Апартэід

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Апартэі́д (па-афрыкаанс: apartheid) азначае «асобнасьць», «падзяленьне») — сыстэма легалізаванае расавае сэгрэгацыі, якая зьяўлялася асновай унутранае палітыкі белага ўрада Нацыянальнае партыі, што кіравала Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай ад 1948 да 1990 году.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя апартэіду ўзыходзіць да палітыкі калянізацыі афрыканскага кантынэнту дзяржавамі Эўропы й практыкі дамінаваньня белых перасяленцаў на этнічна «чорных» тэрыторыях.

Па перамозе на выбарах 1948 году Нацыянальная Партыя ПАР дэталёва распрацавала палітыку апартэіду, пашырыўшы існыя падыходы ды замацаваўшы ўсю канцэпцыю на дзяржаўным узроўні. Апартэід набыў форму інстытуцыянальнага расізму, вылучыўшы Афрыканэраў (ці нашчадкаў белых перасяленцаў на гэтыя тэрыторыі) у дамінуючую этнічную групу.

Заканадаўства апартэіду клясыфікавала ўсіх жыхароў ды госьцяў ПАР на некалькі расавых групаў (чорныя, белыя, каляровыя, азіяты). Усе чорныя жыхары ПАР былі пазбаўленыя грамадзянства рэспублікі; ім было нададзенае грамадзянства аднаго з бантустанаў, якіх белы ўрад ПАР стварыў па 10 на тэрыторыі ПАР ды тэрыторыі Намібіі адпаведна паводле этнічнае прыкметы. Чатыры з тых тэрыторыяў мелі фармальную незалежнасьць, астатнія карысталіся з частковае аўтаноміі ў межах ПАР.

Бантустаны мелі досыць малы памер ды займалі пераважна эканамічна неэфэктыўныя землі, каб забясьпечыць сталае разьвіцьцё. Урад Нацыянальнае Партыі стварыў іх на тэрыторыі «чорных рэзэрвацыяў», створаных за брытыйскім часам. Гэтыя рэзэрвацыі былі падобныя да тых, што стваралі ў сябе для карэннага насельніцтва Злучаныя Штаты, Канада або Аўстралія. У адрозьненьне ад апошніх, шмат хто з чорных жыхароў ПАР ніколі не жылі на тэрыторыі бантустанаў, да якіх былі прыпісаныя паводле свайго паходжаньня.

Знак у ПАР, які папярэджваў на трох мовах, што пляж толькі для «белага» насельніцтва

Увядзеньне сыстэмы бантустанаў адбывалася раўналежна з абмежаваньнем права на галасаваньне чорнае большасьці ПАР: ім было дазволена галасаваць толькі ў бантустанах, чыімі «грамадзянамі» яны зьяўляліся. Адбылася сэгрэгацыя сыстэмы адукацыі, мэдычнае дапамогі ды іншых грамадзкіх сыстэмаў. Чорныя жыхары ПАР ня мелі права адведваць паліклінікі белае мяншыні, іх дзеці былі вымушаныя хадзіць у асобныя школы. Якасьць «чорнае» адукацыі й мэдычнага абслугоўваньня была значна ніжэйшай за «белую»; трохі вышэй у герархіі стаялі групы «каляровых» ды «азіятаў». Сыстэма адукацыі для чорнае мяншыні павінна была рыхтаваць зь іх працаўнікоў для «белых», такім чынам, яе якасьць была штучна заніжанай; да ўнівэрсытэцкае адукацыі ў галоўных цэнтрах краіны чорная бальшыня ня мела доступу ўвогуле.

Палітыка штучнага заніжэньня якасьці грамадзкіх паслугаў, што надаваліся чорнае бальшыні, мела за мэту прымусіць іх пераехаць на тэрыторыю аднаго з бантустанаў.

Падобная сэгрэгацыя ў правох выклікала значны ўнутраны супраціў, на які ўрад адказваў паліцыйнымі акцыямі ды рэпрэсіямі, што ў сваю чаргу спрычынілася да далейшага напяцьця становішча ў краіне ды перахода чорнае бальшыні да ўзброенага супраціву. Крокі ўрада ў адказ улучалі дазвол на катаваньні арыштаваных палітычных актывістаў, на ўвязьненьне без суду; была ўведзеная цэнзура й забароненыя папулярныя апазыцыйныя палітычныя партыі, а менавіта Афрыканскі Нацыянальны Кангрэс, Задзіночаньне Людзей Азаніі, Панафрыканскі Кангрэс ды Аб'яднаны Дэмакратычны Фронт. Тым ня меней, нягледзячы на рэпрэсіі ды забароны на ахвіцыйную дзейнасьць, гэтыя партыі здолелі й надалей каардынаваць барацьбу супраць сэгрэгацыйнае палітыкі ўраду.

Барацьба двух вялікіх расавых групаў (белае меншыні ва ўладзе ды чорнае сэгрэгаванае бальшыні) выклікала надзвычайны рост мілітарызацыі ПАР. Партыі, якія вялі барацьбу супраць апартэіду, мелі шчыльную повязь зь іншымі вызвольнымі рухамі па Афрыцы й часьцяком разглядалі барацьбу супраць апартэіду як элемэнт сацыялістычнае барацьбы супраць капіталізму.

Канец палітыцы апартэіду быў пакладены ў выніку шэрагу перамоваў, якія трывалі між урадам ды апазыцыйнымі «чорнымі» партыямі ад 1990 да 1994 году; перадача ўлады да чорнае бальшыні была замацаваная на выбарах 1994 году, дзе большасьць галасоў здабыў Афрыканскі нацыянальны кангрэс.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]