Перайсьці да зьместу

Ёсіф (Сямашка)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Язэп Сямашка»)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Сямашка.
Ёсіф Сямашка
лац. Josif Siamaška
Ёсіф Сямашка
Мітрапаліт літоўскі і віленскі
6 красавіка 1840 — 23 лістапада 1868

Адукацыя
Дзейнасьцьправаслаўны сьвятар, каталіцкі сьвятар, каталіцкі дыякан, каталіцкі біскуп
Нарадзіўся5 студзеня 1799
сяло Паўлаўка, Ліпавецкі павет, Кіеўская губэрня
Памёр23 лістапада (5 сьнежня) 1868
Вільня
ПахаваныВільня

Узнагароды
ордэн Андрэя Першазванага Order of St. Vladimir, 1st class with Swords ордэн сьвятой Ганны I ступені
мэдаль «У памяць вайны 1853—1856»
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ёсіф Сяма́шка[a] (рас. Иосиф Семашко; 5 студзеня 1799, Паўлаўка Ліпавецкага павету Кіеўскай губэрні, цяпер Віньніцкая вобласьць, Украіна — 23 лістапада (5 сьнежня) 1868) — царкоўны дзяяч Расейскай імпэрыі. Мітрапаліт літоўскі і віленскі (з 1840). Галоўны ініцыятар гвалтоўнага далучэньня беларускіх і ўкраінскіх вернікаў Уніяцкай царквы да Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Разам з Мураўёвым-вешальнікам адзін з галоўных праваднікоў палітыкі русіфікацыі Беларусі.

Нарадзіўся ў сям’і небагатага ўкраінскага шляхціча Ёсіфа Сямашкі, які ўжо па нараджэньні будучага мітрапаліта стаў уніяцкім сьвятаром. Меў братоў Мікалая, які стаў лекарам, і Яна, які стаў уніяцкім сьвятаром, а таксама сястру Алену.

У 1816 годзе скончыў школу ў Няміраве, у 1820 годзе — Галоўную сэмінарыю пры Віленскім унівэрсытэце з ступеньню магістра багаслоўя.

Ёсіф (Сямашка), 1838 г.

Быў катэдральным прапаведнікам і прафэсарам багаслоўя Луцкай сэмінарыі, засядацелем Луцкай кансысторыі. 6 кастрычніка 1820 году атрымаў пасьвячэньне ў бязжоннага іпадыякана, 26 сьнежня таго ж году — у дыякана. 28 сьнежня 1821 году атрымаў пасьвячэньне ў сьвятара. 7 студзеня 1822 году атрымаў сан протаярэя. Быў сябрам 2-га дэпартамэнту рымска-каталіцкай калегіі (Санкт-Пецярбург), з 1823 году — канонікам, з 1825 — прэлатам-схалястам Луцкага ўніяцкага катэдральнага капітула, які заставаўся ў Пецярбургу.

У 1827 годзе на прапанову расейскіх уладаў падаў запіску маскоўскаму гаспадару аб становішчы Ўніяцкай царквы і сродках па яе далучэньня да Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Мікалай I ухваліў запіску, якая стала праграмай далейшых дзеяньняў. Захады ў гэтым кірунку таемна распрацоўваліся міністрам унутраных справаў Блудавым з удзелам Сямашкі і ажыцьцяўляліся на месцах пад кантролем і пры спрыяньні расейскіх уладаў[1].

3 1829 году быў вікарным япіскапам амсьціслаўскім Полацкай уніяцкай архіяпархіі, старшынём яе кансысторыі. Адначасна захоўваў сяброўства, а потым старшынства ў калегіі (у 1828 годзе ўтварылася асобная Грэцка-ўніяцкая калегія). У 1833 годзе стаў кіроўным япіскапам літоўскім. На гэтай пасадзе вёў падрыхтоўчую работу да ліквідацыі Ўніяцкай царквы: езьдзіў у япархіі, наглядаў за ўвядзеньнем у цэрквах іканастасаў і служэбнікаў маскоўскага друку[2], вынішчэньнем арганаў і навучаньнем сьвятароў на расейскай мове і інш., узгадняў арганізацыйныя пытаньні з расейскімі ўладамі.

У верасьні 1836 году зьвярнуўся зь лістом да пецярбурскага мітрапаліта Серафіма з прашэньнем аб далучэньні да Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі. 1 сьнежня 1838 году склаў запіску, у якой разглядаліся спосабы «вонкавага далучэньня ўніятаў да праваслаўнай царквы». Сярод непрыдатных спосабаў называліся патрабаваньне згоды ад уніяцкіх вернікаў і скліканьне сабора ўніяцкага духавенства, бо сабор мусіў быў дэманстраваць аднадушнасьць, якой не было[1]. Гэта прывяло б да пераходу ў рыма-каталіцтва значнай часткі ўніятаў. Найлепшым спосабам лічыў падпарадкаваньне ўніятаў Урадаваму сыноду Расейскай імпэрыі імпэратарскім указам, заўважаючы: «Калі трэба фармальнае прашэньне, то і яно можа быць пададзена, прынамсі, ад начальніцкага духавенства, з тым толькі, каб цяпер пра тое яшчэ не было апублікавана»[1].

Быў ініцыятарам і актыўным удзельнікам Полацкага царкоўнага сабора 1839 году. Разам з прашэньнем аб «узьяднаньні» падаў маскоўскаму гаспадару просьбу дазволіць яму пражыць рэшту дзён прыватным чынам, але не ў манастыры, па-за заходнімі губэрнямі[1]. Гэтую просьбу аднак не задаволілі. У 1840 годзе стаў праваслаўным архіяпіскапам літоўскім і віленскім (з 1852 году — мітрапалітам). У 1844 годзе пераехаў зь Пецярбурга ў сваю япархію, спачатку ў Жыровічы, потым у Вільню (1845 год), спрыяў пераводу з Жыровічаў у Вільню Літоўскай духоўнай сэмінарыі. 1 красавіка 1847 году стаў сябрам Урадавага сыноду Расейскай імпэрыі.

Канфлікт зь сям’ёй

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сям’я Сямашкі не падтрымала яго ў справе далучэньня ўніятаў да Расейскай праваслаўнай царквы. Бацька а. Ёсіф ня прыняў ліквідацыі Ўніяцкай царквы і ў 1840 годзе ўчыніў у сябе на кухні ўніяцкую каплічку, дзе служыў набажэнствы і зладзіў шлюб дачкі Алены[3]. У 1847 годзе мітрапаліт Сямашка сілай перавёз свайго бацьку пад Вільню і зрабіў яго сьвятаром царквы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі ў Дзікушках, але айцец Ёсіф працягваў служыць там па-ўніяцку[4]. Ян Сямашка, паводле сьведчаньня сучасьнікаў, называў свайго брата мітрапаліта Сямашку «праклятым, які засудзіў сябе і згубіў народ»[3]. Айцец Ян наказаў пахаваць сябе пры касьцёле ў Ільлінцах, аднак на загад мітрапаліта Сямашкі яго цела адабралі ў каталікоў і пахавалі пры Ўваскрасенскай царкве Маскоўскага патрыярхату[4].

Зьнішчэньне помнікаў беларускай гісторыі і культуры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1832 годзе пачалася акцыя адбіраньня старых беларускамоўных богаслужбовых і іншых кніг і замены іх на маскоўскія. З цэркваў і манастыроў у Полацкую духоўную кансысторыю да паленьня звозіліся выданьні беларускіх друкарняў, сярод якіх былі арыгінальныя навукова-тэалягічныя, мастацкія і вершаваныя творы беларускай літаратуры[5]. Сьвятары спрабавалі ратаваць іх: так, 2 красавіка 1834 году ў Наваградку на рукі япіскапа Ёсіфа (Сямашкі) 56 сьвятароў злажылі пратэст, але, на загад маскоўскага гаспадара, усіх іх пакаралі за гэта годам манастырскай турмы[5].

Па ліквідацыі ў 1839 годзе Ўніяцкай царквы кнігі з царкоўных і манастырскіх бібліятэк звозіліся ў Жыровічы і на загад Сямашкі ў 1841—1844 гадох спальваліся ў манастырскіх печках[5]. Дзеля таго, што такі спосаб нішчэньня кніг быў марудным, і частка кніг раскрадалася, у 1844 годзе Сямашка загадаў вынесьці кнігі на манастырскі пляц і спаліць іх на вогнішчы адразу[5]. У 1852 годзе Сямашка асабіста назіраў, як гараць 1295 кніг, знойдзеных у былых уніяцкіх цэрквах. У сваіх «Запісках» ён з гонарам паведамляў, што за наступныя тры гады на яго загад спалілі яшчэ дзьве тысячы тамоў[6]. Сярод спаленых былі ня толькі кнігі, выдадзеныя па складаньні Берасьцейскай уніі. Напрыклад, у 1865 годзе ад аднаго недапаленьня выпадкова выратавалі 10 аркушаў Тураўскага Эвангельля XI ст., знойдзеныя ў скрыні з вугалем[5].

Побач з кнігамі Сямашка тысячамі паліў старыя беларускія абразы, у тым ліку напісаныя да складаньня Берасьцейскай уніі[4]. Апроч таго, ён спаліў каля тысячы стажытных арганаў[7]. За Сямашкам таксама пачаліся і першыя перабудовы беларускіх цэркваў на расейскі ўзор.

Матэрыяльныя ўзнагароды ад расейскіх уладаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сваіх «Запісках» Сямашка пісаў, што «Самаадданасьць і бескарыслівасьць бачныя ва ўсім маім жыцьці: я не ўхіляўся ад цяжкасьцяў, не прасіў аб сабе перад начальствам, ніколі ня браў, не даваў хабару». Праўда, там жа ён сам упамінае шматлікія матэрыяльныя ўзнагароды, атрыманыя ад расейскіх уладаў: 6 сьнежня 1827 году — дыямантавы крыж і ў дадатак 1500 рублёў гадавога ўтрыманьня і 100 рублёў выплатаў на месяц, 3 траўня 1829 году — 1000 рублёў срэбрам «на першапачатковае абзавядзеньне», 20 траўня 1829 году — жалаваньне па 1000 рублёў срэбрам, у канцы 1833 году — ордэн Сьвятой Ганны першай ступені, у пачатку 1836 году — дыямантавую панагію, у 1838 годзе — ордэн Сьвятога Ўладзімера другой ступені, 9 красавіка 1843 году — ордэн Сьвятога Ўладзімера першай ступені. Па Полацкім саборы Сямашка атрымаў пажыцьцёвую штогадовую пэнсію ў памеры 6000 рублёў. Суму япіскап назначыў сам, зыходзячы з той, якую за Кацярынай ІІ атрымалі адхіленыя ад пасадаў уніяцкія япіскапы.

У сваё апраўданьне Сямашка пісаў, што не імкнуўся да атрыманьня гэтых узнагарод і пра іх даведваўся толькі па атрыманьні[8].

Адну зь першых ацэнак дзейнасьці Ёсіфа (Сямашкі) даў расейскі пісьменьнік Аляксандар Герцэн, які шмат пісаў пра гвалтоўны характар далучэньня беларускіх уніятаў да расейскага праваслаўя і называў Сямашку «Юдам у Хрысьце» (рас. Иудой во Христе)[9].

Беларуская дасьледніца Вольга Сяхновіч характарызуе дзейнасьць Ёсіфа (Сямашкі) як «грубае патаптаньне свабоды сумленьня, … а мэтады гэтай дзейнасьці ў дачыненьні да канкрэтных людзей можна характэрызаваць як катаваньні»[8]. Беларускі гісторык Сяргей Абламейка з прычыны зьнішчэньня Сямашкам помнікаў пісьменства, кнігадруку, мастацтва і архітэктуры называе яго «Герастратам беларускай культуры»[4]. Паводле С. Абламейкі, «галоўная і найтрагічнейшая „заслуга“ гэтага царкоўнага дзеяча ў тым, што беларусы сёньня думаюць, што ходзяць у праваслаўныя цэрквы, хоць, насамрэч, яны ходзяць у цэрквы расейскія… Сямашка — галоўны антыгерой беларускай гісторыі ХІХ стагодзьдзя і галоўны герой Расеі таго часу, гэта менавіта ён, а не Мураўёў-вешальнік зрабіў найболей для перамогі „русского дела в Западном крае“…»[10]

На думку загадніка катэдры царкоўнай гісторыі Менскай духоўнай сэмінарыі протаярэя Аляксандра Раманчука, вядомага дакладам пра «асабісты духоўны подзьвіг» Мураўёва-вешальніка — забойства 8 каталіцкіх сьвятароў[11][12], дзейнасьць Сямашкі спрыяла «захаваньню беларускага народа перад абліччам польскай экспансіі» і «аб’яднаньню беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў у адзіны магутны народ»[8]. Разам з тым Раманчук вызнае, што да нядаўняга часу ў Беларусі не існавала народнага шанаваньня Ёсіфа (Сямашкі) і яго асобу ведала толькі вузкае кола гісторыкаў[8].

4 красавіка 2011 году Сынод Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату пастанавіў зьвярнуцца да маскоўскага патрыярха Кірыла з хадайніцтвам аб «магчымасьці праслаўленьня ў абліччы мясцовашанаваных сьвятых Беларускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Ёсіфа (Сямашкі, 1789—1868)»[1]. 3 верасьня 2012 году Сынод усталяваў дні малітоўнага ўспаміну Ёсіфа (Сямашкі).

Беларускі грэцка-каталіцкі сьвятар Андрэй Крот адзначае шчырасьць намеру Сямашкі далучыць уніятаў да Расейскай праваслаўнай царквы, але разам з тым зьвяртае ўвагу на спрэчную бескарысьлівасьць яго дзейнасьці, супрацу з расейскімі ўладамі з мэтай правядзеньня іх палітыкі, трагічныя наступствы яго дзейнасьці для беларускай культуры і выкарыстаньне нехрысьціянскіх сродкаў у дасягненьні пастаўленай мэты[8]. Таксама а. Андрэй зазначае, што ў выпадку Сямашкі Беларускі экзархат не прытрымліваецца пэўных уласных крытэраў кананізацыі, такіх як народнае шанаваньне будучага сьвятога і выкананьне ім эвангельскіх запаветаў[8].

  • Записки Иосифа митрополита Литовского, изданные Императорскою Академиею Наук по завещанию автора : В 3 частях / Митрополит Иосиф (Семашко). — Санкт-Петербург: Типография Императорской Академии наук, 1883. — Т. 1. — 745 с.: 1 л. портр.; Т. 2. — 786 с.: 1 л. портр.; Т. 3. — 1042 с.: 1 л. портр.
  1. ^ Іншыя формы імя — Язэп, Іосіф
  1. ^ а б в г д Сяховіч В. Ліквідатара Уніі прызнаюць святым, Наша Ніва, 15 лістапада 2011 г.
  2. ^ Кірэеў В. Сямашка Іосіф // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 476.
  3. ^ а б Мацкевич А. О митрополите Иосифе Семашке (Из письма, написаннаго после его смерти) // Литовские епархиальные ведомости. — 1884. — № 26—27. — С. 223—226.
  4. ^ а б в г Абламейка С. Кананізацыя Сямашкі. Скон народу…, Радыё Свабода, 3 траўня 2012 г.
  5. ^ а б в г д Калубовіч А. Мова ў гісторыі беларускага пісьменства. Клыўлэнд, 1978. [1]
  6. ^ Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
  7. ^ Сяргей Абламейка, Як мы сталі «сильно похожи друг на друга». Адкрыты ліст да Барыса Акуніна, Радыё Свабода, 21 красавіка 2022 г.
  8. ^ а б в г д е а. Андрэй Крот. Багаслоўскія і этычныя падставы працэса далучэння да ліку святых (на прыкладзе мітрапаліта Літоўскага Іосіфа Сямашкі), ARCHE Пачатак, 22 лістапада 2013 г.
  9. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  10. ^ Абламейка С. Кананізацыя Сямашкі. Скон народу-2, Радыё Свабода, 17 траўня 2012 г.
  11. ^ На навуковай канфэрэнцыі ў Менску апраўдалі забойствы ксяндзоў Мураўёвым-вешальнікам: «Гэта ягоны подзьвіг», Радыё Свабода, 28 лістапада 2016 г.
  12. ^ На праваслаўнай навуковай канферэнцыі ў Мінску апраўдалі забойствы ксяндзоў Мураўёвым-вешальнікам: «Гэта ягоны подзвіг», Наша Ніва, 29 лістапада 2016 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]