Перайсьці да зьместу

Антоні Генрых Радзівіл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Антоні Генрых Радзівіл
Антоні Генрык Радзівіл. Люўр, 1797
Антоні Генрык Радзівіл. Люўр, 1797

Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 13 чэрвеня 1775
Вільня
Памёр 7 красавіка 1833 (57 гадоў)
Бэрлін
Пахаваны
Род Радзівілы
Бацькі Міхал Геранім Радзівіл
Алена з Пшазьдзецкіх
Дзеці Фрыдэрык Вільгельм Радзівіл[1], Багуслаў Фрыдэрык Радзівіл[d][1], Эліза Радзівіл[d][2][1], Фердынанд Радзівіл[d][2][1] і Ванда з Радзівілаў[d][2][1]
Дзейнасьць кампазытар, палітык, службовая асоба, мэцэнат, філянтроп, музыка

Антоні Генрых Радзівіл (13 чэрвеня 1775, Вільня — 7 красавіка 1833, Бэрлін) — кампазытар-аматар, сьпявак, мэцэнат. XII ардынат на Нясьвіжы, заснавальнік бэрлінскай лініі Радзівілаў.

Антоні Генрых Радзівіл — адзіны кампазытар, зь якім Ё. В. Гётэ супрацоўнічаў як лібрэтыст, перапрацаваўшы тэкст 1-й часткі сваёй паэмы ў опэрнае лібрэта і дапісаўшы на просьбу кампазытара спэцыяльна для опэры дадатковыя новыя фрагмэнты тэксту[3].

Мастак J. H. Schroeder, 1810

Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Міхала Гераніма, апошняга ваяводы віленскага, і Алены з Пшазьдзецкіх.

Атрымаў добрую хатнюю адукацыю. Дзякуючы сямейнай традыцыі далучэньня да музыкі, ужо ў маладым веку набыў вядомасьць як віялянчэліст. З 1792 навучаўся ў Гётынгенскім унівэрсытэце, аднак у 1794 перабраўся ў Бэрлін.

Антоні і Луіза Радзівілы

У час Напалеонаўскіх войнаў дзейнічаў на карысьць пруска-польскага супрацоўніцтва. Дзякуючы сваяцтву з прускай дынастыяй у 1815 атрымаў пасаду намесьніка польскай аўтаноміі ў межах Прускага Каралеўства — Вялікага Княства Познанскага. Аднак функцыя намесьніка была амаль ганаровай ды не давала практычна ніякага ўплыву на становішча ў аўтаноміі.

У 1796 ажаніўся з дачкой брата караля Прусіі Фрыдрыха ІІ Вялікага — Фрыдэрыкай Даротай Люізай Гагэнцолерн, зь якой меў сыноў Вільгельма Паўла, Фэрдынанда Фрыдэрыка, Багуслава Фрыдэрыка і Ўладзіслава; дачок Элізу Фрыдэрыку Людвіку, Марту, Ванду Аўгусту і Вільгельміну.

Ягоная дачка Эліза Радзівіл(en) была першым каханьнем і нявестай першага нямецкага імпэратара Вільгельма І[4].

Аўтар каля трыццаці камэрных вакальных твораў. Асаблівай увагі заслугоўваюць чатыры рамансы на вершы невядомых нямецкіх паэтаў.

Партрэт А. Радзівіла, XIX ст.

Найбуйнейшы твор А. Г. Радзівіла — опэра «Фаўст» на тэкст Ё. В. Гётэ. Геніяльны паэт сам згадзіўся на супрацоўніцтва з кампазытарам у якасьці лібрэтыста. Пачынаючы з прэм’еры ў Бэрліне (1835) опэра доўгі час зь вялікім посьпехам ішла ў тэатрах Нямеччыны, Польшчы, Чэхіі, Ангельшчыны.

На Беларусі фрагмэнты «Фаўста» ўпершыню паказала «Беларуская капэла» у Нясьвіжы (1995), а 20 ліпеня 1999 у Нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балету ў Менску адбылася яе прэм’ера. Спэктакль выклікаў цікавасьць публікі і атрымаў рэзананс у прэсе — на пастаноўку адгукнуліся амаль трыццаць выданьняў, у тым ліку і замежных[5].

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Антоні Генрых Радзівіл. Ёган Вольфганг Гётэ. Фаўст. (Партытура і галасы) опера ў 3 дзеях = Faust: Oper in Drei Teilen / пераклад з нямецкай Васіля Сёмухі; рэдакцыя Ганны Каржанеўскай; пераклад на нямецкую мову ўступных артыкулаў і каментара: Галіна Скакун; мастак Уладзімір Вішнеўскі. — Менск: Тэхналогія, 2006. — 399 с. — (Музыка старажытных сядзібаў). — 500 ас. — ISBN 985-458-144-6
  • Віктар Скорабагатаў. Антон Генрык Радзівіл і яго опера «Фаўст». Дадатак 2 аптычных дыска / Зьмест кампакт-дыскаў: Фаўст: фрагмэнты опэры ў 3-х дзеях / Антоні Генрых Радзівіл; лібрэта — Ёган Вольфганг фон Гётэ ; пераклад Васіля Сёмухі ; мастацкі кіраўнік запісу і канцэртмайстар Ганна Каржанеўская ; дырыжор Анатоль Лапуноў ; хормайстар Віктар Роўда; выканаўцы: Алена Бундзелева і інш. ; Акадэмічны хор і сімфанічны аркестр Белдзяржтэлерадыёкампаніі. — Менск: Каўчэг, 2017. — 115 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-7137-47-3
  • Віктар Скорабагатаў. Беларускі «Фауст» // «Спадчына» № 1, 1995. С. 80—82.
  • Віктар Скорабагатаў. Лёс падарыў Гётэ музыку Радзівіла // «Мастацтва» № 4, 1995. С. 2—6.
  • Віктар Скорабагатаў. Антоні Генрык Радзівіл // Зайгралі спадчынныя куранты. — Мн., 1998. С. 48—62.
  • Алесь Марціновіч. Дух вольнасці: Антоні Генрык Радзівіл // У часе прасветленыя твары. — Мн., 1999. С. 187—203.
  • Віктар Скорабагатаў. «Фауст» князя Радзівіла // «Роднае слова» № 9, 2000. С. 86—88.
  • Віктар Скорабагатаў. Антоні Генрык Радзівіл // «Роднае слова» № 6, 1996. С. 137—139.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
  • Jachimecki Z., Poźniak W. Antoni Radziwiłł i jego muzyka do «Fausta» / obwoluta (вокладка): Daniel Mróz. — Kraków: Polskie Wydawnictwo Muzyczne, 1957. — 100 с.


Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Антоні Генрых Радзівілсховішча мультымэдыйных матэрыялаў