Канстантын Астроскі (малодшы)
Канстантын Астроскі | |
Герб «Астроскі» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 12 лютага 1526 Тураў |
Памёр | 23 лютага 1608 Астрог |
Пахаваны | |
Род | Астроскія |
Бацькі | Канстантын Астроскі Аляксандра з Алелькавічаў |
Жонка | Соф'я з Тарноўскіх |
Дзеці | Кацярына, Януш, Канстантын, Лізавета, Аляксандар |
Рэлігія | праваслаўе, пратэстанцтва |
Дзейнасьць | палітык |
Канстанты́н Васі́ль Астро́скі (12 лютага [ст. ст. 2 лютага] 1526, Тураў — 23 лютага [ст. ст. 13 лютага] 1608, Астрог) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Маршалак валынскі (ад 1550), ваявода кіеўскі (ад 1559).
Валодаў вялікімі маёнткамі на Валыні (Астрог, Сураж, Дубна, Стэпань, Дарагабуж, Роўна, Зьвягіль і інш.), у Кіеўскім, Рускім (Тарнопаль), Віленскім ваяводзтва, у Польшчы (Тарнаў). У Наваградзкім ваяводзтве меў Азяраны і возера Сьвіцязь (прадаў іх у 1571), Зьдзецел і Глуск, у Менскім ваяводзтве — Тарасава[1]. Валодаў таксама значнымі зямельнымі надзеламі ў Вугоршчыне і Чэхіі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Род і сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіў з княскага роду Астроскіх, найбагацейшага і найбольш уплывовага княскага роду Вялікага Княства Літоўскага XVI — пачатку XVII стагодзьдзя. Бацька Канстантын — вялікі гетман літоўскі, маці — Аляксандра з роду князёў Алелькавічаў.
Нарадзіўся ў Тураве, дзе правёў дзяцінства і юнацтва. Па сьмерці бацькі выхоўваўся маці. Малады Васіль атрымаў добрую адукацыю, пра што сьведчыць ягонае ліставаньне і прамовы ў Сэнаце, выхоўваўся ў духу праваслаўя.
Зь сярэдзіны 1540-х гадоў у афіцыйных дакумэнтах пачаў менавацца бацькавым імем — Канстантын.
Першы вайсковы досьвед атрымаў у 1543—1544 гадох, калі браў удзел у баях э татарамі. Палітычную кар’еру распачаў у 1550 годзе, атрымаўшы ад вялікага князя літоўскага пасаду старосты ўладзімерскага і маршалка валынскага.
У пачатку 1550-х гадоў Астроскі ажаніўся з каталічкаю Соф'яю з Тарноўскіх(pl), дачкою Яна Тарноўскага, будучага вялікага гетмана кароннага. Пад яе ўплывам каталічкамі былі іх дочкі.
Меў сыноў Канстантына (пам. 1558) — староста ўладзімерскі; Аляксандра (атручаны ў 1603 годзе); і апошні зь дзяцей Януш (пам. 19 жніўня 1620) — кракаўскі кашталян(pl), першы каталік у родзе Астроскіх, пратэктар езуітаў, заснавальнік Астроскай ардынацыі(uk).
Дочкі: Кацярына(pl) — жонка Крыштапа Радзівіла «Перуна»; Лізавета — жонка кашталяна віленскага Януша Кішкі, а пазьней Крыштапа Радзівіла «Перуна».
Палітычная і вайсковая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1559 годзе атрымаў урад ваяводы кіеўскага. Праводзіў энэргічную калянізатарскую палітыку ў памежных землях Кіеўшчыны і Брацлаўшчыны, засноўваў новыя месты, замкі і слабоды.
У 1560-х гадох выступаў за раўнапраўнае ўваходжаньне Русі ў склад дзяржаўнага ўтварэньня Рэчы Паспалітай. У 1569 годзе, стаўшы сэнатарам, быў фактычным прадстаўніком Русі-Ўкраіны ў час складаньня Люблінскае вуніі 1569 году.
Калі ў 1572 годзе згасла дынастыя Ягайлавічаў, у 1573—1574 гадох быў адным з мажлівых кандыдатаў на польскі сталец, чыю кандыдатуру падтрымлівала і Турэччына, а ў 1598 годзе, па сьмерці апошняга Рурыкавіча гаспадара Фёдара Іванавіча, — і на маскоўскі (Астроскі быў пароднены з маскоўскімі Рурыкавічамі).
Бараніў тады ўжо каронныя, раней паўднёвыя землі Вялікага Княства Літоўскага ад татараў у 1574—1575 і 1577—1578 гадох. У час Інфлянцкай вайны (1558—1582) браў удзел у 1579 годзе ў выправе на чарнігаўскія і ноўгарад-северскія землі[2].
У час казацкага паўстаньня(uk) Крыштапа Касінскага(uk) ў 1591—1593 гадох, не зважаючы на шэраг паразаў, войска, сабранае Канстантынам Астроскім, у вызначальнай бітве пад П'яткаю(uk) нанесла сакрушальную паразу паўстанцам. Астроскі рашуча выступіў таксама супраць паўстаньня Севярына Налівайкі ў 1594—1596 гадох.
Узяў удзел у падзеях Смутнага часу. У 1602 годзе прымаў у сябе будучага маскоўскага гаспадара Дзьмітрыя-Самазванца I. Падарыў яму «Кнігу пра постніцтва», надрукаваную ў ягонай друкарні Пётрам Мсьціслаўцам у 1594 годзе з дарчым надпісам «Грыгорыю — царэвічу Маскоўскаму».
Рэлігійная і культурная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У рэлігійнай сфэры выявіўся годным спадкаемцам справы свайго бацькі, рупячыся пра праваслаўе. Падтрымліваў праваслаўныя брацтвы, заснаваў школы ў Слуцку і Тураве (1572)[3]. Таксама заснаваў школу ва Ўладзімеры-Валынскім у 1577 годзе.
У 1574 годзе перанёс уласную рэзыдэнцыю з Дубны ў Астрог, дзе пачалася перабудова Астроскага замку пад кіраўніцтвам італьянскага архітэктара П’етра Спэрэндыё. За часамі Канстантына Астроскага места Астрог, адзін з двух тытулярных цэнтраў япархіі Ўсходняе Валыні, стаў асяродкам праваслаўнай духоўнасьці.
Характэрным было стаўленьне Канстантына Астроскага да актуальнага на той час пытаньня пра аб’яднаньне каталікоў і праваслаўных. Выступіўшы спачатку ў падтрымку такое уніі, ён жадаў трымаць гэты працэс пад поўным уласным кантролем. Таму, калі ў 1594—1596 гадох частка духавенства зьдзейсьніла спробу ўкласьці царкоўную унію без князя, Канстантын Астроскі выступіў яе рашучым ворагам і арганізаваў праваслаўны сабор 1596 году, які праходзіў у Берасьці адначасна з уніяцкім. Па падпісаньні вуніі працягваў барацьбу ў абарону правоў праваслаўных, што не прынялі уніі, — дызунітаў.
Намагаючыся зрабіць уласную рэзыдэнцыю цэнтрам культурнага супраціву каталіцкай і уніяцкай экспансіі, прыцягнуў у Астрог шэраг славянскіх і грэцкіх навукоўцаў, публіцыстаў, багасловаў, сярод якіх Герасім Сматрыцкі(uk), Васіль Сураскі(uk), Хрыстафор Філалет, Эмануіл Ахілес, Лука Сэрбін, Кірыл Лукарыс(uk) (будучы Александрыйскі і Канстантынопальскі патрыярх), Нікіфар Парасхес Кантакузэн(uk), Клірык Астроскі(uk), Зізані Тустаноўскі, Дзям'ян Налівайка(uk) ды іншыя.
Сабраная з дапамогай Канстантына-Васіля бібліятэка ў Астрогу ўлучала ў сябе грэцкую і заходнеэўрапейскую багаслоўскую літаратуру, перадрукі антычных твораў, слоўнікі, касмаграфіі, граматыкі ды іншае.
У 1575 годзе запрасіў Івана Федаровіча дзеля арганізацыі друкарні ў княскай рэзыдэнцыі. Дзякуючы Астроскай друкарні сьвет пабачылі больш за 20 выданьняў, у тым ліку першы поўны тэкст Бібліі славянскаю моваю.
Каля 1578 году пачала дзейнічаць школа, дзе акрамя шэрагу традыцыйных на той час «вольных» дысцыплінаў, упершыню раўналежна выкладаліся лацінская, грэцкая і царкоўнаславянская граматыкі. Досьвед і праграма Астроскае школы былі запазычаныя Львоўскаю, Луцкаю і іншымі брацкімі школамі.
Апошнія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У канцы XVI стагодзьдзя Канстантын-Васіль Астроскі быў найвялікшым пасьля караля земляўласьнікам Рэчы Паспалітай: яму належалі 25 местаў, 10 мястэчак і 670 вёсак, гадавы прыбытак князя перавышаў 1 мільён злотых[3].
У апошнія гады жыцьця князь паступова адыйшоў ад удзелу ў палітычным і культурным жыцьці краіны. Да таго ж перажыў некалькі непрыемных падзеяў: сыны Ян і Аляксандар перайшлі ў каталіцкую веру, малодшы сын быў атручаны слугой, улюбёная пляменьніца звар’яцела.
Дажываў у родавых замках у Крупах і Дубне(uk). Гэта нэгатыўна адбілася на дзейнасьці акадэміі ў Астрогу, якая ў пачатку XVII стагодзьдзя паступова заняпала.
Памёр у 1608 годзе, спачыў у крыпце Богаяўленскае царквы ў Астрогу.
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Вільні з ініцыятывы Духаўскага праваслаўнага брацтва ў 1908 годзе заклалі, а ў 1913 годзе асьвяцілі царкву-помнік да 300-годзьдзя Кантантына Астроскага. На мэмарыяльнай дошцы пакінулі надпіс залатымі літарамі: «У гонар рупліўцы й абаронцы праваслаўнай народнасьці».
Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату на Памесным саборы 2008 году кананізавала князя як добравернага[4].
У Менску, побач зь Петрапалаўскім саборам, паставілі памятны крыж з надпісам: «Да 400-годзьдзя памяці дабравернага князя Канстантына Васіля Астроскага (1506—1608), славутага дзяржаўнага і царкоўнага дзеяча. 13/26 лютага 2008 году».
У Беластоку (Польшча) утварылася фундацыя князя Астроскага.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Невядомы мастак, XVI ст.
-
Невядомы мастак, XVII ст.
-
Невядомы мастак, XVII ст.
-
Невядомы мастак, XVIII ст.
-
Копія з партрэта XVI ст., 1883 г.
-
Копія з партрэта XVI ст., 1883 г.
-
Копія з партрэта XVI ст., 1883 г.
-
Копія XIX ст. з партрэта XVI ст.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Пазднякоў В. Астрожскі Канстанцін (Васіль) Канстанцінавіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 262.
- ^ Пазднякоў В. Астрожскі Канстанцін (Васіль) Канстанцінавіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 261.
- ^ а б Юхо Я., Насевіч В. Астрожскія // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 223.
- ^ Памесны сабор 2008: Кананізацыя сьвятога благавернага князя Канстантына Астроскага (укр.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
- Kempa T. Konstanty Wasyl Ostrogski. — Toruń: wyd. Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, 1997. — ISBN 83-231-0796-3
- Тимошенко Л. Не совсем юбилейные заметки. К 400-летию со дня смерти князя Василия-Константина Острожского // Зеркало недели. № 5 (684), 9—15.02.2008.
- Бондарчук Я., Бендюк М. Портрети князів Острозьких XVI — першої половини XVII століття // Українська культура: минуле 32 сучасне, шляхи розвитку. Вип. 15, 2009.
- Гайдай Л. Історія України в особах, термінах, назвах і поняттях. — Луцьк: Вежа, 2000.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Biografija: Ostrozky, Kostiantyn Vasyl (анг.)
- Князь Канстантын Канстантынавіч Астроскі (рас.)
- Культурна-палітычны ўнёсак К. В. Астроскага(недаступная спасылка) (укр.)