Маскоўская дзяржава
Маскоўская дзяржава Московское государьство | |||||
| |||||
| |||||
Афіцыйная мова | Расейская мова | ||||
Сталіца | Масква | ||||
Форма кіраваньня | Абсалютная манархія | ||||
Валюта | Рубель |
Маско́ўская дзяржа́ва, Маско́ўскае ца́рства (рас. Московское государство, Российское царство) — фэўдальная шматнацыянальная дзяржава, якая ўтварылася ў канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзяў у выніку далучэньня або захопу Маскоўскім княствам ардынскіх (Казанскага, Астраханскага і іншых ханстваў) і рускіх земляў (Цьвярскога княства, Наўгародзкай і Пскоўскай рэспублік і іншых).
Тэрыторыя Маскоўскай дзяржавы ў канцы XVI ст. складала каля 5,5 млн км²: на поўначы даходзіла да Баранцава і Белага мораў, на паўночным усходзе ўлучала Урал, на паўночным захадзе гранічыла з Нарвэгіяй, Швэцыяй і Інфлянцкім ордэнам, на захадзе і паўднёвым захадзе — зь Вялікім Княствам Літоўскім, на поўдні ня мела акрэсьленых межаў. Насельніцтва каля 9—10 мільёнаў чал. Поруч з маскавітамі таксама жылі лапары, ханты, комі, удмурты, татары, мары, чувашы, мардва, карэлы і іншыя. У ходзе захопніцкіх войнаў зь Вялікім Княствам Літоўскім маскоўскія акупанты неаднойчы гвалтоўна вывозілі да сябе значныя групы літвінаў (беларусаў). Літоўскія перасяленцы зрабілі вялікі ўнёсак у разьвіцьцё тамтэйшага рамяства і духоўнай культуры.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У змаганьні за палітычнае першынства паміж Маскоўскім і Цьвярскім княствам перамагла Масква[1]. За Іванам III Васілевічам (1462—1505) да яе далучылі Яраслаўскае (1463), Растоўскае (1474), Цьвярское (1485) княствы, Наўгародзкую рэспубліку (1478), Вяцкую (1489), часткова Разанскую землі.
У 1448 годзе ўтварылася незалежная Маскоўская царква (упершыню значыцца пад назвай рас. «Церковь Московская» у дакумэнце Маскоўскага сабору 1459 году[2]), што стала вынікам самавольнага выхаду Маскоўскай мітраполіі з-пад юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату. За гэта праваслаўныя цэрквы перасталі лічыць яе кананічнай і вызначылі як схізму. Кананічная ізаляцыя Маскоўскай царквы працягвалася 141 год. Па захопе Асманскай імпэрыяй Канстантынопалю ў 1453 годзе і гібелі апошняга бізайтыйскага імпэратара гаспадары Маскоўскай дзяржавы заявілі пра свае прэтэнзіі на ролю «трэцяга Рыму». Яны пачалі абвяшчаць сябе спадкаемцамі Бізантыі і выратавальнікамі хрысьціянаў ад усіх «паганых» і «раскольнікаў», а таксама з дамапогай Маскоўскай царквы пашыраць байкі пра сваё паходжаньне ад імпэратара Аўгуста. У дзяржаўных дакумэнтах заяўлялася[3]:
Два Рима пало, а Москва третий есть, а четвертому не быти | ||
У выніку войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1492—1494 і 1500—1503 гадоў Масква захапіла шэраг тэрыторыяў зь местамі Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Бранск, Любеч, Гомель, Старадуб, Мцэнск, Бельск і інш. За Васілём III Іванавічам (1505—1533) яна ўлучыла Пскоўскую рэспубліку (1510), Разанскую зямлю (1521) і іншыя. У выніку войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1507—1508 і 1512—1522 гадоў Масква захапіла места Смаленск і іншыя землі. На службу да маскоўскага гаспадара перайшлі зь Літвы князі Вяземскія, Глінснія, Мажайскія і іншыя. 3 шляхты Вялікага Княства Літоўскага, якая трапіла ў Маскоўскую дзяржаву, утварыўся служылы пласт — літва дваровая.
За часамі рэгенцтва Алены Глінскай (1533—1538) пры малалетнім Іване Тыране (1533—1584) адбылося скасаваньне ўдзелаў. У 1547 годзе Івана каранавалі як «цара». У 1550-я гады ён далучыў Казанскае і Астраханскае ханствы, у залежнасьць ад Масквы трапілі Вялікая Нагайская арда і Сыбірскае ханства, пачалося засваеньне маскавітамі Сыбіры. Іван Тыран распачаў Інфлянцкую вайну (1558—1582), у выніку якой Масква страціла некаторыя паўноўчна-заходнія землі.
Па ўзыходжаньні на сталец Фёдара Іванавіча (1584—1598), апошняга з дынастыі Рурыкавічаў, у Маскоўская дзяржаве надыйшоў г. зв. Смутны час. Адметнасьцю панаваньня Барыса Гадунова (1598—1605), Дзьмітрыя-Самазванца I (1606) і Васіля Шуйскага (1606—1612) былі вострыя сацыяльныя канфлікты і палітычная нестабільнасьць[5]. Вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўская дзяржавай (1609—1618), якая мела на мэце вярнуць Смаленск і іншыя месты, падтрымаць прэтэндэнта на маскоўскі сталец Дзьмітрыя-Самазванца I, з 1610 вялася, каб забясьпечыць гэты сталец за абвешчаным царом Уладзіславам Жыгімонтавічам. У 1613 годзе на маскоўскі сталец абралі Міхаіла Фёдаравіча (1613—1645), першага гаспадара з дынастыі Раманавых. Вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1632—1634 скончылася для Масквы няўдала.
3 пачаткам панаваньня Аляксея Міхайлавіча (1645—1676) маскоўскі ўрад узяў курс на захоп сучасных беларускіх і ўкраінскіх зямель. Вайна з Рэччу Паспалітай (1654—1667) мела для Вялікага Княства Літоўскага катастрафічны характар і скончылася стратай Смаленшчыны, Севершчыны і Левабярэжнай Украіны. Маскоўскія войскі адзначыліся разбурэньнем і спусташэньнем шматлікіх местаў і мястэчак, а таксама вынішчэньнем і паланеньнем насельніцтва. Напрыклад, у выніку ўчыненай 22 ліпеня 1654 году Трубяцкой разьні акупанты забілі амаль усіх жыхароў Амсьціслава[6][7], які быў сталіцай аднаго зь дзевяці ваяводзтваў краіны. Аднак часьцей галоўнай мэтай быў захоп у палон мясцовых жыхароў і вываз іх у Масковію. Аляксей Міхайлавіч плянаваў перасяліць на свае землі 300 тысячаў беларусаў. Кожны маскоўскі абшарнік мог прыехаць у Вялікае Княства Літоўскае і купіць хоць-якую колькасьць палонных[8]. Разам з тым гэтая вайна выклікала ў Маскоўскай дзяржаве рэзкае пагаршэньне сацыяльна-эканамічнага становішча (сялянская вайна 1670—1671 на чале з Разіным, шматлікія паўстаньні, у тым ліку ў Маскве)[9].
Адметнасьцю панаваньня Фёдара Аляксеевіча (1676—1682), Соф’і Аляксееўны (1682—1689), Івана V Аляксеевіча (1682—1696), Пятра I (1682—1725) было павелічэньне намаганьняў атрымаць выхад да Чорнага мора, спыніць агрэсіўную палітыку Крымскага ханства і Асманскай імпэрыі. Па сканчэньні Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721), у выніку якой да Маскоўскай дзяржавы адыйшлі землі Балтыі, адбылося абвяшчэньне Расейскай імпэрыі (1721).
Дзяржаўны і палітычны лад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяржаўна-палітычны лад Маскоўскай дзяржавы аформіўся да сярэдзіны XVI ст. Гэты была фэўдальная манархія з станавым прадстаўніцтвам. Вярхоўная заканадаўчая, судовая і выканаўчая ўлада належала гаспадару (з 1547 году — афіцыйна называўся «царом»); дарадчы, судовы і выканаўчы орган — Баярская дума.
У сярэдзіне XVI—XVII стагодзьдзяў склікаліся станава-прадстаўнічыя Земскія саборы. Да 1550-х гаоў узьніклі цэнтральныя органы дзяржаўнага кіраваньня — прыказы, у паветах (рас. уезд) намесьнікаў замянялі станавыя органы кіраваньня — губныя і земскія ізбы.
Фіксацыя праўных нормаў Маскоўскай дзяржавы адбылася ў Судзебніках 1497 і 1550 гадоў, Саборным улажэньні (1649).
Адукацыя і культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя сярэднія школы адкрыліся ў XVII ст. у Маскве, у 1687 годзе адбылося заснаваньне першай вышэйшай навучальнай установы — Славяна-грэка-лацінскай акадэміі.
Кнігадрук узьнік у сярэдзіне XVI ст. у Маскве, 1-ю датаваную кнігу («Апостал») у 1564 годзе выдалі выхадцы зь Літвы Іван Фёдараў (Хведаровіч) і Пётар Мсьціславец. Пашырэньне атрымалі хронікі («Ліцавы летапісны звод», Уваскрасенскі летапіс, Ніканаўскі летапіс і інш.), ствараліся гістарычныя аповесьці («Задоншчына», «Сказаньне пра Мамаева пабоішча», творы А. Паліцына, І. Цімафеева і інш.), пашыраліся перакладныя творы («Александрыя», «Траянскае сказаньне» і інш.). Сярод публіцыстаў XVI—XVII стагодзьдзяў вылучаюцца Ф. Карпаў, І. Перасьветаў, Ермалай-Еразм, Авакум.
Гаспадарка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Большасьць насельніцтва складала сялянства. Да сярэдзіны XVII ст. завяршыўся працэс праўнага афармленьня прыгону. Буйнымі рамеснымі прадпрыемствамі былі Гарматны (з канца XV ст.) і Манэтны (заснаваны ў 1534 годзе) двары ў Маскве. У канцы XVI ст. узьніклі першыя мануфактуры (паперні), у XVII ст. працавалі Хамоўны (палатняны) двор у Маскве, жалезаапрацоўчыя заводы ў Кашыры і Туле, шкляны і парахавы заводы ў Маскве і іншыя.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інтэнсіўна разьвівалася мураваная фартыфікацыя. У XVI ст. завяршылася ўзьвядзеньне крамлёў у Ніжнім Ноўгарадзе, Туле, Каломне, Зарайску, Смаленску, Серпухаве, пазьней і ў іншых местах. Абарончае значэньне мелі Кірыла-Белазерскі, Салавецкі і іншыя манастыры.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 519.
- ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Буэнос-Айрес, 1966. — Минск: Белорусский Экзархат Русской Православной Церкви, 1990. С. 116.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 142.
- ^ Liungman C. G. Symbols — Encyclopedia of Western Signs and Ideograms. Ionfox AB. — HME Publishing, 2004. P. 140. ISBN 978-91-972705-0-2.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 520.
- ^ Грыцкевіч А. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 373.
- ^ Пушкін І. Гістарычная спадчына горада Магілёва: курс лекцый. — Магілёў: УА МДУХ, 2006. С. 63. [1]
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 245.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 521.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0