Віктар Скорабагатаў
Віктар Скорабагатаў лац. Viktar Skorabahataŭ | |
Дата нараджэньня | 15 лістапада 1951 (73 гады) |
---|---|
Месца нараджэньня | Менск |
Месца вучобы | |
Прафэсія | сьпявак, пэдагог |
Месца працы | |
Інструмэнты | голас[d] |
Узнагароды |
Ві́ктар Іва́навіч Скорабага́таў (нар. 15 лістапада 1951, Менск, БССР) — беларускі сьпявак (лірычны барытон), пэдагог, музычны дзяяч. Заслужаны артыст Беларусі (1982).
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скончыў Беларускую кансэрваторыю (1977). 3 1977 саліст Нацыянальнага тэатру опэры Беларусі, адначасова з 1985 выкладае ў Беларускай акадэміі музыкі. У 1980—81 стажыраваўся ў тэатры «Ля Скаля» (Мілян). 3 1992 — мастацкі кіраўнік створанай ім «Беларускай капэлі».
Валодае лёгкім рухомым голасам яркага тэмбру. Адзін з найбуйнейшых камэрных выканаўцаў, рэпертуар якога складаюць больш за 600 твораў айчыннай і сусьветнай клясыкі розных гістарычных і эстэтычных кірункаў. Сярод партыяў нацыянальнага рэпертуару: Беларэцкі («Дзікае паляваньне караля Стаха» У. Солтана), Мэфістофель («Фаўст» А. Радзівіла, опэра адноўлена ў пастаноўцы В. Скорабагатава ў 1999), Бусыга («У пушчах Палесься» А. Багатырова). Іншыя ролі: Нікляўс («Казкі Гофмана» Ж. Афэнбаха), Жэрмон («Травіята» Дж. Вэрдзі), Валянцін («Фаўст» Ш. Гуно), Малятэсуа («Дон Паскуале» Г. Даніцэцьці), Фігара, граф Альмавіва, Папагена («Вясельле Фігара», «Чароўная флейта» В. А. Моцарта), Фігара («Сэвільскі цырульнік» Дж. Расіні), Ялецкі, Анегін, Рабэрт («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Ялянта» П. Чайкоўскага), Маэстра («Маэстра капэля» Д. Чымароза). У 1988—94 ажыцьцявіў першы ў беларускім выканаўчым мастацтве праект з 10 канцэртных праграм «Анталёгія беларускай вакальнай музыкі XVI—XX стст.»
Дасьледуе старадаўнюю беларускую музыку, творчасьць малавядомых беларускіх кампазытараў, у тым ліку Я. Тарасевіча. Аўтар кніг па гісторыі беларускага музычнага мастацтва. Галоўны рэдактар сэрыяў нотных выданьняў: «Музыка старажытных сядзібаў» і «Беларускі гістарычны нотазбор» (з 1995). Мастацкі кіраўнік штогодняга фэстывалю «Адраджэньне беларускай капэлі» (з 1991).
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ляўрэат Рэспубліканскага конкурсу вакалістаў (Менск), Міжрэспубліканскага конкурсу вакалістаў (Талін), Усесаюзнага конкурсу маладых выканаўцаў савецкай песьні (Рыга; усе 1976), Усесаюзнага конкурсу імя М. Глінкі (1979; Талін), дыплямант Міжнароднага конкурсу вакалістаў (1980, Парыж). Дзяржаўная прэмія Беларусі (1990).
Выбраная бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Зайгралі спадчынныя куранты. Мн., 1998.
- Абышоўся без славы…: Кампазітар Ян Тарасевіч. Мн., 2001.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мазурына Н. Скорабагатаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — 512 с. — ISBN 985-11-0238-5
- Нарадзіліся 15 лістапада
- Нарадзіліся ў 1951 годзе
- Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі
- Асобы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру опэры і балету
- Выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі
- Выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў
- Ляўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь
- Беларускія опэрныя сьпевакі і сьпявачкі
- Заслужаныя артысты БССР
- Ляўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР
- Нарадзіліся ў Менску