Перайсьці да зьместу

Асацыяцыя дзяржаваў Паўднёва-Ўсходняй Азіі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 6°14′20″ пд. ш. 106°47′56″ у. д. / 6.23889° пд. ш. 106.79889° у. д. / -6.23889; 106.79889

Асацыяцыя дзяржаваў Паўднёва-Ўсходняй Азіі
анг. Association of Southeast Asian Nations
Абрэвіятура АДПУА
Дэвіз Адзінае бачаньне, адзіная самасьвядомасьць, адзіная супольнасьць[1]
Папярэднік Аб’яднаньне Паўднёва-Ўсходняй Азіі
Дата ўтварэньня 8 жніўня 1967 (57 гадоў таму)
Тып міжурадавая
Юрыдычны статус міжнародная арганізацыя
Мэта падтрыманьне міру, бясьпекі і стабільнасьці
Штаб-кватэра горад Паўднёвая Джакарта, раён Кэбаёран Бару, гасьцінец Сісінгамангараі, д. 70а
Месцазнаходжаньне адм.стал.вобл. Джакарта (Інданэзія)
Дзейнічае ў рэгіёнах Паўднёва-Ўсходняя Азія
Сяброўства 10 дзяржаваў (2018 г.)
Афіцыйныя мовы ангельская[2]
Генэральны сакратар Лім Чжок Хой
Намесьнік па палітычнай бясьпецы Хоанг Ань Туан
Намесьнік па гаспадарчай супольнасьці Алядын Рыльлё
Намесьнік па сацыякультурнай супольнасьці Вонгтэп Артакайвалватэ
Намесьнік па карпаратыўных справах Акп Мочтан[3]
Кіроўны орган Каардынацыйная рада
Зьвязаныя кампаніі Фонд АДПУА
Сайт asean.org

Асацыяцыя дзяржаваў Паўднёва-Ўсходняй Азіі — палітычная, эканамічная й культурная рэгіянальная міжурадавая арганізацыя краінаў, якія знаходзяцца ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі. АСЭАН была ўтворана 9 жніўня 1967 году ў Бангкоку разам з падпісаньнем Дэклярацыі АСЭАН, больш вядомай як «Бангкокаўская дэклярацыя». Гэтае пагадненьне было падпісана прадстаўнікамі ўрадаў Інданэзіі, Малайзіі, Філіпінаў, Сынгапура і Тайлянду. Дамоўнае афармленьне арганізацыі зьдзейсьнілася толькі ў 1976 годзе падчас падпісаньня на востраве Балі «Дамовы аб сяброўстве й садзейнасьці ў Паўднёва-Ўсходнай Азіі» й «Дэклярацыі згоды АСЭАН». З тых часоў, сяброўства пашырылася й на сёньня ўключае Брунэй, М’янму, Камбоджу, Лаос і Віетнам. Мэты арганізацыі ўключаюць паскарэньне эканамічнага росту, сацыяльнага прагрэсу, культурнага разьвіцьця сярод сваіх чальцоў, абароны рэгіянальнага міру й стабільнасьці, а таксама магчымасьці для краінаў-чальцо абмеркаваньня рознагалосьсяў мірным шляхам[4]. Паводле 34-га артыкула Хартыі АДПУА 2007 году, «Працоўнай мовай АДПУА мае быць ангельская»[2].

АСЭАН ахоплівае тэрыторыю плошчай 4,46 км², што складае 3% ад агульнай плошчы Зямлі, і мае насельніцтва каля 600 мільёнаў чалавек, што роўнае 8,8% насельніцтва нашае плянэты. Акваторыя АСЭАН прыкладна ў тры разы большая, чым ягоны зямельны складнік. У 2011 годзе зводны намінальны СУП краінаў удзельнікаў падвысіўся больш чым на 2 трлн даляраў ЗША[5]. Калі АСЭАН зьяўляўся асобнай краінай, тады б ягоная эканоміка паводле велічыні заняла восьмае месца ў сьвеце.

  • Сход. Складаецца з кіраўнікоў дзяржаваў-удзельніцаў. Склікаецца двойчы на год дзяржавай, якая старшынюе. Прызначае генэральнага сакратара на 5 гадоў і зацьвярджае стварэньне галіновых міністарскіх установаў.
  • Каардынацыйная рада. Складаецца зь міністраў замежных справаў. Зьбіраецца двойчы на год. Узгадняе выкананьне пагадненьняў і пастановаў Сходу. Ухваляе прызначэньне намесьнікаў генэральнага сакратара на яго параду. Вызначае ўмовы ўтварэньня Ўстановы па правах чалавека.
  • Рады супольнасьці. Склікаюцца двойчы на год міністрам дзяржавы-старшыні. Налічваюць прынамсі 3 рады па: 1) палітычнай бясьпецы, 2) гаспадарцы; 3) сацыякультурнай супольнасьці. Забясьпечваюць выкананьне пастановаў Сходу ў сваіх галінах.
  • Камітэт пастаянных прадстаўнікоў. Складаецца з амбасадараў у Джакарце (Інданэзія). Узгадняе працу Нацыянальных сакратарыятаў АДПУА.
  • Сакратарыят. Складаецца з генэральнага сакратара, яго намесьнікаў і падначаленых супрацоўнікаў. Выконвае пастановы ў рамках АДПУА[2].

31 ліпеня 1961 году ўрады Малайзіі, Тайлянду і Філіпінаў стварылі Аб’яднаньне Паўднёва-Ўсходняй Азіі. 8 жніўня 1967 году ў Бангкоку (Тайлянд) міністры замежных справаў Інданэзіі, Малайзіі, Сынгапуру, Тайлянду і Філіпінаў падпісалі Дэклярацыю аб заснаваньні Асацыяцыі дзяржаваў Паўднёва-Ўсходняй Азіі (АДПУА), што складалася з 5 артыкулаў. Паводле 3-га артыкула Дэклярацыі бакі ўтварылі: а) «штогадовую сустрэчу міністраў замежных справаў, якія маюць чаргавацца і якая мае называцца Міністарскай сустрэчай АДПУА»; б) «Сталы камітэт пад старшыньствам міністра замежных справаў краіны-гаспадыні або яго прадстаўніка з удзелам акрэдытаваных амбасадараў іншых краінаў-удзельніцаў, каб працягваць працу Асацыяцыі між Сустрэчамі міністраў замежных справаў; в) Адмысловыя камітэты і Пастаянныя камітэты адмыслоўцаў і службоўцаў па адмысловых справах; г) Нацыянальны сакратарыят у кожнай краіне-ўдзельніцы, каб ажыцьцяўляць працу Асацыяцыі ад імя гэтай краіны і абслугоўваць штогадовую і адмысловую Сустрэчу міністраў замежных справаў, Сталы камітэт і іншыя адпаведныя камітэты»[6]. 24 лютага 1976 году ў Дэнпасары (востраў Балі, Інданэзія) кіраўнікі 5 дзяржаваў-удзельніцаў АДПУА — Мухамад Сухарта, Хусэйн Он, Лі Куан Ю, Кыкрыт Прамот і Фэрдынанд Маркас — падпісалі Дамову «Аб сяброўстве і супрацы ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі», якая налічвала 20 артыкулаў. Паводле 10-га артыкула Дамовы, «кожны Высокі дамоўны бок ня мае ніякім чынам або спосабам удзельнічаць ва ўсялякай дзейнасьці, што складае пагрозу палітычнай і гаспадарчай устойлівасьці, сувэрэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасьці іншага Высокага дамоўнага боку». Згодна з 14-м артыкулам «для вырашэньня спрэчак рэгіянальным чынам Высокія дамоўныя бакі маюць ўтварыць Высокую раду ў якасьці пастаяннай установы, што ўлучае па прадстаўніку міністарскага ўзроўню ад кожнага з Высокіх дамоўных бакоў, каб тыя прымалі да ведама існаваньне спрэчак або становішчаў, якія могуць парушыць рэгіянальны мір і згоду». Паводле 20-га артыкула, «Дамову склалі на дзяржаўных мовах Высокіх дамоўных бакоў, усе зь якіх маюць аднолькавую сілу. Узгоднены агульны пераклад тэкстаў мае быць на ангельскай мове»[7]. Адначасна ў лютым 1976 году ў Джакарце (Інданэзія) заснавалі Сакратарыят АДПУА, які ў 1981 годзе атрымаў сучасны будынак па гасьцінцы Сісінгамангараі, д. 70а[8].

У 1984 годзе да АДПУА далучыўся Брунэй. 28 студзеня 1992 году ў Сынгапуры міністры гандлю 6 дзяржаваў-удзельніцаў АДПУА падпісалі Пагадненьне «Аб схеме Агульнага дзейнага прэфэрэнцыйнага мыта (АДПМ) для прасторы вольнага гандлю АДПУА». Пагадненьне «ў адным асобніку на ангельскай мове» налічвала 10 артыкулаў. Паводле 2-га артыкула, «мае лічыцца, што выраб паходзіць зь дзяржаваў-удзельніцаў АДПУА, калі прынамсі 40% яго зьместу паходзіць зь якой-небудзь дзяржавы-ўдзельніцы. Усе прамысловыя вырабы, улучна з інвэстыцыйнымі таварамі, апрацаванымі сельскагаспадарчымі вырабамі…, маюць быць у складзе схемы АДПМ. Гэтыя вырабы маюць аўтаматычна падлягаць распарадку скарачэньня мыта». У 4-м артыкуле згадвалася, што «дзяржавы-ўдзельніцы пагаджаюцца з наступным распарадкам скарачэньняў дзейнага прэфэрэнцыйнага мыта: а) скарачэньне існых узроўняў мытаў да 20% мае быць зроблена цягам часу ад 5 да 8 гадоў, пачынаючы ад 1 студзеня 1993 году». Згодна з 5-м артыкулам «дзяржавы-ўдзельніцы маюць скасаваць усе колькасныя абмежаваньні датычна вырабаў паводле схемы АДПМ па атрыманьні саступак, якія прымяняюцца да гэтых вырабаў. Дзяржавы-ўдзельніцы маюць паступова скасаваць іншыя нямытавыя перашкоды цягам 5 гадоў пасьля атрыманьня саступак, якія прымяняюцца да гэтых вырабаў». Паводле 7-га артыкула, «міністры гаспадаркі АДПУА маюць, дзеля мэтаў гэтага Пагадненьня, заснаваць Раду міністарскага ўзроўню, што складаецца з аднаго прызначэнца ад кожнай дзяржавы-ўдзельніцы і генэральнага сакратара Сакаратарыяту АДПУА»[9].

28 ліпеня 1995 году ў АДПУА ўступіў Віетнам. 15 сьнежня 1995 году ў Бангкоку кіраўнікі 10 дзяржаваў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, у тым ліку 3, што не былі ўдзельніцамі АДПУА, падпісалі Дамову «Аб бязьядзернай прасторы ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі». Пад 22 артыкуламі Дамовы «ў адным арыгінале на ангельскай мове» свае подпісы паставілі: Хасанал Болкіях за Брунэй, Во Ван Кьет за Віетнам, М.Сухарта за Інданэзію, Нарадом Ранарыт за Камбоджу, Хамтай Сіпхандон за Лаос, Махацір Мухамад за Малайзію, Тан Швэ за М’янму, Го Чок Тонг за Сынгапур, Банхан Сінлапа-арча за Тайлянд, Фідэль Рамас за Філіпіны. Паводле 3-га артыкула, «кожная дзяржава-ўдзельніца абавязваецца не дазваляць на сваіх землях усялякай іншай дзяржаве (як і з уласнага боку): а) разьвіваць, вырабляць або іншым чынам набываць, валодаць або кіраваць ядзернай зброяй; б) разьмяшчаць ядзерную зброю; в) выпрабоўваць або выкарыстоўваць ядзерную зброю». У адпаведнасьці з 5-м артыкулам «кожная дзяржава-ўдзельніца, якая дагэтуль не зрабіла гэтага, мае заключыць пагадненьне з МАГАТЭ аб прымяненьні поўнага набору засьцярогаў для сваёй мірнай ядзернай дзейнасьці не пазьней як праз 18 месяцаў пасьля набыцьця моцы Дамовай для такой дзяржавы-ўдзельніцы». Згодна з 8-м артыкулам «каб наглядаць за выкананьнем гэтай Дамовы» бакі заснавалі адпаведную Камісію, дзе «кожная дзяржава-ўдзельніца мае быць прадстаўленая сваім міністрам замежных справаў або яго прадстаўніком у суправаджэньні намесьнікаў і дарадцаў». Пагатоў «Камісія мае зьбірацца ў сувязі з Міністарскай сустрэчай АДПУА». «Для кворуму маюць прысутнічаць 2/3 сябраў Камісіі». Таксама «рашэньні Камісіі маюць прымацца … большасьцю ў 2/3 галасоў прысутных сябраў». Паводле 9-га артыкула, бакі заснавалі «Выканаўчы камітэт у якасьці падпарадкаванай установы Камісіі». Пагатоў «Выканаўчы камітэт мае складацца з усіх дзяржаваў-удзельніцаў гэтай Дамовы». Таксама «прызначэньнем Выканаўчага камітэту мае быць: а) забесьпячэньне належнага дзеяньня праверачных захадаў»; б) «разгляд і прыняцьцё рашэньняў па запыце аб тлумачэньні і пасольстве для высьвятленьня акалічнасьцяў; в) стварэньне пасольства для высьвятленьня акалічнасьцяў»; г) «запыт да Камісіі аб скліканьні сустрэчы»; д) «заключэньне дамоваў з МАГАТЭ … пасьля ўпаўнаважаньня Камісіяй»[10]. 28 сакавіка 1997 году Дамова набыла моц.

23 ліпеня 1997 году ў АДПУА ўвайшлі Лаос і М’янма. 30 красавіка 1999 году далучылася Камбоджа. 26 лютага 2009 году ў акрузе Чаам (Тайлянд) кіраўнікі 10 дзяржаваў-удзельніцаў АДПУА падпісалі на ангельскай мове Пагадненьне АДПУА «Аб гандлі таварамі». Пагадненьне налічвала 98 артыкулаў і прадугледжвала паводле 19-га артыкула, што «дзяржавы-ўдзельніцы маюць скасаваць увазныя мыты на ўсе вырабы, якімі гандлююць між дзяржавамі-ўдзельніцамі да 2010 году для 6 дзяржаваў АДПУА — Брунэя, Інданэзіі, Малайзіі, Сынгапуру, Тайлянду і Філіпінаў — і да 2015 году з магчымасьцю адкладу да 2018 году для Камбоджы, Лаосу, М’янмы і Віетнаму»[11].

У 2011 годзе Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь атрымаў статус назіральніка ў Міжпарлямэнцкім сходзе АДПУА[12].

Генэральныя сакратары

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ «Aseanweb – Asean Motto». Asean.org.
  2. ^ а б в Хартыя АДПУА = The ASEAN Charter. — 23-е перавыд. — Джакарта: Сакратарыят АДПУА, 2018. — II,54 с. — ISBN 978-979-3496-62-7
  3. ^ Намесьнікі генэральнага сакратара АДПУА (анг.) // Асацыяцыя дзяржаваў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, 2018 г. Праверана 5 кастрычніка 2018 г.
  4. ^ Overview ASEAN Secretariat
  5. ^ EC.Europa.eu, European Union Relations with ASEAN
  6. ^ Бангкоцкая Дэклярацыя аб АДПУА ад 8 жніўня 1967 году (анг.) // Асацыяцыя дзяржаваў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, 27 студзеня 2016 г. Праверана 5 кастрычніка 2018 г.
  7. ^ Дамова «Аб сяброўстве і супрацы ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі» ад 24 лютага 1976 году (анг.) // Асацыяцыя дзяржаваў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, 27 студзеня 2016 г. Праверана 5 кастрычніка 2018 г.
  8. ^ Сакратарыят АДПУА (анг.) // Асацыяцыя дзяржаваў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, 2018 г. Праверана 5 кастрычніка 2018 г.
  9. ^ Пагадненьне «Аб схеме Агульнага дзейнага прэфэрэнцыйнага мыта для прасторы вольнага гандлю АДПУА» ад 28 студзеня 1992 году (анг.) // Асацыяцыя дзяржаваў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, 27 студзеня 2016 г. Праверана 5 кастрычніка 2018 г.
  10. ^ Дамова «Аб бязьядзернай прасторы ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі» 1995 году (Бангкок) (анг.) // Асяродак міжнароднага права Нацыянальнага ўнівэрсытэту Сынгапуру, 2018 г. Праверана 5 кастрычніка 2018 г.
  11. ^ Пагадненьне АДПУА «Аб гандлі таварамі» (Чаам, 26 лютага 2009 г.) (анг.) // Укладаньні ў АДПУА, 2018 г. Праверана 5 кастрычніка 2018 г.
  12. ^ Васіль Малашэнкаў, БелТА. Нашы пэрспэктывы на рынку Паўднёва-Ўсходняй Азіі // Зьвязда : газэта. — 27 жніўня 2013. — № 159 (27524). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  13. ^ Былыя генэральныя сакратары АДПУА (анг.) // 2018 г. Праверана 5 кастрычніка 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асацыяцыя дзяржаваў Паўднёва-Ўсходняй Азіісховішча мультымэдыйных матэрыялаў