Перайсьці да зьместу

Франчэска Пэтрарка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Франчэска Пэтрарка
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 20 ліпеня 1304[1][2]
Памёр 19 ліпеня 1374[2] (69 гадоў)
Пахаваны
Бацькі Сэр Пэтрака[d]
Элета Каніджані[d][5]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці філёзаф, паэт, перакладнік, пясьняр, пісьменьнік, альпініст, аўтабіёграф, філёляг, гуманіст, каталіцкі клірык
Гады творчасьці  ? — 1374
Жанр паэзія і проза
Мова італьянская мова[6], лацінская мова[7], лаціна Адраджэньня[d], сярэднявечная лаціна[d] і сярэднявечная італьянская мова[d]
Узнагароды

Франчэ́ска Пэтра́рка (па-італьянску: Francesco Petrarca; 20 ліпеня 1304 — 19 ліпеня 1374) — італьянскі паэт, мысьляр, навуковец, адзін з заснавальнікаў эўрапейскай гуманістычнай культуры эпохі Адраджэньня. Быў чальцом ордэна францысканцаў. Услаўляў творчую і духоўна разьняволеную асобу. Ягоны «Канцаньерэ» («Кніга песень»), створаная на працягу ўсяго жыцьця (апошняя рэдакцыя 1373—1374) і прысьвечаная «мадоньне Ляўры», адкрыла новую эру ў эўрапейскай паэзіі. У сваіх філязофскіх трактатах «Аб сродках супраць пакут і радасьцяў» (1358—1366), «Аб маім уласным невуцтве…» (1367—1368) паэт бачыць прызваньне чалавека ня толькі ў самаўдасканаленьні, але і ў служэньні грамадзтву. Паэтычны аўтапартрэт, створаны ім у адным з санэтаў у «Кнізе песень», адкрывае ўнутраны сьвет чалавека гуманістычнай культуры.

Творы Пэтраркі з «Кнігі песень» на беларускую мову перакладалі Ю. Гаўрук, М. Дуброўскі, Л. Баршчэўскі, У. Скарынкін.

Пэтрарка нарадзіўся 20 ліпеня 1304 году ў тасканскім горадзе Арэцца. Ён быў сынам Сэра Пэтрарка і ягонай жонкі Элета Каніджані. Малому далі імя Франчэска Пэтрарка. Знакаміты паэт Дантэ Аліг’еры быў сябрам бацькі Пэтраркі[8].

Дом Пэтраркі ў Арэцца, дзе нарадзіўся выбітны паэт.

Сваё раньняе дзяцінства Пэтрарка правёў у вёсцы Інчыза ля Флярэнцыі. Аднак, большую частку свайго раньняга жыцьця будучы паэт пражыў у Авіньёне і бліжэйшай вёсцы Карпантра, бо калі ён быў яшчэ дзіцём ягоная сям’я пераязджала ўсьлед за папам Клімэнтам V, які перабраўся ў Авіньён у 1309 годзе. Пэтрарка вывучаў права ва ўнівэрсытэце Манпэлье з 1316 па 1320 гады, а потым яшчэ некалькі гадоў ва ўнівэрсытэце Балёньні. Поруч з Пэтраркам вучыўся ягоны сябар і аднаклясьнік Гвіда Сэтэ, які у будучым стаў арцыбіскупам Генуі. Прафэсію праўніка абраў для Пэтраркі і ягонага брата абраў тата, бо ён таксама працаваў у сфэры права. Пэтрарка ж, аднак, у першую чаргу быў зацікаўлены ў вывучэньні лацінскай літаратуры і лічыў сем гадоў свайго навучаньня марнымі. Пэтрарка занадта часта адцягнуўся на свае цікавасьці, за што ягоны бацька аднойчы кінуў сынавы кнігі ў агонь[9]. Акрамя таго, Пэтрарка ў сваім жыцьці сутыкнуўся з тым, што ягоныя апекуні праз прававую маніпуляцыю пазбавілі яго невялікай маёмасьці ў Флярэнцыі, які паэт атрымаў у спадчыну, што толькі ўзмацніла ягоную непрыязнасьць да прававой сыстэмы. Гэтую сыстэму ён разглядаў як мастацтва продажу справядлівасьці[8].

Пэтрарка быў плённым пісьменьнікам. Адным з сваіх галоўных сяброў ён лічыў Джаваньні Бакачча, якому вельмі часта пісаў лісты. Пасьля сьмерці бацькоў Пэтрарка і ягоны брат Герарда вярнуліся ў Авіньён у 1326 годзе, дзе паэт працаваў у шматлікіх клерыкальны службах. Гэтая праца дала яму шмат вольнага часу, які ён прысьвяціў літаратарству. Ягонай першай маштабнай працай была эпічная паэма «Афрыка», якую ён склаў лацінскай моваў. Твор распавядаў пра вялікага рымскага генэрала Сцыпіёна. Пэтрарка адразу стаў эўрапейскай знакамітасьцю. 8 красавіка 1341 году ён стаў другім паэтам-ляўрэатам з часоў клясычнай старажытнасьці[10][11].

Выява Пэтраркі працы Юстуса ван Гента.

Пэтрарка шмат падарожнічаў па Эўропе, бо працаваў яшчэ і амбасадарам. Аднак, ён таксама зьдзяйсьняў вандроўкі дзеля задавальненьня[12]. А праз сваё ўзыходжаньне на гару Ванту быў названы першым турыстам у сьвеце[13]. Пэтрарка вельмі рупіўся у справе аднаўленьня ведаў пра пісьменьнікаў Старажытнага Рыма і Грэцыі. Літаратар быў знаўцам антычнай літаратуры, міталёгіі і філязофіі, нястомным шукальнікам і зьбіральнікам старажытных рукапісаў. Пэтрарка ўпершыню супрацьпаставіў ідэалізаваны сьвет клясычнай старажытнасьці пустой схалястыцы і невуцтву. Адраджэньне забытых вольнасьцяў, ідэалаў ісьціны і прыгажосьці стала спосабам сьцьвярджэньня каштоўнасьці чалавека, ягоных творчых здольнасьцяў і зямнога быцьця. Пэтрарка атрымаў пераклады твораў Гамэра працы Леантыюса Пілятаса з рукапісу, набытага Бакачча, аднак, паэт моцна крытычна паставіўся да выніку. У 1345 годзе ён асабіста выявіў калекцыю лістоў Цыцэрона, пра якія раней не было вядома, з калекцыі «Лістоў з Атыкі» ў бібліятэцы Вэронскай катэдры[14].

Вяршына гары Ванту.

Пэтрарка распавядаў, што 26 красавіка 1336 году разам з братам і двума служкамі ён узышоў на вяршыню гару Ванту[15]. Пра гэты ўчынак паэт распавёў у знакамітым лісьце да свайго сябра і духоўніка Дыянізіё Рабэрці. Гэты ліст быў складзены празь некаторы час пасьля ўзыходжаньня. У ім Пэтрарка сьцьвярджаў, што быў натхнёны старажытнагрэцкім каралём Філіпам V, які зьдзейсьніў праходжаньне праз Траянскі перацяг. Састарэлы селянін папярэджваў Пэтрарку, што аніхто за 50 гадоў да таго не ўзыходзіў на Ванту, і адгаворваў яго ад спробы ўзысьці на вяршыню. Швайцарскі гісторык XIX стагодзьдзя Якаб Буркгард адзначаў, што францускі філёзаф Жан Бурыдан уздымаўся быў на тую ж гору за некалькі гадоў да Пэтраркі[16][17]. Навукоўцы адзначаюць, што ліст Пэтраркі[18] да Дыянізіё выказвае дзівосна «сучаснае» стаўленьне да эстэтычнага задавальненьня ў велічы краявідаў і па-ранейшаму апісаньне зь ліста цытуецца ў кнігах і часопісах, якія прысьвечаныя альпінізму. У Пэтраркі такое стаўленьне спалучаецца з памкненьнем да дабрадзейнага хрысьціянскага жыцьця. Адзначаецца, што на вяршыню паэт узяў з сабой асобнік ягонага ўлюбёнага настаўніка Сьвятога Аўгустына, які ён заўсёды насіў з сабой[19].

Пэтрарка правёў пазьнейшую частку свайго жыцьця, падарожнічаючы па Паўночнай Італіі і Паўднёвай Францыі як навуковец і паэт-дыплямат. Ягоная праца ў Каталіцкай Царкве не дазваляла яму ажаніцца, але, як мяркуецца, ён меў двух дзяцей. Гэтак сын Джаваньні нарадзіўся ў 1337 годзе, а дачка Франчэска нарадзілася ў 1343 годзе. Пазьней ён легітымізаваў сваіх дзяцей[20]. Цягам 1340-х і 1350-х гадоў літаратар жыў у невялікім доме ў Фантэн-дэ-Ваклюз на ўсход ад Авіньёну ў Францыі.

Ягоны сын Джаваньні памёр ад чумы ў 1361 годзе. У тым жа годзе Пэтрарка быў пасьвечаны ў канонікі у гарадку Мансэлічэ блізу Падуі. У тым жа годзе Франчэска пабралася шлюбам з Франчэскуолём да Брасана, які пазьней быў прызначаны выканаўцам волі Пэтраркі. У 1362 годзе маладыя, неўзабаве па нараджэньні дачкі Элеты, пераехалі да Пэтраркі ў Вэнэцыю, каб уцячы далей ад чумы. Другі ўнук Пэтраркі, які меў імя Франчэска, нарадзіўся ў 1366 годзе, але памёр перад сваім другім днём нараджэньня. Дачка Франчэска з сваёй сям’ёй жыла ў Пэтраркі ў Вэнэцыі ажно пяць гадоў з 1362 па 1367 гады ў палацы Моліна. Аднак, сам Пэтрарка ўвесь гэты час працягваў падарожнічаць.

Пэтраркавы дом у Аркуа, дзе і памёр літаратар.

Каля 1368 году Пэтрарка зь сям’ёй сваёй дачкі пераехаў у невялікі горад Аркуа на Эўганскіх пагорках недалёка ад Падуі, дзе правёў апошнія гады свайго жыцьця. Памёр знакаміты паэт у сваім доме ў Аркуа 18 ці 19 ліпеня 1374 году. Сёньня ў доме Пэтраркі месьціцца сталая выстава ягоных твораў[21].

Згодна з Пэтраркавым тэстамэнтам, якое датуецца 4 красавіка 1370 году, 50 флярынаў ён пакідуў Бакачча, каб той «набыў сабе новы цёплы зімовы халат», розная іншая маёмасьць, як то конь, срэбны кубак, лютня, адышлі ва ўласнасьць да брата і сяброў. Пэтраркавы дома ў Фантэн-дэ-Ваклюзе атрымаў наглядчык, але асноўную частку маёмасьці Пэтрарка аддаў зяцю да Брасану. У тэстамэнце бракавала згадак ані пра маёмасьць у Аркуа, ані пра бібліятэку літаратара. Набыткі Пэтраркі, як мяркуецца, былі дараваныя камусьці ў Вэнэцыі ў абмен на палац Моліна, аднак, такая дамоўленасьць, верагодна, была скасаваная, калі Пэтрарка пераехаў у Падуа, якое было ворагам Вэнэцыі ў тыя часы. Бібліятэку ў выніку атрымалі падуанцы, а ягоныя кнігі і рукапісы шырока разышліся па ўсёй Эўропе.

Творчасьць Пэтраркі падзяляецца на дзьве няроўныя часткі: італьянская паэзія і розныя творы, напісаныя на лаціне.

Італьянскай мовай

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Адзін зь вершай Пэтраркі.

Калі лацінскія творы Пэтраркі маюць вялікае гістарычнае значэньне, то ягоная сусьветная слава як паэта грунтуецца выключна на ягоных італьянскіх вершах. Сам Пэтрарка ставіўся да іх з пагардай, як да дробязяў, якія ён пісаў не дзеля публікі, а дзеля сябе, імкнучыся як-небудзь задаволіць журботнае сэрца. Беспасярэднасьць, глыбокая шчырасьць італьянскіх вершаў аўтара абумовілі іхны велізарны ўплыў на сучасьнікаў і наступныя пакаленьні.

Ён назвае сваю каханку Ляўрай і паведамляе толькі тое, што ўпершыню пабачыў яе ў царкве Санта-Кляра 6 красавіка 1327 году і што роўна праз 21 год яна памерла. Пасьля гэтага ён яшчэ 10 гадоў усхваляў яе, прысьвяціўшы ёй зборнік санэтаў і «Канцаньерэ». Як і паэты дольчэ стыль нуова, Пэтрарка ідэалізуе Ляўру, робіць яе цэнтрам усіх дасканаласьцяў, сьцьвярджаючы, што ейнае прыгажосьць ачышчае і акультурвае ягогную псыхіку. Але Ляўра не страчвае сваіх рэальных рысаў, не становіцца алегарычнай фігурай, бесьцялесным сымбалем праўды і дабрадзейнасьці. Яна застаецца сапраўднай прыгожай жанчынай, якой паэт захапляецца як мастак, знаходзячы ўсё новыя фарбы дзеля апісаньня ейнай прыгажосьці, фіксуючы асаблівае і непаўторнае ў ёй у кожны прамежак часу.

Акрамя вобразу каханьня да Ляўры, у «Канцаньерэ» маюцца некалькі вершаў рознага зьместу, пераважна палітычнага і рэлігійнага характару, і алегарычная карціна каханьня паэта, у якой адлюстраваная перамога каханьня над чалавекам, цнатлівасьці над каханьнем, сьмерці над цнатлівасьцю, славы над сьмерцю, часу над славай і адвечнасьцю над часам.

Творасьць аўтара лацінаю ўлучае ў першую чаргу дзьве ягоныя аўтабіяграфіі. Першая зь іх, незавершаная, якая апісвае гісторыю жыцьця аўтара, была створаная ў форме ліста да нашчадкаў. Другая аўтабіяграфія мае форму задуманнага дыялёгу Пэтраркі з Аўгустынам«Пра пагарду да сьвету». Гэты твор адлюстроўвае маральную барацьбу аўтара з нутраным жыцьцём агулам. Крыніца гэтай барацьбы палягае на супярэчнасьці паміж асабістымі памкненьнямі Пэтраркі і традыцыйнай аскетычнай маральлю. Адсюль паўстала асаблівая цікавасьць Пэтраркі да этычных пытаньняў, якім ён прысьвяціў 4 трактаты. У паядынку з Аўгустынам, які ўвасабляе рэлігійна-аскетычны сьветапогляд, але ўсё ж перамагае гуманістычны сьветапогляд Пэтраркі.

Як перакананы католік, Пэтрарка ў гэтых трактатах, а таксама ў перапісцы ды іншых працах спрабуе прымірыць сваю любоў да клясычнай літаратуры з царкоўнай дактрынай і рэзка нападае на схалястыкаў і сучасьнікаў з духавенства. Гэта асабліва пракметна ў «Лістах бяз адрасу», якія зьмяшчаюць вострыя сатырычныя выпады супраць распусты папскай сталіцы. Гэтыя лісты складаюць чатыры кнігі, яны адрасаваныя рэальным ці ўяўным асобам. Гэты своеасаблівы літаратурны жанр Пэтраркі быў натхнёны лістамі Цыцэрона і Сэнэкі, за што займеў шалёны посьпех як дзякуючы ўдалай лацінскай кампазыцыі, гэтак і сіле іхняй разнастайнасьці і актуальнасьці зьместу. Крытычнае стаўленьне Пэтраркі, з аднаго боку, да царкоўнай сучаснасьці, а з другога боку, да антычнай літаратуры сьведчаць аб ягонай павышанай самасьвядомасьці і крытычным настроі ўвогуле.

Беларускія пераклады

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Петрарка, Ф. Санэты. Дж.Г.Байран. Паломніцтва Чайльд-Гарольда: лірыка, паэмы. Верлен, П. У месяцавым ззяньні: лірыка. Мн., 1994 (Школьная бібліятэка).
  • Дантэ Аліг’еры. Новае жыццё. Петрарка, Ф. Кніга песень / Перакл. У.Скарынкіна. Мн., 2011 (Бібліятэка сусьветнай літаратуры).
  • Петрарка, Ф. Выбраныя песні з «Канцаньерэ» / Перакл. Л. Баршчэўскага. Мн., 2016 (Паэты плянэты).
  1. ^ Istituto dell'Enciclopedia Italiana Petrarca, Francesco // Enciclopedia on line (італ.)
  2. ^ а б в г Елина Н. Г., Елина Н. Г. Петрарка // Краткая литературная энциклопедия (рас.)Москва: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 5.
  3. ^ а б Архіў гістарычных запісаў — 1808.
  4. ^ Find a Grave (анг.) — 1996.
  5. ^ Pas L. v. Genealogics (анг.) — 2003.
  6. ^ Petrarca, Francesco // CONOR.SI
  7. ^ Mirabile: Digital Archives for Medieval Culture (італ.)SISMEL – Edizioni del Galluzzo.
  8. ^ а б Plumb 1961. С. 161—175.
  9. ^ Bishop, Morris (1963). «Petrarch and His World». Indiana University Press. — С. 27. — ISBN 978-0-253-34122-8.
  10. ^ Plumb 1961. С. 164.
  11. ^ Kirkham, Victoria (2009). «Petrarch: A Critical Guide to the Complete Works». Chicago: University of Chicago Press. — С. 9. — ISBN 978-0226437439.
  12. ^ Bishop, Morris (1963). «Petrarch and his World». Indiana University Press. — С. 92. — ISBN 0-8046-1730-9.
  13. ^ NSA Family Encyclopedia. «Petrarch, Francesco». Vol. 11. Standard Education Corp. 1992. — С. 240.
  14. ^ «History». Biblioteca Capitolare Verona.
  15. ^ Nicolson, Marjorie Hope (1997). «Mountain Gloom and Mountain Glory: The Development of the Aesthetics of the Infinite». — С. 49. — ISBN 0-295-97577-6
  16. ^ Burckhardt, Jacob (1860). «The Civilisation of the Period of the Renaissance in Italy». — С. 301—302.
  17. ^ Lynn Thorndike (1943). «Renaissance or Prenaissance». Journal of the History of Ideas, Vol. 4, No. 1. — С. 69—74.
  18. ^ Asher, Lyell (1993). «Petrarch at the Peak of Fame». PMLA. 108 (5): 1050—1063. doi:10.2307/462985. JSTOR 462985.
  19. ^ McLaughlin, Edward Tompkins (1894). «Studies in Medieval Life and Literature». New York: G.P. Putnam’s Sons. — С. 6.
  20. ^ Plumb 1961. С. 165.
  21. ^ «(Not?) Petrarch's Cat». blogs.bl.uk.