Перайсьці да зьместу

Скупліно

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Скупліна»)
Скупліно
трансьліт. Skuplino
Першыя згадкі: 17 стагодзьдзе
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Барысаўскі
Сельсавет: Зэмбінскі
Вышыня: 180 м н. у. м.
Насельніцтва: 31 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 177
Паштовы індэкс: 222134
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°26′11.00″ пн. ш. 28°17′2.00″ у. д. / 54.4363889° пн. ш. 28.2838889° у. д. / 54.4363889; 28.2838889Каардынаты: 54°26′11.00″ пн. ш. 28°17′2.00″ у. д. / 54.4363889° пн. ш. 28.2838889° у. д. / 54.4363889; 28.2838889
Скупліно на мапе Беларусі ±
Скупліно
Скупліно
Скупліно
Скупліно
Скупліно
Скупліно
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Скупліно́[1]вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, за 3 км на поўдзень ад Карсакавічаў. Скупліно ўваходзіць у склад Зэмбінскага сельсавету.

Цяпер немагчыма дакладна высьветліць час заснаваньня вёскі Скупліно. Найбольш старое пісьмовае сьведчаньне пра яе адносіцца да ХVІІ стагодзьдзя.

У 1724 годзе вёска мела 18 двароў. На 1800 год іх было ўжо 51 (290 жыхароў). Аднак ХІХ стагодзьдзе з вайной 1812 году і паўстаньнямі было вельмі цяжкім для Скупліна. Як вынік, перад яго заканчэньнем — у 1890 годзе — тут было ўсяго 13 сялянскіх гаспадарак. На мяжы ХІХ—ХХ стагодзьдзяў, асабліва на пачатку апошняга назіраецца хуткі рост вёскі. У 1908 годзе тут было ўжо 39 двароў і 265 жыхароў, што, аднак, было ўсё роўна меней, чым на сто год раней.

Адміністрацыйна Скупліно (па стане на 1870 год) адносілася да Карсакавіцкай воласьці. Пазьней (у прыватнасьці, па стане на 1908 год) яна ўжо лічылася вёскай Зэмбінскай воласьці.

Найбольш старыя зьвесткі пра маёнтак у Скупліне адносяцца да 1635 году. У 1724 годзе ў маёнтку ўжо быў млын. Гаспадарка належала К. Белазору. У далейшым маёнтак перайшоў да Ф. Канарскага. Не пазьней як з 1800 году ім валодаў Л. Радзевіч. У гэты час акрамя панскага двара тут было два млыны, капліца. Па стане на 1834 год да маёнтку адносілася 1834 прыгонныя селяніны.

У 1843 годзе па закладным праве маёнтак пераходзіць ад Радзевіча да А. Наркевіча-Ёдкі, які валодае ім некалькі дзясяткаў гадоў. Уладальнік сам кіруе гаспадаркай. Па стане на 1847 год да маёнтку адносілася два фальваркі. У 1875 годзе маёнтак у Скупліне меў 1845 дзесяцін зручнай зямлі (1000 дзесяцін лесу і 845 дзесяцін астатняй) і 886 дзесяцін нязручнай.

У другой палове ХІХ стагодзьдзя ў маёнтку пачынае працаваць бровар. Напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя ў маёнтку адбываюцца значныя пераўтварэньні. На яго ўскрайку будуюцца з часаных камянёў новыя будынкі для бровара. Адзін зь іх, двухпавярховы, вылучаўся нязвыкла вялікімі памерамі для навакольных вёсак. Праз шмат год, у 1930 годзе, вядомы тутэйшы краязнаўца В. Уладзіміраў пісаў, што пры набліжэньні да вёскі «мімавольна зьвяртаеш увагу на велізарны двухпавярховы каменны будынак».

У другім дзесяцігодзьдзі ХХ стагодзьдзя гаспадарка маёнтку, відаць, перастала прыносіць даходы ў тым памеры, у якім прыносіла раней. А. Наркевіч-Ёдка ў сувязі з гэтым зьвярнуўся да ўладаў з просьбай паменшыць яму падаткаабкладаньне. Гэта пытаньне разглядалася ў лістападзе 1912 году на другім чарговым Барысаўскім павятовым сходзе. У выніку разгляду справы А. Наркевічу-Ёдку было адмоўлена.

Напярэдадні рэвалюцыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры набліжэньні да маёнтку па дарозе з Палянаў на Карсакавічы перад невялікай рачулкай зь левага боку ад шляху знаходзіліся будынкі бровара. З правага боку ад дарогі за рачулкай і да рэчкі — былі гаспадарчыя будынкі маёнтку. Там жа знаходзіўся вялікі аднапавярховы драўляны панскі дом. Уніз па рэчцы ад дарогі за мэтраў 200—300 знаходзіўся млын. Перад млыном была маляўнічая сажалка. Меўся ў маёнтку і парк з экзатычнымі для нашых мясьцін расьлінамі.

У больш старыя часы (яшчэ напрыканцы ХІХ стагодзьдзя) акрамя асноўнага быў другі млын, які знаходзіўся меней чым за кілямэтар ніжэй ад першага па плыні ракі. Была ў маёнтку на пачатку ХХ стагодзьдзя і каплічка. Па стане на 1908 год у маёнтку Скупліна было 39 жыхароў.

Вёска ў гэты час разьмяшчалася паралельна рэчцы зь левага яе боку налева ад дарогі з Палянаў у Карсакавічы.

Гаспадары маёнтку

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працяглы час гаспадарамі маёнтку зьяўляліся Наркевічы-Ёдкі. У ХІХ стагодзьдзі гэта быў вядомы род, які праславіўся сваімі прадстаўнікамі — навукоўцамі. Якуб Наркевіч-Ёдка (1847—1905) праславіўся сваёй дзейнасьцю па дасьледаваньні ўплыву электрычнасьці на расьліны, распрацаваў мэтады кантролю стану здароўя чалавека праз атрыманьне фатаздымкаў з дапамогаю электрычных разрадаў, ставіў досьледы па прыёме і перадачы электрычных сыгналаў без правадоў і іншыя. Пра Якуба і яго навуковую дзейнасьць была выдадзена ў 1896 годзе ў Парыжы кніга.

Вітальд Наркевіч-Ёдка (1834—1898) быў вядомым вучоным-хірургам. Яго сын, які таксама насіў імя Вітальд (1864—1924) — польскі палітычны дзеяч, адзін з заснавальнікаў Польскай сацыялістычнай партыі.

Іван Наркевіч-Ёдка (1845 — ?) актыўна ўдзельнічаў у паўстаньні 1863 году, быў сасланы ў Сыбір. Пасьля скончыў Пецярбурскі ўнівэрсытэт. Быў жанаты на пляменьніцы генэрала Я. Дамброўскага. Пасьля падзеяў 1905 году эмігрыраваў у ЗША, дзе набыў вядомасьць як будаўнік мастоў.

Поўныя зьвесткі пра ўсіх яго гаспадароў Наркевічаў-Ёдкаў адсутнічаюць. Сярод тых зьвестак, што маюцца, нідзе не ўзгадваюцца ні Якуб, ні Вітальд, ні Іван. Пра тутэйшага А. А. Наркевіча-Ёдку (у прыватнасьці, па стане на 1863 год) вядома, што ён меў землі ня толькі ў Барысаўскім павеце (толькі ў Скупліне), але і ў Слуцкім (цікава адзначыць, што ўсе Наркевічы-Ёдкі — гаспадары маёнтку ў Скупліне ў ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя мелі ініцыялы А. А.). Зьвяртае ўвагу, што бацька Якуба — Антон Ануфрыевіч меў тыя самыя ініцыялы і валодаў, у прыватнасьці, землямі ў Слуцкім павеце ды ня толькі. Аднак больш дакладныя пошукі паказалі, што Наркевіч-Ёдка з Барысаўшчыны быў Аляксандрам Аляксандравічам. Акрамя таго вядома, што Якуб нарадзіўся ў маёнтку Турын на Случчыне, а сваю навуковую дзейнасьць распачаў упершыню ў маёнтку Антонава там жа.

Па ўсіх «парамэтрах» (узросьце, імі па бацьку) да «скуплінцаў» можа быць аднесены Вітальд Наркевіч-Ёдка (старэйшы), які зьяўляўся стрыечным братам Якуба. Дакладна вядома, што бацьку Вітальда звалі Аляксандар.

У сталым узросьце Вітальд жыў і працаваў у Варшаве (быў доктарам). На схіле сваіх гадоў жыў у сваім маёнтку ў Слуцкім павеце.

Такім чынам выглядае на тое, што Скупліным кіраваў спачатку бацька Вітальда, а потым адзін зь яго братоў і яго нашчадкі. Відавочна, што сам Вітальд у гэтым выпадку ў дзяцінстве мог жыць тут, а ў далейшым павінен быў часта бываць у Скупліне. Не чужы павінен быць маёнтак і для яго сына, таксама Вітальда.

Гэта ўсё меркаваньне, якое грунтуецца хай сабе на ўскосных, але дастаткова праўдападобных фактах. Каб пераканацца, што гэта было сапраўды так, неабходна праводзіць далейшыя дасьледаваньні. Але бясспрэчным зьяўляецца тое, што тутэйшыя Наркевічы-Ёдкі належалі да вядомага беларускага роду, які праславіўся сваімі сынамі ў ХІХ стагодзьдзі, і былі іх блізкімі сваякамі.

Зьмены ладу жыцьця

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля 1917 году ў вёсцы (і асабліва ў маёнтку) былі вялікія зьмены. Амаль увесь 1918 год тут гаспадарылі немцы, з канца лета 1919 году амаль да сярэдзіны 1920 — палякі. Пазьней пачалі стварацца калгасы. Ня ўсе яны змаглі доўга праіснаваць. У 1925 годзе на месца маёнтку быў утвораны калгас «Чырвоная зорка». Першапачаткова гэта была выключна габрэйская гаспадарка. Яе ўтварылі 13 сем’яў (усяго 33 чалавекі, дарослых: 14 мужчын, 13 жанчын). Паі сем’яў склалі ад 50 да 100 рублёў. У 1929 годзе ў калгасе ўжо было 18 сем’яў (80 чалавек). У пачатку 1930 году было прынята яшчэ 12 сем’яў. Пазьней калгас быў перайменаваны ў «Чырвоны баец». У 1934 годзе яго наведаў Янка Купала і прысьвяціў яму адзін са сваіх вершаў.

Тым часам частка панскай гаспадаркі выкарыстоўвалася па прызначэньні (млын і іншае), а частка не. Так бровар ужо болей не існаваў. У яго будынках былі разьмешчаны скуплінская школа і клюб. Велізарны кацёл ад яго быў проста выкінуты на двор і ляжаў у такім выглядзе тут шмат гадоў.

Вёска, нягледзячы на войны і крывавую барацьбу за ўладу, працягвала расьці. У 1926 годзе ў ёй было ўжо 70 двароў і 374 жыхары. Перад апошняй вайной — (у 1940 годзе) у Скупліне было 110 двароў і 447 жыхароў. Вайна нанесла цяжкі ўдар па вёсцы. Загінула шмат яе жыхароў. У гэты ж час былі зьнішчаны будынкі маёнтку, комплекс будынкаў бровара.

У 1960 годзе ў Скупліне быў усяго 191 жыхар. За далейшым ростам было яшчэ большае памяншэньне яе жыхароў. У 2006 годзе іх у Скупліне істотна меней за сотню (у тры разы меней чым у 1800 годзе). Ад былога бровара засталіся толькі фрагмэнты будынкаў. Яшчэ прасочваецца былая сажалка, у навакольлях маёнтку можна сустрэць рэдкія для тутэйшых мясьцінаў расьліны. Але тут ужо няма прадстаўнікоў славутых родаў, якія б былі добра вядомы сваёй навуковай дзейнасьцю, няма і будынкаў, якія б уражвалі выпадковых вандроўнікаў.

30 кастрычніка 2009 году перададзеная зь ліквідаванага Карсакавіцкага ў склад Зэмбінскага сельсавету[2].

  • XVIII стагодзьдзе: 1724 год — 18 двароў; 1800 год — 51 двароў, 290 жыхароў
  • XIX стагодзьдзе: 1890 год — 13 двароў
  • XX стагодзьдзе: 1908 год — 39 двароў, 265 жыхароў; 1926 год — 70 двароў, 374 жыхары; 1940 год — 110 двароў, 447 жыхароў; 1960 год — 191 жыхар; 1999 год — 63 жыхары
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — менш за 100 жыхароў; 2010 год — 31 жыхар

Інфармацыя для турыстаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнікі архітэктуры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Сядзібна-паркавы комплекс

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Млыны
  • Капліца
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 73
  2. ^ «Об изменении административно-территориального устройства Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 30 октября 2009 г. № 219 (рас.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]