Перайсьці да зьместу

Ліепайскі порт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ліепайскі порт
порт
Назва арыгінальнай мовайLiepājas osta Рэдагаваць
КраінаЛатвія Рэдагаваць
Адміністрацыйная адзінкаЛіепая Рэдагаваць
Геаграфічныя каардынаты56°31′40″N 20°59′40″E Рэдагаваць
Першая пісьмовая згадка1263 Рэдагаваць
Map

Ліепайскі порт — незамярзальны[1] марскі порт Латвіі, заснаваны ў 1263 годзе на Балтыйскім моры.

Месьціцца за 727 км ад Менску (Беларусь), а таксама за 216 марскіх міляў ад Стакгольму (Швэцыя), што складала 16 гадзінаў плаваньня, і за 325 марскіх міляў ад Капэнгагену (Данія), што складала 26 гадзінаў плаваньня. На 2023 год займаў 1182 гектары, зь іх 68 % (810 га) на вадзе і рэшту (372 га) на сушы. Налічваў 80 прычалаў агульнай даўжынёй 10 км, зь іх 5500 мэтраў — для звычайных і сыпкіх грузаў, 1500 м — для рыбалоўства і партовага флёту, 1300 м — для вадкіх грузаў, 1200 м — для суднабудаваньня і рамонту, 550 м — для яхтаў і прагулачных суднаў. Мог прымаць караблі з уляганьнем да 11 мэтраў, шырынёй да 35 мэтраў і даўжынёй да 240 мэтраў[2]. Порт ёсьць часткай Ліепайскай спэцыяльнай эканамічнай зоны, што ахоплівае 65 % (3979 га) земляў горада[3].

Абсталяваньне і захоўваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2023 год прадпрыемствы Ліепайскага порта мелі рухомыя краны грузападымальнасьцю да 63-х тонаў, казлавыя краны — да 40 тонаў і аўтапагрузчыкі — да 25 тонаў. Захоўваньне грузаў забясьпечвалі 44 га адкрытых пляцовак і 10 га складоў, 75 000 кубамэтраў рэзэрвуараў для вадкасьцяў, 74 400 кубамэтраў сіласаў і 25 200 кубамэтраў маразілак[2]. Складзкія паслугі аказвалі «Балтыйская біяпаліўная кампанія», «Сола Л» і «Ліепайскі трассклад»[4].

Тэрміналы і рыбалоўства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2023 год Ліепайскі порт працаваў кругласоднева ў якасьці незамярзальнай гавані, што зьвязвала Латвію з Заходняй Эўропай. Палову грузаабароту складалі мясцовае харчаваньне, будаўнічыя матэрыялы, драўніна і біяпаліва. Другую палову грузаў пастаўлялі з суседніх краінаў Усходняй Эўропы, у тым ліку зь Беларусі, і Казахстану. У порце налічвалася 15 грузавых прадпрыемстваў. Грузаперавозчыкі і мытныя пасярэднікі забясьпечывалі занятасьць 2000 чалавек[5].

Перавалку сыпкіх грузаў, кшталту збожжа, ажыцьцяўлялі ТАА «Ліепайскі тэрмінал сыпкіх грузаў» (прычалы 51 і 51а) і ТАА «Дан Склад» (прычалы 42—43). Яны маглі прымаць караблі Панамакс зьмяшчальнасьцю да 52 500 тонаў. Асобны тэрмінал мела ТАА «Балтыйскі перавалачны асяродак» (прычал 5). ТАА «Тэрабалт» (прычалы 46а, 46з і 50) ажыцьцяўляла пазажырска-грузавыя перавозкі паромам да нямецкага Любэка (Травэмюндэ) 5 разоў на тыдзень (цягам 20 гадзінаў). «Экерс грузчыкі» (прычалы 14, 42—45) з адмысловага тэрміналу дастаўлялі цэмэнт у парты Фінляндыі і Швэцыі. «Дзюна» (прычалы 62—63), «Ласкана» (40—41 і 56), «Молс Л» (60—61) і «Тэрабалт» ажыцьцяўлялі пастаўкі драўняных пелетаў і трэсак у якасьці біяпаліва. Піламатэрыялы і бярвеньні дастаўлялі праз адмысловыя тэрміналы «Ласкана», «Мэца лес Латвіі» (57—59) і «Молс Л». «Экерс грузчыкі» таксама перавальвалі вугаль, пакаваныя мінэральныя ўгнаеньні і мэтал. «ДГ тэрміналы» (прычал 25), «ГІ тэрміналы» (28), «Транзытныя тэрміналы» (69) і «Глен нафта» (26) займаліся дастаўкай нафтапрадуктаў і нафты[5].

Наберажная прыстань прымала яхты даўжынёй да 50 мэтраў[6]. «Ліепайская паўночная верф» ажыцьцяўляла рамонт (прычалы 19—22), пераабсталяваньне і будаўніцтва грузавых і прагулачных караблёў, пасажырска-грузавых паромаў і рыбалоўных траўлераў. Верф улучала плывучы док і два сухія докі даўжынёй да 220 мэтраў і шырынёй да 26 мэтраў з кранамі магутнасьцю да 40 тонаў для караблёў з уляганьнем да 8 мэтраў[7].

На ўліку ў Ліепайскім порце стаяла 1/3 з 59 рыбалоўных суднаў Латвіі. У Балтыйскім моры пераважна лавілі траску, кільку, селядца і камбалу. У прыбярэжных водах увосень багата траскі, а ўвесну — селядца, калкана і бычкоў-круглякоў. Прадпрыемства «Курс» вырабляла ў порце філе рыбы ў замарожаным і сьвежым выглядзе. ТАА «Калюмбія» выпускала рыбныя кансэрвы. Латвійская група вытворцаў рыбнай прадукцыі і Балтыйскае таварыства рыбакоў ажыцьцяўляюць замарозку рыбы. ТАА «Гама» сартавала рыбу і вырабляла лёд. Прадпрыемствы «Хантэрс» і «Відо» салілі рыбу пры порце. Рыбу ў асноўным пастаўлялі ва Ўкраіну, Малдову, Румынію, Польшчу, Эстонію і Летуву[8].

У 1263 годзе ўпершыню згадваецца Ліўскі порт, што належаў біскупу. Прыстань разьмяшчалася ў вусьці ракі Лівы, што знаходзілася каля Паўночных могілак між вуліцамі Вітола і Аўсекля. У 1300 годзе Лівонскі ордэн захапіў Ліву разам з портам. Да 1621 году купцы Лібавы наладзілі гандаль з Готляндам і Стакгольмам (Швэцыя), Гданьскам (Польшча), Любэкам і Кілем (Сьвятая Рымская імпэрыя) у Балтыйскім моры. У Паўночным моры гандлявалі з Амстэрдамам. Таксама гандаль даходзіў да Лісабону (Партугалія) на самым захадзе Эўропы на ўзьбярэжы Атлянтычнага акіяну. 18 сакавіка 1625 году курляндзкі герцаг Фрыдрых Вільгельм Кетлер надаў Лібаве магдэбурскае права. Праз порт пераважна пастаўлялі збожжа, салёнае мяса, ільняное насеньне і скуры. Увозілі ў асноўным соль, селядзец, вапну і жалеза. У 1640 годзе рэкі Ліва і Пэркона настолькі абмялелі, што Лібава часова засталася бяз порту[9].

У 1660 годзе купцы Вялікага Княства Літоўскага перанакіравалі пастаўкі збожжа ў Нідэрлянды праз Рыгу на Лібаву, бо Рэч Паспалітая страціла Інфлянты на карысьць Швэцыі паводле Аліўскага міру. У 1677 годзе курляндзкі князь Якаб Кетлер дазволіў галяндзкаму суднабудаўніку Генрыху Янсэну ўзьвесьці верф у Лібаве, дзе пабудавалі караблі «Казімер» і «Сафія». За 1682—1698 гады пабудавалі 25 караблёў, для чаго некалькі майстроў пераехала зь Віндавы ў Лібаву. У 1685 годзе мясцовы карабельнік Вільгельм Гіфэніх накіраваў у Вэст-Індыю свой гандлёвы карабель «Белае ягня» пад загадам капітана Янсэна Гана. У 1696 годзе 14 караблёў на якары пацярпелі крушэньне ў порце падчас шторму. 3 кастрычніка 1697 году забілі першую сваю каля Гандлёвага канала для дноўглыбленьня порта, якое ўхваліў кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт Аўгуст. У 1700 годзе разбудова порта прывяла да яго наведваньня амаль 100 караблёў. Вывозілі пераважна збожжа, драўніну і скуры. Увозілі ж соль, селядзец, будаўнічыя матэрыялы і мэталічныя вырабы[9].

У 1703 годзе шырыню рэчышча павялічылі да 13 мэтраў, глыбіню — да 3,2 мэтраў, а даўжыню — да 1800 мэтраў. У 1705 годзе швэды ўзьвялі крэпасьць на поўдзень ад порта дзеля прыкрыцьця руху войска на паўднёвы ўсход падчас Паўночнай вайны. У 1725 годзе рэчышча гавані раскапалі да шырыні 65 мэтраў. У 1736 годзе шторм паменшыў глыбыню порта да мэтра ў выніку наносу пяску. У выніку навальніцы загінула 39 чалавек і некалькі караблёў пацярпелі крушэньне. Пасьля стыхійнага бедзтва ўваход у порт агарадзілі дзьвюма паралельнымі дамбамі са скрыняў, напоўненых камянямі, а гавань паглыбілі. У 1737 годзе мясцовы суднабудаўнік Бэрэбд Гайнс спусьціў на ваду фрэгат даўжынёй 73 футы і шырынёй 22 футы. У сакавіку 1738 году курляндзкі князь Эрнст Ёган Бірон дазволіў назваць фрэгат сваім імем і вызваліў яго ад партовых збораў. У 1808 годзе Лібаўскі порт зазнаў скарачэньне таваразвароту да 63-х караблёў, бо Расейская імпэрыя далучылася да кантынэнтальнай блякады Францыі супраць Брытаніі паводле Тыльзыцкага міру 1807 году[9].

За 1814—1839 гады пабудавалі 19 караблёў для гандлю і рыбалоўства. У 1821 годзе ўзьвялі лоцманскую вежу. Падчас Крымскай вайны 1853—1856 гадоў брытанскі флёт захапіў 8 лібаўскіх караблёў. У выніку марской блякады мясцовыя перавозчыкі прадавалі свае караблі, а капітаны мянялі ўлік караблёў пад сьцяг іншых краінаў. Цягам 1861—1868 гадоў глыбіню пірсаў павялічылі да 6 мэтраў, даўжыню паўднёвага пірса — да 994-х мэтраў, а паўночнага — да 819 мэтраў. На берагах гавані ўзьвялі драўляныя прычалы шырынёй 20 мэтраў, а глыбіню фарватэру павялічылі да 6,4 мэтраў. Штогод у Лібаўскі порт заходзіла каля 215 караблёў. У 1868 годзе ўзьвялі Лібаўскі маяк, які вырабілі з чыгунных конусаў на мясцовым ліцейным заводзе А. Майнхарда. У 1869 годзе пачалі будаваць Лібава-Роменскую чыгунку, якую адчынілі ў чэрвені 1874 году. У выніку яшчэ з 1870 году дастаўка збожжа ў порт стала перавышаць магчымасьці яго прыёму на вываз. У 1871—1875 гадох сярэдняя наведвальнасьць порта складала па 460 караблёў за год[9].

У 1876 годзе заснавалі Лібаўскую марскую школу, якая стала рыхтаваць капітанаў караблёў і штурманаў, у тым ліку для трансатлянтычных лайнэраў. У 1880-я гады выкапалі Зімовую гавань і пабудавалі Паўночную і Паўднёвую грузавыя станцыі, дзе апрацоўвалі да 300 вагонаў за содні. Праз гэта магчымасьці порта сталі задавольваць існыя грузапатокі. У 1888 годзе стварылі Таварыства рамесьнікаў і матросаў, каб дапамагаць пацярпелым. У 1892 годзе расейскі імпэратар Мікалай II ўхваліў узьвядзеньне вайскова-марской базы Кароста ў Лібаве, якую аддзялілі ад гандлёвага порта прычалам. Марская база Балтыйскага флёту займела ўласныя крамы, жылыя дамы, майстэрні і паштовае аддзяленьне. Для абароны Лібавы з мора і сушы ўзьвялі 8 гарадзкім умацаваньняў. На будоўлі пірсаў і хвалярэзаў скарысталі: 114 000 кубамэтраў каменю, 80 000 тонаў цэмэнту, 40 000 кубамэтраў пяску, 18 000 кубамэтраў жвіру і 12 000 бэтонных блёкаў. Пры гэтым задзейнічалі 70 баржаў і караблёў, а таксама 8 параходаў. У выніку глыбіня порта дасягнула 10 мэтраў. У 1899 годзе на Лібаўскі порт прыпала 6,7 % расейскага экспарту. Пераважна пастаўлялі збожжа і драўніну[9].

У 1900 годзе Лібаўскі порт прыняў 2279 караблёў, што зрабіла яго 5-м найбольшым партом Расейскай імпэрыі. Пастаўкі пераважна ладзілі за мяжу. Увозілі ж соль, мінэральныя ўгнаеньні, мэталічныя вырабы, машыны, вугаль і бавоўну. У верасьні 1903 году расейскі імпэратар Мікалай ІІ зь сям'ёй наведаў Лібаву, дзе на марской базе Кароста асьвяцілі сабор сьвятога Мікалая, узьвядзеньне якога ён фінансаваў. У 1907 годзе «Расейска-Ўсходне-Азіяцкая параходная кампанія» датчаніна Петэра Борнхольда пачала перавозку перазяленцаў у Паўночную Амэрыку па маршруце Лібава — Нью-Ёрк — Галіфакс. У 1913 годзе Лібаўскі порт прыняў 1738 караблёў і апрацаваў 1 548 119 тонаў грузаў, а таксама перагрузіў 465 060 вёдзер сьпірту і 5938 коней. Зь Лібавы выехала 70 732 перасяленцы. 8 траўня 1915 году нямецкія войскі занялі Лібаву ў ходзе Першай сусьветнай вайны. 23 лістапада 1918 году ў Ліепайскі гандлёвы порт зайшоў першы карабель з нэўтральнай краіны. Дагэтуль у мора дзеля рыбалоўства выходзіла каля 800 маракоў, зь якіх 12 загінула, у тым ліку тры ад міны. У 1920-я гады грузаабарот скараціўся да 240 000 тонаў у сярэднім за год праз скарачэньне расейскага транзыту. У 1931 годзе Ліепайскі порт атрымаў стан вольнага порта на прапанову камітэту Ліепайскай фондавай біржы да ўраду Латвіі[9].

У 1939 годзе Ліепая стала базай Вайскова-марскога флёту СССР. У 1941 годзе яе захапілі нямецкія войскі ў ходзе Нямецка-савецкай вайны. У 1946 годзе 207 караблёў зайшло ў порт, дзе перагрузілі 434 600 тонаў грузаў. 16 сакавіка 1946 году ў Ліепаі стварылі першы рыбацкі калгас «Бальшавік», які сваімі караблямі абслугоўвала матарызаваная рыбалоўная станцыя (МРС). У 1951 годзе зачынілі гандлёвы порт. У красавіку 1954 году на лоўлю селядца ў Паўночнае мора ўпершыню з часу вайны накіравалі 9 суднаў. У сьнежні 1956 году ў Зімовы і Вольны парты аднавілі заход гандлёвых караблёў, але толькі савецкага флёту. У 1959 годзе МРС скасавалі, а рыбацкім калгасам дазволілі набываць судны і ствараць рамонтныя базы. 24 кастрычніка 1963 году Галоўная ўправа рыбнай гаспадаркі Заходняга басэйну ўхваліла Пастанову № 85 аб пераўтварэньні «Ліепайскай базы акіянскага рыбалоўнага флёту» («ЛБАРФ») ў прадпрыемства з траўлерным флётам. 18 лютага 1964 году адпаведны Загад № 67 зацьвердзіла Галоўная ўправа Заходняга басэйну Міністэрства рыбнай прамысловасьці СССР. У 1966 годзе апрацоўка савецкіх грузаў вырасла да 1,508 млн тонаў. У 1967 годзе гандлёвы порт перадалі ВМФ СССР. У 1978 годзе рыбацкі калгас «Бальшавік» стаў найбольшым у Латвійскай ССР і налічваў каля 1500 чалавек[9].

27 верасьня 1991 году гарадзкая ўправа Ліепаі ўхваліла рашэньне аб аднове гандлёвага порта. 1 студзеня 1992 году ў порт зайшло першае замежнае гандлёвае судна «Гайнаўка» пад польскім сьцягам, якое даставіла жмых зь «Ліепайскага алеяэкстракцыйнага заводу» ў Данію. За 1992 год 63 караблі наведалі порт, дзе апрацавалі 100 000 грузаў. 31 жніўня 1994 году Вайскова-марскі флёт Расеі пакінуў базу ў Ліепайскім порце. Адпаведныя прычалы, дарогі і чыгунку перадалі ў арэнду прадпрыемствам, аплату якой адклалі да пакрыцьця выдаткаў на рамонт і ачыстку акваторыі ад патанулых падлодак і караблёў. За 1996 год перагрузілі 1,6 млн тонаў таварыў. Асноўнымі зь іх былі аўтапрычэпы, драўніна, мэтал і нафтапрадукты. 1 сакавіка 1997 году Ліепайская асаблівая эканамічная зона пераняла паўнамоцтвы кіраваньня портам[9].

За 2003 год перавалілі 4,857 млн тонаў грузаў, зь іх 56 % (2,717 млн тонаў) звычайных, 22 % (1,077 млн тонаў) вадкіх і рэшту (1,063 млн тонаў) сыпкіх. Пры гэтым прынялі 1788 караблёў і 13 496 пасажыраў, а таксама апрацавалі 2652 20-футавых кантэйнэраў і 33 627 колавых грузаў[10]. За 2022 год прынялі 1603 караблі і 85 422 пасажыры, а таксама апрацавалі 1,515 млн тонаў колавых грузаў і 141,5 тыс. тонаў 20-футавых кантэйнэраў[11].

  1. ^ Пётар Дунько. Разьвітаньне са шпротамі // Зьвязда : газэта. — 5 лістапада 2020. — № 216 (29330). — С. 13. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б Тэхнічныя ўласьцівасьці Ліепайскага порта (лат.) // Ліепайская СЭЗ, 2023 г. Праверана 9 красавіка 2023 г.
  3. ^ Кацярына Бірэцкая, тэлеканал «Беларусь 1». Беларусь мае ўсе шанцы стаць злучным зьвяном адразу двух буйных рынкаў // Белтэлерадыёкампанія, 22 лютага 2015 г. Праверана 9 красавіка 2023 г.
  4. ^ Складзкая гаспадарка Ліепайскага порта (лат.) // Ліепайская СЭЗ, 2023 г. Праверана 9 красавіка 2023 г.
  5. ^ а б Тэрміналы Ліепайскага порта (лат.) // Ліепайская СЭЗ, 2023 г. Праверана 9 красавіка 2023 г.
  6. ^ Прыстань Ліепайскага порта (лат.) // Ліепайская СЭЗ, 2023 г. Праверана 9 красавіка 2023 г.
  7. ^ «Ліепайская паўночная верф» Ліепайскага порта (лат.) // Ліепайская СЭЗ, 2023 г. Праверана 9 красавіка 2023 г.
  8. ^ Рыбалоўства і перапрацоўка рыбы Ліепайскага порта (лат.) // Ліепайская СЭЗ, 2023 г. Праверана 9 красавіка 2023 г.
  9. ^ а б в г д е ё ж Гісторыя Ліепайскага порта (лат.) // Ліепайская СЭЗ, 2023 г. Праверана 9 красавіка 2023 г.
  10. ^ Статыстыка Ліепайскага порта за 2003 год (лат.) // Ліепайская СЭЗ, 2023 г. Праверана 9 красавіка 2023 г.
  11. ^ Статыстыка Ліепайскага порта за 2022 год (лат.) // Ліепайская СЭЗ, 2023 г. Праверана 9 красавіка 2023 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]