулевіч і Раісы Мірончыкавай. У верасьні 1987 году мастакі Магілёўскага мастацкага камбінату пачалі ствараць экспазыцыю музэя. 1 траўня 1988 году правялі 1-ю Экскурсію. 1 лістапада 1988 году музэй адчынілі для наведваньня[5]. 15 лютага 1989 году Ўправа культуры Магілёўскага абласнога Савету народных дэпутатаў ухваліла Загад аб пераўтварэньні музэя ў раённы. Выставачная плошча 6 заляў склала 191 кв.м. Тады ж Горацкі гарадзкі выканаўчы камітэт перадаў аддзелу культуры Горацкага райвыканкаму былы будынак крамы культтавараў па Інтэрнацыянальным завулку, д. 4. 9 траўня 1989 году ў гэтым будынку адчынілі карцінную галерэю, аснову якой склалі 21 карціна Якава Сімкіна, 17 карцінаў Васіля Васільева і 2 карціны Фэлікса Яўмененкі[1]. У 1990 годзе пры музэі стварылі Горацкае раённае краязнаўчае таварыства, якое аднойчы на 2 гады стала ладзіць краязнаўчую канфэрэнцыю і выпускаць краязнаўчы зборнік «Бацькаўшчына». У 1992 годзе Горацкі гісторыка-этнаграфічны музэй пачаў штогод праводзіць «Гарэцкія чытаньні» і выдаваць аднайменны зборнік[5].

На 1992 год музэй меў 8 экспазыцыйных заляў агульнай плошчай 426 кв.м і звыш 3000 экспанатаў асноўнага фонду. Налічвалася 6 аддзелаў: археалягічны, Вялікай Айчыннай вайны, гісторыі краю дасавецкага пэрыяду, мастацкі і этнаграфічны. У музэі выстаўлялі: прылады паляваньня і працы часоў нэаліту, знойдзеный у Горацкім і суседніх раёнах; сьвідраваныя і шліфаваныя каменныя сякеры бронзавага веку, жалезныя вырабы і фрагмэнты гліняных ляпных пасудзінаў днепра-дзьвінскай культуры з гарадзішча Нікадзімава (Горскі сельсавет); прылады працы і рыбалоўства, упрыгожаньні і гліняны посуд зарубінецкай культуры з гарадзішча Горы; збор расейскіх манэтаў 18—20 стагодзьдзяў; электрыфікаваную мапу «Археалягічныя помнікі Горацкага раёну»; фотакопію Мэтрыкі Вялікага Княства Літоўскага зь 1-й пісьмовай згадкай вёскі і маёнтка Горкі ў складзе Мсьціслаўскага ваяводзтва; мапу сялянскіх хваляваньняў 1655 году. Асобны стэнд займалі матэрыялы пра Горацкі маёнтак: фотакопія інвэнтара 1683 году, мапа «Гандлёвыя шляхі ў XV—XVIII стагодзьдзях», збор солідаў 1660—1665 гадоў і пералік 28 прафэсіяў горацкіх рамесьнікаў. Стэнд пра Паўночную вайну 1700—1721 гадоў зьмяшчаў копію мапы-схемы «Лягер расейскай арміі пад кіраўніцтвам Пятра І з 13 ліпеня па 1 жніўня 1708 г. на рацэ Проня» і гравюру Віктара Мазуроўскага «Бітва каля Лясной вёскі». Стэнд пра расейска-францускую вайну 1812 году ўлучаў мапу дзеяньня расейскага войска пад загадам Адама Ажароўскага і змаганьне супраць французаў сялянаў Машкова Горы-Горацкага маёнтка[6].

Істотную частку экспазыцыі займалі матэрыялы пра Горы-Горацкі земляробчы інстытут: фотакопія дакумэнта аб заснаваньні ў 1836 годзе земляробчай школы, здымкі карпусоў і лябараторыяў, працы навукоўцаў Аляксандра Саветава і Івана Сьцебута. Выстаўляліся крыніцы і ўспаміны пра падзеі ў Горках: падчас паўстаньне 1863—1864 гадоў, у тым ліку партрэт паўстанца Міхаіла Янкоўскага і карціна Б. Пярвунінскіх «Выступленьне Людвіка Зьвяждоўскага на рынкавай плошчы 24 красавіка 1865 году». Сярод экспанатаў прысутнічалі апісаньні мануфактураў у Горках, прашэньні жыхароў Горацкага павету на імя расейскага цара аб паляпшэньні становішча сялянаў, фотакопіі газэты «Наша ніва» з допісам вучня зебляробчай школы Максіма Гарэцкага, партрэт сябра выканаўчага камітэту арганізацыі «Народная воля» Р.П. Ісаева, які спрабаваў стварыць у Горацкім павеце народніцкае пасяленьне. Сярод іншага выстаўлялі матэрыялы пра іскраўскі рух і Горацкую арганізацыю Расейскай сацыял-дэмакратычнай працоўнай партыі, а таксама пра ўдзел землякоў у рэвалюцыйным руху, у тым ліку пра старшыню 1-га рэвалюцыйнага камітэту на Чукотцы Міхаіла Мандрыкава. Экспанаты музэю таксама тычыліся калектывізацыі ў Горацкім раёне і безпадстаўных рэпрэсіяў супраць землякоў. У экспазыцыі пра Нямецка-савецкую вайну знаходзіліся матэрыялы пра нямецкую акупацыю раёну, дзейнасьць Горацкага падпольля і землякоў-герояў Савецкага СаюзуМіхаіла Аўдзеева, Рыгора Дольнікава, Ціта Сянькова, Зьмітра Сухаварава, Фёдара Ўгначова, Міколу Шындзікава і Івана Якубоўскага[6].

Таксама ў экспазыцыі былі матэрыялы пра баявыя дзеяньні ў Горацкім раёне польскай дывізіі імя Тадэвуша Касьцюшкі і лётчыкаў эскадрыльлі «Нармандыя—Нёман» ды пра вызваленьне Горацкага раёну ад нямецкай акупацыі. Паваеннаму жыцьцю прысьвяцілі экспазыцыі «Сельская гаспадарка раёну», «Разьвіцьцё транспарту, прамысловасьці і побытавага абслугоўваньня», «Народная асьвета, ахова здароўя і культура». У аддзеле этнаграфіі выстаўлялі земляробчыя прылады, каменныя жорны і ступы, лубяную сявеньку і адзеньне ХІХ стагодзьдзя, вырабы ганчарства і ткацтва, прылады кавалёў і сталяроў, цесьляроў і шапавалаў, выданьні пра вывучэньне этнаграфічных асаблівасьцяў краю. Мастацкі аддзел меў выгляд мастацкай галерэі, дзе выстаўлялі творы такіх мясцовых маляроў, як Васіль Васільеў, Якаў Сімкін і Ф.К. Яўмененкі. На 1993 год аддзяленьні музэю працавалі ў Аўсянцы, Копцеўцы, Маслаках і Раманаве[6], якія адчынілі цягам 1991—1995 гадоў.

У 1996 годзе Магілёўскае абласное тэлебачаньне зьняла 20-хвілінны тэлефільм пра Горацкі гісторыка-этнаграфічны музэй. У 1997-м адчынілі музэй-кабінэт Максіма Гарэцкага. У 1998-м — музэй Васіля Каваля ў Саве. За 1993—2003 гады музэй выдаў звыш 40 кніг і правёў каля 6000 экскурсіяў для больш як 150 000 наведнікаў. Карцінны збор музэю, які ўлучаў творы народнага аматарскага аб’яднаньня «Лазінка», выстаўлялі ў Магілёве і раённых цэнтрах Магілёўскай вобласьці[5].

У 2000-я гады Горацкі гісторыка-этнаграфічны музэй папоўнілі знаходкі ХІХ стагодзьдзя — піяніна «Вінкельман» і ангельская швачная машынка «Арыгінальная Вікторыя». У 2012 годзе выставілі дарэвалюцыйныя крымінальныя і цывільныя судовыя справы, якія знайшлі на даху старога будынку ў Горках. На 2014 год у музэі захоўвалася каля 10 000 экспанатаў, сярод якіх быў каменны абразок ХІІ стагодзьдзя ў выглядзе праваслаўнага крыжа з надпісамі ІХО (Ісус Хрыстос) і «Ніка» (Пераможца). Таксама ў зборах музэю знаходзіліся: дзіда Х стагодзьдзя і аптэчныя сыгнатуры пачатку ХХ стагодзьдзя, у тым ліку мясцовага аптэкара Казімера Пазьдзерскага, які вынайшаў крэм ад вяснушак і атрымаў за яго залаты мэдаль у 1900 годзе ў Парыжы (Францыя). Ад 2012 году музэй месьціўся ў будынку ХІХ стагодзьдзя, дзе працаваў Пазьдзерскі[7].

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Гісторыя стварэньня і дзейнасьць (рас.) // Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музэй, 15 траўня 2022 г. Праверана 28 чэрвеня 2022 г.
  2. ^ Бясплатнае наведваньне (рас.) // Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музэй, 15 траўня 2022 г. Праверана 28 чэрвеня 2022 г.
  3. ^ Этнаграфічная калекцыя // Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музэй, 15 траўня 2022 г. Праверана 28 чэрвеня 2022 г.
  4. ^ Цана паслугаў (рас.) // Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музэй, 15 траўня 2022 г. Праверана 28 чэрвеня 2022 г.
  5. ^ а б в Музэі Горацкага раёну // Магілёўская абласная бібліятэка, 2005 г. Праверана 28 чэрвеня 2022 г.
  6. ^ а б в Уладзімер Ліўшыц. Горацкі гістарычна-этнаграфічны музэй // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў, маст. Эдуард Жакевіч. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — С. 8687. — 592 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0141-2
  7. ^ Нэлі Зігуля. Рарытэты ў падарунак // Зьвязда : газэта. — 20 лютага 2014. — № 32 (27642). — С. 7. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Навіны // Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музэй, 15 траўня 2022 г. Праверана 28 чэрвеня 2022 г.