Перайсьці да зьместу

Вяляцічы (Менская вобласьць)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вяляцічы
трансьліт. Vialiacičy
Першыя згадкі: 1562
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Барысаўскі
Сельсавет: Вяляціцкі
Вышыня: 157 м н. у. м.
Насельніцтва: 1192 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 177
Паштовы індэкс: 222124[1]
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°9′53.7″ пн. ш. 28°54′21.2″ у. д. / 54.164917° пн. ш. 28.905889° у. д. / 54.164917; 28.905889Каардынаты: 54°9′53.7″ пн. ш. 28°54′21.2″ у. д. / 54.164917° пн. ш. 28.905889° у. д. / 54.164917; 28.905889
Вяляцічы на мапе Беларусі ±
Вяляцічы
Вяляцічы
Вяляцічы
Вяляцічы
Вяляцічы
Вяляцічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Вяля́цічы[2] — аграгарадок у Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, на рацэ Нача, за 27 км на ўсход ад Барысава, за 10 км на паўночны ўсход ад Азьдзяцічаў, за 5 км на поўдзень ад Сморак. Вяляцічы ўваходзяць у склад і зьяўляюцца цэнтрам Вяляціцкага сельсавету.

Прынята лічыць, што назва Вяляцічы ўтворана ад назвы старажытнага племені волатаў (вельтаў або велетаў), якія, мусіць, калісьці жылі ў гэтых мясьцінах. Аб даўнім пасяленьні людзей у гэтым краі сьведчаць шматлікія знаходкі рэчаў каменнага часу. Яшчэ ў 1916 годзе ў Вяляцічах былі знойдзены старажытныя каменныя сякера-клін і зерняцёркі. Пазьней ля месца ўпадзеньня ракі Начы ў Бобр знаходзілі крамянёвыя прылады працы. У 1954 годзе ў кар’еры на левым беразе Начы было выяўлена самае старое зь вядомых на Барысаўшчыне пахаваньняў. Яно датуецца часамі раньняга бронзавага пэрыяду (2000—1500 гадоў да нашай эры). У ім акрамя непасрэдна пахаваньня былі сякера ў выглядзе ладзьдзі з грыбападобным абухам і дзьве крамянёвыя вузкаабушныя сякеры.

Яшчэ з ХІХ стагодзьдзя дасьледчыкам вядома пра старажытнае гарадзішча ў Вяляцічах. Яно знаходзілася недалёка ад месца ўпадзеньня Начы ў Бобр і датавалася канцом першага тысячагодзьдзя да нашай эры — першай паловай першага тысячагодзьдзя нашай эры. У 1936 годзе на ім праводзіліся дасьледаваньні, якія выявілі рэчы часоў культуры штрыхаванай керамікі і часткова мілаградзкай культуры. Гарадзішча яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі ўтрымлівала роў, які добра прасочваўся і меў выразна абарончае прызначэньне. Усё гэта не дайшло да нашага часу.

Сьведкамі больш позьніх часоў прабываньня на гэтых землях людзей зьяўляюцца курганы (ці інакш — валатоўкі, капцы), якія знаходзяцца ва ўрочышчы Валаткова поле ля Перавозу. Выяўлены яны ў 1924 годзе. На той момант адзначаецца цэлая група курганоў. У 1979 годзе іх было толькі 13. Цяпер іх засталося ўсяго тры. Вяляціцкія курганы ўяўляюць сабою пахаваньні X—XI стагодзьдзяў.

Нягледзячы на шматлікасьць сьлядоў старых пасяленьняў у раёне Вяляцічаў, пісьмовыя зьвесткі пра іх у старыя часы практычна адсутнічаюць. У 1516 годзе праз гэтыя землі ў кірунку Друцак — Гародня (цяпер Гародня — вёска ў Крупскім раёне за 7 км на ўсход ад Вяляцічаў) — Барысаў ехаў Сігізмунд Герберштэйн. Напрыканцы таго ж году ён вяртаўся тым самым шляхам. Аднак нічога пра Вяляцічы ў яго запісках не гаворыцца. Больш таго, Герберштэйн паміж Гародняй і Барысавам узгадваў толькі адну вёску, якая была на палове шляху, а ў астатніх месцах вандроўнік адзначаў бязьлюднасьць.

Найбольш старое пісьмовае сьведчаньне пра Вяляцічы можа быць аднесена да 1562 году.

Вяляцічы ў ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя былі цэнтрам воласьці, і ў іх разьмяшчалася валасное праўленьне. Усяго па стану на 1890 год Вяляціцкая воласьць уключала 43 пасяленьні з 1310 сялянскімі і 195 несялянскімі дварамі. Усяго ў воласьці пражывала 10625 чалавек. З 1924 году Вяляцічы зьяўляюцца цэнтрам сельсавету.

Гаспадары земляў у навакольлях Вяляціч на працягу гісторыі шмат разоў зьмяняліся. У ХVІ стагодзьдзі — гэта была прыватная зямля. У ХVІІ стагодзьдзі яна ўжо належыла дзяржаве. На пачатку ХІХ стагодзьдзя яна была ў пажыцьцёвым валоданьні І. Тышкевіча. Аднак пазьней — у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя яна зноў была дзяржаўнай. З 15 траўня 1869 году яе купляе і валодае ёю Пётар Занцэвіч. У яго нашчадкаў маёнтак і знаходзіўся да рэвалюцыі 1917 году.

Цэнтрам буйнога тамтэйшага землеўладаньня на працягу стагодзьдзяў зьяўляўся вяляціцкі маёнтак. Ён значна пацярпеў падчас вайны 1812 году. Напярэдадні рэвалюцыі ён уяўляў сабой некалькі будынкаў, у тым ліку жылы панскі дом і шэраг гаспадарчых пабудоваў. Знаходзіліся яны ля маляўнічага берага сажалкі. Меў маёнтак вельмі прыгожы і дагледжаны парк. Кажуць, што ў цёмны час алеі парка асьвятляліся адмысловымі ліхтарамі. Здаўна ў маёнтку існаваў вадзяны млын. Узгадваецца ён ў 1644, 1722, 1800, 1870 і іншых гадах. Апошні млын быў двухпавярховым, драўляным, пабудаваны ён быў да рэвалюцыі і працягваў працаваць яшчэ першы час пасьля апошняй вайны. На ім можна было ня толькі змалоць зерне, але і вырабіць крупу, зьбіць масла і выканаць шмат што яшчэ. Рэшткі млына і канала, што падводзіў ваду да яго, можна назіраць і зараз.

Пасьля рэвалюцыі маёнтак і яго парк хутка прыйшлі ў заняпад. Цяпер практычна нічога ад іх не засталося і ўжо нішто не нагадвае пра былое хараство. Толькі дзе-нідзе ў жыхароў Вяляцічаў можна яшчэ сустрэць асобныя рэчы, якія калісьці належылі Занцэвічам.

Узгадваюцца ў старых дакумэнтах у Вяляцічах і карчма (1722 год), піцейная крама (1870 год), хлебазапасная крама (1870 год), сукнавальня (1800 год, 1932 год), смалакурня (1917 год), лесапілка (1800 год), кузьня (1917 год і пазьней), ваўначоска (1917 год).

Вайна 1812 году пакінула аб сабе сьлед у Вяляцічах. У прыватнасьці, у наступным паданьні. Падчас адступленьня французаў у Вяляцічах спынілася іх група войск. Ля месца ўпадзеньня Начы ў Бобр французы вырашылі капаць вялікія ямы. З гэтай нагоды яны сабралі мясцовых мужыкоў. У ямы закопвалі забітых салдат і нарабаваную маёмасьць. Усіх працаўнікоў, што ўдзельнічалі ў гэтай рабоце, французы, каб мужыкі нічога не змаглі сказаць пра закапаныя скарбы, забралі з сабою.

Мелі Вяляцічы ў старыя часы дзьве школы. Адна зь іх — так званае народнае (міністэрскае) вучылішча — была заснавана ў 1845 годзе (паводле іншых зьвестак у 1868 годзе). У ёй у 1892 годзе навучалася больш за сотню хлопчыкаў і дзяўчат. У 1908 годзе для школы быў узьведзены асобны будынак. Іншая, элітная навучальная ўстанова — лясная школа, існавала ў непасрэднай блізкасьці ад Вяляцічаў на левым беразе ракі Нача. У яе маглі трапіць дзеці толькі з багатых сем’яў або дзеці бацькоў, якія займалі пэўнае становішча ў грамадзтве. Пасьля рэвалюцыі тут была спачатку база Менскага лесатэхнічнага інстытуту, пазьней — разьмешчана вайсковая частка. Знаходзілася яна там да нядаўняга часу.

Багата на традыцыі рэлігійнае жыцьцё Вяляцічаў. З даўніх часоў тут існаваў праваслаўны манастыр. Знаходзіўся ён на востраве, які ўтвараўся з аднаго боку ракой Нача, з другога — забалочанай поймай з каналам, або старым рэчышчам ракі. Гэта месца яшчэ й цяпер вельмі добра прасочваецца. Час заснаваньня манастыра невядомы. Існавала паданьне, што калісьці на гэтым месцы зьявіўся і быў заўважаны старцамі-інакамі з Кіева, што прыйшлі ў Вяляцічы, абраз Маці Божай. У гонар гэтага старцы пасяліліся тут у падземнай пячоры, пабудавалі спачатку капліцу, а потым і царкву. Так быў заснаваны манастыр. Спыніў ён сваё існаваньне ў 1706 годзе, а яго манахі перасяліліся ў Кіеў. Царква, якая мела назву Пакроўская, на месцы манастыра яшчэ амаль два з паловай стагодзьдзі працягвала існаваць, а за месцам, дзе яна знаходзілася, замацавалася назва Манастырок. На ім першапачаткова былі пахаваньні толькі тамтэйшых настаяцеляў манастыра і яго манахаў. Пасьля яго закрыцьця тут сталі хаваць жыхароў навакольляў, і Манастырок паступова пераўтварыўся ў могілкі. Апошняя тутэйшая царква была пабудавана з дрэва на пачатку ХІХ стагодзьдзя. Набажэнствы ў ёй праводзіліся толькі на сьвяты, калі на могілках зьбіраліся людзі. Праіснавала царква амаль да Другой сусьветнай вайны. Пасьля чаго яна была разабрана і перавезена ў цэнтар вёскі. Тут зь яе бярвеньняў была зроблена крама. Да нашага часу яна таксама не захавалася. Калі разьбіралі царкву, людзі, каб выратаваць абразы, забіралі іх дадому. Так частка зь іх здолела дайсьці да нашага часу. Кажуць, што такім чынам людзі змаглі захаваць і найгалоўную каштоўнасьць Манастырка — абраз Маці Божай.

Былі на Манастырку яшчэ тры капліцы: адна ля крыніцы і дзьве на могілках. Усе яны ўзгадваюцца яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі. Існавалі яны і пасьля рэвалюцыі. Толькі адна зь іх — на могілках — была мураваная і захавалася да нашага часу.

Яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя на Манастырку на маладзіковую нядзелю (першую нядзелю пасьля маладзіка) у царкве зьдзяйсьняўся хросны ход. Сюды зьбіраліся паломнікі ня толькі з навакольных вёсак, але і з больш далёкіх краёў. Паводле П. Шпілеўскага, кожны зь іх нёс з сабою выяву з дрэва той часткі цела, якая ў яго хварэла. Калі быў падзёж быдла, несьлі выяву часткі адпаведных жывёлін. Усе гэтыя выявы кідаліся на дарогу, якая вяла праз забалоцістую пойму да Манастырка. Такім чынам тут штогод абнаўлялася такая спэцыфічная грэбля. Пачынаўся гэты шлях ад крынічкі, на месцы якой была зроблена студня. Яе вада лічылася гаючай. Таму вернікі набіралі яе для вылечваньня розных хваробаў і потым развозілі яе дадому. На самім Манастырку вернікі пакланяліся цудатворнаму абразу Маці Божай. Аднак на працягу ХІХ стагодзьдзя традыцыя паломніцтва на Манастырок на маладзіковую нядзелю практычна зьнікла.

Іншае, больш значнае і больш масавае сьвята на Манастарку, адбывалася на Пакроў. У гэты дзень таксама зьбіралася вялікая колькасьць людзей як зь Вяляцічаў, так і зь іншых месцаў. Прыходзілі як пешшу, так і прыязджалі на конях. Былі як простыя людзі, так і шляхта. Штогод на Пакроў адбывалася асьвяшчэньне вады ў крыніцы. Вернікі як і на маладзіковую нядзелю набіралі яе для лекаваньня розных хваробаў. У каго былі хворыя вочы, мылі іх ёю і г. д. Паабапал грэблі зьбіраліся людзі, якія сваімі сьпевамі хацелі зарабіць грошы. Іх было чуваць здалёк. Ва ўзнагароду за сьпевы ім давалі грошы хто колькі мог. Хто бядней — даваў капейкі, хто багацей — мог пакласьці і рубель. Пасьля набажэнства ў царкве людзі ішлі да пахаваньняў сваіх родзічаў і паміналі іх.

На ўзвышшы перад пачаткам грэблі ладзіўся кірмаш. Тут можна было набыць што заўгодна. Для аматараў ласункаў былі абаранкі і іншыя пачастункі, для гаспадынь былі самапрадкі, шпулкі ды шмат чаго яшчэ. Гэта традыцыя працягвалася да другой сусьветнай вайны. Хто-ніхто зь вяляцічцаў яшчэ й цяпер выкарыстоўвае ваду з той крыніцы, на якой зараз маецца калодзеж, для мэтаў лекаваньня. Аднак зараз гэта робіцца бязь лішняй агалоскі, а традыцыі паломніцтва ўжо канчаткова забытыя.

Акрамя царквы і капліц на Манастырку існавала ў цэнтры Вяляцічаў прыходзкая царква, якая мела назву Прэабражэнская. Апошні яе будынак быў узьведзены з дрэва ў 1850 годзе (па іншых дадзеных — у 1851 годзе). Пакроўская царква на Манастырку была прыпісана да яе. Не пазьней пачатку XVIII стагодзьдзя вяляціцкія цэрквы зь іх прыхаджанамі перайшлі ва уніяцтва. Магчыма, што гэта і было адной з асноўных прычын закрыцьця манастыра. З уніяцтва ў маскоўскае праваслаўе вяляціцкія вернікі перайшлі пасьля касаваньня уніі ў 1839 годзе. Апошнім перад рэвалюцыяй сьвятаром у Вяляціцкай царкве быў Фёдар Шаркоўскі. Падчас другой сусьветнай вайны царква яшчэ функцыянавала. Разабрана яна была пасьля вайны. Пры гэтым частка абразоў была перавезена ў царкву ў Сморках. Туды ж яшчэ доўгі час працягвалі хадзіць вернікі на набажэнствы. У 2000 годзе ў Вяляцічах на іншым месцы была пабудавана новая царква. Частка абразоў старой царквы ў яе была са Сморак вернута.

Яшчэ адна цікавая традыцыя існуе ў Вяляцічах на вуліцы Кастрычніцкай. Зьвязана яна са штогадовай перадачай у дзень сьвятога Міхала абраза Божай маці з хаты ў хату. Калі надыходзіць гэты дзень, гаспадар хаты, у якой знаходзіцца ікона, запрашае з царквы айца. Ладзіцца служба, пасьля чаго абраз нясецца па вуліцы ў тую хату, дзе яго прымаюць. Так паўтараецца штогод. Прычым абраз гэты быў захаваны, нягледзячы ні на вайну, ні на гады атэістычнай барацьбы з рэлігіяй.

Здаўна Вяляцічы былі адным з найбольшых пасяленьняў на Барысаўшчыне. У 1722 годзе тут узгадваецца 45 двароў. Так, у 1848 годзе ў іх было 85 двароў, што было меней толькі колькасьці двароў у Барысаве (422 двары) і Лошніцы (113 двароў). У 1886 годзе ў Вяляцічах ужо было 130 двароў і 1070 жыхароў, у 1908 годзе — 297 двароў (паводле іншых зьвестак — 270) і 2045 жыхароў, у 1917 годзе — 344 двары і 2185 жыхароў, у 1926 годзе — 395 двароў, 2460 жыхароў, у 1999 годзе — 1693 жыхары, у 2002 годзе — больш за 700 двароў, аднак, менш за 1900 жыхароў, у 2007 годзе — 1373 жыхароў, у 2008 годзе — 630 двароў, 1388 жыхароў[3], у 2010 годзе — 1192 жыхары.

Функцыянуюць: сярэдняя школа, музычная школа, дашкольная ўстанова, сельская ўчастковая лякарня, аптэка, Дом культуры, гандлёвы цэнтар, КПП, аддзяленьне сувязі, аддзяленьне АСБ «Беларусбанк», маюцца бібліятэка і стадыён.

На тэрыторыі аграгарадку разьмешчана РУСПП «Птушкасаўгас „Вяляціцкі“», асноўнымі кірункамі якога зьяўляюцца вытворчасьць мяса птушкі і малака.

Інфармацыя для турыстаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнікі архітэктуры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Царква Праабражэньня Гасподняга (1990-я гг.)
  • Капліца

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Царква Покрыва Прасьв. Багародзіцы (1848—1851 гг.)
  • Царква Праабражэньня Гасподняга (18—19 ст.ст.)
  • Вадзяны млын
  • Дзьве капліцы
  • Пётар Якаўлевіч Герке — вучоны ў вобласьці гісталёгіі і эмбрыялёгіі, нарадзіўся ў 1904 годзе, вучыўся ў БДУ, працаваў у Менскім мэдыцынскім інстытуце, у Навукова-дасьледчым інстытуце экспэрымэнтальнай і клінічнай мэдыцыны АН Латвійскай ССР. Напісаў шмат работ па параўнальнай эмбрыялёгіі млекакормячых. Аўтар падручнікаў і дапаможнікаў.
  • Марфа Васільеўна Паўлавец — спэцыяліст у галіне нэўрахірургіі, доктар мэдыцынскіх навук, заслужаны ўрач Беларусі, нарадзілася ў 1916 годзе. Вучылася ў Менскім мэдыцынскім інстытуце. Працавала ў Беларускім навукова-дасьледчым інстытуце нэўралёгіі, нэўрахірургіі і фізыятэрапіі, выкладала ў Беларускім інстытуце ўдасканаленьня ўрачоў. Аўтар шматлікіх навуковых прац.
  • Уладзімер Васільевіч Ізох — вучоны-радыёфізык, прафэсар, доктар тэхнічных навук, нарадзіўся ў 1934 годзе. Скончыў БДУ, асьпірантуру пры ім. Ён быў выдатным арганізатарам: пад яго кіраўніцтвам былі створаны па тым часе наватарскія навуковыя структуры, што паспрыяла ўдасканаленьню вучэбнага працэсу, падрыхтоўцы спэцыялістаў. Апублікаваў шмат навуковых прац і вучэбных дапаможнікаў.
  • Васіль Ярмалаевіч Дайлід — вучоны-ракетчык, працаваў намесьнікам начальніка першага ракетнага палігона ў СССР (Капусьцін Яр), на якім выпрабоўваліся першыя савецкія ракеты, што забясьпечыла лідэрства ў асваеньні космасу.
  • Аляксандар Іванавіч Касьцюкевіч — кандыдат матэматычных навук, працуе ў Менскім пэдунівэрсытэце імя Максіма Танка.
  • Пётар Мікалаевіч Касьцюкевіч — доктар тэхнічных навук, прафэсар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Яго сьмела можна назваць вяляціцкім Ламаносавым, бо ён пасьля заканчэньня школы без капейкі ў кішэні, з заціснутым у кулаку залатым мэдалём са шматлікімі прыгодамі дабраўся такі да Масквы і паступіў у славуты МДУ. Чалавек тэхнікі, піша вершы на роднай мове.
  • Паўлавец Міхаіл Яфімавіч, заслужаны ўрач Расеі, за сваю плённую дзейнасьць узнагароджаны вышэйшымі ўзнагародамі СССР і Польшчы.
  • Тацяна Леанідаўна Каландырац — таленавітая мастачка. Яе карціны — краявіды роднага краю, партрэты блізкіх ёй людзей. Да 150-гадовага юбілею падаравала роднай школе 10 сваіх работ.
  • Выпускніцай Вяляціцкай школы зьяўляецца і славутая трактарыстка, дэпутат ІІ зьезда народных дэпутатаў СССР Марыя Ўладзімераўна Абрамовіч, якая цяпер жыве ў Мётчы.
  • Вучыўся ў Вяляцічах і славуты Герой сацыялістычнай працы, шматгадовы старшыня калгаса «Маяк камунізму» Феадосій Вавілавіч Юданаў.
  • Барыс Агеевіч Цішквец — цыркавы барэц, які выступаў пад артыстычным псэўданімам «Скарбэ». Ён неаднаразова зь пераменным посьпехам змагаўся з расейскім асілкам Іванам Паддубным. Пад старасьць працаваў у Мётчы мельнікам. Пра яго незвычайную сілу гаворыць такі факт: дзеля жарту аднаго разу паклаў шапку знаёмага на падмурак хаты, папярэдне адной рукой падняўшы яе зруб…

Усіх названых і многіх-многіх другіх вяляцічцаў вучыла, выхоўвала, ставіла на ногі школа, якая нядаўна адзначыла 150-гадовы юбілей. Яна заўсёды была адметная сваімі настаўнікамі, сярод якіх асобна вызначыліся заслужаныя настаўнікі Беларусі Кацярына Трафімаўна Прахарэвіч і Дзьмітры Аляксандравіч Касьценіч — цяперашняга яе дырэктара.

  1. ^ Алфавитный список улиц по Велятичи — Белпошта (рас.)
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 67
  3. ^ Вяляцічы // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 91

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]