Трансвааль
Каардынаты: 25°0′ пд. ш. 28°30′ у. д. / 25° пд. ш. 28.5° у. д.
Трансвааль (Transvaal, даслоўна «за Ваалем») — былая правінцыя ПАР, дагэтуль часам выкарыстоўваецца як агульная назва для ўсяго рэгіёну, разьмешчанага паміж Ваалем і Лімпапо, гэта значыць паўночнага ўсходу краіны. Плошча 283,9 тыс. км². У цяперашні час тэрыторыя Трансваалю падзеленая паміж правінцыямі Мпумаланга, Лімпапо і Гаўтэнг, а таксама часткова Паўночным Захадам.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Засяленьне Трансваалю эўрапейцамі адбылося ў выніку так званага Вялікага Трэку — перасяленьні сялян-бураў з захопленай ангельцамі Капскай калёніі. Пасьля сутыкненьняў з Мзіліказі, правадыром племя ндэбэле былі заснаваныя першыя селішчы пад кіраўніцтвам Андрыса Генрыка Потгітэра. У 1848 годзе паўднёвую частку Трансваалю занялі пасяленцы Андрыса Прэторыюса. 17 студзеня 1852 году ангельцы прызналі незалежнасьць заснаванай Прэторыюсам Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.
У 1877 годзе Брытанія далучыла Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку на падставе «абароны» белых бураў ад нэграў — зулусаў; заадно дзяржава, па сьцьвярджэньнях ангельцаў, была выратаваная ад фінансавага краху. Пасьля Першай ангельска-бурскай вайны 1881 году Трансвааль ізноў стаў незалежны. У 1885 годзе на Вітватэрсрандзе былі адкрытыя велізарныя паклады золата, што прывяло да хуткага росту такіх гарадоў, як Яганэсбург, а таксама прытоку шукальнікаў золата з-за мяжы.
Правы гэтых людзей, вядомых як ойтландэры, былі сур’ёзна абмежаваныя законамі Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі; менавіта гэта паслужыла падставай аб’явы Брытаніяй Ангельска-бурскай вайны 1899—1902 гадоў. Пасьля шэрагу пасьпяховых для бураў баёў брытанскія войскі атрымалі перамогу, прэзыдэнт Трансваалю П. Кругер схаваўся за мяжой.
У 1900 годзе Трансвааль стаў часткай Брытанскай імпэрыі, у 1910 годзе ўвайшоў у склад Паўднёва-Афрыканскага Зьвязу.
Пасьля ўтварэньня Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі і ўводзіны апартэіда на тэрыторыі Трансваалю былі ўтвораныя некалькі бантустанаў, гэта значыць тэрыторыяў, прызначаных для пражываньня чорнага насельніцтва. У Трансваалі знаходзіліся бантустаны Лебоўа, Вэнда, Газанкулу, Кангване, Квандэбэле і збольшага Бопутатсвана. Вэнда і Бопутатствана былі абвешчаныя незалежнымі, што, аднак, не было прызнана ні адным урадам, акрамя ўласнага паўднёва-афрыканскага.
У Трансваалі знаходзілася Прэторыя, адна з сталіц ПАР; яна жа і была цэнтрам правінцыі. Эканамічны раён Прэторыя-Вітватэрсранд-Фэрэнігінг быў і застаецца галоўным цэнтрам паўднёваафрыканскай эканомікі.
Пасьля рэарганізацыі адміністрацыйнага складу краіны ў 1994 годзе правінцыя Трансвааль спыніла існаваньне, аднак гэтае імя дагэтуль шырока распаўсюджанае (так, Вярхоўны Суд ПАР дагэтуль апэруе гэтым паняцьцем).