Перайсьці да зьместу

Мядзьведжына

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Нядзьведжына»)
Малое Мядзьведжына, 1941—44 рр.

Мядзьведжына, Мядзьведжынскае прадмесьце — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў заходняй частцы места, на паўночны захад ад Лютэранскіх могілак. Часта месьцічы блыталі гэты раён з Тучынкай.

На поўнач ад Мядзьведжына пачынаецца Тучынка, на паўднёвы захад — Пляшчанка, на поўдзень — Грушаўка[1][2].

Малое Мядзьведжына, 1941—1944 рр.

У гістарычных дакумэнтах мясцовасьць упамінаецца пад назвай Мядзьведжы Лог. У 1759 року сустракаюцца зьвесткі пра «цагельню на Мядзьведжыне», якая належала менскаму манастыру Сьвятых Пятра і Паўла[3].

Калісьці ў ваколіцах Менску існавала некалькі вёсак, фальваркаў і хутар, што мелі назву Мядзьведжына (Нядзьведжына). Адна зь вёсак знаходзілася на тэрыторыі сучаснага жылога раёну на вуліцы Адоеўскага і ў 1959 року ўвайшла ў склад места, іншая — на рагу вуліцы Харкаўскай і праспэкта Пушкіна. Таксама існавала Малое Мядзьведжына (сквэр каля вуліцы Волаха) і Вялікае Мядзьведжына (вёска захавалася каля вуліцы Панамарэнкі). Хутар Мядзьведжына быў у раёне вуліцы Карла Лібкнехта, Волаха і Харкаўскай, блізу Лютэранскіх могілак[4].

Паводле падарожніка і краязнаўца Паўла Шпілеўскага, у сярэдзіне XIX ст. хутар Мядзьведжына вылучаўся «сваімі гарыстымі палямі, між якіх прыкметны дзьве глыбокія даліны, падзеленыя ручаямі і ўпрыгожаныя квяцістымі травамі, што даюць добрае лугавое сена»[5].

У пачатку XX ст. Мядзьведжына ўваходзіла ў чацьвертую паліцэйскую частку места. Праз прадмесьце праходзілі Ковенская, Малалютэранская (Лібнэхта), Дамашэўская (Волаха), што падыходзіла да фальварку Дамашэўкі Гераніма Дамашэвіча, і Страёвая вуліцы[1][6].

На паседжаньні 6 траўня 2009 року Камісія па найменьні і перайменаваньні праспэктаў, вуліцаў і іншых частак Менску прыняла пастанову аб наданьні безыменнаму сквэру ў межах вул. Купрыянава — жылая забудова — вул. Волаха назвы «Маламядзьведжынскі»[7]. Апроч таго, у наш час існуе раён Мядзьведжына (праўда, адсунуты на захад ад гістарычнага прадмесьця), а таксама аднайменная вуліца і завулак.

  • Лютэранская. Мылаварны завод Ш. Данішэўскага. Працаваў з 1895 року. У 1904 року на яго базе ўтварылася «Суполка парфумавай фабрыкі «Вікторыя»», прадстаўніцтвы якой дзейнічалі ў Рызе, Пецярбургу, Маскве, Кацярынаслаўлі. Завод знаходзіўся паблізу Лютэранскіх могілак, цяпер гэта раён вуліцы Волаха. У 1920-я рокі ў гэтым будынку разьмяшчаўся анатамічны тэатар БДУ (да 1928 року, калі збудавалі адмысловы корпус БДУ)[8].
  1. ^ а б Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 196—197.
  2. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 550—551.
  3. ^ Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
  4. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 231
  5. ^ Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. — Минск, 1992.
  6. ^ Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
  7. ^ У Менску з’явіліся скверы «Траецкая гара», «Старосцінская слабада» ды Лютэранскі // Наша Ніва, 14 траўня 2009.
  8. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994.
  • Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
  • Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века(недаступная спасылка) // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]