Фаўст (опэра)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Фаўст»
ням. Faust
Жанропэра
Паводлетрагедыя «Фаўст»
АўтарЁган Вольфганг фон Гётэ
РэжысэрКарл Фрыдрых Рунгенгаген
КампазытарАнтоні Генрык Радзівіл
КраінаПрусія
Мованямецкая
Год прэм’еры25 кастрычніка 1835 (188 гадоў таму)
Пастаноўкі20 ліпеня 1999 (24 гады таму), Вялікі тэатар Беларусі

«Фаўст» — нямецкая опэра 1835 году ў 3-х дзеях пра альхіміка Ёгана Георга Фаўста.

Зьяўляецца адзіным з 80 музычных твораў кампазытараў паводле трагедыі «Фаўст» Ёгана Вольфганга Гётэ, для якога сам аўтар напісаў лібрэта. Музыку для опэры напісаў князь Антоні Генрык Радзівіл, які пераехаў зь Вялікага Княства Літоўскага ў Бэрлін пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай. У 1999 годзе Віктар Скорабагатаў паставіў опэру па-беларуску на падмостках Вялікага тэатру опэры Беларусі, дзе таксама сыграў ролю Мэфістофэля[1].

Напісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1808 годзе Ёган Вольфганг фон Гётэ выдаў у Бэрліне (Каралеўства Прусія) 1-ю частку трагедыі «Фаўст». Паводле яе Антоні Генрык Радзівіл напісаў у Бэрліне (Каралеўства Прусія) лібрэта опэры. У 1810 годзе лібрэта выканалі ўрыўкамі ў Бэрлінскай сьпеўнай акадэміі, дзе рэктарам быў Карл Фрыдрых Цэльтэр. У 1814 годзе Антоні Радзівіл сустрэўся зь Ёганам Гётэ ў Ваймары (княства Саксонія-Ваймар-Айзэнах; цяпер зямля Турынгія). А.Радзівіл атрымаў згоду Ё.Гётэ напісаць лібрэта опэры «Фаўст», для якой напісаў музыку[2]. Гётэ напісаў лібрэта з 2-х дзеяў, дзе пралогі трагедыі замянілі на ўвэрцюру з 4-х разьдзелаў. Таксама аўтар выключыў зь лібрэта опэры 9 сцэнаў трагедыі, зьвязаныя з Фаўстам і Мэфістофэлем[3]. Пагатоў Гётэ дадаў сцэну Велікоднай містэрыі ў садзе з дуэтам Фаўста і Грэтхен[4]. У 1816 г. пачаліся рэпэтыцыі выбраных сцэнаў опэры. 24 траўня 1819 г. прэм’ера опэры прайшла ў каралеўскім палацы Монбіжу ў Бэрліне. Праз год опэру паказалі ў павялічаным памеры. У 1825 г. Гётэ пачаў пісаць 2-ю частку трагедыі «Фаўст» у 5-і дзеях, якая выйшла ў 1832 годзе па сьмерці аўтара[2]. У 1831 г. А.Радзівіл напісаў музыку для яе да апошняй сцэны опэры. Па сьмерці кампазытара ў 1833 г. музыку для апошняй сцэны дапісаў Карл Фрыдрых Рунгенгаген, які быў рэктарам Бэрлінскай сьпеўнай акадэміі. 25 кастрычніка 1835 году ў Бэрліне адбылася прэм’ера опэры «Фаўст»[5].

Да 1888 году, за паўстагодзьдзя, адбылося 25 пастановак опэры ў 4-х краінах Эўропы: Нямеччыне, Польшчы, Чэхіі і Ангельшчыне[3].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1995 годзе творчы калектыў «Беларуская Капэла» ў складзе Вялікага тэатру опэры Беларусі папоўніў сваю бібліятэку фотакопіямі клявіра і партытуры опэры «Фаўста» Антона Радзівіла бэрлінскага выданьня 1835 году. У 1996–1997 гадах зрабілі гуказапіс музыкі опэры для Беларускага радыё[6]. У 1998 годзе Інстытут імя Гётэ ў Менску і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь падпісалі пагадненьне пра пастаноўку опэры «Фаўст» у беларускім перакладзе лібрэта Васіля Сёмухі на падмостках Вялікага тэатру опэры Беларусі. З прапановай зьвярнулася кіраўніца Інстытуту імя Гётэ ў Менску баранэса Карына фон Урангель[7]. 20 ліпеня 1999 году адбылася прэм’ера опэры Антонія Радзівіла «Фаўст» па-беларуску ў Вялікім тэатры опэры Беларусі[8]. Пастаноўку ажыцьцявіў Віктар Скорабагатаў, які сыграў у опэры Мэфістофэля і атрымаў за пастаноўку Спэцыяльную прэмію прэзыдэнта Беларусі для дзеячоў культуры і мастацтва[9].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Вольга Чайкоўская. Спыніць Фаўста // Жырандоля. — 23 чэрвеня 2012. — № 21 (150). — С. 6.
  2. ^ а б Тацяна Супранкова. Роля міжкультурнага дыялёгу ў стварэньні музычнага «Фаўста» Ё. В. Гетэ і А. Г. Радзівіла // Духоўнасьць. Адукацыя. Навука : талерантнасьць і маральнасьць у структуры духоўнага жыцьця грамадзтва = Духовность. Образование. Наука : толерантность и нравственность в структуре духовной жизни общества / рэд. Аляксандар Лойка. — Менск: БНТУ, 2017. — С. 78-82. — 396 с. — ISBN 978-985-583-031-4
  3. ^ а б Тацяна Супранкова. Лібрэта Ё. В. Гётэ «Фаўст» у міжкультурнай камунікацыі / рэд. Р.М. Сітняк // Сучасныя лінгвістычныя парадыгмы (Сучасні лінгвістичні парадигми, м. Бахмут) : матэрыялы канфэрэнцыі. — Славянск: Б.І. Маторын, 2017. — В. 4. — С. 133-136.
  4. ^ Ніна Шчарбачэвіч. Мацней, чым «Фауст» Гётэ // Ігуменскі тракт. — 22 красавіка 2015. — № 15 (116). — С. 7.
  5. ^ Каляндар падзей: 25 кастрычніка // Нацыянальны гісторыка-культурны музэй-запаведнік «Нясьвіж», 2017 г. Праверана 24 сакавіка 2018 г.
  6. ^ Радзівіл А.Г. Фаўст: опэра ў трох дзеях / рэд. Г.Каржанеўскай, лібрэта Ё.В.Гётэ, пераклад з ням. В.Сёмухі, гал. рэд. сэрыі В.Скорабагатаў (2006) // Навукова-вытворчая кампанія «Тэхналёгія», 2017 г. Праверана 26 сакавіка 2018 г.
  7. ^ Tut.by. Дасьледчыку гісторыі беларускай музыкі, артысту Віктару Скорабагатаву - 60 год // 21.by, 17 лістапада 2011 г. Праверана 26 сакавіка 2018 г.
  8. ^ Радзівіл А.Г. Фаўст: опэра ў трох дзеях / рэд. Г.Каржанеўскай, лібрэта Ё.В.Гётэ, пераклад з ням. В.Сёмухі, гал. рэд. сэрыі В.Скорабагатаў (1999) // Навукова-вытворчая кампанія «Тэхналёгія», 2017 г. Праверана 26 сакавіка 2018 г.
  9. ^ Віктар Скорабагатаў // Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, 2017 г. Праверана 26 сакавіка 2018 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]