Касьцёл Сьвятой Вэранікі і кляштар рохітаў (Менск)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятой Вэранікі і кляштар рохітаў
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Менск |
Дата заснаваньня | XVIII ст. |
Дата скасаваньня | 1824 |
Касьцёл Сьвятой Вэранікі і кляштар рохітаў — помнік архітэктуры XVIII ст. у Менску. Знаходзіўся ў канцы Койданаўскай вуліцы. Твор архітэктуры драўлянага барока.
Комплекс складаўся з касьцёла, кляштару, шпіталя і гаспадарчых пабудоваў, аточаных парканам з брамай. У сярэдзіне XIX ст. улады Расейскай імпэрыі зруйнавалі касьцёл і кляштар.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]2 жніўня 1752 року ксёндз Тамаш Стацэвіч заснаваў шпіталь, які перадаў манахам-рохітам(pl). Свае грошы на ўтрыманьне кляштару і шпіталю ахвяравалі ўнукі Лукаша Шышкі — Юры, Базыль, Тодар і Міхал.
Дзякуючы гэтым ахвяраваньням на вуліцы Койданаўскай, каля мескай брамы паўстала дабрачынная ўстанова зь невялікім касьцёлам і сваёй фундацыяй, якая складала 7000 срэбрам[1].
У 1788 року М. Ансялеўскі падараваў кляштару 2 сенажаці непадалёк ад места. У XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў кляштару належалі некалькі пляцаў з пабудовамі ў месьце, а таксама фруктовы сад каля вуліцы Няміскай і вятрак пры дарозе на Сьмілавічы.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793) касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. На 1796 рок у рэзыдэнцыі было 5 манахаў. У 1824 року кляштар рохітаў разам з усёй маёмасьцю далучылі да Менскага кляштару баніфратаў.
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 рокаў расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, зруйнавалі ягоныя збудаваньні, а тэрыторыю паступова забудавалі жылымі дамамі[2].
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле візыты 1796 року, невялікі 2-вежавы драўляны касьцёл галоўным фасадам выходзіў на вуліцу Койданаўскую. Інтэр’ер упрыгожвалі 3 драўляныя разныя алтары. У галоўным алтары знаходзіліся абразы сьвятых Роха, Веранікі і Юзэфа.
На тэрыторыі кляштару знаходзіўся 1-павярховы драўляны шпіталь на 30 ложкаў, а таксама 3 драўляныя жылыя дамы (у адным зь іх жыў ксёндз-капэлян), комплекс гаспадарчых пабудоваў і гарод. Тэрыторыю кляштарнага комплексу атачаў драўляны паркан, галоўная брама разьмяшчалася з боку вуліцы Койданаўскай[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 269.
- ^ а б Дзянісаў У. Менскі кляштар рахітаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 295.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|