Перайсьці да зьместу

Джон Мэйнард Кейнз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Джон Мэйнард Кейнс»)
Джон Мэйнард Кейнз
John Maynard Keynes
Кейнз у 1933 годзе
Род дзейнасьці эканаміст
Дата нараджэньня 5 чэрвеня 1883(1883-06-05)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 21 красавіка 1946(1946-04-21)[4][1][2][…] (62 гады)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці інфаркт міякарда
Месца вучобы
Занятак эканаміст, матэматык, палітык, філёзаф, прафэсар, дыплямат, пісьменьнік-дакумэнталіст, бізнэсмэн, аўтар
Навуковая сфэра мікраэканоміка
Месца працы
Сябра ў Швэдзкая каралеўская акадэмія навук, Брытанская акадэмія[d], Амэрыканская акадэмія мастацтваў і навук[d] і Эканаметрычнае таварыства[d][6]
Бацька Джон Нэвіл Кейнз[5][7]
Маці Флоранс Ада Кейнз[d][5][7]
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу

Джон Мэ́йнард Кейнз (па-ангельску: John Maynard Keynes), барон (5 чэрвеня 1883, Кембрыдж, Вялікабрытанія — 21 красавіка 1946, Сасэкс, Вялікабрытанія) — ангельскі эканаміст, журналіст, інвэстар, заснавальнік кэйнсіянскага напрамку ў эканамічнай тэорыі. Ягоная найбольш вядомая праца: «Агульная тэорыя занятасьці, адсотку і грошай» (па-ангельску: The General Theory of Employment, Interest and Money), якая прапануе дзяржаўную палітыку ў галіне эканомікі, накіраваную на падтрымку поўнай занятасьці і павелічэньне дзяржаўных выдаткаў як сродак ад эканамічнага заняпаду.

Уплыў Кейнза зьменшыўся ў 1970 годзе, збольшага ў выніку праблемаў, якія пачалі ўзьнікаць у паўночнаамэрыканскай эканоміцы з пачатку дзесяцігодзьдзя, і часткова з-за крытыкі ад Мілтана Фрыдмана і іншых эканамістаў, якія былі настроены пэсымістычна адносна здольнасьці ўраду рэгуляваць бізнэс-цыклі зь фіскальнай палітыкай[8]. Аднак зьяўленьне глябальнага фінансавага крызісу ў 2007 годзе прывяло да адраджэньня кейнзіянскай думкі. Кейнзіянская эканоміка забясьпечыла тэарэтычную аснову для эканамічнай палітыкі, якая праводзіцца і праводзілася ў сувязі з крызісам прэзыдэнтамі Джорджам Бушам і Баракам Абамам у ЗША, прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Горданам Браўнам у Вялікабрытаніі, і іншымі кіраўнікамі ўрадаў[9].

Кейнз нарадзіўся ў сям’і, якая належала да сярэдняй клясы. Асяродзьдзе, у якім нарадзіўся і вырас Джон Мэйнард, было надзвычай акадэмічным. Ягоны бацька Джон Нэвіль Кейнз быў эканамістам, настаўнікам эканомікі і лёгікі, доўгі час зьяўляўся акадэмічным адміністратарам Каралеўскага каледжу Кембрыдзкага ўнівэрсытэту. Маці Кейнза, Флоранс Ада Браўн (па-ангельску: Florence Ada Brown), адна зь першых жанчын з дыплёмам Кембрыджу, была пасьпяховай пісьменьніцай і грамадзкай дзяячкай. Дарэчы, Джон Нэвіль быў настаўнікам сваёй будучай жонкі. Ягоны малодшы брат, Джэфры Кейнз (па-ангельску: Geofferey Keynes) быў хірургам, а малодшая сястра Маргарэт была ў шлюбе з Арчыбальдам Гілам, псыхолягам, ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі.

Кейнз быў даволі высокім, ростам прыкладна 198 см. Ён меў блізкія адносіны з мастаком Дунканам Грантам у пэрыяд з 1908 да 1915 году. У 1918 годзе Кейнз сустрэў расейскую балерыну Лідыю Лапухову, якая ў 1925 годзе стала ягонай жонкай. У тым жа 1925 годзе ён упершыню пабыў у СССР на ўрачыстасьці, прысьвечанай 200-годзьдзю Акадэміі навук. Шлюб Кейнза быў, напэўна, шчасьлівым, нягледзячы на тое, што яны ня мелі дзяцей.

Кейнз быў пасьпяховым інвэстарам. Нават пасьля фондавага краху 1929 году ён, застаўшыся фактычна банкрутам, здолеў ня толькі паправіць становішча, але і зарабіць асабістае багацьце. Апрача гэтага, Кейнз быў і мэцэнатам. Ён аказваў фінансаваю дапамогу Кембрыдзкаму мастацкаму тэатру. Яго інтарэсы не абмяжоўваліся навукай, ён зьбіраў кнігі і ўвогуле цікавіўся літаратурай, пісаў лібрэта да балетаў.

Кейнз меў рэпутацыю таленавітага ўдзельніка розных дэбатаў. Знакаміты эканаміст Фрыдрых фон Хаек некалькі разоў адмаўляўся спрачацца з Кейнзам у пытаньнях эканомікі. А пасьля выхаду «Трактату аб грошах» (1930) Хаек абвінавачваў Кейнза ў тым, што апошні ня мае тэорыі капіталу і адсотку. У некаторай ступені Кейнз быў вымушаны прызнаць справядлівасьць гэтых папрокаў. Але ўжо напрыканцы 30-х гадоў перамога Кейнза ў спрэчках з Хаекам, ня толькі па пытаньнях эканамічнай тэорыі, але і практыцы стала бясспрэчнай. Увогуле, гісторыя спрэчкі паміж знакамітымі эканамістамі ярка адлюстроўвае супрацьлегласьці паміж англасаксонскай і аўстрыйскай традыцыямі ў эканамічнай тэорыі.

Ітан, Кембрыдж

У 7 гадоў Кейнз пайшоў у школу Пэрс (па-ангельску: Perse School Kindergarten). Праз 2 гады — перайшоў у пачатковую школу Сьвятога Фэйта (па-ангельску: St Faith's preparatory school). Ужо ў той час было відавочна, што Джон Мэйнард быў таленавітым вучнем. У 1894 ён абышоў усю клясу па матэматыцы і атрымаў вышэйшую адзнаку.

У наступным годзе (1895) Кейнз пасьпяхова здаў экзамэн на паступленьне ў Ітан. З 20 хлопцаў, якія былі прынятыя ў тым годзе ў каледж, ён быў дзясяты па агульнай адзнацы і першы — па матэматыцы. Гэтаксама ж яскрава Джон Мэйнард і вучыўся. У 1899 годзе ён атрымаў найвышэйшую адзнаку па матэматыцы. У наступныя гады (1900—1901) ён пацьвердзіў свой высокі ўзровень. Ягоныя посьпехі не абмяжоўваліся толькі матэматыкай. У 1901 годзе, апрача матэматыкі, ён быў першы па гісторыі і па ангельскім эсэ. У 1902 годзе Кейнз выйграў стыпэндыю ў памеры £60 у Каралеўскі каледж у Кембрыджы на вывучэньне матэматыкі і клясычнай літаратуры.

Каралеўскі каледж, Кембрыдж

На працягу ўсяго тэрміну навучаньня ў Кембрыджы Джон Мэйнард браў актыўны ўдзел у сацыяльным і палітычным жыцьці. Падчас Бурскай вайны (1900), Кейнз адмовіўся ўзяць удзел у ваенных трэніроўках «Ітанскіх стралкоў», зьяўляючыся сталым пацыфістам, праціўнікам гвалту. Ён да ночы спрачаўся са сваімі сябрамі з розных інтэлектуальных суполак у Кембрыджы. У 1901 годзе ён быў абраны ў «Каледж поп» (па-ангельску: College Pop) — прэстыжную інтэлектуальную суполку ў Ітане. У 1902 Кейнз неаднаразова выступае ў якасьці дакладчыка ў «Зьвязе» (па-ангельску: Union) — знакамітай інтэлектуальнай суполцы Кембрыджу. У 1904 годзе Кейнз быў абраны сакратаром «Зьвязу» і Прэзыдэнтам Унівэрсытэцкага Лібэральнага клюбу (па-ангельску: University Liberal Club). У 1905 годзе па выніках экзамэну на бакаляўра ён дванаццаты ва ўсім Кембрыджы.

Падчас вакацыяў 1905 году Кейнз знаёміцца з працай Альфрэда Маршала «Прынцыпы эканомікі» (па-ангельску: Principles of Economics), якая зрабіла вялікі ўплыў на хлопца. Пасьля вяртаньня ў Кембрыдж на заняткі, Джон Мэйнард пачынае слухаць курс Альфрэда Маршала па эканоміцы. Менавіта Альфрэд Маршал параіў Джону перайсьці з матэматыкі і клясычнай літаратуры да вывучэньня эканомікі і палітыкі. Малады студэнт Кейнз быў вельмі зацікаўлены ў вывучэньні новага прадмету.

Дункан Грант і Мэйнард Кейнз

У 1906 годзе Кейнз прайшоў іспыты на паступленьне на дзяржаўную службу ў ліку 10 іншых, хто здолеў гэта зрабіць у тым годзе. Ягоны вынік — другое месца. Па правілах, першае месца атрымлівае пасаду ў Міністэрстве фінансаў, другое — Індыйскі офіс (дэпартамэнт па кіраваньню Індыяй). Але агульны высокі вынік не ўзрадаваў Мэйнарда, калі ён атрымаў падрабязныя адзнакі па прадметах. Адзнакі па прадметах матэматыка і эканоміка былі ніжэйшымі за адзнакі па лёгіцы і псыхалёгіі, гісторыі, эсэ.

Падчас вучобы Кейнз уваходзіў у элітную суполку пісьменьнікаў, артыстаў і мастакоў. Яна звалася «група Блумсбэры» (па-ангельску: Bloomsbury group). Сябрамі гэтай суполкі зьяўляліся Леанард Вульф (па-ангельску: Leonard Woolf), Вірджынія Ўулф (па-ангельску: Virginia Woolf), Дункан Грант (па-ангельску: Duncan Grant), Клайв Бэл (па-ангельску: Clive Bell) і Літан Стрэчы (па-ангельску: Lytton Strachey). На працягу ўсяго жыцьця Кейнз захаваў духоўную сувязь з гэтай суполкай.

З 1906 да 1907 году Кейнз працаваў у Дэпартамэнце па справах Індыі (па-ангельску: The India Office). У вольны ад дзяржаўнай службы час ён працуе над асабістай дысэртацыяй па праблемах імавернасьці, асноўныя вынікі якой былі апублікаваныя ў «Трактаце аб імавернасьці». У 1907 годзе Кейнз пакідае службу, каб скончыць сваю дысэртацыю, вяртаецца ў Кембрыдж і пачынае настаўніцкую дзейнасьць. Ён выкладае тры разы на тыдзень прадмет «Грошы, крэдыт і цэны». Пасьля абароны дысэртацыі Кейнз уваходзіць у кола сяброў Каралеўскага каледжу.

З 1911 году Джон Кейнз працуе рэдактарам «Эканамічнага часопіса» (па-ангельску: Economics Journal) — вельмі высокая і паважаная пасада ў навуковых эканамічных колах. У 1912 годзе ён быў абраны ў Савет (па-ангельску: the Council) Каралеўскага каледжу. У 1913 годзе скончыў сваю першую вялікую працу па эканоміцы «Індыйская грашовая сыстэма і фінансы» (па-ангельску: Indian Currency and Finance). 3 красавіка, яшчэ перад публікацыяй працы, Джон атрымаў прапанову заняць пасаду ў Каралеўскай камісіі па індыйскіх фінансах і валюце (па-ангельску: The Revenue, Statistics and Commerce Department).

Міністэрства фінансаў, Лёндан

У студзені 1915 году Джон трапляе ў Міністэрства фінансаў у якасьці дапаможніка саветніка Міністра. Пасада ня вельмі вялікая, але незалежная. Яна дазваляла Кейнзу заўсёды выказваць свае думкі адкрыта. І яго ацанілі. З мая 1915 году ён працуе на афіцыйнай пасадзе ў Міністэрстве. А ўжо ў 1916 годзе Кейнз узначальвае аддзел па міждзяржаўных адносінах.

Кастрычніцкі пераварот 1917 году ў Расеі Кейнз успрыняў вельмі добра. Ён справядліва лічыў, што пераварот стаў адным з вынікаў Першай сусьветнай вайны.

У 1918 годзе, калі стала відавочна блізкая перамога над Нямеччынай, Джон Кейнз разам са сваім аддзелам распачынае працу над будучымі ўмовамі фінансавай кампэнсацыі для пераможцаў з боку Нямеччыны.

У 1919 годзе як прадстаўнік Міністэрства фінансаў Кейнз бярэ ўдзел у Парыскіх мірных перамовах. Там ён прапаноўвае асабісты плян пасьляваеннага аднаўленьня эўрапейскай эканомікі, які, на жаль, ня быў прыняты, але стаў асновай для ягонай працы «Эканамічныя вынікі міру». У гэтай працы Кейнз, апрача іншага, пярэчыў супраць эканамічнага ўціску Нямеччыны, накладаньня велізарных кантрыбуцыяў, якія напрыканцы, на думку Кейнза, падштурхнулі і ўзмацнілі рэваншысцкія настроі сярод насельніцтва Нямеччыны. Кейнз прапанаваў у процівагу пэўную колькасьць крокаў па аднаўленьню эканомікі Нямеччыны. Ён разумеў, што гэтая краіна зьяўляецца адным з самых важных зьвёнаў сусьветнай эканамічнай сыстэмы.

У 1919 годзе Кейнз пакідае пасаду ў міністэрстве, вельмі расчараваўшыся ў дзяржаўнай працы. Ён зноў вяртаецца ў Кембрыдж, аднак больш за ўсё працуе ў Лёндане, зьяўляючыся сябрам праўленьня некалькіх фінансавых кампаніяў, сябрам рэдкалегіяў некалькіх часопісаў, уладальнікам штотыднёвіка «Нацыя» (па-ангельску: Nation), рэдактарам (1911—1945) «Эканамічнага часопіса» (па-ангельску: Economic Journal), а таксама кансультуе ўлады. Таксама вядома, што ён даволі пасьпяхова гуляў на біржы. З 1920 па 1924 год Кейнз здолеў зарабіць гульнёй £57.797, што было вельмі шмат на той час. Тым больш, што ў 1920 годзе ён быў фактычна банкрутам — меў на рахунку 0.

У 1920-я гады Кейнз працаваў над праблемамі будучыні сусьветнай эканомікі і фінансаў. Крызіс 1921 году і дэпрэсія падштурхнулі навукоўца да аналізу стабільнасьці цэнаў, узроўню вытворчасьці і занятасьці. У 1923 годзе ён публікуе «Трактат аб грашовай рэформе» (па-ангельску: A Tract on Monetary Reform), у якім дасьледуе прычыны і вынікі зьмяненьня вартасьці грошай, уплыў інфляцыі на разьмеркаваньне даходаў, уплыў чаканьняў, залежнасьць паміж чаканьнямі зьмяненьня цэнаў і адсоткавымі стаўкамі і шмат іншага. На думку Кейнза, патрэбна падтрымліваць стабільнасьць унутраных цэнаў, а не завышанага курсу нацыянальнай валюты, як гэта рабілі ўлады таго часу. Гэтая праца Кейнза лічыцца канцом эры «Залатога стандарту». На працягу 20-х гадоў Кейнз няспынна крытыкуе эканамічную палітыку ўладаў, накіраваную на падтрымку «Залатога стандарту».

У другой палове 20-х гадоў навуковец цалкам захоплены працай над «Трактатам аб грошах» (па-ангельску: A Treatise on Money), які быў скончаны ў 1930 годзе. У гэтым трактаце Кейнз дасьледуе пытаньні, якія датычацца валютных курсаў і «залатога стандарту». Напрыканцы 20-х — пачатку 30-х гадоў у эканоміцы ЗША распачаўся глыбокі крызіс — так званая «Вялікая дэпрэсія», якая захапіла ня толькі амэрыканскую, але і эўрапейскую эканоміку. Лідэры і эканамісты вядучых краінаў сьвету шукалі выйсьця з крызісу. Улады Вялікабрытаніі былі вымушаныя адмовіцца ад «залатога стандарту». Кейнз быў прызначаны сябрам Каралеўскай камісіі па фінансах і прамысловасьці, а таксама Эканамічнай кансультацыйнай рады. У лютым 1936 году вучоны публікуе сваю асноўную працу «Агульная тэорыя занятасьці, адсотку, грошай». У ёй, напрыклад, усталёўваецца тэрмін «мультыплікатар накапленьня» (мультыплікатар Кейнза). Пасьля публікацыі Кейнзу надаецца статус лідэра ў эканамічнай навуцы і эканамічнай палітыцы таго часу. Вынікі гэтай працы былі рэвалюцыйнымі.

Джон Мэйнард Кейнз (справа) падчас Брэтон-Вудзкай канфэрэнцыі (1944)

Тут упершыню падаецца ідэя аб тым, што сталая капіталістычная эканоміка ня здолее аўтаматычна дасягнуць раўнавагі ва ўмовах поўнага выкарыстаньня рэсурсаў. У 1936 годзе Кейнз перанёс небясьпечную для жыцьця хваробу — трабоз каранарнага сасуда.

У 1940 годзе Кейнз стаў сябрам Кансультацыйнага камітэта пры Міністэрстве фінансаў па ваенных пытаньнях. У той жа час ён публікуе працу «Як аплочваць вайну?» (па-ангельску: How to Pay for the War). Вучоны прапанаваў прымушальна дэпанаваць апрача невялікай сумы ўсе сродкі насельніцтва пасьля ўплаты падаткаў на спэцыяльныя рахункі. Пасьля вайны сродкі гэтыя павінны вяртацца насельніцтву. Такі плян дазваляў паміж іншага паслабіць інфляцыю і зьнізіць пасьляваенны заняпад.

У 1941 годзе Кейнз абраны ў раду Банку Ангельшчыны (па-ангельску: the Bank of England)

У 1924 годзе Кейнзу нададзены тытул пэра. У 1944—1945 гадах ён зьяўляецца прэзыдэнтам Эканамэтрычнага таварыства.

Падчас Другой сусьветнай вайны Кейнз прысьвячае сябе працы над пытаньнямі ў галіне міжнародных фінансаў і пасьляваеннага ўладкаваньня сусьветнай фінансавай сыстэмы. Ён прымаў удзел у распрацоўцы канцэпцыі Брэтон-Вудзкай сыстэмы, а таксама вёў перамовы аб амэрыканскіх пазыках Вялікабрытаніі. Яму належыць ідэя сыстэмы рэгуляваньня валютных курсаў. Дэ-факта такая сыстэма на доўгі час гарантавала б стабільнасьць валютных курсаў. Таксама ён браў удзел у стварэньні Клірынгавага зьвязу, Міжнароднага валютнага фонду і Міжнароднага Банку.

У лютым 1946 году Кейнз прымаў удзел у адкрыцьці Міжнароднага валютнага фонду і Міжнароднага банку.

У апошні год хвароба значна ўскладнілася. Памёр Джон Кейнз 21 красавіка 1946 году ад інфаркту міякарда. Пасьля сьмерці быў крэмаваны, ягоны прах разьвеялі над родным горадам Тылтанам[10].

Узьніклы пад уплывам ідэяў Джона Кейнза напрамак у эканамічнай тэорыі атрымаў яго імя: кэйнсіянства.

Эканамічная тэорыя Кейнза

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Асноўны артыкул: Кэйнсіянства

Кейнз аналізуе і прапануе выкарыстоўваць тыя ж мэханізмы, якія ўжо існавалі на той час у межах клясычнай і нэаклясычнай эканамічнай тэорыяў, але дзеля іншай мэты і асноўваючыся на іншых гіпотэзах.

Асноўныя гіпотэзы:

  1. Узровень занятасьці адпавядае ўзроўню вытворчасьці.
  2. Агульны попыт заўсёды меншы за агульную колькасьць плацёжных сродкаў (частка апошніх заўсёды зьберагаецца).
  3. Аб’ём вытворчасьці адпавядае чаканьням вытворцаў аб будучым агульным попыце.

Увогуле тэорыя Кейнза гаворыць так:

Падзеньне спажывецкага попыту паменшыць аб’ём вытворчасьці тавараў і паслуг. Падзеньне вытворчасьці выклікае банкруцтва дробных і сярэдніх прадпрыемстваў, а таксама звальненьні з буйных. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да павелічэньня беспрацоўя. Чым большае беспрацоўе, тым меншыя даходы насельніцтва. Меншыя даходы насельніцтва выклікаюць яшчэ большае падзеньне спажывецкага попыту. Гэта заганнае кола.

Такім чынам, асноўнай мэтай зьяўляецца павелічэньне агульнага попыту.

Сродкам супраць эканамічнага заняпаду, паводле гіпотэзы Кейнза, зьяўляецца дзяржаўная замова. Калі агульны попыт значна меншы за агульную вытворчасьць, дзяржава павінна зрабіць замову, якая будзе гарантыйна аплачаная. У гэтым выпадку, прадпрыемствы ноймуць новых працоўных, што зьнізіць беспрацоўнасьць. Былыя беспрацоўныя атрымаюць зарплату, павялічаць свае расходы і, такім чынам, павялічыцца агульны попыт. На думку Кейнза, першапачатковая замова дзяржавы можа быць вельмі вялікая і нават малапатрэбнай.

Даволі доўгі час шматлікія краіны пасьпяхова выкарыстоўвалі тэорыю Кейнза ў сваёй эканамічнай палітыцы.

Але ў 1960-х гадах зьявіўся новы напрамак нэаклясычнай школы — манэтарызм, які крытыкаваў кэйнсіянства за вялікі ўплыў дзяржавы на эканоміку. На думку манэтарыстаў, умяшальніцтва дзяржавы ў вытворчасьць выклікае дэзарганізацыю апошняй. Адзіная галіна, дзе патрэбна дзяржаўнае кіраваньне — гэта грашовая палітыка. Сродак ад эканамічнага заняпаду, такім чынам, — даўгатэрміновая грашовая палітыка. Дзяржава павінна заўсёды падтрымліваць адпаведны ўзровень грашовай масы праз грашовую эмісію, адпаведную тэмпу росту вытворчасьці.

Нягледзячы на крытыку, навуковыя погляды Кейнза жывуць і сёньня. Пасьлядоўнікі навукоўца працягваюць працу ў рамках ужо новага, нэа- і посткэйнсіянства.

Таксама варты ўвагі той факт, што менавіта Кейнз распачаў выкарыстаньне макраэканамічных агрэгатных (сукупных) велічынь і іх колькасных ўзаемасувязей. Гэта, у сваю чаргу, падштурхнула разьвіцьцё новых разьдзелаў эканамічнай навукі, асабліва, эканамэтрыкі.

Навуковая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кейнз заваяваў рэпутацыю таленавітага ўдзельніка рознага кшталту дэбатаў, і Фрыдрых фон Хаек некалькі разоў адмаўляўся абмяркоўваць зь ім пытаньні эканомікі. Хаек у свой час выступіў з рэзкай крытыкай ідэяў Кейнза, у спрэчках паміж німі знайшло адлюстраваньне процістаяньня англасаксонскай і аўстрыйскай традыцыі ў зканамічнай тэорыі. Пасьля выхаду «Трактата пра грошы» (1930) Хаек абвінаваціў Кейнза за адсутнасьць у яго тэорыі капітала і адсотка і ў няправільным дыягназу прычынаў крызісаў. Варта адзначыць, што ў некаторай ступені Кейнз быў вымушаны прызнаць справядлівасьць папрокаў.

  1. ^ а б MacTutor History of Mathematics archive — 1994.
  2. ^ а б John Maynard Keynes // Nationalencyklopedin (шв.) — 1999.
  3. ^ Lundy D. R. John Maynard Keynes, 1st and last Baron Keynes // The Peerage (анг.)
  4. ^ а б Афанасьев В. С. Кейнс Джон Мейнард // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1973. — Т. 12 : Кварнер — Конгур. — С. 18.
  5. ^ а б в г Oxford Dictionary of National Biography (анг.) / C. MatthewOxford: OUP, 2004.
  6. ^ https://www.econometricsociety.org/society/organization-and-governance/fellows/memoriam
  7. ^ а б Kindred Britain
  8. ^ «To Set the Economy Right». Time magazine.
  9. ^ «The undeniable shift to Keynes». Financial Times.
  10. ^ John Maynard Keynes на Find a Grave (анг.)
  • Clark, Barry. Political economy: a comparative approach. Westport: Greenwood Publishing Group, 1998. ISBN 0-275-96370-5
  • Wolfe, Alan. The Future of Liberalism. New York: Random House, Inc., 2009. ISBN 0-307-38625-2
  • John Maynard Keynes: Hopes Betrayed 1883—1920, Robert Skidelsky, Papermac, 1992, ISBN 0-333-57379-X (US Edition: ISBN 0-14-023554-X)
  • John Maynard Keynes: The Economist as Saviour 1920—1937, Robert Skidelsky, Papermac, 1994, ISBN 0-333-58499-6 (US Edition: ISBN 0-14-023806-9)
  • John Maynard Keynes: Fighting for Britain 1937—1946 (published in the United States as Fighting for Freedom), Robert Skidelsky, Papermac, 2001, ISBN 0-333-77971-1 (US Edition: ISBN 0-14-200167-8)
  • The Life of John Maynard Keynes, R. F. Harrod, Macmillan, 1951, ISBN 1-125-39598-2
  • Essays on John Maynard Keynes, Milo Keynes (Editor), Cambridge University Press, 1975, ISBN 0-521-20534-4
  • Keynes , Donald Edward Moggridge , Macmillan, 1980, ISBN 0-333-29524-2
  • Keynes, John Maynard, Don Patinkin, The New Palgrave: A Dictionary of Economics, v. 2, 1987, pp. 19-41. Macmillan ISBN 0-333-37235-2 (US Edition: ISBN 0-935859-10-1)
  • The Commanding Heights: The Battle for the World Economy, Daniel Yergin with Joseph Stanislaw, New York: Simon & Schuster, 1998, ISBN 0-684-82975-4
  • John Maynard Keynes and International Relations: Economic Paths to War and Peace, Donald Markwell, Oxford University Press, 2006. ISBN 0-19-829236-8 978-0-19-829236-4
  • The Economic Consequences of Mr. Keynes: How the Second Industrial Revolution Passed Great Britain By, Bernard C. Beaudreau, iUniverse, 2006, ISBN 0-595-41661-6
  • John Maynard Keynes (Great Thinkers in Economics), Paul Davidson, Palgrave Macmillan, 2007, ISBN 1-4039-9623-7

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]