Перайсьці да зьместу

5-я брыгада спэцпрызначэньня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°30′5″ пн. ш. 28°11′1″ у. д. / 53.50139° пн. ш. 28.18361° у. д. / 53.50139; 28.18361

5-я брыгада спэцпрызну

Нарукаўны знак (з 2002 г.)
Гады існаваньня з 31 сьнежня 1992 году
Краіна Беларусь
Падпарадкаваньне Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь
Уваходзіць у Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь
Тып спэцыяльныя войскі
Уключае ў сябе 3 атрады, 2 падразьдзяленьні і 2 роты
Функцыі выведка, падрыўная дзейнасьць
Колькасьць каля 2000 вайскоўцаў
Дысьлякацыя Мар’іна Горка (Пухавіцкі раён, Менская вобласьць)
Дэвіз Ва ўсялякім месцы, ва ўсялякі час, усялякія задачы
Узбраеньне бронеаўтамабіль, мінамёт, зэнітны ракетны комплекс, аўтамат, кулямёт, пісталет-кулямёт, пісталет, гранатамёт, снайпэрская вінтоўка
Дзейны камандзір Зьміцер Кучук (з 2017 году)
Вядомыя камандзіры Валер Гайдукевіч (1992—1995)

5-я асобная брыгада спэцыяльнага прызначэньня (5 абрспп) — вайсковае злучэньне Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, што месьціцца ў Мар’інай Горцы (Пухавіцкі раён, Менская вобласьць) і са жніўня 2007 году ўваходзіць у склад Сілаў спэцыяльных апэрацыяў[1].

Вайсковая частка 89417. На 2018 год 5-я брыгада спэцпрызну зьяўлялася найбольш баяздольным вайсковым фармаваньнем Узброеных сілаў Беларусі[2]. Задачамі брыгады былі выведка і падрыўная дзейнасьць[3]. Афіцэраў для брыгады рыхтаваў факультэт вайсковай выведкі Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Палявыя заняткі са зброяй праводзілі на базе палігону «Белая Лужа» (Барысаўскі раён).

На 2018 год 5-я брыгада спэцпрызначэньня мела ўласны штаб з падначаленымі службамі. Баявыя вайсковыя часткі налічвалі 3 атрады спэцпрызначэньня (АСпП) па 500 чалавек, у тым ліку асаблівы атрад вядомы як «афіцэрская рота», і падразьдзяленьне сувязі. Падразьдзяленьні забесьпячэньня ўлучалі падразьдзяленьне матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, штабную і мэдычную роту.

Бронеаўтамабіль «Кайман» (2015 г.)

На 2018 год на ўзбраеньні 5-й брыгады спэцпрызначэньня стаялі:

На 2018 год 5-я брыгада спэцпрызначэньня выкарыстоўвала 2 наборы рыштунку жаўнераў адпаведна адмыслоўваньню: выведнік і снайпэр. У 2012 годзе брыгаду аснасьцілі бесьпілётнікамі. У 2015 годзе паступіла перанасная лічбавая радыёстанцыя Р-168-0.1, бронекамізэлька «Крумкач-11», кеўларавы шлем «Скат С1 М1»[4]. Для высадкі выкарыстоўвалі парафойлавыя парашуты «Лясьнік-3» і «Лясьнік-3М». Поліпрапіленавы кілімок дазваляў знаходзіцца ў шматгадзіннай засадзе насуперак непагадзі і мог выкарыстоўвацца ў якасьці насілак. Спэцпрызнаўцаў забясьпечвалі прыборамі начнога бачаньня (ПНБ) беларускай вытворчасьці. Зброя таксама забясьпечвалася беларускімі каліматарнымі і начнымі прыцэламі. Агулам у брыгадзе налічвалася 8 відаў беларускай оптыкі: акуляры начнога бачаньня АНВ-2, 3 каліматарныя прыцэлы ПК-АА, ПК-АВ і начны ПКН-03М, начны прыцэл для стралковай зброі ПНВ-2К, начны бінокль ПНН-03, далямер ДЛ-1 і нашлемная сыстэма індыкацыі НСІ-04.

Аўтамат 9А-91 з глушыльнікам (2015 г.)

Набор рыштунку выведніка ўлучаў:

  • аўтамат 9А-91, «Вал» (АКС-74), АКС‑74, АКМ або АКМС у залежнасьці ад пасады;
  • 9‑мілімэтровы пісталет ПМ, ПБ, АПС або АПБ у залежнасьці ад пасады;
  • прыцэл дзённы ПК-АВ або начны ПКН-03М;
  • начны бінокль ПНН-03;
  • акуляры начнога бачаньня АНВ-2;
  • радыёстанцыю Р-168-0,1;
  • ахоўныя супрацьаскепкавыя акуляры;
  • накаленьнікі і налакотнікі;
  • кеўларавы шлем «Скат С1 М1»;
  • бронекамізэльку «Крумкач-11»;
  • баявую разгрузную сыстэму;
  • адмысловы заплечнік;
  • спальны мяшок;
  • поліпрапіленавы кілімок;
  • маскавальны гарнітур (летні «Партызан» або зімовы «Далмацінец»);
  • агульнавайсковы ахоўны камплект.
Снайпэрская вінтоўка ВСК-94 (2011 г.)

Снайпэраў таксама забясьпечвалі рыштункам з 17 складнікаў, зь якіх 4 адрозьніваліся:

  • снайпэрская вінтоўка Драгунова, у тым ліку складная, ОСВ-96, ВСК-94 або МЦ-116М (замест аўтамата);
  • толькі начны прыцэл ПКН‑03М;
  • кеўларавы шлем «Спартанец»;
  • баявая разгрузная сыстэма снайпэра.

На 2018 год навучаньне ў 5-й брыгадзе спэцпрызну ўлучала стральбу, падрыў, ваджэньне, палёт і скокі. Таксама навучалі вадалазнай справе і рукапашнаму бою. Навучаньне доўжылася поўны працоўны дзень з ранку да вечару ў клясе, на палігоне і стрэльбішчы. Скокі з парашутам ажыцьцяўлялі на сушу і вадаём, у яснае надвор’е і непагадзь, удзень і ўначы, зь верталёта і самалёта. Таксама навучалі пераходу вадаёма, у тым ліку балота. Выпрабаваньні ўлучалі палявыя выхады на 10 дзён па перасечанай мясцовасьці на адлегласьць 50—70 км. Працавалі лінгафонныя клясы для вывучэньня замежнай мовы. Брыгада мела ўласны стадыён, клюб і трэнажэрную залю. Надавалася магчымасьць набыцьця цывільнай спэцыяльнасьці і выкарыстаньня кампутараў[5].

31 сьнежня 1992 году вайскоўцы 5-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня (5 АБрСпП), якую стварылі ў студзені 1963 году ў Мар’інай Горцы (Пухавіцкі раён, Менская вобласьць), прысягнулі на вернасьць Рэспубліцы Беларусь. У 1997 годзе пры брыгадзе ўтварылі асяродак выхаваньня моладзі Менскай вобласьці для школьнікаў і навучэнцаў каледжаў[6]. 12 верасьня 2002 году А. Лукашэнка ўручыў камандзіру 5-й брыгады спэцпрызну Аляксандру Чмырову беларускі баявы сьцяг наўзамен савецкага. У 2002 годзе 5-я брыгада ўдзельнічала ў вучэньні «Бярэзіна-2002». У 2003 годзе — у вучэньні «Чыстае неба-2003». У 2004-м — у вучэньні «Шчыт Айчыны-2004». У 2006-м — у вучэньні «Шчыт Саюзу-2006»[5]. 1 жніўня 2007 году 5-ю брыгаду спэцпрызну падпарадкавалі камандаваньню Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Узброеных сілаў Беларусі ў Калодзішчах (Менскі раён) разам з 38-й мабільнай брыгадай у Берасьці і 103-й мабільнай брыгадай у Віцебску[7]. 16-19 лістапада 2010 году 5-я брыгада спэцпрызначэньня правяла вучэньне, на якім упершыню адпрацавала выкарыстаньне дэльталётаў у справе выведкі[8]. У верасьні 2013 году 5-я брыгада спэцпрызну ўдзельнічала ў вучэньні «Захад-2013». На 2013 год 5-я брыгада спэцыяльнага прызначэньня была адзіным з 11 вайсковых фармаваньняў, якое засталося ў Мар’інай Горцы з савецкага часу, калі горад меў найбольшы ў Беларускай ССР вайсковы гарнізон[9]. У верасьні 2017 году брыгада ўдзельнічала ў стратэгічным вучэньні «Захад-2017»[2].

Здушэньне пратэстаў 2020 году й забойства Генадзя Шутава

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жніўні й восеньню 2020 году вайскоўцы 5-й брыгады ўдзельнічалі ў сілавых разгонах мірных дэманстрантаў, якія пратэставалі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Рэспубліцы Беларусь[10][11][12]. Удзел вайскоўцаў 5-й брыгады быў афіцыйна пацьверджаны ў лютым 2021 году на судзе над двума пратэстуючымі. Капітан Раман Гаўрылаў і прапаршчык Арсень Галіцын разам з прыкладна 20 іншымі вайскоўцамі ССА УС РБ ўдзельнічалі ў здушэньні пратэстаў у Берасьці ў жніўні 2020 году й застрэлілі Генадзя Шутава, прычым на судзе Гаўрылаў сьцьвярджаў, што цэліўся Шутаву ў левае перадплечча[13][14].

  1. ^ Сілы спэцыяльных апэрацыяў // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 2017 г. Праверана 23 кастрычніка 2018 г.
  2. ^ а б Вераніка Канюта. 5-я асобная брыгада спэцыяльнага прызначэньня сьвяткуе 55-годзьдзе // Газэта «Зьвязда», 1 студзеня 2018 г. Праверана 23 кастрычніка 2018 г.
  3. ^ Аляксандар Гелагаеў. Чэрвень 41-га. Гісторыя беларускіх атрадаў спэцпрызначэньня пачынаецца з вайны супраць СССР // Тэлеканал «Белсат», 21 чэрвеня 2017 г. Праверана 23 кастрычніка 2018 г.
  4. ^ Кірыл Франскевіч. «Крумкач» супраць 7,62 мм  (рас.) = «Ворон» против 7,62 мм // У славу Радзімы : газэта. — 13 траўня 2015. — № 86.
  5. ^ а б Зь гісторыі 5-й АБрСпП (рас.) // Неафіцыйны сайт «5-я асобная брыгада спэцыяльнага прызначэньня» (Мар’іна Горка), 15 красавіка 2014 г. Праверана 23 кастрычніка 2018 г.
  6. ^ Алена Зацірка. Спэцпрызн — надзейны шчыт роднай краіны  (рас.) = Спецназ — надёжнай щит родной страны // У славу Радзімы : газэта. — 4 студзеня 2012. — № 1.
  7. ^ Прэм’ера цыклю дакумэнтальных фільмаў «Мы — спэцпрызн» стартуе на «Беларусь 1» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 студзеня 2013 г. Праверана 23 кастрычніка 2018 г.
  8. ^ Вячаслаў Будкевіч. 5-я брыгада спэцпрызну Ўзброеных сіл Беларусі правярае магчымасьці выкарыстаньня мотадэльтапланаў для разьведвальных мэтаў // БелаПАН, 16 лістапада 2010 г. Праверана 23 кастрычніка 2018 г.
  9. ^ Вераніка Канюта. Танкавы корпус № 2 // Плацдарм. — 7 верасьня 2013. — № 18 (26). — С. 3.
  10. ^ Лукашенко заявил об использовании ССО для наведения порядка в стране. Sputnik Беларусь. Праверана 2020-11-10 г.
  11. ^ Арцём Гарбацэвіч. У разгоне дэманстрацыяў бяруць удзел афіцэры спэцпрызну Мінабароны ў штацкім // Партал «Наша ніва», 28 верасьня 2020 г. Архіўная копія ад 18 траўня 2021 г. Праверана 18 траўня 2021 г.
  12. ^ На улицах Минска появились внедорожники, которые есть только у Сил спецопераций. Разобрались в вопросе. 21.by. Праверана 2020-11-10 г.
  13. ^ На судзе ў справе Шутава стала вядома, хто загадаў выкарыстоўваць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў. Свабода (2021-02-17). Праверана 2021-02-18 г. Архіўная копія ад 2021-02-18 г.
  14. ^ «Хацеў стрэліць у перадплечча». На судзе ў Берасьці стала вядома, хто забіў Генадзя Шутава. Свабода (2021-02-16). Праверана 2021-02-18 г. Архіўная копія ад 2021-02-18 г.
  15. ^ Нашыя камандзіры (рас.) // Неафіцыйны сайт «5-я асобная брыгада спэцыяльнага прызначэньня» (Мар’іна Горка), 15 красавіка 2014 г. Праверана 23 кастрычніка 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]