Анастасія Яраслаўна
Анастасія Яраслаўна | |
Шома Орлаі. Анастасія Яраслаўна праклінае свайго сына Шаламана (1074 г.). (На пярэднім пляне, спіною да гледача, намалявана каралева Юдыт.) | |
Род дзейнасьці | Каралева Вугоршчыны |
---|---|
Дата нараджэньня | каля 1023 |
Месца нараджэньня | Кіеў |
Дата сьмерці | паміж 1074 і 1094 |
Месца сьмерці | Адмант, Аўстрыя |
Месца пахаваньня | |
Занятак | валадарная каралева |
Бацька | Яраслаў Мудры |
Маці | Інгегерда |
Муж | Андраш I |
Дзеці | Адэлаіда Вугорская[d], Давід Вугорскі[d] і Шаламон[d][1] |
Анастасія (?) Яраслаўна (каля 1023—1074/1094) — старэйшая (меркавана) дачка Яраслава Мудрага і Інгігерды Швэдзкай, сястра Ганны Яраслаўны, каралевы Францыі, і Лізаветы Яраслаўны, нарвэскай каралевы. Каралева Вугоршчыны ў 1046—1061 гадах.
Імя Анастасія не фігуруе ні ў рускіх летапісах, ні ў вугорскіх хроніках, дзе яна згадваецца як «дачка князя Русі». Яно згадана толькі ў такой позьняй крыніцы, як «Польская гісторыя» Яна Длугаша (XV ст.), так што імя гэта можна лічыць умоўным.
Каля 1038 году яна выйшла замуж за вугорскага гэрцага Андраша (Андрэя), які, ратуючыся ад прасьледаваньняў з боку пераемніка Іштвана I, бег у Кіеў.
У 1046 годзе Андраш разам з Анастасіяй вярнуўся ў Вугоршчыну, і, захапіўшы прастол, стаў каралём. У 1053 годзе Анастасія нарадзіла сына, названага Шоламанам. Нараджэньне Шоламана, а пазьней — яго каранацыя, прывялі да канфлікту паміж Андрашам і яго братам Белам, які быў спадчыньнікам да нараджэньня дзіцяці.
У 1060 годзе Бела падняў паўстаньне супраць Андраша. У тым жа годзе Бела нанёс брату паражэньне, неўзабаве пасьля чаго той сканаў, і 6 сьнежня 1060 году Бела стаў вугорскім каралём. Анастасія зь дзецьмі была вымушана бегчы ў Баварыю.
Яна стала шукаць дапамогі германскага караля Генрыха IV, сястра якога Юдыт-Марыя была заручана з Шоламанам. Пасьля сьмерці Белы ў 1063 годзе германскія атрады ўварваліся ў Вугоршчыну, вымусіўшы яго сыноў бегчы ў Польшчу.
Новым каралём быў абвешчаны Шоламан. У падзяку за дапамогу, аказаную ёй, Анастасія падарыла баварскаму герцагу Атону Нортгаймскаму «меч Атылы» — вугорскую каралеўскую рэліквію — які, паводле паданьня, належаў правадыру гунаў.
Аднак увесь час кіраваньня сына Анастасіі яго становішча заставалася хісткім з-за прэтэнзыяў на вугорскую карону з боку Гезы і Ласла, сыноў Белы.
Анастасія тым часам другасна выйшла замуж за нямецкага графа Пота. Вядома пра яе рознагалосьсі з сынам. У 1074 годзе справа дайшла да таго, што Шоламан падняў руку на маці.
Анастасія памерла не пазьней 1094 году, таму што ў гэты год яна згадваецца ўжо як памерлая. Паводле паданьня, яна сканала ў кляштары Адмант ці Агмунд, што ў Штырыі. У шэрагу састарэлых дасьледаваньняў назва гэтага кляштару была прынятая за яе імя, так што каралева памылкова называецца ў гэтых працах «Агмунда».
Акрамя Шоламана, нарадзіла сына Давіда і меркавана дачку Адэлаіду (Адэльгейду), якая стала жонкай чэскага князя Ураціслава II.[2]
На вяршыні гары побач з возерам Балатон, у Ціханскай абацкай царквы, узьведзены помнік каралю Андрашу і яго жонцы. На ім надпіс: «Кароль Андраш I і каралева Анастасія — украінская княгіня».
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Lundy D. R. Anastasia of Kiev // The Peerage (анг.)
- ^ «Узяў у жонкі дачку рускага князя, якая нарадзіла яму Саламона і Давіда…» Dubnická kronika
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Штернберг Я. Т. Анастасия Ярославна, королева Венгрии // Вопросы истории. 1984. № 10. С. 180—184
- Назаренко А. В. Западноевропейские источники // Древняя Русь в свете зарубежных источников / Под ред. Е. А. Мельниковой. М., 1999. С. 350—352
- Юрасов М. К. Русско-венгерские отношения второй трети XI в. // Мир истории. 2002. № 3
- Карпов А. Ю. Анастасия Ярославна.