Перайсьці да зьместу

Канстанцін Канстанцінавіч Астроскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Канстантын-Васіль Астроскі»)
Канстанцін Канстанцінавіч Астроскі
ст.-бел. Констентинъ Констентиновичъ Острозскій[1]
Канстанцін Канстанцінавіч Астроскі
Канстанцін Канстанцінавіч Астроскі

Герб Астроскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся не раней за 1526 і не пазьней за 1527[2]
Памёр 13 лютага 1608(1608-02-13)[3][4] або 23 лютага 1608(1608-02-23)[5][6]
Пахаваны
Род Астроскія
Бацькі Канстанцін Астроскі
Аляксандра з Алелькавічаў
Жонка Соф’я з Тарноўскіх
Дзеці Кацярына, Януш, Канстанцін, Лізавета, Аляксандар
Рэлігія праваслаўе, пратэстанцтва
Дзейнасьць палітык

Канстацін Васі́ль Канстанцінавіч Астро́скі[7][8][9][10][a] (12 лютага [ст. ст. 2 лютага] 1526, Тураў, цяпер Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласьць, Беларусь — 23 лютага [ст. ст. 13 лютага] 1608, Астрог, цяпер Ровенская вобласьць, Украіна) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.

Маршалак валынскі (ад 1550), ваявода кіеўскі (ад 1559). Валодаў вялікімі маёнткамі на Валыні (Астрог, Сураж, Дубна, Стэпань, Дарагабуж, Роўна, Зьвягіль ды іншыя), у Кіеўскім, Рускім (Тарнопаль), Віленскім ваяводзтва, у Польшчы (Тарнаў). У Наваградзкім ваяводзтве меў Азяраны і возера Сьвіцязь (прадаў іх у 1571 годзе), Зьдзецел і Глуск, у Менскім ваяводзтве — Тарасава[14]. Валодаў таксама значнымі зямельнымі надзеламі ў Вугоршчыне і Чэхіі.

Герб князя з Пагоняй, 1580 г.

Паходзіў з княскага роду Астроскіх, найбагацейшага і найбольш уплывовага княскага роду Вялікага Княства Літоўскага XVI — пачатку XVII стагодзьдзя. Бацька Канстанцін Іванавіч Астроскі — вялікі гетман літоўскі, маці — Аляксандра з роду князёў Алелькавічаў.

Нарадзіўся ў Тураве, дзе правёў дзяцінства і юнацтва. Па сьмерці бацькі выхоўваўся маці. Малады Васіль атрымаў добрую адукацыю, пра што сьведчыць ягонае ліставаньне і прамовы ў Сэнаце, выхоўваўся ў духу праваслаўя.

Зь сярэдзіны 1540-х гадоў у афіцыйных дакумэнтах пачаў менавацца бацькавым імем — Канстанцін.

Першы вайсковы досьвед атрымаў у 1543—1544 гадох, калі браў удзел у баях э татарамі. Палітычную кар’еру распачаў у 1550 годзе, атрымаўшы ад вялікага князя літоўскага пасаду старосты ўладзімерскага і маршалка валынскага.

У пачатку 1550-х гадоў Астроскі ажаніўся з каталічкаю Соф'яю з Тарноўскіх(pl), дачкою Яна Тарноўскага, будучага вялікага гетмана кароннага. Пад яе ўплывам каталічкамі былі іх дочкі.

Меў сыноў Канстанціна (пам. 1558) — староста ўладзімерскі; Аляксандра (атручаны ў 1603 годзе); і апошні зь дзяцей Януш (пам. 19 жніўня 1620) — кракаўскі кашталян(pl), першы каталік у родзе Астроскіх, пратэктар езуітаў, заснавальнік Астроскай ардынацыі(uk).

Дочкі: Кацярына(pl) — жонка Крыштапа Радзівіла «Перуна»; Лізавета — жонка кашталяна віленскага Януша Кішкі, а пазьней Крыштапа Радзівіла «Перуна».

Палітычная і вайсковая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць]

У 1559 годзе атрымаў урад ваяводы кіеўскага. Праводзіў энэргічную калянізатарскую палітыку ў памежных землях Кіеўшчыны і Брацлаўшчыны, засноўваў новыя месты, замкі і слабоды.

У 1560-х гадох выступаў за раўнапраўнае ўваходжаньне Русі ў склад дзяржаўнага ўтварэньня Рэчы Паспалітай. У 1569 годзе, стаўшы сэнатарам, быў фактычным прадстаўніком Русі-Ўкраіны ў час складаньня Люблінскае вуніі 1569 году.

Калі ў 1572 годзе згасла дынастыя Ягайлавічаў, у 1573—1574 гадох быў адным з мажлівых кандыдатаў на польскі сталец, чыю кандыдатуру падтрымлівала і Турэччына, а ў 1598 годзе, па сьмерці апошняга Рурыкавіча гаспадара Фёдара Іванавіча, — і на маскоўскі (Астроскі быў пароднены з маскоўскімі Рурыкавічамі).

Бараніў тады ўжо каронныя, раней паўднёвыя землі Вялікага Княства Літоўскага ад татараў у 1574—1575 і 1577—1578 гадох. У час Інфлянцкай вайны (1558—1582) браў удзел у 1579 годзе ў выправе на чарнігаўскія і ноўгарад-северскія землі[15].

У час казацкага паўстаньня(uk) Крыштапа Касінскага(uk) ў 1591—1593 гадох, не зважаючы на шэраг паразаў, войска, сабранае Канстанцінам Астроскім, у вызначальнай бітве пад П'яткаю(uk) нанесла сакрушальную паразу паўстанцам. Астроскі рашуча выступіў таксама супраць паўстаньня Севярына Налівайкі ў 1594—1596 гадох.

Узяў удзел у падзеях Смутнага часу. У 1602 годзе прымаў у сябе будучага маскоўскага гаспадара Дзьмітрыя-Самазванца I. Падарыў яму «Кнігу пра постніцтва», надрукаваную ў ягонай друкарні Пётрам Мсьціслаўцам у 1594 годзе з дарчым надпісам «Грыгорыю — царэвічу Маскоўскаму».

Рэлігійная і культурная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць]
Канстанцін Канстанцінавіч Астроскі на помніку «1000-годзьдзе Расеі» ў Вялікім Ноўгарадзе

У рэлігійнай сфэры выявіўся годным спадкаемцам справы свайго бацькі, рупячыся пра праваслаўе. Падтрымліваў праваслаўныя брацтвы, заснаваў школы ў Слуцку і Тураве (1572)[16]. Таксама заснаваў школу ва Ўладзімеры-Валынскім у 1577 годзе.

У 1574 годзе перанёс уласную рэзыдэнцыю з Дубны ў Астрог, дзе пачалася перабудова Астроскага замку пад кіраўніцтвам італьянскага архітэктара П’етра Спэрэндыё. За часамі Канстанціна Астроскага места Астрог, адзін з двух тытулярных цэнтраў япархіі Ўсходняе Валыні, стаў асяродкам праваслаўнай духоўнасьці.

Характэрным было стаўленьне Канстанціна Астроскага да актуальнага на той час пытаньня пра аб’яднаньне каталікоў і праваслаўных. Выступіўшы спачатку ў падтрымку такое уніі, ён жадаў трымаць гэты працэс пад поўным уласным кантролем. Таму, калі ў 1594—1596 гадох частка духавенства зьдзейсьніла спробу ўкласьці царкоўную унію без князя, Канстанцін Астроскі выступіў яе рашучым ворагам і арганізаваў праваслаўны сабор 1596 году, які праходзіў у Берасьці адначасна з уніяцкім. Па падпісаньні вуніі працягваў барацьбу ў абарону правоў праваслаўных, што не прынялі уніі, — дызунітаў.

Намагаючыся зрабіць уласную рэзыдэнцыю цэнтрам культурнага супраціву каталіцкай і уніяцкай экспансіі, прыцягнуў у Астрог шэраг славянскіх і грэцкіх навукоўцаў, публіцыстаў, багасловаў, сярод якіх Герасім Сматрыцкі(uk), Васіль Сураскі(uk), Хрыстафор Філалет, Эмануіл Ахілес, Лука Сэрбін, Кірыл Лукарыс(uk) (будучы Александрыйскі і Канстантынопальскі патрыярх), Нікіфар Парасхес Кантакузэн(uk), Клірык Астроскі(uk), Зізані Тустаноўскі, Дзям'ян Налівайка(uk) ды іншыя.

Сабраная з дапамогай Канстанціна Канстанцінавіча Астроскага бібліятэка ў Астрогу ўлучала ў сябе грэцкую і заходнеэўрапейскую багаслоўскую літаратуру, перадрукі антычных твораў, слоўнікі, касмаграфіі, граматыкі ды іншае.

У 1575 годзе запрасіў Івана Федаровіча дзеля арганізацыі друкарні ў княскай рэзыдэнцыі. Дзякуючы Астроскай друкарні сьвет пабачылі больш за 20 выданьняў, у тым ліку першы поўны тэкст Бібліі славянскаю моваю.

Каля 1578 году пачала дзеяць школа, дзе акрамя шэрагу традыцыйных на той час «вольных» дысцыплінаў, упершыню раўналежна выкладаліся лацінская, грэцкая і царкоўнаславянская граматыкі. Досьвед і праграма Астроскае школы былі запазычаныя Львоўскаю, Луцкаю і іншымі брацкімі школамі.

Апошнія гады

[рэдагаваць | рэдагаваць]
Памятны васьміканцовы крыж побач з царквой Сьвятых Пятра і Паўла ў Менску

У канцы XVI стагодзьдзя Канстанцін Канстанцінавіч Астроскі быў найвялікшым пасьля караля земляўласьнікам Рэчы Паспалітай: яму належалі 25 местаў, 10 мястэчак і 670 вёсак, гадавы прыбытак князя перавышаў 1 мільён злотых[16].

У апошнія гады жыцьця князь паступова адыйшоў ад удзелу ў палітычным і культурным жыцьці краіны. Да таго ж перажыў некалькі непрыемных падзеяў: сыны Ян і Аляксандар перайшлі ў каталіцкую веру, малодшы сын быў атручаны слугой, улюбёная пляменьніца звар’яцела.

Дажываў у родавых замках у Крупах і Дубне(uk). Гэта нэгатыўна адбілася на дзейнасьці акадэміі ў Астрогу, якая ў пачатку XVII стагодзьдзя паступова заняпала.

Памёр у 1608 годзе, спачыў у крыпце Богаяўленскае царквы ў Астрогу.

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць]

У Вільні з ініцыятывы Духаўскага праваслаўнага брацтва ў 1908 годзе заклалі, а ў 1913 годзе асьвяцілі царкву-помнік да 300-годзьдзя Кантанціна Астроскага. На мэмарыяльнай дошцы пакінулі надпіс залатымі літарамі: «У гонар рупліўцы й абаронцы праваслаўнай народнасьці».

Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату на Памесным саборы 2008 году кананізавала князя як добравернага[17].

У Менску, побач зь Петрапалаўскім саборам, паставілі памятны крыж з надпісам: «Да 400-годзьдзя памяці дабравернага князя Канстанціна Васіля Астроскага (1506—1608), славутага дзяржаўнага і царкоўнага дзеяча. 13/26 лютага 2008 году».

У Беластоку (Польшча) утварылася фундацыя князя Астроскага.

Глядзіце таксама

[рэдагаваць | рэдагаваць]
  1. ^ Іншая форма імя: Канстантын Канстантынавіч Астроскі[11][12][13].
  1. ^ Жыгімонт Аўгуст. Прывілей Року 63 // Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 года / рэд. Таісія Доўнар. — Менск: Тэсей, 2003. — С. 37—40. — 352 с. — ISBN 985-463-080-3
  2. ^ Енциклопедія історії України (укр.)Київ: Наукова думка, 2003. — ISBN 966-00-0632-2
  3. ^ Pas L. v. Prince Wasyl Konstanty Ostrogski // Genealogics (анг.) — 2003.
  4. ^ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 356.
  5. ^ Urzędnicy województw kijowskiego i czernihowskiego XV-XVIII wieku: spisyKórnik: Biblioteka Kórnicka, 2002. — С. 67. — 344 с. — ISBN 83-85213-37-6
  6. ^ а б Urzędnicy wołyńscy XIV-XVIII wieku: spisy / пад рэд. M. WolskiKórnik: Biblioteka Kórnicka, 2007. — С. 138. — 188 с. — ISBN 978-83-85213-51-2
  7. ^ Сяргей Дубавец. Паказальнік асобаў // Вострая брама / маст. Генадзь Мацур. — Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2005. — С. 499. — 520 с. — (Бiблiятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе). — ISBN 0-929849-09-4
  8. ^ Каляндар: сакавік / гал.рэд. Андрэй Скурко // Наша ніва : газэта. — «Суродзічы», 6 сакавіка 2006. — № 9 (559)). — С. 14. — ISSN 1819-1614.
  9. ^ Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Францішка Багушэвіча // Беларуская служба Радыё «Свабода», 21 сакавіка 2024 г. Праверана 27 ліпеня 2025 г.
  10. ^ Юрась Бушлякоў, Вінцук Вячорка, Зьміцер Санько, Зьміцер Саўка. Два правапісныя стандарты // Беларускі клясычны правапіс: збор правілаў: сучасная нармалізацыя / рэд. Зьміцер Саўка, асыст. Настасься Мацяш. — Вільня: 2005. — 158 с.: «Пераадоленьне артаграфічнага дуалізму бачыцца ў канвэргенцыі стандартаў»
  11. ^ Спадчына, № 4—6. 1998. С. 178.
  12. ^ Найдзюк Я. Беларусь учора і сяньня. — Менск, 1993. С. 59.
  13. ^ Урбан П. У сьвятле гістарычных фактаў. — Мюнхэн — Нью-Ёрк: БІНІМ, 1972.
  14. ^ Пазднякоў В. Астрожскі Канстанцін (Васіль) Канстанцінавіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 262.
  15. ^ Пазднякоў В. Астрожскі Канстанцін (Васіль) Канстанцінавіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 261.
  16. ^ а б Юхо Я., Насевіч В. Астрожскія // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 223.
  17. ^ Памесны сабор 2008: Кананізацыя сьвятога благавернага князя Канстанціна Астроскага (укр.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць]