Алергія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Праявы алергіі на скуры

Алергія (стар.-грэц. ἄλλος + ἔργον — іншы + узьдзеяньне) — звышадчувальнасьць імуннай сыстэмы арганізма пры паўторных узьдзеяньнях алергена на раней сэнсыбілізаваны гэтым алергенам арганізм. Сымптомы: рэзь у вачах, ацёкі, рыніт (насмарк), крапіўніца, чханьне і кашаль. Вызначаецца пры дапамозе біяхімічнага аналізу крыві і скурнай пробы, калі вылучаюць адмысловыя антыцелы імунаглябулінаў Е. Адрозьніваюць наступныя віды алергіі: грыбковую, побытавую, пылковую і эпідэрмальную[1]. Ускладненьне немачы выклікае брахіяльную астму. Уяўляе сьмяротную пагрозу ў выглядзе анафіляктычнага шоку. На 2012 г. да 60% насельніцтва Зямлі хварэлі на алергію[2].

Папярэджаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадухіленьню хваробы спрыяе грудное выкормліваньне ва ўзросьце да году з прытрымліваньнем маці нізкаалергеннага харчаваньня і ўвядзеньне прыкорму немаўля пасьля 5 месяцаў жыцьця. Таксама карысна забясьпечваць гігіенічны побыт, загартоўвацца, штодня знаходзіцца на сьвежым паветры, разьмінацца і прытрымлівацца ўстойлівага раскладу сну[2].

Чыньнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узьнікненьню алергіі спрыяе тытунепаленьне, ужываньне алькаголю і наркотыкаў, спробы самалячэньня лекамі (антыбіётыкі) без прызначэньня лекарам, залежнасьць ад кавы, хуткае харчаваньне і выкарыстаньне ў побыце выпраменьвальных электрапрыладаў. Таксама шкодзіць нястача ў харчаваньні вітамінаў і мікраэлемэнтаў, харчаваньне ва ўзросьце да году сумесямі на аснове каровінага малака, увядзеньне прыкорму ва ўзросьце да 5 месяцаў, бруд у доме, пасіўнае паленьне, адсутнасьць штодзённага праветрываньня (вэнтыляцыі), празьмернае выкарыстаньне сродкаў побытавай хіміі і дзіцячай касмэтыкі, кішачны дысьбіёз[2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1906 годзе аўстрыйскі пэдыятар Клемэнс Пірке ўвёў панятак для абазначэньня ў пацыентаў сымптомаў ад рэчываў з навакольнага асяродзьдзя (пыл, пылок расьлінаў і шэраг відаў ежы). Філіп Джэл (1914-2001) і Робін Кумбс (1921—2006) вылучылі 4 віды рэакцыяў звышадчувальнасьці праз імунаглябулін E.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сьвятлана Барысенка, Вольга Шаўко. Хварэе страўнік — рэагуе скура (частка 1) // Краіна здароўя. — 6 красавіка 2011. — № 17 (253). — С. 3.
  2. ^ а б в Сьвятлана Барысенка. Вайна на клетачным узроўні // Зьвязда : газэта. — 19 красавіка 2012. — № 76-77 (27191-27192). — С. 10. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сьвятлана Барысенка, Вольга Шаўко. Алергічную рэакцыю трэба спыніць (часткі: 1, 2, 3, 4) // Зьвязда : газэта. — 4-7 траўня 2010. — ISSN 1990-763x.
  • Сьвятлана Барысенка, Вольга Шаўко. Хварэе страўнік — рэагуе скура (часткі: 2 і 3) // Зьвязда : газэта. — 7-8 красавіка 2011. — ISSN 1990-763x.