Перайсьці да зьместу

Нальшаны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Нальшчаны»)

Нальшаны, Нальшчаны — гістарычная краіна зь няпэўнымі межамі.

Упершыню ўпамінаюцца ў 1229 і 1247 гадох пад назвай Nalsen у Старэйшай рыфмаванай хроніцы пры апісаньні выправаў інфлянцкіх рыцараў. Разьмяшчаліся паміж уладаньнямі Інфлянцкага ордэну і Літвой (durh Nalsen kein Litowen — праз Нальшаны ў Літву)[1].

Аўтар лацінамоўнага трактату «Апісаньня земляў» (Дублінская хроніка) другой паловы XIII ст., які быў на каранацыі Міндоўга, упамінае Жамойць, Літву, Нальшчаны, Яцьвезь[2].

У грамаце Міндоўга ад 15 чэрвеня 1260 году (разглядаецца дасьледнікамі як фальсыфікат) упамінаецца Гердзень з Нальшанаў (Gerdine de Nailse)[3][4].

Галіцка-Валынскі (Іпацьеўскі) летапіс паведамляе пад 1258 годам, што татары хана Бурундая пры наступе з поўдня пасьлядоўна «воеваша земли Литовьскую и Нальшчаньскую». Таксама ў Іпацьеўскім летапісе нальшанскім князем называецца Даўмонт. Пад 1264 годам летапіс паведамляе, што Войшалк з дапамогай валынскіх князёў Шварна і Васількі, помсьцячы сваім ворагам, захапіў іх гарады «во Дявелътве и в Нальщанехъ».

Апошні раз Нальшаны ўпамінаюцца ў 1268 годзе, калі пад пратэктарат рыскага арцыбіскупа перайшоў Суксэ (Suxe), «нобіль Лятовіі з правінцыі Нальшанаў» (nobilis de Lettowia de provincia Nalsen). Мяркуецца, што па выправе Войшалка ў 1264 годзе, Нальшаны трапілі пад беспасярэдні кантроль вялікага князя літоўскага і страцілі палітычную незалежнасьць[5].

У дакумэнце дацкага караля Эрыка Мэнвэда ад 1298 году тэрыторыя пад назвай Nalexe, падуладная рыскаму арцыбіскупу, упамінаецца ў тым жа кантэксьце, што і тэрыторыя пад назвай Semigallia. Паводле Пскоўскага летапісу, «В лето 6876 (1368) рать Немецкая ў Велья из Налесья была…»[6] (сяло Вельле месьціцца на ўсход ад места Пыталава Пскоўскай вобласьці). Тым часам назва «Налесьсе» бытавала ў XVI стагодзьдзі ў Наўгародзкай зямлі[7].

Даследнік-краязнаўца XIX стагодзьдзя Адам Кіркор лічыў, што Нальшаны ахоплівалі тэрыторыю Сьвянцянскага павету з цэнтрам у Гальшанах (праз сугучча словаў Гальшаны — Нальшаны)[8].

  1. ^ Сіцька З. «…Ясней ад перлаў і золата кароны» (да 750-годдзя каранацыі Міндоўга) // Беларускi гістарычны часопіс. № 5, 2003. С. 9—17.
  2. ^ Апісанне земляў (з Дублінскага рукапісу XIII ст.). Alba Ruscia // Спадчына. № 6, 1993. С. 63—68.
  3. ^ Пожалование Миндовга для Тевтонского ордена в Ливонии на всю Литовскую землю — фальсификат (1260), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  4. ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 39.
  5. ^ Насевіч В. Нальшчаны // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 344.
  6. ^ Псковские летописи. Вып. 2. — М., 1955. С. 104.
  7. ^ Неволин К. А. О пятинах и погостах новгородских в XVI веке. — СПб., 1853. С. 181.
  8. ^ Живописная Россия. Т. 3: Литовское и Белорусское Полесье. — СПб., 1882. С. 76.