Перайсьці да зьместу

Пячэрскі лесапарк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Пячэрскі заказьнік»)
Пячэрскі лесапарк
2020 год
2020 год
Плошча 335 га[1]
Краіна Беларусь
Геаграфічныя каардынаты 53° пн. ш. 30° у. д. / 53° пн. ш. 30° у. д. / 53; 30Каардынаты: 53° пн. ш. 30° у. д. / 53° пн. ш. 30° у. д. / 53; 30
Месцазнаходжаньне Магілёў
Утварэньне 1632 (392 гады таму)
Пячэрскі лесапарк на мапе Беларусі
Пячэрскі лесапарк
Пячэрскі лесапарк
Пячэрскі лесапарк

Пячэ́рскі лесапа́рклесапарк на паўночным захадзе Магілёва.

На дзялянках старога лесу пражывала звыш 20 відаў птушак, у тым ліку чубатая сініца, жоўтагаловы каралёк, юрок, пішчуха, дрозд, вушастая сава і шэрая няясыць[2]. Рака Дубравенка працякала празь лесапарк, дзе ўпадала ў Пячэрскае возера, зь якога выцякала за пляжам. Таксама празь Пячэрскі лесапарк працякаў Прысьненскі ручай, які ўпадаў у Дубравенку. На поўдні да лесапарка прылягаў жылы мікрараён Мір-2[3].

Штогод Пячэрскі лесапарк служыць галоўным месцам сьвяткаваньня Дня Перамогі 9 траўня ў Магілёве. На палянах ладзілі канцэрты. Уздоўж лясных сьцежак разьмяшчалі гандлёвыя намёты[4]. Таксама на палянах прапануюць салдацкую кашу[5]. Пры лесапарку месьціцца Пячэрскае возера з пляжам. На возеры дзейнічаў пракат катамаранаў і лодак. Празь лесапарк праходзілі роварныя дарожкі. Узімку мясцовая спартовая база здавала напракат лыжы і сноўборды[6].

Лесапарк на Дубравенцы (11 студзеня 2019 году)

Узімку Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт ладзіў у Пячэрскім лесапарку абласныя лыжныя гонкі сярод падлеткаў[7]. У лютым Магілёўскі аблвыканкам праводзіў абласное спаборніцтва «Беларуская лыжня» з удзелам у звыш 500 лыжнікаў з кожнага раёну Магілёўскай вобласьці[8]. Прэзыдэнцкі спартовы клюб ладзіў у лесапарку абласное кола рэспубліканскага спаборніцтва ў біятлёне «Сьнежны снайпэр»[9], у якім бралі ўдзел звыш 2000 падлеткаў ад кожнага раёну Магілёўскай вобласьці[10]. Магілёўскі гарадзкі выканаўчы камітэт праводзіў у Пячэрскім лесапарку «Магілёўскую лыжню» з удзелам звыш 1000 лыжнікаў[11]. Увесну ў клюбе актыўнага адпачынку «Рубікон» Добраахвотнае таварыства садзейнічаньня арміі, авіяцыі і флёту Рэспублікі Беларусь праводзіла Адкрытае першынство Беларусі ў пэйнтболе з удзелам дружынаў з Малдовы, Расеі і Ўкраіны[12].

Пячэрскі лесапарк на Дубравенцы (4 кастрычніка 2019 году)

У 1632 годзе шляхціц А. Лахтыновіч адпісаў Кіева-Пячэрскай лаўры выйграны ў карты маёнтак Пячэрск (Аршанскі павет, Віцебскае ваяводзтва). У 1644 годзе настаяцель Кіева-Пячэрскай лаўры Пётар Магіла перадаў маёнтак Магілёўскай япархіі ў абмен на некалькі вёсак. У выніку Пячэрск стаў месцам пражываньня магілёўскіх япіскапаў. Маёнтку належалі вадзяны млын на Дубравенцы, карчма, ворыва і лес. Архірэйская сядзіба месьцілася пры царкве сьвятога Юрыя. У 1773 годзе ў Пячэрску пасяліўся каталіцкі япіскап Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, які ўзначаліў Магілёўскую архідыяцэзію. Богуш-Сестранцэвіч заклаў у Пячэрску 2-павярховы мураваны палац, сад з аранжарэяй, дыванова-ткацкую і мэблевую мануфактуры, бровар, карчму і вадзяны млын. У палацы выступаў прыгонны тэатар і працавала друкарня. У 1798 годзе каталіцкую катэдру перавялі ў Санкт-Пецярбург, таму прыгонныя атрымалі волю, а мануфактуры скасавалі. Пячэрскі палац перадалі штабу 1-й расейскай арміі. У 1820 годзе палац перадалі вайсковаму шпіталю. У 1850 годзе Загад грамадзкай апекі Магілёўскай губэрні набыў палац з флігелямі, стайняй і садам на 27 дзесяцінах зямлі. У 1882 годзе ў палацы разьмясьцілі багадзельню для інвалідаў вайны. У жніўні 1908 году яе пераўтварылі псыхіятрычную лякарню, куды перавялі хворых псыхіятрычнага аддзяленьня губэрнскай лякарні. У 1919 годзе бальшавікі нацыяналізавалі маёнтак магілёўскага япіскапа і пераўтварылі яго ў гарадзкі лесапарк адпачынку[13].

У 2017 году Магілёўскі гарадзкі выканаўчы камітэт ухваліў Рашэньне аб пераводзе Пячэрскага лесапарка з катэгорыі земляў паселішча ў землі ляснога фонду[14]. 2 верасьня 2021 году старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў падпісаў Рашэньне № 8-43 «Аб абвяшчэньні заказьніка мясцовай значнасьці "Пячэрскі"». Агульная плошча заказьніка склала 256,3 га, а плошча яго ахоўнай зоны — 234,5 га. Кіраваньне заказьнікам перадалі «Магілёўзелянбуду». У межах заказьніка апынуліся Магілёўская дзяржаўная санаторная школа-інтэрнат для дзяцей, хворых на скаліёз і Магілёўскі гарадзкі фізкультурна-спартовы клюб[15].

  1. ^ Аголеных мадэлек з магілёўскага лесу зацкавалі ў сацсетках // Беларуская служба Радыё «Свабода», 12 верасьня 2017 г. Праверана 30 ліпеня 2021 г.
  2. ^ «Ахова птушак Бацькаўшчыны» запрашае на «Эўраптушкадазор-2018» // Газэта «Зьвязда», 29 верасьня 2018 г. Праверана 30 ліпеня 2021 г.
  3. ^ Нэлі Зігуля. Дубравенка захварэла // Зьвязда : газэта. — 4 чэрвеня 2019. — № № 102 (28969). — С. 1, 4. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Дзясяткі тысяч людзей запоўнілі і ўсе адкрытыя пляцоўкі Магілёва // Белтэлерадыёкампанія, 9 траўня 2013 г. Праверана 30 ліпеня 2021 г.
  5. ^ Андрэй Крывашэеў. Гэтымі майскімі днямі мы адзначалі самае мужнае свята - Дзень Перамогі // Белтэлерадыёкампанія, 12 траўня 2013 г. Праверана 30 ліпеня 2021 г.
  6. ^ Алеся Воўкава. Магілёў // Часопіс «34mag», 10 чэрвеня 2015 г. Праверана 30 ліпеня 2021 г.
  7. ^ Абласныя спаборніцтвы па лыжных гонках сярод дзяцей і падлеткаў праходзяць у Магілёве // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 17 студзеня 2017 г. Праверана 30 ліпеня 2021 г.
  8. ^ Алег Файніцкі. Спартовае сьвята «Беларуская лыжня - 2017» прайшло ў Пячэрскім лесапарку // БелТА, 11 лютага 2017 г. Праверана 30 ліпеня 2021 г.
  9. ^ Абласныя спаборніцтвы «Сьнежны снайпэр» праходзяць у Пячэрскім лесапарку // Белтэлерадыёкампанія, 6 лютага 2017 г. Праверана 30 ліпеня 2021 г.
  10. ^ Андрэй Ястрабаў, перадача «Краіна». Рэгіёны прымаюць «Сьнежнага снайпэра» // Белтэлерадыёкампанія, 26 студзеня 2019 г. Праверана 30 ліпеня 2021 г.
  11. ^ Пячэрскі лесапарк прыняў «Магілёўскую лыжню - 2018» // БелТА, 17 лютага 2018 г. Праверана 30 ліпеня 2021 г.
  12. ^ Адкрыты чэмпіянат Беларусі па пэйнтболе праходзіць у Магілёве // БелТА, 29 красавіка 2017 г. Праверана 30 ліпеня 2021 г.
  13. ^ Пячэрск // Партал «Магілёў», 31 траўня 2014 г. Праверана 30 ліпеня 2021 г.
  14. ^ Аксана Яноўская. «Шукаем аднадумцаў сярод неабыякавых» // Карані і кроны. — 18 верасьня 2018. — № 7 (35). — С. 2.
  15. ^ Уладзімер Цумараў. Рашэньне Магілёўскага гарадзкога выканаўчага камітэту ад 2 верасьня 2021 г. № 8-43 «Аб абвяшчэньні заказьніка мясцовай значнасьці "Пячэрскі"» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 28 верасьня 2021 г. Праверана 27 сьнежня 2023 г.