Перайсьці да зьместу

Карсакавічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Карсакавічы
трансьліт. Karsakavičy
Першыя згадкі: XVI стагодзьдзе
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Барысаўскі
Сельсавет: Зэмбінскі
Вышыня: 168[1] м н. у. м.
Насельніцтва: 255 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 177
Паштовы індэкс: 222133[2]
СААТА: 6208830033
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°27′37.01″ пн. ш. 28°17′31.99″ у. д. / 54.4602806° пн. ш. 28.2922194° у. д. / 54.4602806; 28.2922194Каардынаты: 54°27′37.01″ пн. ш. 28°17′31.99″ у. д. / 54.4602806° пн. ш. 28.2922194° у. д. / 54.4602806; 28.2922194
Карсакавічы на мапе Беларусі ±
Карсакавічы
Карсакавічы
Карсакавічы
Карсакавічы
Карсакавічы
Карсакавічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Карса́кавічы[3] — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, за 13 км на паўночны ўсход ад Зэмбіна. Карсакавічы ўваходзяць у склад Зэмбінскага сельсавету. У вёсцы разьмешчаны сельскагаспадарчы цэх ААТ «Барысаўскі завод мэдычных прэпаратаў», фельчарска-акушэрскі пункт, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўваньня насельніцтва, Дом культуры, бібліятэка, грамадзкая лазьня, аддзяленьне сувязі, крама[4].

У пісьмовых крыніцах вядомае ад XVI стагодзьдзя. У 1567 г. сяло, шляхецкая ўласнасьць у Вялікім Княстве Літоўскім. Пад 1635 г. узгадваецца ў матэрыялах аб разьмежаваньні маёнткаў Карсакавічы і Скуплін зь сёламі маёнтку Зэмбін. У 1719 г. пабудаваная драўляная царква Пакрова Багародзіцы.

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расейскай імпэрыі. Ад 1795 году ў Барысаўскім павеце. У 1800 годзе 36 двароў, 113 жыхароў, цэнтар воласьці, уладаньне Карсакавіцкай царквы і шляхціца К. Радзевіча. У 1865 г. адчыненая школа (аднаклясная народная вучэльня), у якой у 1892 г. вучыліся 36 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі. У 1897 г. 65 двароў, 432 жыхары, школа, крама, карчма, царква, у Зэмбінскай воласьці Барысаўскага павету Менскай губэрні. У 1917 г. вёскі Карсакавічы (34 двары, 215 жыхароў), Карсакавічы 1 (42 двары, 260 жыхароў), Карсакавічы 2 (2 двары, 13 жыхароў).

Зь лютага да сьнежня 1918 г. — на тэрыторыі, акупаванай войскамі кайзэраўскай Нямеччыны, ад жніўня 1919 г. да чэрвеня 1920 г. — польскімі войскамі.

Ад 1 студзеня 1919 г. у складзе БССР, ад лютага ў Лет.-Бел. ССР, ад 31 ліпеня 1920 году ў БССР. Побач зь вёскай 6 жніўня 1920 г. быў арганізаваны саўгас «Казімерава» (183 дзес. зямлі). Ад 20 жніўня 1924 г. цэнтар сельсавету Зэмбінскага раёну Барысаўскай, ад 9 чэрвеня 1927 да 26 ліпеня 1930 г. — Менскай акруг, ад 22 верасьня 1927 г. Барысаўскага раёну, ад 20 лютага 1938 г. Менскай вобласьці. Ад 8 лютага 2010 у Зэмбінскім сельсавеце. Паводле перапісу 1926 г. быў населены пункт, 104 двары, 473 жыхароў. Карсакавіцкая працоўная школа 1-й ступені з-за адсутнасьці памяшканьня разьмяшчалася ў в. Ступліно ў наёмным памяшканьні. У 1929 г. створана 7-гадовая школа. У 1930 г. арганізаваны калгас «Камінтэрн», у якім у 1931 г. аб’ядноўвалася 14 гаспадарак. У ліпені 1934 г. вёску і калгас наведаў народны паэт БССР Янка Купала, які 10 ліпеня 1934 году ўдзельнічаў ва ўрачыстасьцях, прысьвечаных 14-годзьдзю вызваленьня Беларусі ад польскіх акупантаў, прачытаў урывак са сваёй паэмы «Барысаў». Пра разьвіцьцё Карсакавічаў у савецкі час ён напісаў у артыкуле «Самі спаўняемся вялікай радасьцю». Пад уплывам гэтай паездкі ў Барысаўскі раён паэт напісаў вершы «На нашым полі», «Я калгасьніца». У 1940 г. 113 двароў, 557 жыхароў. У Вялікую айчынную вайну ад пачатку ліпеня 1941 г. да 30 ліпеня 1944 г. акупаванае Нямеччынай. Знаходзілася ў межах Барысаўскай-Бягомльскай партызанскай зоны. У чэрвені 1942 г. 109 дамоў спаленыя, 30 жыхароў забітыя. 49 жыхароў вывезеныя на прымусовыя работы ў Нямеччыну. У 1966 г. у цэнтры вёскі, каля школы, на ўшанаваньне 155 землякоў, якія загінулі ў Другую сусьветную вайну, пастаўлены абэліск. Пасьля вайны адбудавана. Для школы ў ліпені 1945 г. узведзены двухпавярховы будынак. У 1960 г. 350 жыхароў[4].

Да 30 кастрычніка 2009 году цэнтар Карсакавіцкага сельсавету. 30 кастрычніка 2009 году перададзеная зь ліквідаванага Карсакавіцкага ў склад Зэмбінскага сельсавету[5].

  • 2010 год — 255 чалавек
  • 2008 год — 275 чалавек, 124 двары[4].
  • 1999 год — 361 чалавек
  1. ^ Карсакавічы (Барысаўскі раён) Фото Планета
  2. ^ Алфавитный список улиц по Корсаковичи
  3. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 73
  4. ^ а б в Карсакавічы // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 129
  5. ^ «Об изменении административно-территориального устройства Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 30 октября 2009 г. № 219 (рас.)