Міхаіл Мандрыкаў
Міхаіл Сяргеевіч Мандрыкаў (5 лістапада 1888, м. Горы, Горацкая воласьць, Чавускі павет, Магілёўская губэрня, Расейская імпэрыя — 2 лютага 1920, Нова-Марыінск, Анадырскі павет, Камчацкая вобласьць) — удзельнік усталяваньня Савецкай улады на Чукотцы.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіў з сялянаў. У 1900 г. скончыў у Горах трохгадовую народную вучэльню, вучыўся ў рамеснай вучэльні. У 1909—1910 гг. працаваў у Екацерынаславе на чыгунцы, памагатым вагавага майстра.
У 1910—1913 гг. служыў на Балтыйскім флёце на мінаносцы «Громовой» і крэйсэры «Олег». У 1914 г. працоўны Франка-Рускага заводу ў Петраградзе, арыштаваны за ўдзел у страйку.
З 1915 г. у Прыморскім краі. Старшыня Зьвязу прыамурскіх каапэратываў, які меў зварот у 40 мільёнаў рублёў. У 1916 г. працоўны Ваеннага порта Ўладзівастока, падазраваўся паліцыяй у сувязях з сацыял-дэмакратамі. У 1917 матрос гвардзейскага экіпажа. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году сябра Ўладзівастоцкага Савету, левы эсэр. Удзельнік III Усерасейскага зьезду Саветаў (1918). Сябра КП(б) з 1918 г. У 1919 быў арыштаваны калчакоўцамі, уцёк, хаваўся ў Галубінай падзі. З усталяваньнем Савецкай улады таварыш Наркама па харчы. У верасьні 1919 г. накіраваны, пад прозьвішчам Бязрукаў, Уладзівастоцкай арганізацыяй РКП(б) на Чукотку для ліквідацыі калчакаўскай улады і ўсталяваньні савецкай улады. У ноч на 16 сьнежня 1919 г. улада ў Нова-Марыінску перайшла ў рукі Мандрыкава і перш за ўсё былі расстраляныя прадстаўнікі ранейшай адміністрацыі, а жонка багацея Алена Бірыч была ўзятая ім у наложніцы, а сам ён стаў старшынём Анадырскага рэўкама. Праз 47 дзён пасьля «контрарэвалюцыйнага» перавароту Мандрыкаў быў расстраляны разам зь іншымі сябрамі рэўкаму на беразе ракі Казачкі.
У верасьні 1969 г. прах Мандрыкава быў урачыста перапахаваны з могілак сяла Тавайваам (побач з горадам) на высокі бераг Анадырскага лімана. У дні імпрэзы 50-годзьдзя з дня ўтварэньня Чукоцкай аўтаномнай акругі (1980) тут быў адкрыты мэмарыяльны комплекс (скульптар В. Н. Каралеў): у цэнтры постаць М. Мандрыкава, адлітая з чыгуну, а побач, на бэтоннай пліце, постаці яго паплечнікаў і вечны агонь.
Імем М. С. Мандрыкава названа вуліца ў в. Горы Горацкага раёну, усталяваны бюст; у музэі Горацкай сярэдняй школы яму прысьвечаная экспазыцыя. Ён герой рамана Ю. Рытхэў «Канец вечнай мерзлаты» (Масква. 1977. 415 с.), у Анадыры імем Мандрыкава названа вуліца, усталяваны помнік, у Чукоцкай аўтаномнай акрузе ягонае імя прысвоена рабочаму пасёлку золаташукальнікаў (Білібінскі раён, цяпер пасёлак бязьлюдны) і саўгасу, судну ледакольнага тыпу, шэрагу вуліцаў ў населеных пунктах.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Матвеев-Бодрый Н. Н. Михаил Сергеевич Мандриков. Магадан. 1957;
- Первый ревком Чукотки (1919—1923 гг.). Сборник документов и материалов. Магадан. 1957;
- Бейзераў К. М. Мандрыкаў Міхаіл Сяргеевіч. // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. VI. Мінск. 1972. С. 612—613;
- Аферовский А. Свет северного сияния. Документально-художественная повесть. Минск. 1988;
- Мандрыкаў Міхаіл Сяргеевіч. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі у 6 тамах. Т. 5. Мінск. 1999. С 67;
- Ермоленко В. Основатель Анадыря. // Ермоленко В. Белорусы и Русский Север. Минск. 2009.С. 118—122.