Менскінтэркапс
Каардынаты: 53°50′41″ пн. ш. 27°41′0″ у. д. / 53.84472° пн. ш. 27.68333° у. д.
Тып | унітарнае прадпрыемства |
---|---|
Заснаваная | 13 лістапада 1990 (34 гады таму) |
Разьмяшчэньне | Менск, Заводзкі раён, вул. Інжынэрная, д. 26 |
Ключавыя фігуры | Ірына Падабед, Анатоль Кліменка |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | лекі |
Абарачэньне | ▲$26,15 млн (2014 г.) |
Лік супрацоўнікаў | 342 (2015 г.) |
Матчына кампанія | Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь |
«Менскінтэркапс» — дзяржаўнае фармацэўтычнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў Менску ў лістападзе 1990 году ў якасьці сумеснага прадпрыемства.
Прадпрыемства зьяўляецца адзіным у Беларусі вытворцам лекаў у цьвёрдых жэлацінавых капсулах. На 2017 год ажыцьцяўляўся выпуск 68 лекаў, зь іх звыш 20 уласнай распрацоўкі, у тым ліку біялягічна актыўных дадаткаў (БАД). Найбольшую выручку забясьпечваў продаж 9 лекаў: «АнГрыМакс» ад застуды і грыпа, «Антыаксікапс» ад гіпавітаміноза, «Лізінапрыл Плюс» ад гіпэртаніі, «Моцілак» супраць ірвоты, «Пірацэзін» для паляпшэньня мазгавога кровазвароту, «Урсакапс» ад хваробаў жоўцевага пухіра, «Хандразамін» для адновы храстковых тканак, «Цэрэпра» ад хваробаў нэрвовай сыстэмы і «Эсэнцыкапс» ад хваробаў печані.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]13 лістапада 1990 г. кіраўнік асацыяцыі «Белмэд» Валеры Красоўскі падпісаў з канадзкай карпарацыяй «Міжнародная капсульная тэхналёгія» (Ўіндзар, правінцыя Антарыё) пагадненьне аб стварэньні сумеснага прадпрыемства «Менскінтэркапс», якое атрымала ўлік у Дзяржаўным камітэце зьнешнеэканамічных сувязяў за № 124. У 1995 годзе дзяржаўны завод «Электронмаш» унёс у статутны фонд будынак у менскім мікрараёне Шабаны, дзе пры канцы году разгарнулі вытворчасьць лекаў. 5 чэрвеня 2001 г. Выканаўчы камітэт Менску зацьвердзіў Рашэньне № 740 аб пераўліку прадпрыемства ў якасьці дзяржаўнага. 31 сьнежня 2002 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастанову № 1843 «Аб уключэньні вытворчага РУП "Менскінтэркапс" у склад дзяржаўнага канцэрна "Белбіяфарм"»[1]. За 2002 г. аб'ём продажаў перавысіў 6,5 млн эўра, што зрабіла прадпрыемства 3-м па велічыні фармацэўтычнай вытворчасьці ў Беларусі. У 2005 годзе УП «Менскінтэркапс» атрымала дазвол на збыт біялягічна актыўных дадаткаў у Эўрапейскі Зьвяз ад латвійскага цэнтру сэртыфікацыі «Балтсэрт» (Дзьвінск). За 2009—2011 гады УП «Менскінтэркапс» асвоіла выпуск 5 лекаў: 1) «Мельдоній-МІК» для лячэньня ішэміі і сардэчнай недастатковасьці, пры парушэньні мазгавога кровазвароту і зьніжанай працаздольнасьці ад цялеснай перанапругі, у тым ліку ў спартоўцаў (лек-адпаведнік мілдранату); 2) «Перындапрыл Плюс» для лячэньня артэрыяльнай гіпэртэнзіі (клінічнае выпрабаваньне правялі ў РНПЦ «Кардыялёгія» ў Менску); 3) «Унапрост» ад ацёка і запаленьня падкарэньніцы (зьмяшчае экстракт пладой нізкарослай веералістай пальмы); 4) «Урсакапс» ад хваробаў печані і жоўцевыводных шляхоў; 5) «Цэрэпра» для аднаўленьня пазнавальных здольнасьцяў (маўленьня, памяці, пісьма, рухавасьці, увагі і чытаньня) пасьля інсульту (выпускаецца сумесна з расейскім заводам «Верафарм»(ru)). Распрацоўка аналягавых лекаў займала 2-3 гады. Арыгінальныя лекі вымагалі 10-15 гадоў распрацоўкі і выпрабаваньняў[2].
11 жніўня 2011 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ № 360, якім скасаваў канцэрн «Белбіяфарм». 28 кастрычніка 2011 г. Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 1446 аб стварэньні ў Міністэрстве аховы здароўя дэпартамэнта фармацэўтычнай прамысловасьці, якому ў тым ліку перападпарадкаваў УП «Менскінтэркапс»[3]. За 2011 год УП «Менскінтэркапс» прадало лекаў на больш як $15,5 млн, зь іх 25% паставілі за мяжу. У Беларусі збыт пераважна ажыцьцяўлялі ў дзяржаўныя аптэкі УП «Белфармацыя». Найбольшыя продажы прыпадалі на лек «АнГрыМакс» ад віруса грыпу А і вітамінны дадатак «Антыаксікапс» зь ёдам, жалезам, сэленам і цынкам. Істотную выручку прынесьлі яшчэ 6 лекаў: 1) «Лізінапрыл Плюс» для зьмяншэньня сардэчна-ссудзінных ускладненьняў (вытворчасьць паводле распрацоўкі вугорскага ААТ «Рыхтэр Гедэон»(hu)); 2) «Пірацэзін» ад ссудзіннай паталёгіі мозга; 3) «Хандразамін» пры артрозе і адкладаньні соляў; 4) «Чарніцы-МІК» для папярэджаньня і лячэньня блізарукасьці, дыябэтычнай рэтынапатыі, парушэньня прыстасаваньня зроку да цемры, дыстрафіі сятчаткі і катаракты (зьмяшчае 177 міліграмаў сухога экстракту чарніцаў, што адпавядае 1,5 кг сьвежых ягадаў); 5) «Чарніцы зь лютэінам» для папярэджаньня пашкоджаньня сятчаткі і памутненьня крышталіка вока (дадаткова зьмяшчае лютэін і зеаксантын); 6) «Эсэнцыкапс» пры гепатыце, алькагольным і наркатычным атручаньні, цырозе і тлушчавой дэгенэрацыі печані, у тым ліку пры лускаватым лішаі, прамянёвай хваробе і цукровым дыябэце[2].
16 красавіка 2012 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ № 174 «Аб некаторых захадах разьвіцьця фармацэўтычнай прамысловасьці», паводле якога «Белінвэстбанк» пазычыў $10 млн на будаўніцтва новага корпуса УП «Менскінтэркапс». Паводле Ўказа, прадпрыемству зь дзяржаўнага каштарысу ў дадатак вылучылі $8,5 млн на закуп абсталяваньня, сыравіны і інтэлектуальнай уласнасьці, і яшчэ $0,6 млн на распрацоўку лекаў[4]. На чэрвень 2012 году УП «Менскінтэркапс» выпускала 52 найменьні лекаў, зь іх 30 лекаў-аналягаў і 22 лекі ўласнай распрацоўкі. Лекі прызначаліся для лячэньня алергіі, заражэньняў, хваробаў вачэй, крывяносных ссудзінаў, плоцевых органаў, страўнікава-кішачнага тракту і сэрца. Істотную частку вытворчасьці складалі вітамінна-мінэральныя дадаткі ў ежу. Прадпрыемства зьяўлялася адзіным у Беларусі вытворцам лекаў у цьвёрдых жэлацінавых капсулах[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Генадзь Навіцкі. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 сьнежня 2002 г. № 1843 «Аб уключэньні вытворчага РУП "Менскінтэркапс" у склад дзяржаўнага канцэрна "Белбіяфарм"» (рас.) // Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь. — 15 студзеня 2003. — № 5. — С. 38.
- ^ а б в Сьвятлана Барысенка, Віктар Пазьнякоў. Капсула даўгалецьця // Зьвязда : газэта. — 14 чэрвеня 2012. — № 112 (27227). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ Марына Носава. Створаны дэпартамэнт фармацэўтычнай прамысловасьці // БелаПАН, 1 лістапада 2011 г. Архіўная копія ад 2 лістапада 2011 г. Праверана 13 сьнежня 2017 г.
- ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 красавіка 2012 г. № 174 «Аб некаторых захадах разьвіцьця фармацэўтычнай прамысловасьці» (рас.) // Заканадаўчы партал «Навіны Беларусі», 1 студзеня 2014 г. Праверана 13 сьнежня 2017 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |