Патрыкей Давыдавіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Патрыкей Давыдавіч
лац. Patrykiej Davydavič
Асабістыя зьвесткі
Памёр па 1365
Бацькі Давыд Гарадзенскі
Дзеці Аляксандар, Фёдар
Дзейнасьць арыстакрат, князь старадубскі (северскі)

Патрыкей Давыдавіч (? — па 1365) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, староста гарадзенскі (1326—1365), князь старадубскі (па 1365).

Імя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: за великого князя Олькгерта и за Коръята и за Патрыкия (1352 год)[1], Patricius filius David Ruthenus (16 кастрычніка 1336 году), Kynstud, Algart et rex Paterky vulgariter de Karten (21 студзеня 1356 году), duces et boyaros nostros videlicet super Patryky, Woyszwilt et Aykszy, Olizar et Waskonem Kerdejewicz (13 жніўня 1358 году), Kynstud, Patirky et Algard (1361 год), rex dictus Patrike (1364 год), Kynstud, Algart, Paterky de Garten et rex Alexander) (14 лютага 1365 году)[2], Князя Патрикия Давидовича Стародубскаго, приемшаго ангельский образ (Любецкі сынодзік)[3].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь літоўскага княскага роду, сын старосты гарадзенскага Давыда. Відаць, па сьмерці бацькі (1326 год) стаў старостам гарадзенскім.

Упершыню ўпамінаецца ў хроніцы Яна Длугаша, калі 16 кастрычніка 1336 году разам з Альгердам, Кейстутам ды іншымі напаў на Мазовію[3]. У 1358 году разам з Войшвілам, Айкшам, Алізарам і Васькам Кірдзеевічам браў удзел у вызначэньня граніцы з Мазовіяй. У 1365 годзе на загад Кейстута мусіў перавесьціся з Горадні ў іншае княства. Каля 1372—1375 гадоў ачоліў Старадубскае княства.

У шлюбе з Аленай меў сына Аляксандра і Фёдара.

Мова і культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Ліцьвіны і Русіны

У лацінскім акце разьмежаваньня, выдадзеным у Горадні 13 жніўня 1358 годзе князямі Кейстутам, Патрыкеем і Войшвілтам і баярамі Айкшам, Алізарам і Васком Кірдзеевічамі, ужываюцца трансьлітараваныя ў лаціну «гутарковыя» назвы памежных пунктаў «Каменны брод» (in vulgari a Kamyoni brod) і «вусьце вялікай стругі» (uscze welikey strugi)[4]. Гэта адпавядае многім іншым тагачасным лацінскім граматам літоўскіх князёў і баяраў, дзе з азначэньнем «народны» («гутарковы») падаваліся менавіта беларускія словы[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 276.
  2. ^ Келембет С. Князі стародубські та рильські: середина XIV — початок XV століть // Сіверянський літопис. № 2, 2015. С. 13—14.
  3. ^ а б Лицкевич О. В. Поручительство литовско-русской знати за нобиля Братошу Койлутовича (1387—1394 гг.) // Беларуская даўніна. Вып. 1, 2014. С. 35.
  4. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 62.
  5. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 39—46.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]