Перайсьці да зьместу

Прэйлі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Прэйлі
лац. Prejli
лат. Preiļi
У цэнтры места
У цэнтры места
Герб Прэйлі
Першыя згадкі: 1348
Горад з: 1928
Краіна: Латвія
Мэр: Альдыс Адамовіч
Плошча: 5,1 км²
Насельніцтва (2016)
колькасьць: 7074 чал.[1]
шчыльнасьць: 1387,06 чал./км²
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Тэлефонны код: +371
Паштовыя індэксы: LV 5300—5301
Геаграфічныя каардынаты: 56°17′39″ пн. ш. 26°43′29″ у. д. / 56.29417° пн. ш. 26.72472° у. д. / 56.29417; 26.72472Каардынаты: 56°17′39″ пн. ш. 26°43′29″ у. д. / 56.29417° пн. ш. 26.72472° у. д. / 56.29417; 26.72472
Прэйлі на мапе Латвіі
Прэйлі
Прэйлі
Прэйлі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.preili.lv/

Прэ́йлі, Прэлі (лат. Preiļi) — места ў Латвіі, на рацэ Прэйлюпэ. Адміністрацыйны цэнтар Прэйльскага краю. Насельніцтва на 2016 год — 7074 чалавекі. Знаходзяцца за 204 км на паўднёвы ўсход ад Рыгі, на скрыжаваньні аўтамабільных дарог ВіляныКраслаўка і Віляны — Дзьвінск.

Прэлі — даўняе мястэчка гістарычных Інфлянтаў (Латгаліі), старажытны замак. Да нашага часу тут захаваўся палацава-паркавы комплекс Борхаў, помнік архітэктуры XIX ст.

Археалягічныя дасьледваньні дазваляюць казаць пра тое, што на месцы сучаснага места людзі пачалі сяліцца ў X—XII стагодзьдзях. Тым часам першы пісьмовы ўпамін пра Прэлі датуецца 1250 году (аднак сама назва «Прэлі» ўпершыню ўпамінаецца ў 1348 годзе). У 1289—1348 гадох разам з прылеглымі тэрыторыямі яны належалі рускім князям. З 1376 году Прэлі (ням. Prely) уваходзілі ў склад Лівонскага ордэна. Тажы ж, у канцы XIV ст., побач зь местам вырас невялічкі замак.

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

30 жніўня 1559 году Лівонскі ордэн перайшоў пад пратэктарат Вялікага Княства Літоўскага. У 1561 годзе Прэлі разам з акругай сталі ўладаньнем Борхаў. З гэтым родам мястэчка зазнала свае «залатыя часы». У 1566 годзе Прэлі ўвайшлі ў склад Задзьвінскага княства, у 1677 годзе — у склад Інфлянцкага ваяводзтва.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Прэлі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дынабурскай (з 1893 году Дзьвінскай) правінцыі Пскоўскай губэрні (1772—1776), потым у складзе Полацкай губэрні (1776—1778) і намесьніцтва (1778—1796), Беларускай губэрні (1796—1802), з 1802 году — Віцебскай губэрні. У XIX ст. аб’ядналіся аднайменныя вольнае паселішча гандляроў, вёска і сядзіба. На 1828 год у Прэйлях было 179 будынкаў. У 1836 годзе апошні ўладальнік гэтых земляў — Міхал Юзэф Борх — збудаваў на месцы замка нэагатычны палац, заклаў вялікі парк памерам 43 га з каналам і ставамі. У 1866 годзе места перайшло ў валоданьне ангельскага гандляра Ёгана Генрыха Фрэдэрыка, а потым да 1920 году яшчэ 4 разы мяняла сваіх гаспадароў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе Прэлі занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

У 1920 годзе Прэйлі ўвайшлі ў склад Латвіі. У 1928 годзе яны атрымалі статус места. На гэты плошча места складала 260 га, тут было 309 будынкаў (зь іх 5 мураваных), дзеялі касьцёл, лютэранская кірха, стараверская малельня і сынагога, працавалі 3 школы і 213 гандлёвых прадпрыемстваў. 30 верасьня 1938 году прэзыдэнт Латвійскае Рэспублікі Карліс Улманіс афіцыйна зацьвердзіў герб Прэйляў: на залатым фоне чорны крумкач — сымбаль мудрасьці, адвагі і сілы. Герб места стварылі паводле гербу роду Борхаў. У 1949 годзе Прэйлі сталі цэнтрам раёну Латвійскай ССР, у 2008 годзе — цэнтрам краю.

  • XIX стагодзьдзе: 1828 год — 1615 чал.; 1897 год — 2104 чал., зь іх 434 каталікі і 1375 юдэяў
  • XX стагодзьдзе: 1928 год — 1615 чал.; 1999 год — 8963 чал., зь іх латышоў 54,4%, расейцаў 39,6%, палякаў 1,9%, беларусаў 1,5%, цыганаў 1,2%
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 8605 чал.; 2016 год — 7074 чал.
Стараверская малельня

Прэйлі знаходзіцца ў Латгаліі — пераважна каталіцкім рэгіёне Латвіі, таму большасьць насельніцтва прылічае сябе да каталікоў. Другой паводле колькасьці вернікаў ёсьць праваслаўная грамада старога абраду, якая вядзе сваю гісторыю ў месьце з 1896 году. Да Другой сусьветнай вайны большасьць жыхароў складалі юдэі, але па вайне сынагогу не адбудавалі, а могілкі закінулі.

У Прэйлях працуюць гімназія, пачатковая і сярэдняя школы (так званая «расейская»)я. Пры кожнай школе ёсьць хор, музычны ансамбль, тэатральная студыя. Асобна ад іх працуюць прафэсійная сярэдняя школа, музычная і спартовая школы. У апошняй культывуюць перадусім валейбол, баскетбол, міні-футбол і вялікі тэніс.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць паліклініка і лякарня.

Дзеюць дом культуры, бібліятэка, кінатэатар Ezerzeme, у парку ёсьць адкрытая пляцоўка для выступленьняў на вольным паветры (так званая эстрада).

Выдаюцца газэты Novadnieks і муніцыпальная Preiļu novada vēstis.

Стадыён Cerība

У Прэйлях ёсьць басэйн і стадыён Cerība з футбольным полем і легкаатлетычнымі дарожкамі, на якіх у 2001 годзе адбыліся III Гульні Трох зорак — краёвая латыская алімпіяда.

Пажарная станцыя

Прэйлі моцна пацярпелі ў час Другой сусьветнай вайны і іх давялося адбудоўваць наноў. Празь нястачу матэрыялаў у цэнтры места збудавалі ў асноўным драўлянымі будынкі ў адзін-два паверхі. Сярод старых камяніц, якія маюць гістарычную каштоўнасьць, захаваліся капліца і касьцёл XIX ст., палац фон Борхаў (моцна пашкоджаны пажарам у 1977 годзе), дом вартавога пры ім, а таксама будынак аўтастанцыі (перароблены з былога заезнага двара). Найстарэйшай драўлянай пабудовай места лічыцца сёньняшні гатэль Pie Pliča («У Пліча»), збудаваны ў пачатку XIX ст. Да яго гаспадар прыладзіў адну з найменшых капліцаў у Латвіі.

З гістарычнага цэнтру — Рынку — у розныя бакі разыходзяцца чатыры гасьцінцы. На іх стаяць як старыя драўляныя будынкі, так і новыя мураваныя крамы і дзяржаўныя ўстановы. Жылыя дамы — гэта напалову бэтонныя будынкі аднастайнай савецкай архітэктуры для калектыўнага пражываньня (у два-тры паверхі), напалову прыватны сэктар з драўляных, у асноўным, пабудоваў. Галоўная вуліца, Raiņa bulvaris, ёсьць пешаходнай. На ёй разьмяшчаюцца гатэлі, банкі, кінатэатар, пошта, дом культуры, музэй, адміністрацыя краю. На паўднёвым усходзе ад места знаходзіцца тэлевізійная мачта вышынёй 85,5 м.

Асноўны прыбытак Прэйляў дае дробная прыватная справа. Амаль усе будынкі ўздоўж цэнтральных гасьцінцаў на сёньня ператвораныя ў крамы, кафэ, цырульні, відэасалёны, адвакацкія канторы, рознага кшталту майстэрні. Побач з галоўным пляцам ёсьць адкрыты рынак для вольнага продажу харчовых і нехарчовых тавараў. Недалёк ад яго — асобны пункт мытнага кантролю. Пасярод сярэдніх паводле капіталу кампаніяў выдзяляюцца найперш сыраварня Preiļu siers, мэблевы камбінат Ozols і льняная фабрыка RBKK-1. Усе яны месьцяцца на поўдні места.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзеюць музэй гісторыі і побыту Прэйляў (утварыўся ў 1985 годзе, часткова месьціцца ў старым будынку сядзібнага комлексу) і прыватны музэй-майстэрня кераміка Палікарпа Чарняўскага.

Помнікі: мэмарыяльны ансамбль памяці савецкіх войнаў Другой сусьветнай вайны «Перарваная песьня» («Pārtraukta dziesma»; 1971 год), помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў (1993 год), мэмарыяльны комплекс памяці ахвяраў Галакосту (2004 год).

  • Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1877—1886[2])
  • Лютэранская кірха (1931, пераробленая савецкімі ўладамі пад кінатэатар)
  • Могілкі каталіцкія
  • Сядзіба Борхаў (1836)

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Замак
  • Сынагога

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]